Лукаша 24 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

У пе́ршы-ж дзе́нь тыдня, ве́льмі ра́на, нясучы́ прыгатава́ныя пахі, прыйшлі яны да магілы і разам з імі некато́рыя другія;
 
А ўпершы дзень тыдня, вельмі рана, прыйшлі яны да гробу, нясучы пахнучыя рэчы, якія былі прыгатовілі.

але знайшлі ка́мень адва́лены ад магілы.
 
І знайшлі камень адвалены ад гробу.

І ўвайшоўшы, не знайшлі Це́ла Госпада Ісуса.
 
І ўвайшоўшы, не знайшлі цела Пана Езуса.

І сталася, як зьняла іх ад гэтага трывога, зьявіліся перад імі два чалаве́кі ў бліскучым адзе́ньні.
 
І сталася, калі яны былі ад гэтага стрывожаны ў душы, вось два чалавекі сталі каля іх у бліскучым адзеньні.

Калі-ж ад страху скланілі яны абліччы свае́ да зямлі,— тыя сказалі ім: што́ вы шукаеце жывога між паме́ршымі?
 
Калі-ж яны баяліся і пахілілі твар да зямлі, сказалі да іх: Што вы шукаеце жывучага паміж умерлымі?

Яго няма тут: Ён ускрос; прыпомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галіле́і,
 
Няма яго тут, але ускрос. Успомніце, як вам гаварыў, калі яшчэ быў у Галілеі,

мовячы, што Сын Чалаве́чы мусіць быць вы́даны ў рукі людзе́й грэшных і будзе расьпяты, а на трэці дзень уваскрэсьне.
 
кажучы: «Што трэба, каб Сын чалавечы быў выданы ў рукі людзей грэшных, і быў укрыжаваны, і на трэці дзень уваскрэснуў».

І ўспомнілі яны словы Яго,
 
І ўспомнілі словы ягоны.

і, вярнуўшыся ад магілы, апавясьцілі адзінаццацёх і ўсіх другіх аб гэтым.
 
А вярнуўшыся ад гробу, паведамілі аб гэтым усім тых адзінаццацёх і ўсіх іншых.

Былі-ж гэта Марыя Магдаліна і Іоанна, і Марыя, маці Якава, і другія з імі, што сказалі аб гэтым Апосталам.
 
Была-ж Марыя Магдалена, і Ёанна, і Марыя Якубава, і іншыя, што з імі былі, каторыя гаварылі аб гэтым апосталам.

І здаліся ім словы іх пустымі, і не паве́рылі ім.
 
І здаліся ім гэтыя словы, як выдумкі, і не паверылі ім.

Але Пётр, устаўшы, пабег да гробу і, нахіліўшыся, убачыў толькі ляжаўшую тканіну і пайшоў назад, дзіўлючыся сам у сабе́ з стаўшагася.
 
Пётр-жа, устаўшы, пабег да гробу, і нахіліўшыся, угледзеў адны зложаныя палотны. І адыйшоў, дзівячыся ў сабе з таго, што сталася.

У той жа дзе́нь двое з іх ішлі ў сяло, што ў шэсьцьдзесяцёх стадыях ад Ерузаліму, званае Эмаус,
 
І вось двух з іх ішлі таго самага дня ў мястэчка, якое было ў адлегласьці шасьцідзесяці стадыяў ад Ерузаліму, на імя Эмаус.

і гутарылі між сабою аб усіх гэтых здарэньнях.
 
І яны гаварылі паміж сабою аб усіх гэтых здарэньнях.

І ста́лася, як гутарылі яны ды разважалі між сабою, вось Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі;
 
І сталася, калі яны гаварылі і давалі сабе пытаньні, і сам Езус, прыбліжыўшыся, ішоў з імі;

але вочы іх былі стрыманы, дык не пазналі Яго.
 
але вочы іх былі ўстрыманы, каб не пазналі яго.

Ён жа сказаў ім: аб чым гэта вы разважаеце між сабою, і чаго вы засмучоны?
 
І сказаў да іх: Што гэта за гутаркі, якія вы вядзецё паміж сабою ідучы, і чаму вы сумныя?

Адзін з іх, на імя Кляопа, сказаў Яму ў адказ: ці-ж ты адзін з прыйшоўшых у Ерузалім ня ве́даеш, што ста́лася ў ім у гэтыя дні?
 
І адказваючы адзін, катораму на імя Клеофа, сказаў яму: Ты адзіны падарожны ў Ерузаліме і ня ведаеш, што ў ім у гэтыя дні сталася?

І сказаў ім: аб чым? Яны сказалі Яму: што было з Ісусам Назаранінам, Каторы быў прарок, моцны ў дзе́ле і слове перад Богам і ўсім народам;
 
Ён сказаў ім: Што? А яны сказалі: Аб Езусе Назарэнскім, каторы быў прарокам магутным ў дзеле і слове перад Богам і ўсім народам;

як выдалі Яго архірэі ды начальнікі нашыя на прысуд сьмяротны і раскрыжавалі Яго?
 
і як яго выдалі архісьвятары і нашы старшыя на сьмяротную казьнь і ўкрыжавалі яго.

А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, што павінен збавіць Ізраіля; а да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзе́нь сяньня, як тое сталася,
 
А мы спадзяваліся, што ён меў адкупіць Ізраіля. А цяпер, да ўсяго гэтага, сягоньня трэці дзень, як гэтае сталася.

але некаторыя жанчыны з нашых абаламуцілі нас: яны былі раніцай ля магілы
 
Але і некаторыя жанчыны з нашых перапужалі нас, каторыя былі перад сьветам каля гробу,

і не знайшлі це́ла Яго і, прыйшоўшы, сказалі, што яны бачылі, як зьявіліся Ангелы, якія кажуць, што Ён жывы́;
 
і не знайшоўшы цела ягонага, прыйшлі, кажучы, што яны бачылі так-жа зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што ён жыве,

і пайшлі некато́рыя з нашых да магілы і знайшлі так, як і жанчыны казалі, але Яго ня бачылі.
 
і пайшлі некаторыя з нашых да гробу, і знайшлі так, як казалі жанчыны, але самога не знайшлі.

Тады Ён сказаў ім: О, бязмысныя і ляныя сэрцам паве́рыць усяму, што прарочылі прарокі!
 
А ён сказаў ім: О безразумныя і лянівыя сэрцам, каб уверыць ва ўсё, што сказалі прарокі!

Ці-ж ня гэтак і трэба было цярпе́ць Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?
 
Ці-ж ня трэба было Хрысту гэтага перацярпець і так увайсьці ў славу сваю?

І, пачаўшы ад Майсе́я, з усіх прарокаў выясьняў ім усё напісанае аб Ім.
 
І пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, даваў ім выясьненьні ва ўсіх Пісаньнях, якія аб ім былі.

І падыйшлі яны да таго сяла, куды йшлі; і Ён паказаў ім від, што хоча йсьці дале́й;
 
І прыбліжыліся да мястэчка, да каторага ішлі, а ён рабіў выгляд, што далей ідзе.

але яны затрымлівалі Яго, ка́жучы: застанься з намі, бо дзе́нь ужо схіліўся да ве́чара. І Ён увайшоў, і застаўся з імі.
 
І прымусілі яго, кажучы: Астанься з намі, бо вечарэе і ўжо дзень пахіліўшыся. І ўвайшоў з імі.

І, калі Ён сядзе́ў за сталом з імі, то, узяўшы хле́б, багаславіў, паламаў і падаў ім.
 
І сталася, калі ён сядзеў з імі за сталом, узўя хлеб, і багаславіў, і ламаў, і падаваў ім.

І тады адчыніліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён стаўся нявідным для іх.
 
І адкрыліся вочы іх, і пазналі яго; але ён зьнік з вачэй іх.

І яны сказалі адзін аднаму: ці-ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі выясьняў Пісаньне?
 
І гаварылі паміж сабою: Ці-ж не гарэла нашае сэрца ў нас, калі гаварыў у дарозе і адкрываў нам Пісаньні?

І, устаўшы ў той жа час, вярнуліся ў Ерузалім і знайшлі разам адзінаццаць Апосталаў і быўшых з імі,
 
І ўстаўшы ў тую-ж часіну, вярнуліся ў Ерузалім, і знайшлі сабраўшыхся адзінаццацёх і тых, што былі з імі,

якія гаварылі, што Госпад запраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону.
 
кажучых: Што сапраўды Пан ускрос і зьявіўся Сымону.

І яны расказвалі, што зда́рылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламаньні хле́ба.
 
А яны расказвалі, што дзеялася ў дарозе, і як пазналі яго ў ламаньні хлеба.

Калі-ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стануў сярод іх і сказаў ім: мір вам!
 
Калі-ж яны гэтае гаварылі, стаў Езус пасярод іх і сказаў ім: Супакой вам! Гэта я, ня бойцеся!

Яны, здуме́ўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што відзяць духа,
 
А яны, стрывожаныя і перапалоханыя, думалі, што бачаць духа.

але Ён сказаў ім: чаго здуме́ліся? і чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
 
І сказаў ім: Чаго вы стрывожыліся і чаго думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?

Паглядзе́це на рукі Мае́ і на ногі Мае́: гэта Я Сам; ашчупайце Мяне́ й разгле́дзьце, бо дух це́ла і касьце́й ня ма́е, што́, як бачыце, Я ма́ю.
 
Глядзеце на рукі мае і ногі, што гэта я сам; датыкайцеся і паглядзеце, бо дух ня мае цела і касьцей, як бачыце, што я маю.

І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі.
 
І сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі.

Калі-ж яны ад радасьці яшчэ ня ве́рылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: ці ёсьць у вас тут якая е́жа?
 
Калі-ж яны яшчэ ня верылі і дзівіліся ад радасьці, сказаў: Маеце тут што есьці?

Яны падалі Яму частку пе́чанай рыбы й сотавага мёду.
 
А яны падалі яму часьць печанай рыбы і пластар мёду.

І, узяўшы, е́ў перад імі.
 
І калі зьеў перад імі, узяўшы астаткі, аддаў ім.

І сказаў ім: вось тое, аб чым Я вам гаварыў, яшчэ як быў з вамі: што павінна выпаўніцца ўсё, напісанае аба Мне́ ў законе Майсе́явым і ў прароках ды псальмах.
 
І сказаў да іх: гэта ёсьць словы, каторыя я да вас гаварыў, калі яшчэ быў з вамі: што трэба каб выпаўнілася ўсё, што напісана аба мне ў законе Майсея і Прарокаў і ў Псальмах.

Тады расчыніў ім розум дзеля зразуме́ньня Пісаньня.
 
Тады адкрыў ім змысл, каб разумелі Пісаньні.

І сказаў ім: так напісана і так нале́жала цярпе́ць Хрысту і ўваскрэснуць з уме́ршых на трэці дзень,
 
І сказаў ім: што так напісана і так трэба было, каб Хрыстус цярпеў і на трэці дзень устаў з умерлых,

і прапаве́дывацца ў імя Яго пакая́ньню ды адпушчэньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы ад Ерузаліму;
 
і каб была апавяшчаная ў імя яго пакута і адпушчэньне грахоў па ўсіх народах, пачынаючы ад Ерузаліму.

вы-ж сьве́дкі гэтага;
 
Вы-ж сьведкі гэтага.

і вось Я пасылаю абяцанае Айцом Маім на вас; вы-ж аставайцеся ў ме́сьце Ерузаліме, дакуль не адзе́нецеся сілаю звыш.
 
А я пасылаю на вас Абяцаньне Айца майго; вы-ж сядзеце ў горадзе, пакуль ня будзеце адзеты сілаю з вышыні.

І вы́веў іх з ме́ста да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае́, багаславіў іх.
 
І вывеў іх з гораду ў Бэтанію, і падняўшы рукі свае, багаславіў іх.

І ста́лася, як багасла́віў іх, стаў аддаляцца ад іх і ўзнасіцца на не́ба.
 
І сталася, калі багаславіў іх, адыйшоў ад іх і ўзнасіўся ў неба.

І яны пакланіліся Яму і вярнуліся ў Ерузалім з вялікаю радасьцяй,
 
Яны-ж, пакланіўшыся, вярнуліся ў Ерузалім з вялікай радасьцяй.

і былі ўсьцяж у царкве́, сла́вячы і хва́лючы Бога. Амін.
 
І былі заўсёды ў сьвятыні, хвалячы і багаславячы Бога. Амэн.