Лукаша 23 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага
І падняла́ся ўся грамада́ іх, і павялі Яго да Пілата,
І ўзяўшы ўсё мноства іх, павялі яго да Пілата.
і пачалі абвінавачываць Яго, кажучы: Яго знайшлі мы, што псуе народ наш і забараняе плаціць падатак ке́сару, называючы Сябе́ Хрыстом-Царом.
І пачалі вінаваціць яго, кажучы: Мы яго знайшлі, што ён бунтуе наш народ, і забараняе даваць падаткі цэзару, і кажа, што ён ёсьць Хрыстус кароль.
Пілат спытаўся ў Яго: Ты цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты ка́жаш.
Пілат-жа спытаўся ў яго, кажучы. Ты кароль Юдэйскі? А ён адказваючы сказаў: Ты кажаш.
Пілат сказаў архірэям і народу: я не знаходжу ніякае віны ў гэтым Чалаве́ку.
І сказаў Пілат да архісьвятараў і грамадаў: я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку.
Але яны наста́йвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, ву́чачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галіле́і да гэтага ме́сца.
Але яны намагалі, кажучы: Ён узбурвае народ, вучачы па ўсей Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж сюды.
Пілат, пачуўшы пра Галіле́ю, спытаўся: ці-ж Ён Галіле́янін?
Пілат-жа, пачуўшы аб Галілеі, спытаўся, ці ён чалавек галілейскі.
І, даве́даўшыся, што Ён з краіны Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў таксама ў Ерузаліме.
А калі даведаўся, што ён з-пад улады Гэрада, адаслаў яго да Гэрада, каторы так-жа быў у Ерузаліме ў гэныя дні.
Ірад, угле́дзіўшы Ісуса, ве́льмі ўце́шыўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, бо шмат чуў аб Ім і спадзяваўся, што Ён учыніць не́йкае знаме́ньне.
А Гэрад, убачыўшы Езуса, вельмі ўзрадаваўся. Бо ад доўгага часу хацеў бачыць яго, затым што многа чуў аб ім, і спадзяваўся, што пабачыць нейкі знак, учынены ім.
І пытаўся ў Яго многімі словамі, але Ён нічога не адказаў яму.
І пытаўся ў яго многімі славамі, але ён нічога яму не адказваў.
Архірэі-ж і кніжнікі стаялі, заўзята абвінава́чываючы Яго.
А архісьвятары і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачваючы яго.
Ірад жа з жаўне́рамі сваімі, зьняважыўшы Яго і насьмяяўшыся над Ім, адзе́ў Яго ў сьве́тлую вопратку і адаслаў назад да Пілата.
І ўзгардзіў ім Гэрад з войскам сваім, і высьмеяў, адзеўшы ў белую вопратку, і адаслаў да Пілата.
І сталіся ў той дзе́нь Пілат і Ірад пры́яцелямі сабе́, бо ране́й былі ў не́прыязьні між сабою.
І сталіся прыяцелямі Гэрад і Пілат у той дзень, бо перад тым былі для сябе непрыяцелямі.
Пілат жа, склікаўшы архірэяў ды начальнікаў і народ,
Пілат-жа склікаўшы вышэйшых духоўных і ўлады і народ,
сказаў ім: вы прывялі да мяне́ чалаве́ка гэтага, які псуе народ; і вось я, пры вас пытаючы, не знайшоў чалаве́ка гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы абвінава́чваеце Яго;
сказаў да іх: Вы прывялі мне гэтага чалавека, быццам зводзячага народ, і вось я, перад вамі пытаючыся, не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны з тых, у каторых вы яго вінаваціце.
і Ірад таксама, бо я яму пасылаў Яго, і нічога ня знойдзена ў Ім, дастойнага сьме́рці;
Але і Гэрад не, бо я адаслаў вас да яго; і вось нічога годнага сьмерці не даказана яму.
дык вось, пакараўшы Яго, звольню.
Дык я, пакараўшы яго, пушчу.
Яму-ж трэба было дзеля сьвята звольніць ім аднаго вязьня.
А трэба было яму пусьціць ім на сьвяточны дзень аднаго.
Але ўве́сь народ пачаў крычаць: Вазьмі Яго! адпусьці нам Варавву!
І закрычала разам уся грамада, кажучы: Вазьмі гэтага, а пусьці нам Бараббу,
Варавва быў паса́джаны ў вязьніцу за паднятае ім у ме́сьце паўстаньне і забойства.
каторы быў пасаджаны ў вастрог за нейкі бунт, дакананы ў горадзе і за забойства.
Пілат ізноў прамовіў, хочучы адпусьціць Ісуса.
І ізноў Пілат гаварыў да іх, хочучы звольніць Езуса.
Але яны крычалі: распні, распні Яго!
Але яны крычалі, кажучы: Укрыжуй, укрыжуй яго!
Ён трэці раз сказаў ім: Што-ж благога ўчынíў Ён? Нічога, заслугоўваючага сьме́рці, я не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, звольню.
Ён-жа трэці раз сказаў ім: Што-ж благога ён зрабіў? Ніякай прычыны сьмерці я ў ім не знайшоў, дык пакараю яго і звольню.
Але яны дале́й з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі. І перамог крык іх і архірэяў.
Але яны наставалі моцнымі галасамі, дамагаючыся, каб быў укрыжаваны; і набіралі сілы іхныя галасы.
І Пілат прысудзіў, каб ста́лася па просьбе іх.
І Пілат прысудзіў, каб сталася іхнае жаданьне.
І звольніў ім паса́джанага за бунт і забойства ў вязьніцу, каго яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю.
І пусьціў ім таго, каторы за забойства і бунт быў пасаджаны ў вастрог, каторага яны прасілі; а Езуса выдаў на іх волю.
І, як вялі Яго, то, узяўшы не́йкага Сымона Кірэнэйца, што йшоў з поля, узвалілі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
Калі-ж вялі яго, узялі нейкага Сымона Кірэнэйца, каторы ішоў з вёскі, і ўзлажылі на яго крыж, каб нёс за Езусам.
І йшло за Ім вялікае множства народу і жанчын, якія плакалі й галасілі па Ім.
І шла за ім вялікая грамада народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па ім.
Ісус жа, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерузалімскія! ня пла́чце па Мне́, але пла́чце па сабе́ і па дзе́цях вашых;
А Езус, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: Дочкі ерузалімскія, ня плачце нада мною, але самі над сабою плачце і над сынамі вашымі.
бо падыхо́дзяць дні, калі скажуць: шчасьлівыя няплодныя і чэравы, што не раджалі, і грудзі, што не кармілі.
Бо вось прыйдуць дні, у каторых будуць казаць: «Шчасьлівыя бясплодныя, і лоны, якія не радзілі, і грудзі, якія не саілі».
Тады пачнуць гаварыць го́рам: «упадзіце на нас», і ўзго́ркам: «пакрыйце нас!»
Тады пачнуць гаварыць да гораў: «Упадзеце на нас», і да ўзгоркаў: «Прыкрыйце нас».
бо калі зялёнаму дрэву гэтае робяць, то з сухім што́ ста́нецца?
Бо калі-ж з зялёным дзеравам гэтае робяць, то што будзе з сухім?
Вялі з Ім на сьме́рць і двох ліхадзе́яў.
І вялі з ім так-жа двух іншых злачынцаў, каб ім зрабіць сьмерць.
І, калі прыйшлі на ме́сца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго й ліхадзе́яў, аднаго па правы, а другога па ле́вы бок.
І калі прыйшлі на месца, званае Трупнога Чэрапу, там укрыжавалі яго, і разбойнікаў, аднаго па правай старане, а другога па левай.
Ісус жа сказаў: Аце́ц, даруй ім, бо ня ве́даюць, што робяць. І дзялілі адзе́жы Яго, кідаючы жэрабе.
А Езус казаў: Ойча, адпусьці ім, бо ня ведаюць, што робяць. А дзелячыся ягоным адзеньнем, кінулі лёс.
І стаяў народ і глядзе́ў. Насьмяхаліся-ж разам з імі й нача́льнікі, ка́жучы: другіх спаса́ў, няхай жа Сябе́ Самога спасе́, калі Ён Хрыстос, выбра́нец Божы.
І стаяў народ угледаючыся. І з імі насьмяхаліся з яго старшыя, кажучы: Другіх ратаваў, няхай-жа сябе паратуе, калі ён Хрыстус Божы, выбраны.
Таксама й жаўне́ры ла́ялі Яго, падыхо́дзячы й падносячы воцат,
Зьдзекаваліся-ж з яго і жаўнеры, падыходзячы і падаючы яму воцат,
і казалі: калі Ты Цар Юдэйскі, спасі Сябе́ Самога.
і кажучы: Калі ты кароль жыдоўскі, ратуй самога сябе.
І быў над Ім надпіс, напісаны сло́вамі грэцкімі, рымскімі й жыдоўскімі: гэты ёсьць Цар Юдэйскі.
Быў-жа над ім і надпіс, напісаны літарамі грэцкімі, лацінскімі і гэбрайскімі: «Гэта ёсьць кароь жыдоўскі».
Адзін з паве́шаных ліхадзе́яў зьняважа́ў Яго, кажучы: калі Ты Хрыстос, спасі Сябе́ і нас.
Адзін-жа з тых разбойнікаў, што віселі, блюзьніў проціў яго, кажучы: Калі ты Хрысус, паратуй самога сябе і нас.
Другі-ж, наадварот, сунімаў Яго ды гаварыў: ці-ж ты не баішся Бога, калі й сам засуджаны на тое-ж?
А адказваючы другі сварыўся на яго, кажучы: Ты і Бога не баісься, хоць знаходзісься ў тэй самай казьні.
І мы засуджаны справядліва, бо мы дасталі тое, чаго варты нашы ўчынкі; а Ён нічога благога не зрабіў.
Мы-то справядліва, бо атрымоўваем належнае за ўчынкі, але гэты нічога благога не зрабіў.
І сказаў Ісусу: успо́мні аба мне́, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!
І казаў да Езуса: Пане, помні аба мне, калі прыйдзеш у каралеўства сваё.
І сказаў яму Ісус: Запраўды́ кажу табе́: сяньня-ж будзеш са Мною ў раю.
І сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, сяньня будзеш са мною ў раі.
Было-ж каля шо́стае гадзіны дня, і ста́лася це́мра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявя́тае:
Была-ж блізу гадзіна шостая, і сталася цемра па ўсей зямлі аж да гадзіны дзевятай.
і паме́ркла сонца, і заслона ў царкве́ разарва́лася пасярэдзіне.
І зацьмілася сонца, і заслона сьвятыні разьдзёрлася папалам.
Ісус, загаласіўшы моцным голасам, сказаў: Аце́ц, у рукі Твае́ аддаю дух Мой. І, сказаўшы гэтае, аддаў дух.
І закрычаўшы вялікім голасам, Езус сказаў: Ойча, у рукі твае аддаю духа майго. І гэта сказаўшы, сканаў.
Сотнік жа, бачучы зда́рыўшаеся, славіў Бога й казаў: запраўды́, чалаве́к гэты быў пра́веднік.
А сотнік, відзячы, што дзеялася, славіў Бога, кажучы: Сапраўды гэты чалавек быў справядлівы.
І ўве́сь народ, што прыйшоў паглядзе́ць на гэта, бачучы зда́рыўшаеся, варочаўся, б’ючыся ў грудзі.
І ўся грамада тых, што былі разам на гэтым відовішчы і бачылі, што дзеялася, варочаліся, б’ючыся ў грудзі свае.
Усе́-ж, знаўшыя Яго, і жанчыны, што йшлі за Ім з Галіле́і, стаялі здалёк і глядзе́лі на гэтае.
Стаялі-ж здалёку ўсе знаёмыя яго, і жанчыны, якія былі прыйшоўшы за ім з Галілеі, угледаючыся на гэтае.
Тады не́хта на імя Язэп, ся́бра ра́ды, чалаве́к добры і справядлівы
І вось чалавек, на імя Язэп, каторы быў радным, чалавек добры і справядлівы,
(ён ня прымаў учасьця ў радзе і паступку яе́), родам з Арыматэі, ме́ста Юдэйскага, які таксама ждаў Царства Божага,
з юдэйскага гораду Арыматэі; ён быў не згадзіўшыся з Радай і ўчынкамі іх, і ён сам чакаў каралеўства Божага;
прыйшоў да Пілата і прасіў Це́ла Ісусавага;
ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Езуса.
і, зьняўшы Яго, абвіў плашчаніцаю і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале́, дзе́ яшчэ ніхто ня быў пакла́дзены.
І зьняўшы, увярнуў у палатно і палажыў яго ў высечаным гробе, у каторым яшчэ ніхто ня быў паложаны.
Дзе́нь той быў пятніца, і надыходзіла субота.
А быў дзень прыгатаўленьня і надыходзіла субота.
І жанчыны, што прыйшлі з Ісусам з Галіле́і, пайшлі і глядзе́лі магілу і як клалі це́ла Яго;
А падыйшоўшы жанчыны, каторыя прыйшлі з ім з Галілеі, бачылі гроб і як было паложана ягонае цела.
вярнуўшыся-ж прыгатавалі пахі і масьці; і ў суботу супачывалі паводле прыказа́ньня.
І вярнуўшыся, прыгатовілі пахнучыя рэчы і алейкі. А ў суботу-ж супачывалі паводле прыказаньня.