Якава 2 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Браты мае, майце веру ў праслаўленага нашага Госпада Ісуса Хрыста без аглядкі на асобы.
 
Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы.

Бо калі ўвойдзе на ваш сход чалавек з залатым пярсцёнкам, у раскошным адзенні, і ўвойдзе таксама ўбогі ў брудным адзенні,
 
Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы,

і вы паглядзіце на таго, хто носіць бліскучае адзенне і скажаце: «Ты сядай тут, на добрае месца», а ўбогаму скажаце: «Ты стань там альбо сядай пад маё падножжа»,
 
і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо: сядзь тут, каля ног маіх,

то ці не стварылі адрозненняў вы ў саміх сябе і ці не зрабіліся суддзямі з карыслівымі разлікамі?
 
дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы зламыснымі судзьдзямі?

Паслухайце, браты мае ўлюбёныя: ці не Бог абраў убогіх свету быць багатымі ў веры і спадкаемцамі Царства, якое Ён паабяцаў тым, хто любіць Яго?
 
Паслухайце, браты мае любасныя: ці ж ня бедных сьвету выбраў Бог быць багатымі вераю і спадчыньнікамі Царства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?

Вы ж зняважылі ўбогага. Ці не багатыя прыгнятаюць вас і ці не яны цягнуць вас у суды?
 
а вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас, і ці ж не яны цягнуць вас у суды?

Ці не яны знеслаўляюць добрае імя, якім вы называецеся?
 
Ці не яны няславяць добрае імя, якім вы называецеся?

Калі вы ўсё ж выконваеце царскі закон паводле Пісання: «Любі свайго блізкага, як самога сябе», вы добра робіце;
 
Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, — добра робіце.

калі ж аглядваецеся на асобы, грэх чыніце, выкрываецеся законам як злачынцы.
 
Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы.

Бо хто ўвесь закон выканае, але спатыкнецца ў адным, той робіцца ва ўсім вінаваты.
 
Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім.

Бо Той, Хто сказаў: «Не чужалож», сказаў таксама: «Не забі». Калі ж ты не чужаложыш, але забіваеш — ты зрабіўся злачынцам закона.
 
Бо Той, Хто сказаў: не распусьнічай, сказаў і: не забі; таму, калі ты не распусьнічаеш, але заб’еш, дык ты таксама адступнік ад закона.

Так кажыце і так рабіце як тыя, што маюць быць суджаныя паводле закона свабоды.
 
Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна з законам свабоды.

Бо суд без літасці да таго, хто не выявіў літасці; літасць узвышаецца над судом.
 
Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом.

Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?
 
Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?

Калі брат альбо сястра раздзетыя і штодня маюць нястачу ў ядзе,
 
Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку,

а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце з мірам, грэйцеся і карміцеся», але вы не дасце ім неабходнага для цела, — то якая ў тым карысць?
 
а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць?

Так і вера, калі не мае ўчынкаў, — мёртвая сама па сабе.
 
Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе.

Але нехта скажа: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі; пакажы мне тваю веру без учынкаў, а я пакажу табе [маю] веру з маіх учынкаў».
 
А скажа хто-небудзь: ты маеш веру, а я маю дзеі: пакажы мне веру тваю бязь дзеяў тваіх, а я пакажу табе веру маю празь дзеі мае.

Ты верыш, што Бог адзіны? Добра робіш; і дэманы вераць і трасуцца.
 
Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць.

Але ці хочаш ведаць, о пусты чалавеча, што вера без учынкаў бескарысная?3
 
Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая?

Аўраам, наш бацька, ці не ўчынкамі быў апраўданы, узнёсшы Ісаака, свайго сына, на ахвярнік?
 
Ці ж ня дзеямі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, паклаўшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?

Ты бачыш, што вера садзейнічала яго ўчынкам, і ўчынкамі вера была зроблена дасканалаю,
 
Ці бачыш, што вера спрыяла дзеям ягоным, і дзеямі вера дасягнула дасканаласьці.

і спраўдзілася Пісанне, якое кажа: «І Аўраам паверыў Богу, і гэта было залічана яму ў праведнасць», і ён быў названы другам Божым.
 
І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым.

Вы бачыце, што чалавек апраўдваецца ўчынкамі, а не толькі вераю.
 
Ці бачыце, што чалавек апраўдваецца дзеямі, а ня вераю толькі?

Падобна ж і Рааў, распусніца, ці не ўчынкамі была апраўдана, прыняўшы пасланцоў і выпусціўшы іх іншаю дарогаю?
 
Гэтак сама і Рааў распусьніца ці ж ня дзеямі апраўдалася, прыняўшы выведнікаў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю?

Бо як цела без духу мёртвае, так і вера без учынкаў мёртвая.
 
Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.