Якава 2 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Браты мае! Мейце нястаронную веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста, (Госпада) Славы.
 
Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы.

Бо калі на сход ваш увойдзе мужчына з залатым пярсьцёнкам, у багатай вопратцы, увойдзе таксама і бедны ў рызьзю,
 
Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы,

і вы зьвернеце ўвагу на таго, хто апрануты ў вопратку багатую, і скажаце яму: табе добра сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо садзіся тут, ля падножжа майго,
 
і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо: сядзь тут, каля ног маіх,

дык ці ня перасудзілі вы ў самых сабе і ці ня сталі вы судзьдзямі зь нягоднымі думкамі?
 
дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы зламыснымі судзьдзямі?

Паслухайце, браты мае любасныя, ці ня Бог выбраў бедных сьвету гэтага багатымі верай і насьлядоўцамі Валадарства, Якое Ён абяцаў тым, што любяць Яго?
 
Паслухайце, браты мае любасныя: ці ж ня бедных сьвету выбраў Бог быць багатымі вераю і спадчыньнікамі Царства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?

А вы пага́рдзілі бедным. Ці ня багатыя прыгнятаюць вас, ці ж ня яны цягаюць вас па судах?
 
а вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас, і ці ж не яны цягнуць вас у суды?

Ці ж ня яны зьняслаўляюць добрае імя (вашае), якім вы названы?
 
Ці не яны няславяць добрае імя, якім вы называецеся?

Аднак калі (вы) выпаўняеце закон валадарскі па Пісаньню: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе, добра робіце.
 
Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, — добра робіце.

Але калі абыходзіцеся па староннасьці, грэх чыніце будучы дакараемы Законам як злачынцы.
 
Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы.

Бо хто ўвесь Закон выпаўніць, ды саграшыць у нечым адным, той зрабіўся вінаватым ува ўсім.
 
Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім.

Бо Той, Хто сказаў: ня чужалож! сказаў таксама: ня забí; дык калі ты ня будзеш чужаложыць, але заб’еш, то ты (таксама) стаўся праступнікам Закону.
 
Бо Той, Хто сказаў: не распусьнічай, сказаў і: не забі; таму, калі ты не распусьнічаеш, але заб’еш, дык ты таксама адступнік ад закона.

Так кажыце і так рабіце, як тыя, якія маюць быць судзімымі па Закону свабоды.
 
Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна з законам свабоды.

Бо суд бяз літасьці ня зрабіўшаму літасьці, бо літасьць вышэй за суд.
 
Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом.

Якая карысьць (з таго), браты мае, калі хто кажа, што (ён) мае веру, ды ўчынкаў ня мае? Ня можа гэта вера ўратаваць яго.
 
Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?

Калі ж брат ці сястра ня маюць у што апрануцца ды маюць патрэбу ў штодзённай ядзе,
 
Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку,

і хто-небудзь із вас скажа ім: ідзеце ў міры, грэйцеся і карміцеся, але ня дасьць ім патрэбнага для цела: якая карысьць?
 
а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць?

Гэтак і вера, калі ня мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая.
 
Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе.

Але скажа хто-небудзь: ты веру маеш, а я маю ўчынкі: пакажы мне веру тваю бяз учынкаў тваіх, а я пакажу табе маю веру на ўчынках маіх.
 
А скажа хто-небудзь: ты маеш веру, а я маю дзеі: пакажы мне веру тваю бязь дзеяў тваіх, а я пакажу табе веру маю празь дзеі мае.

Ты верыш, што Бог адзін ёсьць, — правільна робіш; і дэманы вераць і дрыжаць.
 
Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць.

Ці хочаш ведаць чалавеча бясплодны, што вера бяз учынкаў мёртвая?
 
Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая?

Абрагам, бацька наш, ці ня на падставе ўчынкаў апраўданы быў, усклаўшы Ісагака, сына свайго, на ахвярнік?
 
Ці ж ня дзеямі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, паклаўшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?

Ці бачыш, што вера садзейнічала ўчынкам ягоным, і ад учынкаў вера зроблена дасканалай?
 
Ці бачыш, што вера спрыяла дзеям ягоным, і дзеямі вера дасягнула дасканаласьці.

І было споўнена Пісаньне, якое гаворыць: «паверыў Абрагам Богу, і было залíчана яму ў праведнасьць, і другам Бога быў ён названы.»
 
І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым.

Такім чынам вы бачыце, што на падставе ўчынкаў прызнаецца чалавек праведным, а ня на падставе толькі адной веры?
 
Ці бачыце, што чалавек апраўдваецца дзеямі, а ня вераю толькі?

Гэтак сама і Рааб блудадзейка ці ня на падставе ўчынкаў была апраўда́на, прыняўшы пасланцоў і адправіўшы іх другой дарогай?
 
Гэтак сама і Рааў распусьніца ці ж ня дзеямі апраўдалася, прыняўшы выведнікаў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю?

Бо як цела бяз духа мёртвае, так і вера бяз учынкаў мёртвая.
 
Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.