Якава 2 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Браты мае! Не ўзіраючыся на аблічча, мейце веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста праслаўленага.
Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы.
Бо калі ў збор ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у сьветлым адзеньні, і ўвойдзе ўбогі ў брудным адзеньні,
Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы,
і вы глянеце на таго, які носіць сьветлае адзеньне, і скажаце яму: «Табе добра сесьці тут», а ўбогаму скажаце: «Ты стань там», ці: «Сядай тут, ля падножжа майго»,
і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо: сядзь тут, каля ног маіх,
ці не ўчынілі вы розьніцы ў саміх сабе і ці ня сталіся судзьдзямі са злымі думкамі?
дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы зламыснымі судзьдзямі?
Паслухайце, браты мае ўлюбёныя, ці ж ня ўбогіх сьвету гэтага выбраў Бог быць багатымі ў веры і спадкаемцамі Валадарства, якое Ён абяцаў тым, што любяць Яго?
Паслухайце, браты мае любасныя: ці ж ня бедных сьвету выбраў Бог быць багатымі вераю і спадчыньнікамі Царства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?
А вы зьняважылі ўбогага. Ці ж не багатыя прыгнятаюць вас, і ці ж не яны цягаюць вас у суды?
а вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас, і ці ж не яны цягнуць вас у суды?
Ці ж не яны блюзьняць на добрае імя, якое вы прызываеце?
Ці не яны няславяць добрае імя, якім вы называецеся?
Калі, аднак, вы спаўняеце валадарскі закон паводле Пісаньня: «Любі бліжняга твайго як самога сябе», добра робіце;
Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, — добра робіце.
а калі на аблічча ўзіраецеся, чыніце грэх і дакараныя законам як парушальнікі.
Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы.
Бо хто захоўвае ўвесь Закон, але спатыкнецца ў [нечым] адным, той стаўся вінным у-ва ўсім.
Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім.
Бо Той, Які сказаў: «Не чужалож», сказаў таксама: «Не забівай». Дык калі ты не чужаложыш, але заб’еш, ты стаўся парушальнікам Закону.
Бо Той, Хто сказаў: не распусьнічай, сказаў і: не забі; таму, калі ты не распусьнічаеш, але заб’еш, дык ты таксама адступнік ад закона.
Гэтак гаварыце і гэтак рабіце, як тыя, што маюць быць суджаны паводле закону свабоды.
Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна з законам свабоды.
Бо суд бяз літасьці для таго, хто не ўчыніў літасьці; і ласка па-над суд вывышаецца.
Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом.
Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што мае веру, а ўчынкаў ня мае? Ня можа гэтая вера збавіць яго.
Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?
Калі брат ці сястра ня маюць адзеньня і не хапае ім ежы на дзень,
Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку,
а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце ў супакоі, грэйцеся і насычайцеся», але ня дасьць ім патрэбнага для цела, якая карысьць?
а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць?
Гэтак і вера, калі ня мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая.
Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе.
Але нехта скажа: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі». Пакажы мне веру тваю без учынкаў тваіх, і я з маіх учынкаў пакажу табе маю веру.
А скажа хто-небудзь: ты маеш веру, а я маю дзеі: пакажы мне веру тваю бязь дзеяў тваіх, а я пакажу табе веру маю празь дзеі мае.
Ты верыш, што Бог адзін, — добра робіш. І дэманы вераць і дрыжаць.
Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць.
Але ці хочаш ведаць, чалавек нікчэмны, што вера без учынкаў мёртвая?
Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая?
Ці ж не праз учынкі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, узьнёсшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?
Ці ж ня дзеямі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, паклаўшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?
Бачыш, што вера дапамагала ўчынкам ягоным, і праз учынкі вера завяршылася.
Ці бачыш, што вера спрыяла дзеям ягоным, і дзеямі вера дасягнула дасканаласьці.
І споўнілася Пісаньне, якое кажа: «Паверыў Абрагам Богу, і залічана яму за праведнасьць», і: «Сябрам Богу быў ён названы».
І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым.
Дык паглядзіце, што чалавек апраўдваецца праз учынкі, а не праз веру толькі.
Ці бачыце, што чалавек апраўдваецца дзеямі, а ня вераю толькі?
Падобна і Рахаў распусьніца ці не праз учынкі была апраўданая, прыняўшы пасланцоў і выправіўшы [іх] другой дарогаю?
Гэтак сама і Рааў распусьніца ці ж ня дзеямі апраўдалася, прыняўшы выведнікаў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю?
Бо, як цела бяз духа мёртвае, гэтак і вера мёртвая без учынкаў.
Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.