Якава 2 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Браты мае, майце веру ў праслаўленага нашага Госпада Ісуса Хрыста без аглядкі на асобы.
 
Браты мае, майце веру ў Ісуса Хрыста нашага, Спадара славы, не зважаючы на асобы.

Бо калі ўвойдзе на ваш сход чалавек з залатым пярсцёнкам, у раскошным адзенні, і ўвойдзе таксама ўбогі ў брудным адзенні,
 
Бо калі да бажніцы вашае ўвыйдзе чалавек із залатой жуковінкаю і ў пазорыстым адзецьцю, увыйдзе ж і бедны ў рызьзю;

і вы паглядзіце на таго, хто носіць бліскучае адзенне і скажаце: «Ты сядай тут, на добрае месца», а ўбогаму скажаце: «Ты стань там альбо сядай пад маё падножжа»,
 
І вы, гледзячы на тога, што адзеўшыся ў пазорыстае адзецьце, скажаце яму: «Табе добра сесьці тут», а беднаму скажаце: «Ты стань там» або: «Садзіся тут ля ног маіх»,

то ці не стварылі адрозненняў вы ў саміх сябе і ці не зрабіліся суддзямі з карыслівымі разлікамі?
 
Дык ціж вы не зрабілі розьніцы мяжсобку і сталі судзьдзямі з благімі думкамі?

Паслухайце, браты мае ўлюбёныя: ці не Бог абраў убогіх свету быць багатымі ў веры і спадкаемцамі Царства, якое Ён паабяцаў тым, хто любіць Яго?
 
Паслухайце, браты мае любовыя: ці ня бедных сьвету абраў Бог быць багатымі вераю і спадкаемцамі гаспадарства, каторае Ён абяцаў тым, што любяць Яго?

Вы ж зняважылі ўбогага. Ці не багатыя прыгнятаюць вас і ці не яны цягнуць вас у суды?
 
А вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас і цягнуць вас да судоў?

Ці не яны знеслаўляюць добрае імя, якім вы называецеся?
 
І ці не блявузґаюць на дасканальнае імя, каторым вы завіцеся?

Калі вы ўсё ж выконваеце царскі закон паводле Пісання: «Любі свайго блізкага, як самога сябе», вы добра робіце;
 
Калі вы поўніце закон каралеўскі, подле Пісьма: «Будзеш любіць бліжняга, як самога сябе», добра робіце;

калі ж аглядваецеся на асобы, грэх чыніце, выкрываецеся законам як злачынцы.
 
Але калі зважаеце на асобы, грэх чыніце, будучы засуджаны законам як выступнікі.

Бо хто ўвесь закон выканае, але спатыкнецца ў адным, той робіцца ва ўсім вінаваты.
 
Бо хто зьдзяржыць увесь Закон і спатыкнецца ў вадным чым-колечы, тый стаецца вінным у вусім.

Бо Той, Хто сказаў: «Не чужалож», сказаў таксама: «Не забі». Калі ж ты не чужаложыш, але забіваеш — ты зрабіўся злачынцам закона.
 
Бо тый жа, хто сказаў: «Не чужалож», сказаў і: «Не забі»; затым, калі ты не чужаложыш, але заб’еш, ты стаў выступнікам із Закону.

Так кажыце і так рабіце як тыя, што маюць быць суджаныя паводле закона свабоды.
 
Гэтак кажыце і гэтак рабіце, як маючыя быць суджаны подле закону свабоды.

Бо суд без літасці да таго, хто не выявіў літасці; літасць узвышаецца над судом.
 
Бо суд безь міласэрдзя таму, хто ня выказаў міласэрдзя; міласэрдзе ўзьнімаецца над судам.

Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?
 
Што за карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, але ўчынкаў ня мае? ці можа вера спасьці яго?

Калі брат альбо сястра раздзетыя і штодня маюць нястачу ў ядзе,
 
Вось жа, калі брат альбо сястра голыя і ня маюць штадзеннае ежы,

а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце з мірам, грэйцеся і карміцеся», але вы не дасце ім неабходнага для цела, — то якая ў тым карысць?
 
І хтось з памеж вас скажа ім: «Ідзіце ў супакою, грэйцеся й жывіцеся», але ня дасьць ім патрэбнага дзеля цела: што за карысьць?

Так і вера, калі не мае ўчынкаў, — мёртвая сама па сабе.
 
Гэтак і вера, калі ня мае ўчынкаў, мертвая сама ў сабе.

Але нехта скажа: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі; пакажы мне тваю веру без учынкаў, а я пакажу табе [маю] веру з маіх учынкаў».
 
Але хто-колечы скажа: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі: пакажы імне веру сваю бяз учынкаў сваіх, а я пакажу тэ’ веру сваю з учынкаў сваіх».

Ты верыш, што Бог адзіны? Добра робіш; і дэманы вераць і трасуцца.
 
Ты верыш, што Бог адзін: добра робіш; і нячысьцікі вераць і дрыжаць.

Але ці хочаш ведаць, о пусты чалавеча, што вера без учынкаў бескарысная?3
 
Але ці хочаш верыць, марны чалавеча, што вера бяз учынкаў мертвая?

Аўраам, наш бацька, ці не ўчынкамі быў апраўданы, узнёсшы Ісаака, свайго сына, на ахвярнік?
 
Ці ня ўчынкамі аправіўся Абрагам, айцец наш, як аброк на аброчнік Ісака, сына свайго?

Ты бачыш, што вера садзейнічала яго ўчынкам, і ўчынкамі вера была зроблена дасканалаю,
 
Ты бачыш, што вера судзеяла з учынкамі ягонымі, і ўчынкамі вера стала дасканальнай.

і спраўдзілася Пісанне, якое кажа: «І Аўраам паверыў Богу, і гэта было залічана яму ў праведнасць», і ён быў названы другам Божым.
 
І выпаўнілася Пісьмо, каторае кажа: «Верыў Абрагам Богу, і гэта было залічана яму за справядлівасьць», і ён названы прыяцелям Божым.

Вы бачыце, што чалавек апраўдваецца ўчынкамі, а не толькі вераю.
 
Ці бачыце, што чалавек правіцца ўчынкамі, а ня вераю толькі?

Падобна ж і Рааў, распусніца, ці не ўчынкамі была апраўдана, прыняўшы пасланцоў і выпусціўшы іх іншаю дарогаю?
 
Падобна й Рагаў бязуля ціж ня ўчынкамі аправілася, як яна прыняца ўчынкамі, а ня вераю толькі? дарогаю?

Бо як цела без духу мёртвае, так і вера без учынкаў мёртвая.
 
Бо, як цела бяз духа мертвае, так і вера бяз учынкаў мертвая.