Марка 2 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Праз колькі дзён ізноў прыйшоў Ён у Капэрнаум, і разыйшлося, што Ён у доме.
 
А пасьля некулькіх дзён ізноў увайшоў у Кафарнаум, і пайшла чутка, што ён у доме.

Зараз сабралося гэтулькі народу, што ўжо і ля дзьве́раў ня было ме́сца; і Ён гаварыў ім слова.
 
І зыйшлося многа, так што не хапала месца навет ля дзвярэй, а ён гаварыў ім слова.

І прыйшлі да Яго з спараліжава́ным, якога не́сьлі чацьвёра;
 
І прышлі к яму, нясучы спараліжаванага, якога нясло чатырох.

і, ня маючы магчымасьці прыйсьці да Яго цераз народ, раскрылі страху́ дому, дзе́ Ён быў, і, зро́біўшы дзіру, спусьцілі пасьце́ль, на якой ляжаў спараліжава́ны.
 
Ды ня могучы данясьці да яго дзеля натаўпу, разабралі столь, дзе ён быў, і зрабіўшы атворыну, ўпусьцілі ложа, на якім ляжаў спараліжаваны.

Ісус, ба́чучы ве́ру іх, кажа паралітыку: дзіця, даруюцца табе́ грахí тваі.
 
Езус, пабачыўшы веру іхнюю, скажаў спараліжаванаму: Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.

Тут жа сядзе́лі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
 
Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў, сядзячыя й думаючыя ў сэрцах сваіх:

што гэта Ён гэтак блюзьніць? Хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога?
 
Што гэта ён гаворыць? Блюзніць. Хто можа грахі адпушчаць, апрача самога Бога?

Ісус, ураз жа даве́даўшыся духам Сваім, што яны гэтак думаюць сабе́, сказаў Ім: на што гэтак думаеце ў сэрцах вашых?
 
Езус, пазнаўшы зараз духам сваім, што яны думалі ў сабе, кажа ім: Чаму вы гэтак думаеце ў сэрцах вашых?

Што лягчэй? ці сказаць паралітыку: даруюцца табе́ грахí? ці сказаць: устань, вазьмі ложак свой і хадзі?
 
Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: “Адпушчаюцца табе грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі ложа тваё й хадзі”.

Але, каб вы ве́далі, што Сын Чалаве́чы ма́е ўладу на зямлі дараваць грахі, — кажа паралітыку:
 
Але, каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, (сказаў паралітыку);

Табе кажу: уста́нь, вазьмі ложак твой ды йдзі ў дом твой.
 
табе кажу: Устань, вазьмі ложа тваё ды йдзі ў дом твой.

Той ураз жа ўстаў і, узяўшы ложак, выйшаў перад усімі, так што ўсе́ дзівіліся і славілі Бога, кажучы: ніколі нічога такога мы ня бачылі.
 
І той зараз-жа ўстаў і, падняўшы ложа сваё, пайшоў перад усімі, так што дзівіліся ўсе й славілі Бога, кажучы: Ніколі мы нічога такога ня відзелі.

І выйшаў Ісус ізноў да мора; і ўве́сь народ пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.
 
І выйшаў зноў пад мора, а ўся грамада зыйходзілася к яму і ён вучыў іх.

Праходзячы, угле́дзіў Ён Ле́вія Алфе́явага, сядзючы́ на мы́тніцы, і кажа яму: ідзі за Мною. І той, устаўшы, пайшоў за Ім.
 
А прайходзячы, ўгледзеў Левія Альфэевага, сядзячага пры куноймітні й сказаў яму: Ідзі за мною. Той, устаўшы, пайшоў за ім.

І ста́лася, калі Ісус сядзе́ў за сталом у доме ягоным, пасяда́лі з Ім і вучнямі Яго шмат мы́тнікаў ды грэшнікаў, бо было іх многа, і яны йшлі за Ім.
 
І сталася, калі сядзелі за сталом у ягоным доме, многа падатчыкаў і грэшнікаў сядзела разам з Езусам і яго вучнямі, бо іх шмат было, што хадзілі за ім.

Кніжнікі й фарысэі, угле́дзіўшы, што Ён е́сьць з мытнікамі ды грэшнікамі, кажуць вучням Яго: як гэта Ён е́сьць і п’е́ць з мытнікамі ды грэшнікамі?
 
А кніжнікі й фарызэі, ўгледзеўшы, што ён есьць з куноймітамі й грэшнікамі, кажуць вучням ягоным: Чаму ваш вучыцель есьць і п’е з падатчыкамі й грэшнікамі?

Пачуўшы гэтае, Ісус кажа ім: не́ здаро́вым трэба ле́кара, але хворым. Я прыйшоў клікаць не́ сьвятых, але грэшнікаў да пакуты.
 
Езус, пачуўшы гэта, гавора ім: Здаровым ня трэба лекара, толькі хворым; я бо ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшнікаў.

А вучні Іоанавы і фарысэйскія пасьцілі, і прыходзяць да Яго ды кажуць: чаму вучні Іоанавы ды фарысэйскія посьцяць, а Тваі вучні ня посьцяць?
 
А вучні Янавы й фарызэі пасьцілі. Ды прыйшлі й сказалі яму: Чаму вучні Яна й фарызэяў посьцяць, а твае вучні ня посьцяць?

І сказаў ім Ісус: ці могуць пасьцíць сыны вясе́льля, калі з імі жаніх? Пакуль маюць сярод сябе́ жаніха́, ня могуць пасьцíць.
 
І сказаў ім Езус: Ціж могуць пасьціць вясельныя госьці, пакуль малады з імі? Пакуль яны з сабою маюць сужэнца, ня могуць пасьціць.

Але пры́йдуць дні, калі во́зьмуць ад іх жаніха́, і тады будуць пасьцíць у тыя дні.
 
Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх сужэнца і тады будуч пасьціць у гэныя дні.

І ніхто не прышывае ла́пінкі з новай тканіны да старое адзе́жыны, бо новая ла́пінка адарве́цца ад старо́га, і дзіра́ будзе яшчэ бо́льшая.
 
Ніхто ня прышывае латы з сырога сукна да старое адзежыны, бо інакш новая лата адрывае ад старога і робіцца большая дзіра.

І ніхто не налівае новага віна ў стары́я мяхí, бо новае віно прарве́ мяхí, і віно вы́цяча, ды мяхí прападуць; але віно новае трэба ўліваць у новыя мяхí.
 
Ды зноў сталася, калі Ўсеспадар прайходзіў у сыботу праз збожжа й вучні ягоны пачалі зайходзіць ды рваць каласы.

І давяло́ся перахо́дзіць Яму ў суботу це́раз засе́вы; і пачалі вучні Ягоныя дарогаю рваць кало́сьсе.
 
Фарызэі-ж вытыкалі яму: Вось што яны робяць у сыботу, чаго ня сьлед рабіць.

Фарысэі сказалі Яму: глядзі, чаму яны робяць у суботу тое, чаго ня сьле́д рабіць?
 
І сказаў ім: Няўжэ вы ніколі ня чыталі што зрабіў Давід, як быў у патрэбе, калі згаладаў сам і тыя, што з ім былі?

Ён сказаў ім: няўжо-ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі ме́ў патрэбу й галада́ў сам ды быўшыя з ім?
 
Як ён увайшоў у дом Божы за Абіятара, архісьвятара, ды еў хлябы ахвярныя, якія гадзілася есьці толькі сьвятаром, а ён даў шчэ й тым, што з ім былі?

Як увайшоў ён у дом Божы за архірэя Авіафа́ра ды е́ў хлябы́ ахвя́рныя, якіх ня можна было е́сьці нікому, апрача сьвяшчэньнікаў, і даў і тым, што былі з ім.
 
І гавора ім: Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату.

І сказаў ім: субота для чалаве́ка, але не́ чалаве́к для суботы;
 
Тым-то Сын чалавечы зяўляецца Ўсеспадарам такжа й шабату.

вось чаму Сын Чалаве́чы ёсьць гаспадар і над суботай.