Да Эфэсянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Таму я, Павел, вязень Хрыста Ісуса дзеля вас, язычнікаў —
 
Дзеля гэтага вось я, Павал, — вязень Ісуса Хрыста за вас, паганаў.

калі сапраўды вы чулі аб домаўладкаванні ласкі Божай, дадзенай мне для вас,
 
Як вы чулі пра распарадкаваньне ласкі Божае, дадзенае мне дзеля вас,

што праз адкрыццё мне была паведамлена таямніца, як я раней напісаў коратка,
 
што паводле адкрыцьця́ Ён аб’явіў мне таямніцу, (як я коратка напісаў вышэй,

адкуль вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменне таямніцы Хрыстовай,
 
з чаго, чытаючы, можаце зразумець маё разуменьне таямніцы Хрыстовай),

якая ў іншых пакаленнях не была абвешчана сынам чалавечым, як цяпер яна адкрыта Яго святым Апосталам і прарокам у Духу,
 
якая ў іншых пакаленьнях не была вядомая сына́м чалавечым, як цяпер адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа,

што язычнікі — супольныя спадчыннікі і члены таго ж Цела і саўдзельнікі абяцання ў Хрысце Ісусе праз Дабравесце,
 
што і пагане ёсьць суспадчыньнікамі, і адным целам, і супольнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце праз Эва́нгельле,

служкам якога я стаў паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне згодна з дзеяннем Яго сілы.
 
якога я стаўся служыцелем паводле да́ру ласкі Божае, дадзенае мне дзеяньнем сілы Яго.

Мне, найменшаму з усіх святых, была дадзена гэтая ласка: дабравесціць язычнікам недаследнае багацце Хрыстова
 
Мне, найменшаму з усіх сьвятых, дадзена ласка гэтая — сярод паганаў дабравесьціць пра недасьледнае багацьце Хрыстовае

і ўсім адкрыць, што ёсць домаўладкаванне таямніцы, схаванай адвеку ў Богу, Які стварыў усё [праз Ісуса Хрыста],
 
і зрабіць яўным для ўсіх, якое ёсьць распарадкаваньне таямніцы, што схаваная ад вякоў у Богу, Які стварыў усё праз Ісуса Хрыста,

каб цяпер сталася вядомаю начальствам і ўладам у нябёсах праз Царкву шматгранная мудрасць Божая,
 
каб цяпер праз Царкву сталася вядомаю начальствам і ўладам у нябёсах разнастайная мудрасьць Божая,

паводле спрадвечнага намеру, які Ён выканаў у Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе,
 
паводле адвечнага вызначэньня, якое Ён зрабіў у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым,

у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ ва ўпэўненасці праз веру ў Яго.
 
у Якім маем адвагу і доступ з пэўнасьцю праз веру ў Яго.

Таму прашу вас не падаць духам з-за маіх пакутаў дзеля вас, бо яны — ваша слава.
 
Таму прашу вас не журы́цца з прычыны прыгнёту майго дзеля вас, бо гэта ёсьць слава вашая.

Таму схіляю мае калені да Бацькі, [нашага Госпада Ісуса Хрыста],
 
Дзеля гэтага схіляю калені мае перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,

ад Якога атрымлівае імя кожнае бацькоўства ў нябёсах і на зямлі,
 
ад Якога мае назоў усякае бацькоўства ў небе і на зямлі,

каб даў Ён вам паводле багацця Сваёй славы ўмацавацца сілаю праз Яго Духа ва ўнутраным чалавеку,
 
каб Ён даў вам, паводле багацьця славы Сваёй, сілай умацавацца праз Духа Ягонага ва ўнутраным чалавеку,

каб Хрыстос праз веру пасяліўся ў вашых сэрцах, каб вы, укаранёныя і ўмацаваныя ў любові,
 
каб Хрыстос пасяліўся праз веру ў сэрцах вашых,

маглі зразумець з усімі святымі, што ёсць шырыня, даўжыня, вышыня і глыбіня,
 
каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, здолелі сьця́міць разам з усімі сьвятымі, што́ ёсьць шырыня і даўжыня, глыбіня і вышыня,

і пазнаць любоў Божую, якая пераўзыходзіць веды, каб вам напоўніцца ўсёю паўнатою Божаю.
 
і зразумець любоў Хрыстовую, якая вышэй за разуменьне, каб вам напоўніцца ўсёю поўняй Божаю.

А Таму, Хто можа зрабіць невымерна больш за ўсё тое, аб чым мы просім ці думаем, згодна з сілаю, што дзейнічае ў нас, —
 
А Таму, Хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць нашмат больш за ўсё, пра што мы просім або разумеем,

Яму слава ў Царкве і ў Хрысце Ісусе праз усе пакаленні на векі вечныя, амін.
 
Яму слава ў Царкве ў Хрысьце Ісусе ва ўсіх пакаленьнях на вякі вякоў. Амэн.