Марка 9 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi
І сказаў ім: запраўды́ кажу вам: ёсьць некаторыя сярод тых, што тут стаяць, якія ня íмуць сьме́рці, пакуль ня ўгле́дзяць царства Божага, прыйшоўшага ў сіле.
І Ён казаў ім: Сапраўды кажу вам: Ёсць некаторыя з тых, што стаяць тут, якія не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Царства Божага, якое прыйдзе ў сіле.
І цераз шэсьць дзён бярэць Ісус Пятра, Якава і Іоана і вядзе́ на гару высокую асобна іх адных, і перамяніўся перад імі.
І праз шэсць дзён Ісус забірае Пятра, і Іякава, і Іаана і ўзводзіць асобна іх адных на высокую гару. І перамяніўся Ён перад імі,
І адзе́ньне Яго зрабíлася бліскучым ды такім бе́лым, як сьне́г, ды як бялільшчык на зямлі ня можа вы́бяліць.
і Яго адзенне зрабілася бліскучае, незвычайна белае, [як снег], як бялільшчык на зямлі не можа так выбеліць.
І зьявіўся ім Ільля з Майсе́ем ды вялі гутарку з Ісусам.
І з’явіўся ім Ілія з Маісеем і размаўлялі з Ісусам.
І на гэта Пётр сказаў Ісусу: Равві! добра нам тут быць; дык зробім тры палаткі: Табе́ адну, Майсе́ю адну і Ільлі адну.
І, азваўшыся, Пётр кажа Ісусу: Равві, добра нам тут быць, і давай зробім тры палаткі, Табе адну, і Маісею адну, і Іліі адну.
Бо ня ве́даў, што сказаць; бо яны перапало́халіся.
Бо не ведаў ён, што сказаць, бо яны былі перапалоханыя.
І паўстала хма́ра, закрыўшая іх, і з хма́ры вы́йшаў голас, які казаў: гэты ёсьць Сын Мой улю́блены, Яго слухайце.
І паўстала воблака, якое накрыла ценем іх, і пачуўся голас з воблака: Гэта Мой Сын Улюбёны, слухайце Яго!
І раптам, аглядзе́ўшыся наўкола, нікога больш ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса.
І раптам, агледзеўшыся, яны ўжо нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса з сабою.
Калі-ж яны зыхо́дзілі з гары́, загадаў ім нікому не казаць, што́ яны ба́чылі, дакуль Сын Чалаве́чы не ўваскрэсьне.
І, калі зыходзілі з гары, Ён загадаў ім, каб нікому не расказвалі таго, што бачылі, аж пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
І захавалі гэтае слова, пытаючыся адзін у аднаго, што значыць: уваскрэснуць?
І яны захавалі ў сабе гэтае слова, спрачаючыся між сабою, што значыць уваскрэснуць з мёртвых.
І спыталіся ў Яго, кажучы: кніжнікі гавораць, што пе́рш мусіць прыйсьці Ільля?
І спыталіся ў Яго, кажучы: Чаму кніжнікі кажуць, што спярша Ілія павінен прыйсці.
Ён жа адказаў ім: Ільля, прыйшоўшы пе́рш, наладзіць усе, як і напісана пра Сына Чалаве́чага, каб шмат перацярпе́ў і быў панíжаны.
Ён жа сказаў ім: Ілія, сапраўды, прыходзіць спярша і ўзнаўляе ўсё; а як напісана пра Сына Чалавечага, што шмат Яму належыць выцерпець і быць зняважаным?
Але кажу́ вам, што і Ільля прыйшоў, і ўчынілі з ім, што хаце́лі, як напісана пра Яго.
Але кажу вам, што і Ілія прыйшоў і зрабілі яму ўсё, што хацелі, як напісана пра яго.
І, прыйшоўшы да вучняў, угле́дзіў многа народу ля іх, ды кніжнікаў, спрачаючыся з Імі.
І, прыйшоўшы да вучняў, яны ўбачылі вялікі натоўп навокал іх і кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
І, ураз угле́дзіўшы Яго, увесь народ здуме́ўся ды, прыбягаючы, вітаў Яго.
І адразу ўвесь натоўп, убачыўшы Яго, уразіўся, і, падбягаючы, яны віталі Яго.
І спытаўся Ён у кніжнікаў: аб чым у вас спрэчка з імі?
І Ён спытаўся ў іх: Аб чым спрачаецеся з імі?
І, адказваючы, адзін із народу сказаў: Вучыцелю! я прывёў да Цябе́ сына майго, які ма́е нямо́га духа:
І адзін з натоўпу адказаў Яму: Настаўніку, я прывёў да Цябе свайго сына, у якім нямы дух;
дзе́ ні схопіць яго, кíдае яго на зямлю, і ён пе́ніцца й скрыгíча зубамі сваімі ды пруцяне́е. І казаў я вучням Тваім, каб вы́гналі яго, і ня здо́лелі.
і дзе ён ні схопіць яго, кідае вобземлю, і ён пену пускае, і скрыгоча зубамі і карчанее; і я сказаў Тваім вучням, каб выгналі яго, ды яны не змаглі.
Ён жа, адка́зваючы, гавора: о, род няве́рны! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпе́ць вас? Прывядзе́це яго да Мяне́!
А Ён у адказ ім кажа: О бязвернае пакаленне, дакуль буду ў вас? Дакуль буду цярпець вас? Вядзіце яго да Мяне.
І прывялі яго да Ісуса. І, уба́чыўшы Яго, дух затрос ім, і ён упаў на зямлю ды валяўся, пуска́ючы пе́ну.
І прывялі таго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу скруціў таго курчам і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
І спытаўся Ісус у бацькі ягонага: як даўно гэта зрабілася з ім? Той жа адказаў: з дзяцінства;
І Ён запытаўся ў яго бацькі: Як даўно гэта здарылася з ім? — І той сказаў: З дзяцінства;
і шмат разоў дух кíдаў яго ў вагонь ды ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, памажы́ нам, зьлітаваўшыся над намі.
і часта і ў агонь кідаў яго, і ў ваду, каб загубіць яго, але, калі што можаш, дапамажы нам, злітаваўшыся над намі!
Ісус сказаў яму: калі можаш верыць, усё магчыма для ве́руючага.
Ісус жа сказаў яму: Ты кажаш: «Калі можаш». Усё мажлівае для таго, хто веруе.
І зараз, загаласіўшы, бацька хлопца сказаў праз сьлёзы: Госпадзе! памажы́ майму недаве́рству!
[І] адразу, усклікнуўшы, хлопцаў бацька [са слязьмі] сказаў: Верую, [Госпадзе], дапамажы майму нявер’ю.
Ісус жа, бачучы, што зьбягаецца народ, пагразіў духу нячыстаму, кажучы яму: дух нямы́ і глухí! Я прыка́зую табе́: вы́йдзі з яго ды больш не ўваходзь у яго!
Ісус жа, убачыўшы, што збягаецца натоўп, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: Нямы і глухі дух, Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!
І, загаласíўшы ды крэпка затро́сшы ім, выйшаў; і зрабіўся, як няжывы́, так што многія гаварылі, што памер.
І дух, ускрыкнуўшы і моцна скурчыўшы таго, выйшаў; а той зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі, што ён памёр.
Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
Ісус жа, узяўшы яго [за] руку, падняў яго, і ён устаў.
І, як увайшоў у дом, вучні Ягоныя пыталіся ў Яго насамо́це: чаму мы не маглі выгнаць яго?
І калі Ён увайшоў у дом, Яго вучні на адзіноце пыталіся ў Яго: Чаму мы не змаглі выгнаць яго?
І сказаў ім: гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі ад малітвы ды посту.
І Ён сказаў ім: Гэты род не можа выйсці інакш, як ад малітвы [і посту].
І, пайшоўшы стуль, праходзілі праз Галіле́ю, і Ён не хаце́ў, каб хто даве́даўся.
І, выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто-небудзь даведаўся пра гэта;
Бо навучаў Сваіх вучняў і гаварыў ім, што Сын Чалаве́чы вы́даны будзе ў рукі людзе́й, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсьне на трэці дзе́нь.
бо Ён навучаў Сваіх вучняў і казаў ім: Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і, забіты, Ён праз тры дні ўваскрэсне.
Але яны не разуме́лі слоў, а спытацца ў Яго баяліся.
Яны ж не зразумелі гэтага слова і баяліся ў Яго спытацца.
І прыйшоў у Капэрнаум; і, як быў у доме, спытаўся ў іх: аб чым дарогаю вы гутарылі між сабою?
І прыйшлі ў Капернаум. І, калі быў ў доме, Ён спытаўся ў іх: Што вы дарогаю абмяркоўвалі?
Яны-ж маўчалі, бо дарогаю разважалі між сабою, хто большы.
Яны ж маўчалі; бо ў дарозе адзін з адным паспрачаліся: хто большы.
І, се́ўшы, паклікаў дванаццацёх і сказаў ім: калі хто хоча пе́ршым быці, будзь з усіх апошнім і для ўсіх слугою.
І Ён, сеўшы, паклікаў дванаццаць і кажа ім: Калі хто хоча быць першы, няхай будзе з усіх апошні і слуга ўсіх.
І, узяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх ды, абняўшы яго, сказаў ім:
І, узяўшы дзіця, Ён паставіў яго пасярод іх, і, абняўшы яго, сказаў ім:
Хто пры́йме адно з гэтых дзяце́й дзеля Мяне́, той прыйма́е Мяне́, а хто Мяне́ пры́йме, то не Мяне́ прыйма́е, але Паслаўшага Мяне́.
Хто прыме адно з такіх дзяцей у Маё імя, Мяне прымае; а хто Мяне прыме, не Мяне прымае, але Таго, Хто паслаў Мяне.
І адказаў Яму Іоан, мо́вячы: Настаўнік! мы бачылі чалаве́ка, які Тваім імем выганяе дэманаў, а ня йдзе́ць за намі; дык забаранілі яму, бо ня йдзе́ць за намі.
Сказаў Яму Іаан: Настаўніку, мы бачылі аднаго чалавека, што Тваім імем выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён не ішоў услед за намі.
Ісус жа сказаў: не забараня́йце яму, бо няма такога, хто, учыніўшы цуд íмем Маім, мог бы хутка зьнява́жыць Мяне́.
Ісус жа сказаў: Не забараняйце яму. Бо няма таго, хто зрабіў бы цуд у Маё імя і мог бы неўзабаве ліхасловіць Мяне;
Бо хто ня проці вас, той за вас.
бо хто не супроць нас, той за нас19.
І хто напоіць вас каўшо́м вады́ дзеля Мяне́, затым, што вы Хрыстовыя, запраўды́ кажу вам: ня страціць нагаро́ды свае́.
Бо хто напоіць вас кубкам вады ў Маё імя, таму што вы Хрыстовы, — сапраўды кажу вам: ні ў якім разе ён не страціць сваёй узнагароды.
І хто зьвядзе́ аднаго з малых гэтых, ве́ручых у Мяне́, таму ле́пей было-б, каб паве́сілі яму ка́мень ад жо́рнаў на шы́ю ды кінулі яго ў мора.
І хто ўвядзе ў грэх аднаго з гэтых малых, што веруюць [у Мяне], лепей было б яму, калі б млынавы20 жарон павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора.
І калі зводзіць цябе́ рука твая, адсякі яе́: ле́пей табе́ кале́каму ўвайсьці ў жыцьцё, чымся з дзьвюма́ рукамі йсьці ў гее́нну, у вагонь неўгасаючы,
І калі твая рука будзе ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе; лепей, каб ты калекам увайшоў у жыццё, чым, дзве рукі меўшы, пайшоў у геену, у нязгасны агонь,
дзе́ чэрв іх ня ўмірае, і агонь не ўгасае.
[дзе іх чарвяк не памірае і агонь не згасае]21.
І калі нага́ твая зводзіць цябе́, адсякі яе́; ле́пей табе́ ўвайсьці ў жыцьцё кульга́ючы, чымся з дзьвюма́ нагамі быць укíненым у гее́нну, у вагонь неўгаса́ючы,
І калі твая нага будзе ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе; лепей, каб ты кульгавым увайшоў у жыццё, чым, дзве нагі меўшы, быў кінуты ў геену, [у нязгасны агонь,
дзе́ чарвяк іх ня ўмірае, ды агонь не ўгасае.
дзе іх чарвяк не памірае і агонь не згасае].
І калі во́ка тваё зводзіць цябе́, вырві яго: ле́пей табе́ з адным вокам увайсьці ў царства Божае, чымся з дзьвюма́ вачы́ма быць укíненым у гее́нну вагнявую,
І калі тваё вока будзе ўводзіць у грэх цябе, вырві яго; лепей, каб ты аднавокім ўвайшоў у Царства Божае, чым, два вокі меўшы, быў укінуты ў геену [вогненную],
дзе́ чарвяк іх ня ўмірае, ды агонь не ўгасае.
дзе іх чарвяк не памірае і агонь не згасае.
Бо кожны агнём асоліцца, а ўсякая ахвяра соляй асоліцца.
Бо кожны агнём асоліцца [і кожная ахвяра соллю асоліцца].
Соль добрая; але, калі соль зробіцца несало́най, чым яе́ паправіце? Ме́йце ў сабе́ соль і мір ме́йце між сабою.
Соль — добрая рэч, калі ж соль абяссолее, чым яе прыправіце? Майце соль у сабе і жывіце мірна між сабою!