Да Эфэсянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І вас, якія былі мёртвымі праз злачынствы і грахі (вашыя),
 
І вас, мертвых у выступах а грахох вашых,

у якіх вы не́калі жылí, паводля звычая сьвету гэтага, па волі князя ўлады (што ў) паветры, духа, які цяпер дзейнічае ў сынах супраціву,
 
У каторых вы некалі хадзілі, подле звычаю сьвету гэтага, подле дзяржаўцы ўлады ў паветру, духа, што цяпер дзее ў сынох непаслухменства,

паміж якімі і ўсе мы не́калі жылí ў пажадлівасьцях плоці нашай, выконваючы хаценьні плоці і думак, і былі па прыродзе дзе́цьмі гне́ву, як і астатнія,
 
Памеж каторых і мы ўсі жылі калісь у жадах цела нашага, робячы зычэньне цела й разуменьня, і з прыроды былі дзецьмі гневу, як і іншыя,

Бог, багаты міласэрнасьцю, праз вялікую любоў Сваю, якою ўзьлюбіў нас,
 
Бог, багаты міласэрдзям, зь вялікае міласьці Свае, каторай умілаваў нас,

і нас, мёртвых па злачынствах, ажывіў з Хрыстом, — Багадацьцю вы ўратаваны, —
 
І нас, мертвых у выступах, ажывіў з Хрыстом,

і ўваскрасіў (зь Ім), і пасадзіў (зь Ім) у Нябёсах у Хрысьце Ісусе,
 
І ўскрысіў разам, і пасадзіў у нябёсах у Хрысту Ісусу,

каб зьявіць у надыходзячых вяках найвялікшае багацьце Багадаці Сваёй у дабрыні да нас у Хрысьце Ісусе.
 
Каб паказаць у прыйдучых вякох нязьмернае багацьце ласкі Свае з дабрыні да нас у Хрысту Ісусу.

Бо Багадацьцю вы ўратаваны празь веру, і гэта ня ад вас, Божы дар:
 
Бо вы спасёны ласкаю перазь веру, і гэта не ад вас, Божы дар:

ня ад дзеяў, каб ніхто ня хваліўся.
 
Не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся.

Бо мы Ягонае стварэньне, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя прызначыў, каб нам іх выканаць.
 
Бо мы — твор Ягоны, створаны ў Хрысту Ісусу да добрых учынкаў, каторыя Бог наканаваў, каб мы хадзілі ў іх.

Таму памята́йце, што вы, не́калі пагане па целу, якіх называлі няабрэзанымі, гэтак званыя абрэзаныя абразаньнем па целу, якое рабілася рукамі,
 
Дык памятуйце, што вы, калісь пагане подле цела, каторых звалі неабразанымі званыя абразаньням на целе, зробленым рукамі,

таму што вы былі ў той час бяз Хрыста, будучы адчу́жанымі ад грамадзянства Ізраэля і чужымі Запаветам абяцаньня, якія ня мелі надзеі і (былі) бязбожнымі ў гэтым сьвеце.
 
Што вы былі таго часу бяз Хрыста, аддаленыя ад грамадзтва Ізраельскага, чужыя да ўмоваў абятніцы, надзеі нямаючыя, і бяз Бога на сьвеце;

А цяпер у Хрысьце Ісусе вы, якія не́калі былі далёка, сталіся блізкімі Крывёю Хрыстоваю.
 
А цяпер у Хрысту Ісусу вы, што былі калісь далёкія, сталі блізкія крывёю Хрыстоваю.

Бо Ён ёсьць мір наш, Які зрабіў тое і другое адзіным, і разбурыў стаячую паміж імі сьцяну, якая разьдзяляла іх і адасабляла,
 
Бо Ён ё супакой наш, Каторы ўчыніў з абодвых адно і паламіў перагародку, што стаяла пасярэдзіне,

скасаваўшы варожасьць Целам Сваім, а Закон прыказаньняў — Вучэньнем, каб із двух стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, прыносячы мір,
 
Памярцьвіў непрыязьньства целам Сваім, Закон расказаньняў у вуставах Ён абурыў, каб із двух учыніць у Сабе Самым аднаго новага чалавека, робячы супакой,

і прымірыць з Богам абодвух у адным целе праз крыж, забіўшы варожасьць на ім.
 
І ў вадным целе пагадзіць абодвых із Богам пераз крыж, забіўшы непрыязьньства на ім;

І прыйшоўшы Ён абвясьціў мір вам, далёкім і блізкім,
 
І, прышоўшы, абяшчаў Дабравесьць супакою вам, далёкім і блізкім,

таму што празь Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Бацькі.
 
Бо перазь Яго абодвы маем прыступ да Айца, у вадным духу.

Таму вы ўжо ня чужынцы альбо прыхадні, але суграмадзяне сьвятым і свае Богу,
 
Дык вы ўжо не чужнікі ані чужаземцы, але суграмадзяне сьвятых і дамовы Божае,

угрунтаваныя на падваліне Апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым Каменем ёсьць Сам Ісус Хрыстос,
 
Быўшы пабудаваныя на подзе апосталаў а прарокаў, маючы вугольным каменям самога Ісуса Хрыста,

на Якім уся будыніна шчыльна змацоўваючыся, узрастае ў Сьвятыню ў Госпадзе,
 
На Каторым уся будоўля, тарнуючыся разам, вырастае ў сьвяты дом Спадароў,

на Якім і вы разам будуецеся ў жытло Бога Духам.
 
У каторым і вы будуецеся разам на сялібу Божую ў Духу.