Псалтыр 17 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Леаніда Галяка
Малітва Давідавая. Выслухай, Госпадзе, справу справядлівага! Зваж на лямант мой! Прыймі маленьне маё із вуснаў нефальшывых!
Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае бачаць, што справядліва.
Калі Ты выпрабовываеш сэрца маё, уначы адведываеш ды грунтоўна распазнаеш мяне, дык не знаходзіш ніякіх благіх думак у-ва мне, і вусны мае не грашаць.
У справах чалавечых, паводле слова вуснаў Тваіх, я высьцерагаўся шляхоў гнібіцеляў.
Крокі мае дзяржаліся каляінаў Тваіх; стопы мае ня хісталіся.
Да Цябе я гукаю, бо Ты, Божа, выслухаеш мяне; прыхілі да мяне вуха Тваё, пачуй словы мае!
Пакажы дзіўную ласку Тваю, бо Ты Збавіцель тых, што ў правіцы Тваёй шукаюць абароны ад ворагаў.
Захавай мяне, як зрэнку вока; у цяню крыльляў Тваіх укрый Ты мяне
ад бязбожнікаў, што гвалт учынілі нада мной, ад ворагаў маіх, што прагавіта абступілі мяне:
яны схаваліся ў туку сваім, вуснамі сваімі яны дзёрзкае гавораць.
На кожным кроку цяпер яны нас абступаюць; іх думкі шукаюць, каб нас да зямлі прыбіці.
Яны падобны да льва, што шукае дабычы, і да львянятка, што ў засадзе ляжыць.
Паўстань, Госпадзе! Выйдзі супраць іх, павалі Ты іх! Мячом Тваім ратуй жыцьцё маё ад бязбожніка,
ад людзей — Тваёй рукой, Госпадзе! — ад людзей сьвету, што толькі ў гэтым жыцьці надзею сваю пакладаюць, а чэрава іх Ты із скарбніцы Тваёй напаўняеш; многа сыноў яны маюць і лішак свой дзецям кідаюць сваім.
Я-ж за справядлівасьць маю ўбачу аблічча Тваё: збудзіўшыся, буду Тваім абразом насычацца.