2 да Цімафея 2 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка
Дык ты, сын мой, узмацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце́ Ісусе,
і, што чуў ад мяне́ пры многіх сьве́дках, тое перадай ве́рным людзям, якія будуць здольнымі і другіх навучыць.
Дык цярпі мукі, як добры жаўне́р Ісуса Хрыста.
Ніводзін жаўне́р ня зьвязвае сябе́ справамі жыцьцёвымі, каб дагадзіць начальніку войска.
Калі-ж хто і змагаецца, не дастане вянка́, калі будзе баро́цца незаконна.
Трэба, каб зямляроб, які працуе, пе́ршы спробаваў пладоў.
Разуме́й, што́ кажу. Няхай жа дасьць табе́ Госпад разуме́ньне ў-ва ўсім.
Памятай пра Госпада Ісуса Хрыста, з насе́ньня Давідавага, што ўскрос із мёртвых водле Эвангельля майго,
у якім цярплю мукі аж да путаў, як ліхадзе́й, але слова Божага не́льга закаваць.
Дзеля гэтага я ўсё цярплю для выбраных, каб і яны здабылі збаўле́ньне, што ў Хрысьце Ісусе з ве́чнаю славаю.
Ве́рнае слова: бо калі мы з Ім паме́рлі, дык з Ім і жыць будзем;
калі мучымся, дык з Ім і цары́ць будзем; калі адцураемся, і Ён адцураецца ад нас;
калі мы няве́рныя, ён ве́рным астае́цца, бо ад сябе́ адрачыся ня Можа.
Гэтае напамінай, сьве́дчучы перад Госпадам не спрача́цца, што зусім не карысна, а на няшчасьце для слухаючых.
Старайся паставіць сябе́ годным перад Богам, работнікам беззаганным, правільна пераказваючы слова праўды.
Ад нягоднага марнаслоўя ўхіляйся; бо яны яшчэ бале́й будуць памнажаць бязбожнасьць.
І слова іх, як гангрэна, ме́ціме корм. Гэтакія Гімэнэй і Філе́т,
якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўскрасе́ньне ўжо было, і пераварача́юць у некаторых ве́ру.
Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы гэтакую пячаць: пазнаў Госпад Сваіх; і: няхай адступіцца ад няпраўды кожны, хто імя Госпада называе.
А ў вялікім доме ёсьць пасудзіны ня толькі залатыя і сярэбраныя, але і драўляныя і гліняныя; і адны ў чэсьці, другія — ня ў чэсьці.
Дык, калі хто ачысьціцца ад гэтага, той будзе судзінаю ў чэсьці, асьвянчонаю і карыснаю Валадару, прыгатаванаю на кожнае добрае дзе́ла.
Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а дзяржыся праўды, ве́ры, любві, міру з прызываючымі Госпада ад чыстага сэрца.
Ад дурнога і ненавуковага змаганьня ўхіляйся, ве́даючы, што яно родзіць сваркі;
рабу-ж Госпадаву ня сьле́д сварыцца, але быць ве́тлым да ўсіх, навучаючым, лагодным,
у ціхасьці навучаць супраціўнікаў, ці ня дасьць ім Бог пакаяньня дзеля пазнаньня праўды,
каб яны вызваліліся з се́ці д’ябла, што жыўцом улавіў іх пад сваю волю.