Якава 4 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Адкуль узнікаюць войны ды адкуль сваркі між вамі? Не адкуль інакш, як з пажадлівасці вашай, што бунтуецца ў членах вашых.
 
Скуль бітвы й ходаньне памеж вас? ці ня стуль, ці не з раскошаў вашых, што б’юцца ў чаланох вашых?

Жадаеце і не маеце; забіваеце і зайздросціце, і не можаце здабыць; сварыцеся ды ваюеце. Не маеце, бо не ўпрошваеце,
 
Жадаеце — і ня маеце; забіваеце й завідуеце — і ня можаце дасягчы; ходаецеся й б’іцеся — і ня маеце, бо ня просіце;

просіце і не атрымліваеце, бо блага просіце, каб толькі задаволіць сваю пажадлівасць.
 
Просіце, і не адзержуеце, бо просіце на ліха, каб ужыць у сваіх раскошах.

Чужаложнікі, ці вы не ведаеце, што сяброўства з гэтым светам ёсць варожасць Богу? Дык хто хацеў бы стацца прыяцелем гэтага веку, той робіцца ворагам Бога.
 
Чужаложнікі а чужаложніцы! ці ня ведаеце, што прыязьньства ізь сьветам ё непрыязьньства з Богам? Дык, хто хацеў бы быць прыяцелям сьвету, стаецца непрыяцелям Богу.

Можа ўважаеце, што дарма Пісанне кажа: «Да зайздрасці любіць Дух, Якога пасяліў у нас»?
 
Ці вы думаеце, што Пісьмо кажа дарма: «Аж да завісьці жадае Дух, што ў нас жыхара»?

Дык большую дае ласку паводле таго, як кажа: «Бог супрацівіцца пыхлівым, а пакорлівым ласку дае».
 
Але большую даець ласку ; затым і кажа: «Бог гордым працівіцца, і даець ласку пакорным».

Дык пакарыцеся Богу; а супраціўцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас.
 
Дык паддайцеся Богу; спраціўцеся дзявалу, і ўцячэць ад вас.

Туліцеся да Бога, і Ён прытуліць вас. Абмыйце рукі, грэшнікі, ачысціце сэрцы, двудушнікі.
 
Дабліжчася да Бога, і дабліжыцца да вас; памыйце рукі, грэшнікі, і ачысьціце сэрцы, двудушныя;

Смуткуйце, жальцеся і плачце: хай смех ваш абернецца ў жалобу, а радасць — у тугу.
 
Бядуйце й будзьце ў жалобе і плачча; няхай сьмех вашы абернецца ў жалобу, і радасьць — у смутак.

Спакарыцеся перад абліччам Госпада, і Ён падыме вас.
 
Укарыцеся перад Спадаром, і ўзьніме вас.

Браты, не ачарняйце адзін аднаго. Хто ачарняе брата свайго або асуджае брата свайго, той ачарняе закон ды асуджае закон. А калі ты асуджаеш закон, дык ты не выканавец закону, але суддзя.
 
Ня гукайце адны на адных, браты: хто гукае на брата альбо судзе брата, гукае на Закон і судзе Закон; а калі ты судзіш Закон, ты не спаўняньнік Закону, але судзьдзя.

Адзін жа Заканадавец і Суддзя, Які можа збавіць і загубіць. А ты хто такі, што судзіш блізкага?
 
Адзін Правадаўца а Судзьдзя, Каторы можа спасьці й загубіць а ты хто, што судзіш бліжняга свайго?

А ну цяпер вы, што кажаце: «Сёння або заўтра пойдзем у той ці іншы горад, і пражывём там год, і зоймемся гандлем, і атрымаем прыбытак»;
 
Цяпер паслухайце вы, што кажаце: «Сядні або заўтра выправімся да такога а такога места, і пабудзем там год, і будзем таргаваць і зарабляць»;

вы не ведаеце, якім будзе заўтра жыццё ваша. Бо яно — пара, што на хвіліну з’яўляецца, а потым прападае.
 
Вы, каторыя ня ведаеце, што будзе заўтра, бо што такое жыцьцё вашае? пара, што зьяўляецца на малы час, а потым запраўды чэзьне.

Замест таго казаць бы вам: «Калі Госпад захоча, будзем жыць і рабіць тое ці іншае».
 
Замест тога, каб вы казалі: «Калі зьлюб будзе Спадару, і жывы будзем, дык зробім гэта й гэна»,

Вы цяпер пахваляецеся ў сваёй пыхлівасці. Кожнае такое пустахвальства ліхое.
 
Вы ж вяльмуецеся ў пысе сваёй: усялякае такое вяльмуваньне ё ліха.

Таму той, хто ўмее рабіць дабро і не робіць, грэх таму!
 
Дык хто ўмее чыніць дабро, і ня чыне, таму грэх.