Лукаша 24 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Але назаўтрае па сыбоце, вельма рана нараніцы, пайшлі яны да гробу, нясучы пахі, што былі прыгатаваўшы;
 
У першы дзень тыдня, на досвітку, жанчыны прыйшлі да магілы, несучы падрыхтаваныя пахучыя алеі.

І знайшлі камень адкочаны ад гробу,
 
Але знайшлі, што камень адсунуты ад магілы.

І, увыйшоўшы, не знайшлі цела Спадара Ісуса.
 
І, увайшоўшы, не знайшлі цела Пана Езуса.

І сталася, як яны былі заклапаціўшыся з гэтага, што вось, два чалавекі сталі перад імі ў зьзяючым адзецьцю.
 
Калі яны стаялі ў разгубленасці, раптам з’явіліся перад імі два мужы ў бліскучым адзенні.

І як яны працяліся страхам і нахінулі віды свае да зямлі, сказалі ім: «Чаму шукаеце жывога памеж памерлых?
 
Напалоханыя жанчыны схілілі твары свае да зямлі, а тыя сказалі ім: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?

Яго няма тут, але Ён ускрэс; успомніце, як Ён казаў вам, будучы яшчэ ў Ґалілеі, кажучы:
 
Яго тут няма; Ён уваскрос. Успомніце, як Ён сказаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,

"Сын Людзкі мае быць выданы ў рукі грэшнікаў, і мае быць укрыжаваны, і трэйцяга дня мае ўскрэснуць"».
 
што Сын Чалавечы павінен быць выдадзены ў рукі грэшнікаў і ўкрыжаваны, але на трэці дзень уваскрэсне».

І яны ўспомнелі словы Ягоныя;
 
І ўзгадалі яны словы Ягоныя,

І, зьвярнуўшыся ад гробу, асьветчылі праз усё гэта адзінанцацём а ўсім засталым.
 
і, вярнуўшыся ад магілы, расказалі гэта ўсё Адзінаццаці і ўсім астатнім.

Былі ж Марыя Магдалена а Яана а Марыя Якавава а іншыя зь імі, што паведалі ўсе гэта апосталам.
 
Гэта былі Марыя Магдалена, Яна і Марыя, маці Якуба, ды іншыя, што былі з імі, якія казалі пра гэта Апосталам.

І здаліся словы тыя ў вачох іхных неразумнымі, і не паверылі ім.
 
Але словы гэтыя здаліся ім пустымі, і не верылі ім.

Але Пётра, устаўшы, пабег да гробу і, нахінуўшыся, бача, што палатно толькі там ляжыць, і пайшоў дамоў, дзівуючыся з таго, што сталася.
 
Але Пётр устаў і пабег да магілы. Зазірнуўшы, убачыў там толькі палотны. І вярнуўся да сябе, здзіўляючыся таму, што сталася.

І вось, таго самага дня двух ізь іх падарожжавалі да сяла, званага Эммаус, што шасьцьдзясят стадаў ад Ерузаліму;
 
Двое з іх у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус.

І мужавалі мяжсобку праз усі здарэньні.
 
Яны размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося.

І сталася, як яны мужавалі а разважалі, што Ісус Сам, дабліжыўшыся, ішоў зь імі.
 
А калі размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі.

Але вочы іхныя былі дзяржаныя так, каб не пазналі Яго.
 
Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.

Ён жа сказаў ім: «Што за гаворка ў вас, ідучы, і чаму вы смутныя?»
 
А Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку.

І адзін, імям Клеопа, сказаў Яму: «Ты адзін із даведаньнікаў у Ерузаліме і ня ведаеш, што сталася ў ім гэтых дзён?»
 
Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні?»

А Ён сказаў ім: «Што?» І яны сказалі Яму: «Празь Ісуса Назарэцяніна, Каторы быў прарока, магучы ў вучынку і ў слове перад Богам і ўсім людам;
 
Ён спытаў іх: «Што?» Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам;

І як найвышшыя сьвятары а нашы старцы выдалі Яго на засуджэньне на сьмерць, і ўкрыжавалі Яго.
 
як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі.

А мы спадзяваліся, што Ён меў адкупіць Ізраеля; але цяпер з усім гэтым сядні трэйці дзень, як гэта сталася.
 
А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася.

І некатрыя жанкі з памеж нас зумелі нас: будучы вельмі рана ў гробе,
 
Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы

І, не знайшоўшы цела Ягонага, прышлі, кажучы, што яны таксама відзелі відзень ангілаў, каторыя кажуць, што Ён жывы.
 
і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы.

І пайшлі некатрыя з нас да гробу, і знайшлі яго так, як жанкі казалі, але Яго ня бачылі».
 
Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі».

І сказаў ім: «О неразумныя і лентага сэрца, каб паверыць усяму, што казалі прарокі!
 
Тады Ён сказаў ім: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі!

Ці не належыла Хрысту цярпець усяго гэтага і ўвыйсьці ў славу?»
 
Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?»

І, пачуўшы ад Масея а ад усіх прарокаў, выкладаў ім у вусіх тых Пісьмах тое, што датыкалася Яго Самога.
 
І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.

І дабліжыліся яны да сяла, да каторага йшлі, і Ён выглядаў, быццам хоча йсьці далей.
 
Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей.

Але яны прынукалі Яго, кажучы: «Застанься з намі, бо дзень ужо сьхінуўся да вечара». І Ён увыйшоў, каб застацца зь імі.
 
Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі.

І сталася, як Ён узьляжаў зь імі: узяўшы хлеб, дабраславіў і, паламіўшы, даў яго ім.
 
Калі быў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім.

І вочы іхныя адчыніліся, і яны пазналі Яго. Але Ён стаў нявідомы ім.
 
Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх.

І яны сказалі адзін аднаму: «Ці не гарэла ў нас сэрца нашае, як Ён казаў нам у дарозе, і як адкрываў Пісьмы нам?»
 
Яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?»

І, устаўшы тае самае гадзіны, зьвярнуліся да Ерузаліму, і знайшлі адзінанцацёх, што былі зьбершыся, і тых, што былі зь імі,
 
І ў тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі,

Каторыя казалі: «Спадар запраўды ўскрэс і зьявіўся Сымону».
 
якія казалі ім: «Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону».

І яны павядалі, што сталася ў дарозе, і як яны пазналі Яго ў ламеньню хлеба.
 
Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

І, як яны гукалі гэта, Ён Сам стаў сярод іх і кажа: «Супакой вам!»
 
Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!»

Але яны, заклапаціўшыся а спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа.
 
Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа.

І сказаў Ён ім: «Чаго засмуціліся і чаму думкі паўстаюць у сэрцах вашых?
 
Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах?

Во рукі Мае і ногі Мае, што гэта Я Сам. Дакраніцеся да Мяне й бачча, бо дух ня мае цела й косьцяў, як бачыце ў Мяне».
 
Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я! Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю».

І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі й ногі Свае.
 
Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі.

Як жа яны яшчэ з радасьці ня верылі і былі зьдзіваваўшыся, Ён сказаў ім: «Маеце што тут есьці?».
 
А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?»

І далі яму часьць печанае рыбы й мядовае наўзы.
 
Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы.

І, узяўшы, еў перад імі.
 
Ён узяў і еў перад імі.

І сказаў ім: «Гэта словы, што Я казаў вам, як яшчэ быў з вамі, што належа выпаўніцца ўсяму, напісанаму празь Мяне ў Законе Маееявым а ў прароках а ў псальмах».
 
І сказаў ім: «Вось словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах».

Тады адчыніў ім розум разумець Пісьмы.
 
Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне.

І сказаў ім: «Гэтак напісана, і гэтак належыла Хрысту цярпець, і ўскрэснуць ізь мертвых на трэйці дзень,
 
І сказаў ім: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых,

І быць абяшчанай у імя Ягонае каяце на дараваньне грахоў у вусіх народах, пачынаючы зь Ерузаліму.
 
і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема.

Вы ж сьветкі гэтага.
 
А вы — сведкі гэтага.

І вось, Я пашлю абятніцу Айца Свайго на вас, але вы заставайцеся ў месьце, пакуль не ахініцеся сілаю з вышы».
 
Вось Я спасылаю на вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні».

І вывеў іх вонкі аж да Віфані, і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.
 
Потым вывеў іх аж да Бэтаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх.

І сталася, як дабраславіў іх, што адлучаўся ад іх і ўзносіўся на неба.
 
Калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба.

А яны, пакланіўшыся Яму, зьвярнуліся да Ерузаліму зь вялікай радасьцяй.
 
Яны пакланіліся Яму і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалем,

І кажначасна былі ў сьвятыні, хвалячы а дабраславячы Бога.
 
і былі ўвесь час у святыні, і праслаўлялі Бога.