Да Эфэсянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І вас, мёртвых у вашых правінах і грахах,
у якіх вы некалі жылі паводле звычаю гэтага свету, паводле князя ўлады ў паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорлівасці,
між якіх і мы ўсе некалі жылі ў пажадлівасцях нашага цела, выконваючы жаданні цела і думак, і былі з прыроды дзецьмі гневу, як і астатнія, —
але Бог, багаты на міласэрнасць, з-за Сваёй вялікай любові, якою Ён палюбіў нас,
і нас, мёртвых ад грахоў, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкаю вы ўратаваны —
і ўзнёс з Ім і пасадзіў з Ім у нябёсах у Хрысце Ісусе,
каб выявіць у наступных вяках бязмернае багацце Сваёй ласкі ў дабрыні да нас у Хрысце Ісусе.
Бо ласкаю вы ўратаваны праз веру, і гэта не ад вас — гэта дар Божы,
не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся.
Бо мы Яго тварэнне, створанае ў Хрысце Ісусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы іх выконвалі.
Таму памятайце, што вы, некалі язычнікі целам, якіх называюць неабрэзанымі так званыя абрэзаныя на целе абразаннем рукатворным, —
што вы былі ў той час без Хрыста, адчужаныя ад грамадства Ізраіля і чужыя для запаветаў абяцання, не мелі надзеі і былі бязбожнікі ў свеце.
Цяпер жа ў Хрысце Ісусе вы, што некалі былі далёка, сталі блізкімі крывёю Хрыстоваю.
Бо Ён ёсць наша прымірэнне, Той, Хто абодвух зрабіў адным і разбурыў Сваім целам сцяну перагародкі, што стаяла між імі — варажнечу,
скасаваўшы закон запаведзяў з пастановамі, каб з двух стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, усталяваўшы мір,
і прымірыць з Богам абодвух у адным Целе праз крыж, забіўшы на ім варажнечу.
І, прыйшоўшы, Ён дабравесціў мір вам — тым, хто быў далёка, і мір тым, хто быў блізка;
таму што праз Яго мы — і тыя і другія — маем доступ у адным Духу да Бацькі.
Дык вы ўжо не чужыя і не прышэльцы, а суграмадзяне святым і дамашнія для Бога,
угрунтаваныя на падмурку Апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым каменем — Сам Хрыстос Ісус,
на Якім уся пабудова, складаючыся, вырастае ў святы храм у Госпадзе,
у Якім і вы ўладкоўваецеся разам у жыллё Божае Духам.