Лукаша 5 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І сталася, як людзі ціснуліся да Яго, каб слухаць слова Божае, а Ён стаяў ля возера Ґенісарэцкага,
Аднойчы, калі натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, Ён стаяў каля возера Генэзарэт.
І абачыў два стругі, ля возера стаячыя, а рыбакі ж былі вышаўшы зь іх і паласкалі сеткі.
І ўбачыў два чаўны, якія стаялі на беразе возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі.
І ўвыйшоўшы ў вадзін із стругаў, што быў Сымонаў, прасіў яго адамкнуць троху ад зямлі. І, сеўшы, вучыў гурбы із струга.
Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Пасля сеў і вучыў людзей з чоўна.
А як перастаў гукаць, кажа Сымону: «Выплыві на глыбіню й закінь сеткі свае на лаўбу».
Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову».
І, адказуючы, Сымон сказаў Яму: «Вучыцелю, мы цэлую ноч працавалі, і нічога не злавілі; але на слова Твае закіну сетку».
Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі».
Зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікую множасьць рыбы, ажно сетка іхная ірвалася.
Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі.
І кіўнулі сябром, што былі ў другім струзе, каб прышлі памагчы ім; і прышлі, і напоўнілі абодва стругі, ажно пачалі занурацца.
І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі.
Як Сымон Пётра абачыў гэта, паў Ісусу да каленяў, кажучы: «Адыйдзі ад мяне, Спадару, бо я людзіна грэшная».
Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны».
Бо зуменьне апанавала яго і ўсіх бытых ізь ім ад такога ўлову рыбы, што яны злавілі;
Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з ім,
І таксама Якава а Яана, сыноў Зэведэявых, што былі сябрамі із Сымонам. І сказаў Ісус Сымону: «Ня бойся, бо адгэтуль ты будзеш лавіць людзёў».
а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей».
І выцягнуўшы свае стругі на зямлю, яны, пакінуўшы ўсе, пайшлі за Ім.
А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
І сталася, як Ён быў у вадным ізь местаў, вось, прышоў чалавек поўны праказы, каторы, бачачы Ісуса, паў ніцма й маліў Яго, кажучы: «Спадару, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
Калі Ён быў у адным з гарадоў, з’явіўся чалавек увесь у праказе. Убачыўшы Езуса, ён упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
І выцягнуўшы руку, даткнуўся да яго, кажучы: «Хачу, ачысьціся». І праказа якга зышла зь яго.
Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І адразу праказа сышла з яго.
І расказаў яму нікому не казаць, але «йдзі пакажыся сьвятару і абрачы за ачышчэньне свае, як расказаў Масей, на сьветчаньне ім».
Але Езус загадаў яму нікому не расказваць, а пайсці, паказацца святару і скласці ахвяру за сваё ачышчэнне, як наказаў Майсей, дзеля сведчання ім.
Але тым балей пашыралася дзейка празь Яго, і вялікія гурбы зыходзіліся слухаць і ўздараўляцца ім у сваіх няўздоленьнях.
Аднак чуткі пра Яго яшчэ больш распаўсюджваліся, і вялікае мноства людзей сыходзілася, каб слухаць Яго і атрымаць аздараўленне ад сваіх немачаў.
Ён жа адыходзіўся на пустыні й маліўся.
А Ён адыходзіў у пустынныя месцы і маліўся.
І сталася аднаго з тых дзён, калі Ён вучыў, і сядзелі тамака фарысэі а вучыцелі права, вышлыя з усіх местачкаў Ґалілеі а Юдэі а Ерузаліму, і моц Спадарова была зь Ім, каб уздараўляць іх.
Аднойчы, калі Езус навучаў, былі там фарысеі і кніжнікі, якія прыйшлі з усіх вёсак Галілеі і Юдэі і з Ерузалема. І моц Пана была з Ім, каб мог аздараўляць.
І вось, прынесьлі на пасьцелі хворага на паляруш, і стараліся ўнесьці яго, і палажыць перад Ім.
І вось людзі прынеслі на ложы паралізаванага чалавека, і спрабавалі ўнесці яго ў дом, каб пакласці перад Ім.
І, не знайшоўшы кудэй унесьці яго, з прычыны гурбы, узьлезьлі на страху і пераз стрэшніцы спусьцілі яго з пасьцеляю на сярэдзіну перад Ісусам.
А калі праз натоўп не змаглі пранесці яго, залезлі на дах дома і праз страху спусцілі яго з насілкамі на сярэдзіну перад Езусам.
І, бачачы веру іхную, сказаў яму: «Чалавеча, дараваны табе грахі твае».
Убачыўшы іх веру, Ён сказаў: «Чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае».
А кніжнікі а фарысэі пачалі разважаць, кажучы: «Хто гэта, што блявузґае? Хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога?»
А кніжнікі і фарысеі пачалі разважаць, кажучы: «Хто ён такі, што блюзнерыць? Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?»
Пазнаўшы думкі іхныя, Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Што вы разважаеце ў сэрцах сваіх?
Пазнаўшы іх думкі, Езус сказаў ім у адказ: «Як думаеце ў сэрцах вашых?
Што лацьвей сказаць: "Дараваны табе грахі твае"? ці сказаць: "устань і хадзі"?
Што лягчэй? Сказаць: “Адпускаюцца табе грахі твае”, ці сказаць: “Устань і хадзі”?
Але каб вы ведалі, што Сын Людзкі мае ўладу на зямлі дараваць грахі (сказаў хвораму на паляруш): «Табе кажу: устань, і вазьмі пасьцелю сваю, і йдзі да дому свайго».
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму: «Кажу табе: устань, вазьмі насілкі свае і ідзі да дому свайго».
І зараз ён устаў перад імі, і ўзяў тое, на чым ляжаў, і адышоў да дому свайго, славячы Бога.
Той адразу, устаўшы перад імі, узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў да свайго дому, славячы Бога.
І зумеліся ўсі; і славілі Бога, і, напоўненыя страхам, гукалі: «Чудоўныя рэчы бачылі мы сядні».
Жах ахапіў усіх, яны славілі Бога і, напоўненыя страхам, казалі: «Дзіўнае мы бачылі сёння».
А просьле гэтага вышаў і абачыў мытніка, імям Леў, на мыце седзячага, і сказаў яму: «Ідзі за Імною».
Выйшаўшы пасля гэтага, Езус убачыў мытніка па імені Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною».
І, пакінуўшы ўсе, устаўшы, пайшоў за Ім.
Той пакінуў усё, устаў і пайшоў за Ім.
І справіў Яму вялікую чэсьць Леў у доме сваім, і была гурба вялікая мытнікаў і іншых, што ўзьляжалі зь імі.
І наладзіў Левій для Яго вялікую гасціну у сваім доме. Было там шмат мытнікаў і іншых, якія былі з імі за сталом.
Але кніжнікі а фарысэі наракалі, кажучы вучанікам Ягоным: «Чаму вы ясьце а п’іце з мытнікамі а грэшнікамі?»
Фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы вучням Ягоным: «Чаму вы ясце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?»
І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя.
А Езус сказаў ім у адказ: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым.
Я ня прышоў пагукаць справядлівых, але грэшнікаў да каяты».
Я прыйшоў заклікаць да пакаяння не праведнікаў, а грэшнікаў».
Яны ж сказалі Яму: «Чаму вучанікі Яанавы постуюць часта і чыняць малітвы, таксама й фарысэйскія, а Твае ядуць а п’юць?»
Яны сказалі Яму: «Вучні Янавы часта посцяць і моляцца, падобна і вучні фарысеяў, а Твае ядуць і п’юць».
І Ён сказаў ім: «Ці можаце прысіліць сыноў вясельнага палацу поставаць, пакуль ізь імі малады?
Езус адказаў ім: «Ці можаце прымусіць гасцей на вяселлі пасціць, калі з імі жаніх?
Але настануць дні, калі адберуць у іх маладога, і тады будуць поставаць тыя дні».
Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, тады будуць пасціць у тыя дні».
І сказаў таксама прыпавесьці ім: «Ніхто не аддзірае лапіка ад новага адзецьця, каб прышыць да старога, бо новае падзярэць, і лапік із новага ня годзіцца да старога.
І расказаў ім прыпавесць: «Ніхто не разрывае новай вопраткі, каб прышыць лату да старой вопраткі. Інакш і новая парвецца, і да старой не падыдзе лата ад новай.
«І ніхто ня ільлець маладога віна ў старыя скураныя мяхі, бо маладое віно прарвець мяхі, і разальлецца, і мяхі загінуць.
І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш маладое віно парве мяхі і само выцячэ, і мяхі прападуць.
Але маладое віно маюць ліць у мяхі новыя; і захаваюцца абое.
Але маладое віно трэба наліваць у новыя мяхі.
І ніхто, піўшы старое, зараз не захоча новага, бо кажа: "старое лепшае"».
І ніхто, выпіўшы старога, не хоча маладога, бо кажа: “Старое лепшае!”»