Да Рымлянаў 12 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Вось-жа ве́льмі прашу вас, браты, праз міласэрдзе Божае, аддайце це́лы вашыя на ахвяру жывую, сьвятую, угодную Богу, на разумнае служэньне вашае,
 

і не датарноўвайцеся да ве́ку гэтага, але пераабражайцеся абнаўле́ньнем розуму вашага, каб вам пазнаваць, што ёсьць Воля Божая, добрая, угодная і дасканалая.
 

Бо кажу праз дадзеную мне́ ласку кожнаму сярод вас: ня думайце аб сабе́ больш, чым трэба думаць, але думайце мудра, як Бог кожнага ме́рай ве́ры надзяліў.
 

Бо, як у адным це́ле ў нас многа чле́наў, але ня ўсе́ чле́ны маюць тую-ж работу,
 

гэтак мы многія складаем адно це́ла ў Хрысьце́, а паасобку адзін для аднаго чле́ны.
 

Калі-ж па данай нам ласцы маем розныя здольнасьці, дык, калі прароцтва, прароч па ме́ры ве́ры;
 

калі служэньне, служы; калі навучаеш, вучы;
 

калі напамінаеш, напамінай; калі раздае́ш, дык у прастаце́; калі пастаўлены над другімі, старшынствуй у шчырасьці; калі міласэрны, дык у радасьці.
 

Любоў няхай будзе ў вас некрывадушная; брыдзьцеся зла, прыляпляйцеся да дабра.
 

Братняй любоўю адзін да аднаго пяшчотныя, у пашане адзін аднаго апераджайце;
 

у рупнасьці не слабе́йце; духам палайце; Госпаду служыце.
 

Пацяшайцеся надзе́яй; у горы будзьце цярплівымі, у малітве сталымі;
 

у патрэбах сьвятых бярыце ўдзе́л; рупліва прымайце падарожных;
 

багаслаўце тых, каторыя вас перасьле́дуюць; багаслаўце, а не кляніце.
 

Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.
 

Будзьце аднадумныя між сабою; ня думайце зашмат аб сабе́, але да пакорных прыхіляйцеся. Ня будзьце мудрымі самі праз сябе́.
 

Нікому не адплачвайце злом за зло, але старайцеся аб добрае перад усімі людзьмі.
 

Калі магчыма з вашага боку, будзьце ў згодзе з усімі людзьмі.
 

Ня мсьціце за сябе́, умілаваныя, але дайце месца (Божаму) гне́ву. Бо напісана: Мне́ помста, Я аддам! кажа Госпад (Другазаконьне 32:35).
 

Дык, калі вораг твой галодны, накармі Яго; калі піць хоча, напаі яго; бо, робячы гэтае, зьбярэш яму на галаву вугальле гарачае (Прыповесьцяў 25:21−22).
 

Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.