Лукаша 18 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Сказаў такжа ім прыповесьць аб тым, што трэба заўсёды маліцца і не апускаць рук,
 
Сказаў да іх і прыповесьць, што трэба заўсёды маліцца і не пераставаць,

кажучы, што ў адным ме́сьце быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзе́й не сароміўся.
 
кажучы: У вадным горадзе быў нейкі судзьдзя, каторы Бога не баяўся і чалавека ня стыдаўся.

У тым жа ме́сьце была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: абарані мяне́ ад ворага майго.
 
А ў тым горадзе была адна ўдава, і хадзіла да яго, кажучы: Абарані мяне ад праціўніка майго.

Але ён доўгі час не хаце́ў. А пасьля сказаў сам сабе́: хоць я і Бога не баюся, і людзе́й не саромлюся,
 
І не хацеў праз доўгі час. Пасьля-ж сказаў сам у сабе: Хоць я Бога не баюся і чалавека ня ўстыдаюся,

але, як гэтая ўдава́ не дае́ мне́ спакою, абараню яе́, каб яна ня прыходзіла бале́й дакучаць мне́.
 
аднак-жа, таму што гэтая ўдава мне дакучае, абараню яе, каб урэшце прыйшоўшы не зьняважыла мяне.

І сказаў Госпад: чуеце, што кажа судзьдзя няпра́ведны?
 
І сказаў Пан: Чуеце, што кажа несправядлівы судзьдзя?

Ці-ж Бог не абароніць вы́браных Сваіх, што клічуць яго дзе́нь і ноч, і доўга цярпе́ць будзе іх?
 
Ці-ж Бог не абароніць выбраных сваіх, галосячых да яго дзень і ноч і ці-ж будзе цярплівым адносна іх?

Кажу вам, што хутка ўчыніць ім справядлівасьць. Але Сын Чалаве́чы, прыйшоўшы, ці знойдзе ве́ру на зямлі?
 
Кажу вам, што скора абароніць іх. Аднак-жа Сын чалавечы, прыйшоўшы, думаеш, знойдзе веру на зямлі?

Сказаў такжа гэткую прыповесьць да некато́рых, што пэўныя былі сябе́, што яны пра́ведныя, і паніжалі другіх:
 
Казаў-жа і да некаторых, што ў сабе пэўныя былі, быццам справядлівыя і пагарджалі іншымі, гэту прыповесьць:

двое людзе́й увайшлі ў царкву памаліцца: адзін фарысэй, а другі мытнік.
 
Два чалавекі ўвайшлі ў сьвятыню, каб памаліцца, адзін фарызэй, а другі мытнік.

Фарысэй, стоючы, гэтак маліўся ў сабе́: Божа, дзякую табе́, што я не такі, як другія людзі: зьдзірцы, крыўдзіцелі, чужаложцы, або як гэты мытнік:
 
Фарызэй стоячы, гэтак сам у сабе маліўся: Божа, дзякую табе, што я не такі, як іншыя людзі, зьдзерцы, несправядліўцы, чужаложнікі, як і гэты мытнік.

пашчу́ два разы ў тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю.
 
Пашчу два разы ў тыдзень, даю дзесятую часьць з усяго, што маю.

А мытнік, стануўшы здалёк, не адважа́ўся навет падняць вачэй на не́ба; але, б’ючы сябе́ ў грудзі, гаварыў: Божа! будзь міласьцівы нада мною грэшным.
 
А мытнік, стоячы здалёк, не хацеў і вачэй падняць у неба, але біўся ў грудзі свае, кажучы: Божа, будзь міласьцівы мне грэшнаму.

Кажу-ж вам, што гэты пайшоў апра́ўданы бале́й, чымся той: бо ўсякі, хто сам сябе́ вывышшае, паніжоны будзе, а паніжаючы сябе ўзвысіцца.
 
Кажу вам, адыйшоў гэты апраўданым у дом свой, а ня той. Бо кожны, хто сябе павышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе павышаны.

Прыносілі да Яго і дзяце́й, каб Ён дакрануўся да іх; вучні-ж, бачучы гэтае, забаранялі ім.
 
Прыносілі-ж да яго і дзетак, каб да іх дакрануўся. Калі гэтае ўбачылі вучні, сварыліся на іх.

Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: пусьце́це дзяцей прыходзіць да Мяне́ і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Царства Божае;
 
Езус-жа клічучы іх, сказаў: Пусьцеце дзетак прыходзіць да мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць каралеўства Божае.

запраўды кажу вам: хто ня пры́йме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.
 
Сапраўды кажу вам: Хто-б ня прыняў каралеўства Божага як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.

І спытаўся ў Яго не́хта з начальнікаў: Вучыцель добры! што мне́ рабіць, каб унасьле́даваць жыцьцё ве́чнае?
 
І спытаўся ў яго адзін начальнік, кажучы: Вучыцель добры, што робячы я здабуду жыцьцё вечнае?

Ісус сказаў яму: чаму кажаш Мне́ «добры»? Ніхто ня добры, адзін толькі Бог.
 
Сказаў-жа яму Езус: Чаму ты завеш мяне добрым? Ніхто ня ёсьць добры, толькі адзін Бог.

Ве́даеш прыказа́ньні: не чужало́ж, не забівай, не крадзі, ня сьве́дчы крыва; паважай айца твайго і матку тваю (Выхад 20:12−16).
 
Ведаеш прыказаньні: «Не забівай, не чужалож, не крадзі, ня сьведч фальшыва, паважай бацьку твайго і матку» (Вых. 20:12-16).

Ён жа сказаў: усяго гэтага пільнаваўся я змалку ле́т маіх.
 
Ён сказаў: Гэтага ўсяго я пільнаваўся ад молдасьці маей.

Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго не хапае табе́: усё, што ма́еш, прадай і раздай убогім, і будзеш ме́ць скарб на не́бе; і прыходзь ідзі за Мною.
 
Пачуўшы гэтае, Езус сказаў яму: Яшчэ аднаго табе не стае: прадай усё, што маеш і дай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за мною.

Ён жа, пачуўшы, засумаваў, бо быў надта багаты.
 
Пачуўшы гэтае, ён засмуціўся, бо быў вельмі багаты.

Ісус, бачучы, што ён засумава́ў, сказаў: як трудна багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.
 
Езус-жа, бачачы, што ён зрабіўся смутным, сказаў: Як трудна будзе тым, што маюць грошы, увайсьці ў каралеўства Божае!

Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз го́лчына вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.
 
Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз дзірку ад іголкі, чымся багатаму ўвайсьці ў каралеўства Божае.

Чуўшыя гэтае сказалі: хто-ж можа спасьціся?
 
І сказалі тыя, што слухалі: І хто-ж можа быць збаўлены?

Але Ён сказаў: немагчымае для людзе́й магчыма для Бога.
 
Сказаў ім: Што немагчымае ў людзей, тое магчымае ў Бога.

Пётр жа сказаў: вось мы кінулі ўсё і пайшлі за Табою.
 
Пётр-жа сказаў: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за табою.

А Ён сказаў ім: запраўды кажу вам: няма нікога, хто, кінуўшы дом, ці бацькоў, ці братоў, ці сёстраў, ці жонку, ці дзяце́й дзеля Царства Божага,
 
Ён сказаў ім: Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто-б пакінуў дом, або бацькоў, або братоў, або жонку, або дзяцей дзеля каралеўства Божага

не атрымаў бы шмат бале́й у гэты час, а ў ве́к будучы — жыцьцё ве́чнае.
 
і не атрымаў многа болей у гэтым часе, а ў прышлым веку жыцьцё вечнае.

Адклікаўшы-ж дванаццацёх вучняў Сваіх, сказаў ім: вось уваходзім у Ерузалім, і зьдзе́йсьніцца ўсе напісанае праз прарокаў аб Сыне Чалаве́чым;
 
І ўзяў Езус дванаццацёх і сказаў ім: Вось ідзём у Ерузалім, і скончыцца ўсё, што напісана праз прарокаў аб Сыне чалавечым.

бо выдадуць Яго паганам і назьдзе́куюцца над Ім, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго;
 
Бо будзе выданы паганам, і будзе абсьмяяны і ўбічаваны і апляваны,

і будуць біць і заб’юць Яго на сьме́рць; і на трэці дзе́нь уваскрэсьне.
 
а ўбічаваўшы, заб’юць яго, і на трэці дзень уваскрэсьне.

Але яны нічога з гэтага не зразумелі; словы гэтыя былі закрыты для іх, і яны не разуме́лі ска́занага.
 
А яны нічога з гэтага не зразумелі, і было гэтае слова закрытае ад іх, і не разумелі, што гаварылася.

І ста́лася, як падыходзіў да Ерыхону, адзін сьляпы сядзе́ў ля дарогі, жабруючы;
 
Сталася-ж, калі прыбліжаўся да Ерыхону, адзін сьляпы сядзеў ля дарогі, жабруючы.

і, пачуўшы, што міма яго праходзіць народ, спытаўся: што гэта такое?
 
І калі пачуў праходзячую міма грамаду, спытаўся, што гэта такое?

Яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе́.
 
І сказалі яму: Што Езус Назарэнскі праходзіць.

Тады ён закрычэў: Ісус, Сын Давідаў, зьмілуйся нада мною!
 
І закрычаў, кажучы: Езусе, Сыне Давіда, зжалься нада мною!

Пярэднія закрычэлі на яго, каб маўчаў; але ён яшчэ мацне́й крычэў: Сын Давідаў! зьмілуйся нада мною!
 
А каторыя ішлі наперадзе сварыліся на яго, каб маўчаў; але ён тым болей крычаў: Сыне Давіда, зжалься нада мною!

Ісус, затрымаўшыся, сказаў прыве́сьці яго да Сябе́. І, калі той падыйшоў да Яго, спытаўся ў яго:
 
Езус-жа стаўшы, загадаў яго прывесьці да сябе. І калі прыбліжыўся, спытаў яго,

чаго ты хочаш ад Мяне́? Той сказаў: Госпадзе, каб мне́ бачыць.
 
кажучы: Што хочаш, каб я табе зрабіў? А ён сказаў: Пане, каб мне відзець!

Ісус сказаў яму: Бач жа! ве́ра твая спасла́ цябе́.
 
І сказаў яму Езус: Праглянь, вера твая цябе аздаравіла.

І ён той жа час пачаў бачыць і пайшоў за Ім, сла́вячы Бога. І ўве́сь народ, бачучы гэнае, аддаў хвалу Богу.
 
І зараз-жа відзеў і ішоў за ім, славячы Бога. А ўвесь народ убачыўшы, аддаў хвалу Богу.