Дзеі 16 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 1999
І ён прыйшоў [таксама] ў Дэрвію і Лістру. І вось, быў там адзін вучань імем Цімафей, сын верніцы іудзейкі, але бацькі эліна,
І прыбыў ён у Дэрбу і Лістру. І быў там адзін вучань імем Цімафей, сын веручай жанчыны і бацькі Грэка.
пра якога добра сведчылі браты ў Лістры і Іконіі.
Браты з Лістры і Іконіі добра аб ім сьведчылі.
Павел захацеў, каб ён пайшоў з ім; і, узяўшы, абрэзаў яго дзеля іудзеяў, што былі ў тых мясцінах, бо ўсе яны ведалі, што яго бацька быў элін.
Яго Павал захацеў узяць у дарогу з сабой і абрэзаў яго дзеля Юдэяў, пражываючых у тых мясцовасьцях, бо ведалі яны ўсе, што бацька яго быў Грэкам.
Калі яны праходзілі праз гарады, то перадавалі ім пастановы, якія вынеслі Апосталы і прасвітары ў Іерусаліме, каб яны выконвалі іх.
Калі ж праходзілі праз гарады, загадваў ім берагчы прынятыя апосталамі і старшымі ў Ерузаліме пастановы.
Дык цэрквы ўмацоўваліся ў веры і штодня ўзрасталі колькасцю.
І цэрквы ўмацоўваліся вераю і штодзень расьлі лікам.
І яны прайшлі праз Фрыгію і Галатыйскую краіну, бо Святы Дух не дапусціў ім казаць слова ў Азіі.
Затым перайшлі яны Фрыгію і краіну Галятыйскую, бо Дух Сьвяты забараніў ім вясьціць слова ў Азіі.
І, дайшоўшы да Місіі, яны спрабавалі адправіцца ў Віфінію, але Дух Ісуса не дазволіў ім.
Прыбыўшы ў ваколіцы Мізіі, прабавалі ісьці ў Бітынію, і Дух Езуса не дазволіў ім.
І, мінуўшы Місію, яны спусціліся ў Трааду.
Перайшоўшы Мізію, яны направіліся ў Трааду.
І ўначы было з’явенне Паўлу: нейкі чалавек, македонец, стаяў, просячы яго і кажучы: Перайдзі ў Македонію і памажы нам.
І тут ноччу Павал меў зьяву: нейкі Македонец, стаў перад ім і прасіў яго, кажучы: "Прыйдзі ў Македонію, дапамажы нам".
І калі ён убачыў з’явенне, мы адразу ж пастараліся выйсці ў Македонію, у перакананні, што Бог47 заклікаў нас дабравесціць ім.
Як пабачыў ён зьяву, мы, не марудзячы, вырашылі направіцца ў Македонію, у перакананьні, што Бог паклікаў нас эвангелізаваць іх.
І, адплыўшы з Траады, мы накіраваліся проста ў Самафракію, а на другі дзень у Неапаль
Выплыўшы з Трады, паплылі мы проста ў Саматрацыю, а на другі дзень — у Нэапаль;
і адтуль у Філіпы, гэта галоўны горад той часткі Македоніі, рымская калонія. У гэтым жа горадзе мы правялі некалькі дзён.
а адтуль — у Філіпы, галоўны горад той часткі Македоніі, каторы ёсьць (рымскай) калёніяй. У гэтым горадзе былі мы некалькі дзён.
І ў суботні дзень мы выйшлі за браму [горада] да ракі, дзе, як мы думалі, было месца малітвы; і, сеўшы, мы размаўлялі з жанчынамі, што зышліся туды.
А ў суботу выйшлі мы за браму да ракі, дзе спадзяваліся знайсьці месца малітвы, і, сеўшы, гутарылі з сабраўшыміся жанчынамі.
А адна жанчына імем Лідзія, прадаўшчыца пурпуру, з горада Фіятыра, шанавальніца Бога, слухала: Госпад адкрыў яе сэрца, каб яна ўспрымала тое, што казаў Павел.
І слухала адна багабойная жанчына, імем Лідзія, родам з горада Тыятыры, што прадавала пурпур, і Госпад адчыніў ёй сэрца на словы Паўла.
І калі яна была ахрышчана і яе дом, яна папрасіла, кажучы: Калі вы прызналі, што я адданая Госпаду, увайдзіце ў мой дом і заставайцеся. — І яна дамаглася ад нас.
І калі была ахрышчана разам з домам сваім, прасіла нас: "Калі маеце мяне за верную Госпаду, увайдзіце ў дом мой і пражывайце", і змусіла нас.
І сталася: калі мы ішлі да месца малітвы, сустрэлася нам адна служанка, апантаная духам Піфана48, якая вяшчунствам прыносіла вялікі прыбытак сваім гаспадарам.
І сталася, калі мы ішлі на малітву, пераняла нас нейкая дзяўчына, якая мела духа, каторы варажыў, і прыносіла яна многа даходу сваім панам.
Яна, ідучы ўслед за Паўлам і за намі, крычала, кажучы: Гэтыя людзі — слугі Усявышняга Бога, якія абвяшчаюць вам49 дарогу выратавання.
Яна вось, бягучы за Паўлам і за намі, крычала: "Гэтыя людзі — слугі Бога Узвышняга, яны вясьцяць вам дарогу збаўленьня".
І яна рабіла гэта шмат дзён. Але Павел абурыўся і, павярнуўшыся, сказаў духу: Загадваю табе імем Ісуса Хрыста выйсці з яе. — І ён у тую ж хвіліну выйшаў.
І рабіла яна гэта шмат дзён. Павал жа, маючы досыць гэтага, павярнуўся і сказаў духу: "Загадваю табе у імя Езуса Хрыста, выйдзі з яе!", і ў той момант ён выйшаў.
Гаспадары ж яе, убачыўшы, што адышла надзея на іх прыбытак, схапілі Паўла і Сілу і пацягнулі на рыначную плошчу да начальнікаў
Калі яе паны ўбачылі, што надзея даходу зьнікла, дык схапілі Паўла і Сілу, і завалаклі на рынак да начальнікаў,
і, прывёўшы іх да магістратаў, сказалі: Гэтыя людзі, будучы іудзеямі, бунтуюць наш горад
і, аддаўшы іх магістрату, сказалі: "Гэтыя людзі, будучы Юдэямі, уводзяць у замяшаньне наш народ
і абвяшчаюць звычаі, якія нам, рымлянам, не дазваляецца ні пераймаць, ні выконваць.
і абвяшчаюць звычаі, каторыя нам, Рымлянам, ня сьлед прыймаць ды выконваць".
І паўстаў натоўп супроць іх, і магістраты, сарваўшы вопратку з іх, загадалі біць кіямі
І сабраўся натоўп супраць іх, дык магістрат загадаў зьдзерці з іх адзеньне і хвастаць розгамі.
і, задаўшы ім шмат удараў, кінулі ў турму, загадаўшы турэмнаму стражніку пільна сцерагчы іх.
І, зьбіўшы іх моцна, укінулі ў вастрог, загадваючы варце пільна іх вартаваць.
Ён, атрымаўшы такі загад, кінуў іх ва ўнутраную турму і забіў іх ногі ў калодкі.
Атрымаўшы такі загад, вартавы пасадзіў іх ў унутраную вязьніцу і ногі іх замкнуў у калоду.
І каля поўначы Павел і Сіла, молячыся, спявалі гімны хвалы Богу, а вязні слухалі іх.
Апоўначы Павал і Сіла маліліся і сьпявалі Богу гімны, і іншыя вязьні слухалі іх.
Але раптам зрабіўся вялікі землятрус, так што захісталіся падмуркі турмы; і тут жа расчыніліся ўсе дзверы і ва ўсіх паспадалі кайданы.
Раптам сталася вялікае трасеньне, аж захісталіся падмуркі вастрога, і адкрыліся ўсе дзьверы ды з усіх апалі путы.
А турэмшчык, прачнуўшыся і ўбачыўшы, што дзверы турмы расчынены, выцягнуў меч і збіраўся забіць сябе, думаючы, што вязні ўцяклі.
Калі вартавы прачнуўся і ўбачыў дзьверы вастрога адчыненыя, схапіў меч і хацеў забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі.
Але Павел крыкнуў гучным голасам, кажучы: Не рабі сабе ніякага ліха, бо мы ўсе тут.
Тады Павал закрычаў на ўвесь голас: "Не рабі сабе нічога благога, бо мы ўсе тут".
І, папрасіўшы агню, турэмшчык ускочыў і ў трымценні прыпаў да Паўла і Сілы
Тады ён, запатрабаваўшы сьвятла, ускочыў у вязьніцу ды ўпаў, дрыжучы, да ног Паўла і Сілы.
і, вывеўшы іх адтуль, спытаўся: Спадары, што я павінен рабіць, каб уратавацца?
І вывеўшы іх навонкі, спытаўся: "Гаспадары, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?"
Яны ж адказалі: Уверуй у Госпада Ісуса [Хрыста] і будзеш уратаваны ты і твой дом.
Адказалі яму: "Увер у Госпада Езуса, і будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой".
І яны абвясцілі слова Гасподняе яму разам з усімі, хто быў у яго доме.
І расказалі слова Госпада яму і ўсім, што былі ў яго доме.
І турэмшчык, узяўшы іх у тую ж гадзіну ночы, абмыў іх раны; і быў тут жа ахрышчаны сам і ўсе яго дамашнія;
І ў тую самую пару ночы ўзяў іх, абмыў раны і, не марудзячы, прыняў хрост разам з усімі сваімі.
і, прывёўшы іх у [свой] дом, сабраў стол і цешыўся з усім домам, што ўвераваў у Бога.
Увёу іх таксама ў свой дом, запрасіў да стала ды з усім домам вельмі цешыўся, што ўверыў Богу.
А калі настаў дзень, магістраты паслалі ліктараў сказаць: Адпусці тых людзей.
І калі настаў дзень, магістрат паслаў ліктораў загадаць: "Звольніце гэтых людзей".
І турэмшчык перадаў [гэтыя] словы Паўлу: Магістраты прыслалі, каб адпусціць вас. Дык цяпер выходзьце і ідзіце з мірам.
Вартавы вастрога пераказаў Паўлу гэты загад: "Магістрат прыслаў, каб выпусціць вас. Дык выйдзіце цяпер ды ідзіце ў супако".
Але Павел сказаў ім: Яны, прынародна збіўшы нас, неасуджаных людзей, што з’яўляюцца рымскімі грамадзянамі, кінулі ў турму, а цяпер яны патаемна выганяюць нас? Ды не! Хай самі прыйдуць і выведуць нас.
Але Павал сказаў ім: "Перад народам без суду бічавалі нас, Рымскіх грамадзянаў, і пасадзілі ў вастрог, а цяпер цішком выпускаюць нас? О не! Хай самі прыйдуць і выведуць нас".
І ліктары перадалі гэтыя словы магістратам. І тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны рымляне,
Лікторы перадалі гэтыя словы магістрату. Дык тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэтыя Рымляне,
і, прыйшоўшы, яны перапрасілі іх і, вывеўшы, прасілі пайсці з горада.
і прыйшлі, перапрасілі іх ды, вывеўшы, прасілі, каб яны пакінулі горад.
І, выйшаўшы з турмы, яны ўвайшлі ў дом да Лідзіі, і, убачыўшы братоў, яны суцешылі іх і пайшлі.
Яны ж, выйшаўшы з вязьніцы, пайшлі да Лідзіі, пабачыліся з братамі, пацешылі іх і выправіліся ў дарогу.