Якава 3 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Не многія рабіцеся настаўнікамі, браты мае, ведаючы, што мы атрымаем большы прысуд.
 
Браты мае! ня многія рабецеся настаўнікамі, ведаючы, што мы тым большай асуды дастаём.

Бо ў шмат чым усе мы спатыкаемся. Калі хто не спатыкаецца ў слове, то гэта дасканалы чалавек, які можа зацугляць і ўсё цела.
 
бо ўсе мы шмат грэшым; хто ня грэшыць у слове, той чалавек дасканалы, ён можа ацугляць і ўсё цела.

Калі ж мы коням укладаем у рот цуглі, каб яны слухаліся нас, то і ўсім целам іх кіруем.
 
Вось, мы ўкладваем кілзы коням у храпу, каб яны пакорыліся нам, і ўсім целам іхнім кіруем.

Вось, і караблі, як ні вялікія яны і гнаныя моцнымі вятрамі, кіруюцца зусім маленькім стырном, куды хоча памкненне стырнавога,
 
Вось, і караблі, хоць якія вялікія яны і хоць якімі моцнымі вятрамі гнаныя, невялікім стырном кіруюцца, куды хоча стырнік;

так і язык — малы орган, а на вялікае адважваецца. Вось, які маленькі агонь які вялікі лес запальвае!
 
гэтак сама і язык — невялікі чэлес, але многа робіць. Паглядзі, невялікі вагонь як многа рэчыва паліць;

І язык — агонь; як свет няправеднасці язык4 змяшчаецца між нашымі органамі, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцця, і сам запальваецца ад геены.
 
і язык — вагонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены;

Бо ўся прырода — звяроў і птушак, паўзуноў і марскіх істотаў — утаймоўваецца і ўтаймавана чалавечай прыродаю,
 
бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай,

а языка ўтаймаваць ніхто з людзей не можа: ён неўтаймаванае ліха, поўны смяротнай атруты.
 
а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта — неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты.

Ім мы добраслаўляем Госпада5 і Бацьку і ім праклінаем людзей, створаных па падабенству Божаму;
 
Ім дабраславім Бога і Айца, і ім праклінаем людзей, створаных у падабенстве да Бога.

з тых жа вуснаў зыходзіць добраславенне і праклён. Не трэба, браты мае, каб гэта так рабілася.
 
З тых самых вуснаў сыходзяць дабраславеньне і праклён; не павінна, браты мае, гэтак быць.

Ці цячэ з аднаго і таго ж жарала крыніцы салодкая і горкая вада?
 
Хіба цячэ з адных вуснаў крыніцы салодкая і горкая вада?

Ці можа, браты мае, фігавае дрэва радзіць алівы і вінаградная лаза — фігі? Гэтак ніякая крыніца не можа выдаць салёную і салодкую ваду.
 
Ня можа, браты мае, смакоўніца радзіць масьліны альбо вінаградная лаза смоквы; гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салёную і салодкую ваду.

Хто між вас мудры і разважлівы? Няхай пакажа добрымі паводзінамі свае ўчынкі ў лагоднай мудрасці.
 
Ці мудры і разумны хто з вас, дакажы гэта ў дзеях добрымі паводзінамі з мудрай пакораю.

Але калі маеце ў сваім сэрцы горкую зайздрасць і славалюбства — не задавайцеся і не хлусіце супроць праўды.
 
Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, дык не хвалецеся і ня хлусеце на праўду:

Гэта мудрасць — не тая, што з вышыняў зыходзіць, а зямная, пачуццёвая, дэманічная.
 
гэта бо ня мудрасьць, што згары прыходзіць, а зямная, плоцкая, дэманская;

Бо дзе зайздрасць і славалюбства, там бязладдзе і ўсё благое.
 
бо дзе зайздрасьць і зьвяга, там незлагадзь і ўсё ліхое.

А мудрасць з вышыняў, па-першае — чыстая, пасля — мірная, спагадлівая, падатлівая, поўная міласэрнасці і добрага плёну, бесстаронняя і некрывадушная.
 
А мудрасьць, якая прыходзіць згары, найперш — чыстая, потым — згодлівая, лагодная, пакорлівая, поўная мілажальнасьці і добрых пладоў, неадступная, і некрывадушная.

Плод жа праведнасці ў міры сеецца тымі, хто творыць мір.
 
А плод праўды ў міры сеецца творцамі міру.