Якава 4 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча
Адкуль войны і адкуль бітвы між вас? Ці не адгэтуль: ад вашых пажадлівасцяў, якія змагаюцца ў вашых членах?
Скуль бітвы й ходаньне памеж вас? ці ня стуль, ці не з раскошаў вашых, што б’юцца ў чаланох вашых?
Вы хочаце — і не маеце; вы забіваеце і зайздросціце — і не можаце дасягнуць, сварыцеся і ваюеце, вы не маеце, бо не просіце для сябе.
Жадаеце — і ня маеце; забіваеце й завідуеце — і ня можаце дасягчы; ходаецеся й б’іцеся — і ня маеце, бо ня просіце;
Вы просіце — і не атрымліваеце, бо не на дабро просіце, дзеля таго, каб растраціць на свае асалоды.
Просіце, і не адзержуеце, бо просіце на ліха, каб ужыць у сваіх раскошах.
[Чужаложнікі і] чужаложніцы, хіба не ведаеце, што дружба са светам — гэта варажнеча з Богам? Дык хто захоча быць другам свету, той робіцца ворагам Бога.
Чужаложнікі а чужаложніцы! ці ня ведаеце, што прыязьньства ізь сьветам ё непрыязьньства з Богам? Дык, хто хацеў бы быць прыяцелям сьвету, стаецца непрыяцелям Богу.
Ці вы думаеце, што дарэмна кажа Пісанне: «Да зайздрасці прагне Дух, Якога пасяліў у нас»?
Ці вы думаеце, што Пісьмо кажа дарма: «Аж да завісьці жадае Дух, што ў нас жыхара»?
Але Ён дае большую ласку. Таму кажа: «Бог ганарлівым працівіцца, а пакорным дае ласку».
Але большую даець ласку ; затым і кажа: «Бог гордым працівіцца, і даець ласку пакорным».
Дык пакарыцеся Богу, а супрацьстаньце д’яблу, і ён уцячэ ад вас,
Дык паддайцеся Богу; спраціўцеся дзявалу, і ўцячэць ад вас.
наблізцеся да Бога, і Ён наблізіцца да вас. Ачысціце рукі, грэшнікі, і асвяціце сэрцы, двудушныя.
Дабліжчася да Бога, і дабліжыцца да вас; памыйце рукі, грэшнікі, і ачысьціце сэрцы, двудушныя;
Журыцеся, смуткуйце і плачце. Ваш смех няхай абернецца ў смутак, а радасць — у сум.
Бядуйце й будзьце ў жалобе і плачча; няхай сьмех вашы абернецца ў жалобу, і радасьць — у смутак.
Прынізце сябе перад Госпадам і Ён узвысіць вас.
Укарыцеся перад Спадаром, і ўзьніме вас.
Не абгаворвайце адзін аднаго, браты. Хто абгаворвае брата альбо асуджае свайго брата — абгаворвае закон і судзіць закон; калі ж ты судзіш закон, ты не выканаўца закона, а суддзя.
Ня гукайце адны на адных, браты: хто гукае на брата альбо судзе брата, гукае на Закон і судзе Закон; а калі ты судзіш Закон, ты не спаўняньнік Закону, але судзьдзя.
Адзін — Заканадавец і Суддзя, Які можа выратаваць і загубіць; а ты хто, што судзіш блізкага?
Адзін Правадаўца а Судзьдзя, Каторы можа спасьці й загубіць а ты хто, што судзіш бліжняга свайго?
Цяпер паслухайце вы, што кажаце: «Сёння альбо заўтра мы выправімся ў такі і такі горад, і правядзём там год, і будзем гандляваць і мець прыбытак»,
Цяпер паслухайце вы, што кажаце: «Сядні або заўтра выправімся да такога а такога места, і пабудзем там год, і будзем таргаваць і зарабляць»;
вы, якія не ведаеце заўтрашняга — якім будзе ваша жыццё; бо вы — пара, што ненадоўга з’яўляецца, а пасля знікае.
Вы, каторыя ня ведаеце, што будзе заўтра, бо што такое жыцьцё вашае? пара, што зьяўляецца на малы час, а потым запраўды чэзьне.
Замест таго, каб вы казалі: «Калі Госпад захоча, мы і жыць будзем, і зробім гэта альбо тое».
Замест тога, каб вы казалі: «Калі зьлюб будзе Спадару, і жывы будзем, дык зробім гэта й гэна»,
Але цяпер вы выхваляецеся ў сваёй пыхлівасці і кожнае такое пустахвальства ліхое.
Вы ж вяльмуецеся ў пысе сваёй: усялякае такое вяльмуваньне ё ліха.
Дык хто ведае, як рабіць дабро і не робіць, таму грэх.
Дык хто ўмее чыніць дабро, і ня чыне, таму грэх.