Псалтыр 79 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Псальм Асапавы. Божа, пагане напалі на Тваю спадчыну, апаганілі храм Твой сьвяты, Ерузалім у руіну абярнулі.
 

Трупы рабоў Тваіх аддалі на жыр птушкам нябесным, целы пабожных Тваіх — зьвяром зямным.
 

Іх кроў, як ваду, пралілі навакол Ерузаліму, і некаму было іх хаваць.
 

Мы сталіся пасьмешышчам у суседзяў нашых, наруганьнем і ганьбай у акружаючых нас.
 

Дакуль, Госпадзе, будзеш гневацца бясспынна, дакуль ярасьць Твая паланець будзе?
 

Вылі гнеў Твой на народы, што ня ведаюць Цябе, ды на царствы, што іменьня Твайго не прызываюць,
 

бо зжэрлі Якуба і жыльлё яго зруйнавалі.
 

Не палічы нам грахоў даўнейшых; няхай нас сустрэне міласэрнасьць Твая чым хутчэй, бо вельмі мы зьнемагліся.
 

Памажы нам, о Божа, Збавіцелю наш, дзеля чэсьці іменьня Твайго; ратуй і даруй грахі нашы дзеля іменьня Твайго!
 

Дзеля чаго-б казаці паганам: Дзе Бог іх? Няхай на паганах, у нас на вачох, ведама станецца помста за кроў рабоў Тваіх, што праліта!
 

Няхай дойдуць да Цябе стогны вязьняў! Магутнай сілай Тваей на сьмерць празначаных вызваль
 

і нашым суседзям вярні сямікротна ў нутро іх зьнявагу, якой яны, Госнадзе, Цябе зьневажалі!
 

А мы, Твой народ і авечкі пасты Тваёй, будзем вечна хваліць Цябе й з роду ў род славу Тваю абвяшчаць.