Псалтыр 44 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: навука.
 

Божа! Мы чулі вушыма сваімі, і бацькі нашы наказуюць: вялікае дзела зрабіў Ты ў іхнія дні, у дні старадаўныя.
 

Тваёю рукою Ты павыгнаў народы, а іх абсадзіу; паганаў зьніштожыў, а іх Ты размножыў.
 

Бо ня ўласным мячом яны землю здабылі, перамогу дала ім ня ўласная сіла, а правіца Твая і рука Твая, і сьветласьць аблічча Твайго, бо Ты быў прыхільны да іх!
 

Ты-ж Цар мой, о Божа! Дык пашлі ўспамогу Якубу!
 

Праз Цябе мы паб’ём гнібіцеляў нашых ды ворагаў нашых раздавім,
 

бо не на лук спадзяюся я, і ня меч мой мне дасьць перамогу,
 

а Ты нам даеш перамогу над ворагам нашым і тых выгубляеш, што нас ненавідзяць.
 

Усе дні мы хвалімся Богам, і навекі імя Тваё будзем мы славіць! (Зэля)
 

І ўсё-ж Ты нас адцураўся і нас асароміў, ды больш ня йдзеш разам з войскамі нашымі.
 

Ты павярнуў нас наўцёкі прад тым, хто, нас уціскае, а ненавісьнікі нашыя нас рабавалі.
 

Ты нас аддаў, як авечкі, каб нас паелі, і расьцярушыў нас між паганаў.
 

Ты прадаў Твой народ за марную плату і нічога не скарыстаў праз гэта.
 

Ты аддаеш нас на ганьбаваньне суседзям нашым, на лаянку й насьмешкі тых, што навакол нас.
 

Ты ў прыказку ўвёў нас міжы паганамі, і народы ківаюць галовамі над намі.
 

Ганьба мая ўсьцяж стаіць прад вачыма маімі, і сорам, што выпаў мне, пакрывае мяне,
 

бо мушу выслухіваць тых, што саромяць ды лаюць мяне, і бачыць ворагаў ды мсьціцеляў.
 

Усё гэта звалілася на нас, хоць мы не забылі Цябе і вернасьці запаведзі Тваёй не зламалі.
 

Не адступілася сэрца нашае, не адхіліўся крок наш ад сьцежкі Тваёй,
 

аднак Ты скрышыў нас у зямлі шакаляў, і цемрай сьмяротнай Ты нас атуліў.
 

Калі-б мы забылі імя нашага Бога і да чужога нашы рукі цягнулі,
 

ці-ж бы наш Бог не дазнаўся аб гэтым? Тайны сэрца вядомы-ж Яму!
 

Але-ж дзеля Цябе забіваюць нас штодня, лічаць нас за гавечкі, празначаныя на зарэз.
 

Збудзіся! Што сьпіш, Пане? Прачхніся, не адкінь нас навекі!
 

Чаму Ты хаваеш аблічча Тваё, забываеш тугу і прыгнечаньне нашае?
 

Бо наша душа ўкінена ў пыл; к зямлі наша цела прыліпла.
 

Паўстань на ўспамогу нам, збаў дзеля ласкі Тваёй!