Лукаша 23 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І падняла́ся ўся грамада́ іх, і павялі Яго да Пілата,
І ўстала ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,
і пачалі абвінавачываць Яго, кажучы: Яго знайшлі мы, што псуе народ наш і забараняе плаціць падатак ке́сару, называючы Сябе́ Хрыстом-Царом.
і пачалí абвінава́чваць Яго, гаворачы: мы вы́явілі, што Ён падбухто́рвае народ наш і забараня́е даваць пада́так ке́сару, называ́ючы Сябе Хрыстом Царом.
Пілат спытаўся ў Яго: Ты цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты ка́жаш.
Пілат запытаў Яго, ка́жучы: Ты Цар Іудзейскі? Ён жа сказаў Яму ў адказ: ты кажаш.
Пілат сказаў архірэям і народу: я не знаходжу ніякае віны ў гэтым Чалаве́ку.
І Пілат сказаў першасвятара́м і народу: я не знахо́джу нія́кай віны́ ў Гэтым Чалавеку.
Але яны наста́йвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, ву́чачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галіле́і да гэтага ме́сца.
Але яны настойвалі, ка́жучы, што Ён бунту́е народ, навуча́ючы па ўсёй Іудзеі, пачаўшы з Галілеі аж дасю́ль.
Пілат, пачуўшы пра Галіле́ю, спытаўся: ці-ж Ён Галіле́янін?
Пілат жа, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба́ Гэты Чалавек Галіле́янін?
І, даве́даўшыся, што Ён з краіны Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў таксама ў Ерузаліме.
І, даве́даўшыся, што Ён з улада́нняў Ірадавых, паслаў Яго да Ірада, які таксама быў у Іерусаліме ў тыя дні.
Ірад, угле́дзіўшы Ісуса, ве́льмі ўце́шыўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, бо шмат чуў аб Ім і спадзяваўся, што Ён учыніць не́йкае знаме́ньне.
Ірад жа, уба́чыўшы Іісуса, вельмі ўзра́даваўся, бо ён даўно ўжо хацеў бачыць Яго, паколькі чуў пра Яго многа і спадзява́ўся ўбачыць нейкае знаме́нне, Ім здзе́йсненае;
І пытаўся ў Яго многімі словамі, але Ён нічога не адказаў яму.
і задаваў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога не адказваў яму.
Архірэі-ж і кніжнікі стаялі, заўзята абвінава́чываючы Яго.
І стаялі першасвятары́ і кніжнікі, і заця́та абвінава́чвалі Яго.
Ірад жа з жаўне́рамі сваімі, зьняважыўшы Яго і насьмяяўшыся над Ім, адзе́ў Яго ў сьве́тлую вопратку і адаслаў назад да Пілата.
А Ірад са сваімі воінамі, знява́жыўшы Яго і наглумíўшыся, апрану́ў Яго ў светлую адзе́жу і адасла́ў Яго да Пілата.
І сталіся ў той дзе́нь Пілат і Ірад пры́яцелямі сабе́, бо ране́й былі ў не́прыязьні між сабою.
І зрабіліся пры́яцелямі між сабою Пілат і Ірад у той дзень; ране́й жа мелі варо́жасць адзін да аднаго́.
Пілат жа, склікаўшы архірэяў ды начальнікаў і народ,
Пілат жа, склíкаўшы першасвятаро́ў, і начальнікаў, і народ,
сказаў ім: вы прывялі да мяне́ чалаве́ка гэтага, які псуе народ; і вось я, пры вас пытаючы, не знайшоў чалаве́ка гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы абвінава́чваеце Яго;
сказаў ім: вы прывялі да мяне Гэтага Чалавека, Які нібы́та бухто́рыць народ; і вось я перад вамі рассле́даваў і не знайшоў у Чалавеку Гэтым ніякай віны з таго, у чым вы Яго абвінава́чваеце;
і Ірад таксама, бо я яму пасылаў Яго, і нічога ня знойдзена ў Ім, дастойнага сьме́рці;
і Ірад таксама, бо я пасылаў да яго , і вось нічога ва́ртага смерці не зро́блена Ім;
дык вось, пакараўшы Яго, звольню.
таму, пакара́ўшы Яго, адпушчу́.
Яму-ж трэба было дзеля сьвята звольніць ім аднаго вязьня.
А яму трэба было́ дзе́ля свя́та адпусцíць ім аднаго вя́зня.
Але ўве́сь народ пачаў крычаць: Вазьмі Яго! адпусьці нам Варавву!
Але яны закрычалі ўсе разам, ка́жучы: смерць Яму! адпусці ж нам Вара́вву.
Варавва быў паса́джаны ў вязьніцу за паднятае ім у ме́сьце паўстаньне і забойства.
А той быў за нейкі бунт, учы́нены ў горадзе, і забойства паса́джаны ў цямнíцу.
Пілат ізноў прамовіў, хочучы адпусьціць Ісуса.
І зноў Пілат узвы́сіў голас, хочучы адпусцíць Іісуса.
Але яны крычалі: распні, распні Яго!
Але яны крычалі, ка́жучы: распнí, распнí Яго!
Ён трэці раз сказаў ім: Што-ж благога ўчынíў Ён? Нічога, заслугоўваючага сьме́рці, я не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, звольню.
І трэці раз сказаў ім: якое ж зло ўчынíў Ён? нічога ва́ртага смерці я не знайшоў у Ім; таму, пакара́ўшы Яго, адпушчу́.
Але яны дале́й з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі. І перамог крык іх і архірэяў.
Яны ж настойвалі з моцнымі кры́камі, патрабу́ючы, каб Ён быў распя́ты; і перамаглí крыкі іх і першасвятаро́ў.
І Пілат прысудзіў, каб ста́лася па просьбе іх.
І Пілат вырашыў, каб было́ паводле патрабава́ння іх,
І звольніў ім паса́джанага за бунт і забойства ў вязьніцу, каго яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю.
і адпусцíў паса́джанага за бунт і забойства ў цямнíцу, якога яны прасíлі, а Іісуса аддаў на іх волю.
І, як вялі Яго, то, узяўшы не́йкага Сымона Кірэнэйца, што йшоў з поля, узвалілі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
І калі павялí Яго, то, забра́ўшы нейкага Сíмана Кірыне́яніна, які ішоў з поля, ускла́лі на яго крыж, каб нёс за Іісусам.
І йшло за Ім вялікае множства народу і жанчын, якія плакалі й галасілі па Ім.
І ўслед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія рыда́лі і галасíлі па Ім.
Ісус жа, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерузалімскія! ня пла́чце па Мне́, але пла́чце па сабе́ і па дзе́цях вашых;
Абярну́ўшыся да іх, Іісус сказаў: дочкі Іерусалімскія! не плачце па Мне, а плачце па сабе́ і дзе́цях вашых;
бо падыхо́дзяць дні, калі скажуць: шчасьлівыя няплодныя і чэравы, што не раджалі, і грудзі, што не кармілі.
бо вось надыхо́дзяць дні, у якія скажуць: «блажэ́нныя няпло́дныя, і ўло́нні, якія не раджа́лі, і гру́дзі, якія не кармíлі»;
Тады пачнуць гаварыць го́рам: «упадзіце на нас», і ўзго́ркам: «пакрыйце нас!»
тады пачну́ць гаварыць гара́м: «упадзíце на нас», і ўзгоркам: «пакры́йце нас»;
бо калі зялёнаму дрэву гэтае робяць, то з сухім што́ ста́нецца?
бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, то з сухім што́ будзе?
Вялі з Ім на сьме́рць і двох ліхадзе́яў.
Вялі ж з Ім яшчэ і двух злачы́нцаў, каб пакара́ць смерцю.
І, калі прыйшлі на ме́сца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго й ліхадзе́яў, аднаго па правы, а другога па ле́вы бок.
І калі прыйшлі на месца, зва́нае Ло́бным, там распя́лі Яго і злачынцаў, аднаго справа, а другога злева.
Ісус жа сказаў: Аце́ц, даруй ім, бо ня ве́даюць, што робяць. І дзялілі адзе́жы Яго, кідаючы жэрабе.
Іісус жа казаў: Ойча! дару́й ім, бо яны не ведаюць, што робяць. І, дзе́лячы адзе́жу Яго, кíдалі жэ́рабя.
І стаяў народ і глядзе́ў. Насьмяхаліся-ж разам з імі й нача́льнікі, ка́жучы: другіх спаса́ў, няхай жа Сябе́ Самога спасе́, калі Ён Хрыстос, выбра́нец Божы.
І стаялі людзі і глядзелі. Насміха́ліся з імі разам і начальнікі, ка́жучы: іншых ратава́ў, няхай урату́е Само́га Сябе, калі Ён Хрыстос, Божы абраннік.
Таксама й жаўне́ры ла́ялі Яго, падыхо́дзячы й падносячы воцат,
Глуміліся з Яго і воіны, падыхо́дзячы і падно́сячы Яму воцат,
і казалі: калі Ты Цар Юдэйскі, спасі Сябе́ Самога.
і ка́жучы: калі Ты Цар Іудзейскі, то ўратуй Самога Сябе.
І быў над Ім надпіс, напісаны сло́вамі грэцкімі, рымскімі й жыдоўскімі: гэты ёсьць Цар Юдэйскі.
Быў жа і надпіс напíсаны над Ім літарамі грэчаскімі, і рымскімі, і яўрэйскімі: гэта Цар Іудзейскі.
Адзін з паве́шаных ліхадзе́яў зьняважа́ў Яго, кажучы: калі Ты Хрыстос, спасі Сябе́ і нас.
І адзін з павешаных злачынцаў блюзне́рыў на Яго, ка́жучы: калі Ты Хрыстос, то ўрату́й Сябе і нас.
Другі-ж, наадварот, сунімаў Яго ды гаварыў: ці-ж ты не баішся Бога, калі й сам засуджаны на тое-ж?
Другі ж у адказ, суніма́ючы яго, казаў: хіба́ ты не баішся Бога, бо сам на тое ж асу́джаны?
І мы засуджаны справядліва, бо мы дасталі тое, чаго варты нашы ўчынкі; а Ён нічога благога не зрабіў.
Але мы — справядліва, бо нале́жнае за ўчы́нкі нашы атры́мліваем, а Ён нічога дрэ́ннага не зрабіў.
І сказаў Ісусу: успо́мні аба мне́, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!
І сказаў Іісусу: памянí мяне, Госпадзі, калі пры́йдзеш у Царства Тваё.
І сказаў яму Ісус: Запраўды́ кажу табе́: сяньня-ж будзеш са Мною ў раю.
І сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, сёння са Мною будзеш у ра́і.
Было-ж каля шо́стае гадзіны дня, і ста́лася це́мра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявя́тае:
Было́ ж каля шостай гадзíны, і цемра была́ па ўсёй зямлі да гадзíны дзевятай;
і паме́ркла сонца, і заслона ў царкве́ разарва́лася пасярэдзіне.
і паме́ркла сонца, і заве́са ў храме разадра́лася напала́м.
Ісус, загаласіўшы моцным голасам, сказаў: Аце́ц, у рукі Твае́ аддаю дух Мой. І, сказаўшы гэтае, аддаў дух.
І, ускры́кнуўшы моцным голасам, Іісус сказаў: Ойча! у ру́кі Твае аддаю́ дух Мой! І, сказаўшы гэта, вы́пусціў дух.
Сотнік жа, бачучы зда́рыўшаеся, славіў Бога й казаў: запраўды́, чалаве́к гэты быў пра́веднік.
Сотнік жа, убачыўшы, што адбыло́ся, прасла́віў Бога, ка́жучы: сапраўды́, Чалавек Гэты быў пра́ведны.
І ўве́сь народ, што прыйшоў паглядзе́ць на гэта, бачучы зда́рыўшаеся, варочаўся, б’ючыся ў грудзі.
І ўсе людзі, якія сабра́ліся на гэтае відо́вішча, убачыўшы, што адбыло́ся, вярта́ліся, б’ючы́ сябе ў гру́дзі.
Усе́-ж, знаўшыя Яго, і жанчыны, што йшлі за Ім з Галіле́і, стаялі здалёк і глядзе́лі на гэтае.
Усе ж знаёмыя Яго і жанчыны, якія прыйшлі следам за Ім з Галілеі, стаялі во́ддаль і глядзелі на гэта.
Тады не́хта на імя Язэп, ся́бра ра́ды, чалаве́к добры і справядлівы
І вось муж па íмені Іосіф, саве́тнік, чалавек добры і пра́ведны,
(ён ня прымаў учасьця ў радзе і паступку яе́), родам з Арыматэі, ме́ста Юдэйскага, які таксама ждаў Царства Божага,
які не далучы́ўся да рашэння і спра́вы іх, з Арымафе́і, горада Іудзейскага, і ён таксама чакаў Царства Божага;
прыйшоў да Пілата і прасіў Це́ла Ісусавага;
прыйшоўшы да Пілата, ён папрасіў це́ла Іісусава;
і, зьняўшы Яго, абвіў плашчаніцаю і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале́, дзе́ яшчэ ніхто ня быў пакла́дзены.
і, зняўшы Яго, абгарну́ў плашчанíцаю і паклаў Яго ў магілу, вы́сечаную у скале́, дзе яшчэ ніхто не ляжаў.
Дзе́нь той быў пятніца, і надыходзіла субота.
А дзень той быў пятніца, і настава́ла субота.
І жанчыны, што прыйшлі з Ісусам з Галіле́і, пайшлі і глядзе́лі магілу і як клалі це́ла Яго;
І, пайшоўшы ўслед, жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі, ба́чылі магілу і як было пакла́дзена це́ла Яго;
вярнуўшыся-ж прыгатавалі пахі і масьці; і ў суботу супачывалі паводле прыказа́ньня.
вярнуўшыся, яны падрыхтава́лі духмя́насці і мíра; у суботу ж адпачыва́лі, паво́дле за́паведзі.