Дзеі 14 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Сабілы і Малахава
Сталася-ж у Іконіі, увайшлі яны разам у сынагогу Жыдоўскую ды прамаўлялі гэтак, што ўве́равала вялікая грамада Жыдоў і Грэкаў.
Сталася ж у Іконіі ўвайсьці ім разам у сынагогу жыдоўскую і прамаўляць гэтак, што ўверыла жыдоў і грэкаў вялікае мноства.
Жыды-ж, што ня ве́равалі, падбурылі й варожа настроілі проці братоў душы паганаў.
А няверучыя жыды падбурылі і варожа настроілі душы паганаў супраць братоў.
Аднак, яны прабылі даволі часу, адважна прамаўляючы аб Госпадзе, Які сьве́дчыў слову міласьці свае́й і даваў рукамі іхнімі рабіць знакі й цуды.
Але яны прабылí шмат часу, адважна прамаўляючы аб Госпадзе, Які сьведчыў аб Слове Багадаці Сваёй і даваў тварыць цуды і знакі цераз рукі іхныя.
І падзялілася грамада мястовая: і адны былі з Жыдамі, другія-ж з Апосталамі.
І была падзелена грамада́ мястовая: і адны былі з жыдамі, другія ж з Апосталамі.
Калі-ж пагане й Жыды з начальнікамі сваімі напалі на іх, каб зьняважыць ды пабіць каме́ньмі,
Калі ж пагане і жыды разам з начальнікамі іхнымі памкнуліся напасьці на іх, каб зьнява́жыць ды пабіць каме́ньмі,
дык яны, ве́даючы, уцяклі ў ме́сты Лікаонскія Лістру й Дэрбу ды ў ваколіцу
дык (яны), даведаўшыся, уцяклі ў месты Лікаоні: Лістру і Дэрбу, дый у навако́льле.
і былі тамака й прапаве́дывалі Эвангельле.
І былі тамака (і) абвяшчалі Эвангельле.
У Лістры-ж не́йкі чалаве́к, не валадаючы нагамі, сядзе́ў, бо ад чэрава матчынага быў храмы́ й ніколі не хадзіў.
У Лістры ж нейкі мужчына са спаралізаванымі нагамі сядзеў, бо быў ад чэрава маткі сваёй кульгавым, які ніколі ня хадзіў.
Ён слухаў, як прамаўляў Паўла. Той, паўзіраўшыся на яго і бачучы, што ма́е ве́ру дзеля спасе́ньня,
Ён слухаў, як прамаўляў Паўла. Той, паўзіраўшыся на яго і ўбачыўшы, што мае веру на аздараўленьне,
сказаў моцным голасам: Стань на ногі твае́ проста! І падскочыў ды хадзіў.
сказаў моцным голасам: Устань на ногі твае роўна. І (той) падскочыў ды хадзіў.
Народ-жа, бачучы, што зрабіў Паўла, падняў голас свой, мовячы па лікаонску: Богі ў чалаве́чай паста́ці зыйшлі да нас!
І людзі, убачыўшы, што зрабíў Паўла, узвысілі галасы свае, кажучы па-лікаонску: (самі) бо́гі, упадо́бленыя людзям, зыйшлі да нас!
І называлі Варнаву Зэўсам, а Паўлу Гэрмэсам, бо быў павадыром у слове.
І называ́лі Барнабу Зэўсам, а Паўлу — Гэрмэсам, бо ён быў вяду́чым у слове.
А жрэц Зэўса, настаўленага перад ме́стам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі к варотам, хаце́ў разам з народам забіць іх.
А жрэц Зэўса, пастаўленага перад местам іхнім, прывёўшы быкоў зь вянкамі да варотаў, хацеў разам з народам учыніць ахвярапрынашэньне.
Апосталы-ж Варнава й Паўла, пачуўшы, разьдзе́рлі вопраткі свае́ ды кінуліся ў народ, крычучы й гаворачы:
Пачуўшы ж, Апосталы Барнаба і Паўла, разадраўшы вопраткі свае, кíнуліся ў народ, крычучы
Мужы! што вы гэта робіце? Мы такія-ж людзі пакутныя, як і вы, абвяшчаем вам Эвангельле, каб адвярнуліся ад усіх гэтых марнотаў да Бога Жывога, Які стварыў не́ба й зямлю й мора дый усё, што ў іх,
ды ка́жучы: мужчыны, што гэта (вы) ро́біце? І мы ёсьць падо́бныя вам людзі, якія дабравесьцяць вам, каб (вы) ад гэтых ма́рных навярнуліся да Бога Жывога, Які сатварыў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,
а ў мінулых родах дапусьціў, каб усе́ народы йшлі сваімі шляхамі,
Які ў міну́лых родах дапусьціў усім народам хадзіць шляхамі сваімі,
ды не пакінуў сьведчыць аб Сабе́, робячы дабро, даючы нам з не́ба дажджы й по́ры ураджайныя, ды напаўняючы е́жай і ўце́хай сэрцы нашыя!
хаця і ня пакíнуў сьведчыць аб Сабе, робячы дабро зь неба нам, даючы дажджы і по́ры ўраджайныя, напаўняючы ежай і ўцехай сэрцы нашыя.
І, прамаўляючы гэтае, ле́дзьве спынілі народ, каб не забівалі для іх.
І, гэта кажучы, ледзьве спынíлі народ, каб ня чынілі ахвярапрынашэньне ім.
З Антыохіі-ж і Іконіі прыйшлі Жыды і, падбурыўшы народ ды ўкаменаваўшы Паўлу, вывалаклі яго за ме́ста, думаючы, што ён паме́р.
З Антыёхі ж і Іконіі прыйшлі жыды і, падбурыўшы народ ды ўкаменаваўшы Паўлу, вывалаклі (яго) за места, падумаўшы, што ён памёр.
Калі-ж абступілі яго вучні, ён устаў ды ўвайшоў да ме́ста і назаўтрае з Варнаваю выйшаў у Дэрбу.
Калі ж абступілі яго вучні, (ён) устаўшы, увайшоў у места і на наступны дзень выйшаў разам з Барнабаю ў Дэрбу.
Абвясьціўшы-ж Эвангельле гэнаму ме́сту ды прыдбаўшы многа вучняў, вярнуліся назад у Лістру й Іконію й Антыохію,
І абвясьціўшы Эвангельле гэнаму месту ды прыдбаўшы шмат вучняў, (яны) вярнуліся назад у Лістру, і Іконію і Антыёху,
умацоўваючы душы вучняў, заклікаючы трываць у ве́ры, ды што праз шмат мукаў трэ’ нам увайсьці ў Царства Божае.
умацоўваючы душы вучняў, заклікаючы трываць у веры, ды што праз шмат мукаў належыць нам увайсьці ў Валадарства Бога.
Паназначаўшы-ж ім, ускладаючы рукі, старшых па царквох, ды памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога ўве́равалі.
Рукапаклаўшы ж ім па цэрквах старэйшынаў (ды) памаліўшыся з по́стам, даручылі іх Госпаду, у Якога ўверылі.
І, прайшоўшы праз Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію.
І, прайшоўшы Пісідыю, прыйшлі ў Памхвілю.
І, расказаўшы слова ў Пэрзе, пайшлі ў Атталію
І, узьвясьціўшы Слова ў Пэрзе, зыйшлі ў Атталю,
ды стуль адплылі ў Антыохію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на дзе́ла, якое выпаўнілі.
а адтуль адплылí да Антыёхі, адкуль былí аддадзены Багадаці Бога на справу, якую выпаўнілі.
Апынуўшыся там і склікаўшы царкву, абвясьцілі, што ўчыніў з імі Бог ды як расчыніў дзьве́ры ве́ры паганам.
Прыйшоўшы ж ды склікаўшы царкву, яны расказалі ўсё, што ўчыніў зь імі Бог і як расчыніў паганам дзьверы веры.
І былі тамака немалы час з вучнямі.
І былі тамака ня малы час з вучнямі.