Да Эфэсянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча
І вас, мёртвых у вашых правінах і грахах,
І вас, мертвых у выступах а грахох вашых,
у якіх вы некалі жылі паводле звычаю гэтага свету, паводле князя ўлады ў паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорлівасці,
У каторых вы некалі хадзілі, подле звычаю сьвету гэтага, подле дзяржаўцы ўлады ў паветру, духа, што цяпер дзее ў сынох непаслухменства,
між якіх і мы ўсе некалі жылі ў пажадлівасцях нашага цела, выконваючы жаданні цела і думак, і былі з прыроды дзецьмі гневу, як і астатнія, —
Памеж каторых і мы ўсі жылі калісь у жадах цела нашага, робячы зычэньне цела й разуменьня, і з прыроды былі дзецьмі гневу, як і іншыя,
але Бог, багаты на міласэрнасць, з-за Сваёй вялікай любові, якою Ён палюбіў нас,
Бог, багаты міласэрдзям, зь вялікае міласьці Свае, каторай умілаваў нас,
і нас, мёртвых ад грахоў, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкаю вы ўратаваны —
І нас, мертвых у выступах, ажывіў з Хрыстом,
і ўзнёс з Ім і пасадзіў з Ім у нябёсах у Хрысце Ісусе,
І ўскрысіў разам, і пасадзіў у нябёсах у Хрысту Ісусу,
каб выявіць у наступных вяках бязмернае багацце Сваёй ласкі ў дабрыні да нас у Хрысце Ісусе.
Каб паказаць у прыйдучых вякох нязьмернае багацьце ласкі Свае з дабрыні да нас у Хрысту Ісусу.
Бо ласкаю вы ўратаваны праз веру, і гэта не ад вас — гэта дар Божы,
Бо вы спасёны ласкаю перазь веру, і гэта не ад вас, Божы дар:
не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся.
Не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся.
Бо мы Яго тварэнне, створанае ў Хрысце Ісусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы іх выконвалі.
Бо мы — твор Ягоны, створаны ў Хрысту Ісусу да добрых учынкаў, каторыя Бог наканаваў, каб мы хадзілі ў іх.
Таму памятайце, што вы, некалі язычнікі целам, якіх называюць неабрэзанымі так званыя абрэзаныя на целе абразаннем рукатворным, —
Дык памятуйце, што вы, калісь пагане подле цела, каторых звалі неабразанымі званыя абразаньням на целе, зробленым рукамі,
што вы былі ў той час без Хрыста, адчужаныя ад грамадства Ізраіля і чужыя для запаветаў абяцання, не мелі надзеі і былі бязбожнікі ў свеце.
Што вы былі таго часу бяз Хрыста, аддаленыя ад грамадзтва Ізраельскага, чужыя да ўмоваў абятніцы, надзеі нямаючыя, і бяз Бога на сьвеце;
Цяпер жа ў Хрысце Ісусе вы, што некалі былі далёка, сталі блізкімі крывёю Хрыстоваю.
А цяпер у Хрысту Ісусу вы, што былі калісь далёкія, сталі блізкія крывёю Хрыстоваю.
Бо Ён ёсць наша прымірэнне, Той, Хто абодвух зрабіў адным і разбурыў Сваім целам сцяну перагародкі, што стаяла між імі — варажнечу,
Бо Ён ё супакой наш, Каторы ўчыніў з абодвых адно і паламіў перагародку, што стаяла пасярэдзіне,
скасаваўшы закон запаведзяў з пастановамі, каб з двух стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, усталяваўшы мір,
Памярцьвіў непрыязьньства целам Сваім, Закон расказаньняў у вуставах Ён абурыў, каб із двух учыніць у Сабе Самым аднаго новага чалавека, робячы супакой,
і прымірыць з Богам абодвух у адным Целе праз крыж, забіўшы на ім варажнечу.
І ў вадным целе пагадзіць абодвых із Богам пераз крыж, забіўшы непрыязьньства на ім;
І, прыйшоўшы, Ён дабравесціў мір вам — тым, хто быў далёка, і мір тым, хто быў блізка;
І, прышоўшы, абяшчаў Дабравесьць супакою вам, далёкім і блізкім,
таму што праз Яго мы — і тыя і другія — маем доступ у адным Духу да Бацькі.
Бо перазь Яго абодвы маем прыступ да Айца, у вадным духу.
Дык вы ўжо не чужыя і не прышэльцы, а суграмадзяне святым і дамашнія для Бога,
Дык вы ўжо не чужнікі ані чужаземцы, але суграмадзяне сьвятых і дамовы Божае,
угрунтаваныя на падмурку Апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым каменем — Сам Хрыстос Ісус,
Быўшы пабудаваныя на подзе апосталаў а прарокаў, маючы вугольным каменям самога Ісуса Хрыста,
на Якім уся пабудова, складаючыся, вырастае ў святы храм у Госпадзе,
На Каторым уся будоўля, тарнуючыся разам, вырастае ў сьвяты дом Спадароў,
у Якім і вы ўладкоўваецеся разам у жыллё Божае Духам.
У каторым і вы будуецеся разам на сялібу Божую ў Духу.