Якава 4 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Адкуль-жа войны й ростыркі між вамі? Ці ня стуль: з прыжадлівасьцяў вашых, што буяняць у чэлесах вашых?
 
Скуль бітвы й ходаньне памеж вас? ці ня стуль, ці не з раскошаў вашых, што б’юцца ў чаланох вашых?

Пажадаеце, а ня маеце; забіваеце й завідуеце, ды ня можаце асягнуць; сварыцеся й б’ецеся, а ня маеце таму, што не дамагаецеся.
 
Жадаеце — і ня маеце; забіваеце й завідуеце — і ня можаце дасягчы; ходаецеся й б’іцеся — і ня маеце, бо ня просіце;

Просіце й не атрымліваеце, бо блага просіце: каб стравіць у вашых похацях.
 
Просіце, і не адзержуеце, бо просіце на ліха, каб ужыць у сваіх раскошах.

Блудадзейнікі, няўжо ня ведаеце, што прыязьнь гэтага сьвету ёсьць варожая Богу? Хто вось-жа хацеўбы прыязьніцца з гэтым сьветам, стаецца ворагам Бога.
 
Чужаложнікі а чужаложніцы! ці ня ведаеце, што прыязьньства ізь сьветам ё непрыязьньства з Богам? Дык, хто хацеў бы быць прыяцелям сьвету, стаецца непрыяцелям Богу.

ціж, думаеце, надарма Пісанне гавора: «аж да запаздросьлівасьці любіць дух, што ў вас жыве»?
 
Ці вы думаеце, што Пісьмо кажа дарма: «Аж да завісьці жадае Дух, што ў нас жыхара»?

Але тым-большую дае ласку; таму й сказана: «Бог пышным працівіцца, а пакорным дае ласку» (Прып. 3:34).
 
Але большую даець ласку ; затым і кажа: «Бог гордым працівіцца, і даець ласку пакорным».

паддавайцеся тады Богу, а супраціўляйцеся дзьяблу, дык уцячэ ад вас.
 
Дык паддайцеся Богу; спраціўцеся дзявалу, і ўцячэць ад вас.

Прыбліжайцеся да Бога, а прыблізіцца да вас. Ахайце рукі, грэшнікі, ачысьцьце сэрцы двудушнікі.
 
Дабліжчася да Бога, і дабліжыцца да вас; памыйце рукі, грэшнікі, і ачысьціце сэрцы, двудушныя;

Скрушэцеся, плачце і сумуйце, сьмех ваш у журбу хай абернецца, а радасьць у жаль.
 
Бядуйце й будзьце ў жалобе і плачча; няхай сьмех вашы абернецца ў жалобу, і радасьць — у смутак.

Супакорцеся перад Богам, а узвышыць вас.
 
Укарыцеся перад Спадаром, і ўзьніме вас.

Не абражайце, браты, адзін другога. Хто абражае ці асуджае свайго брата, то абражае й судзіць закон, то ты ня выканальнік закону, а судзьдзя.
 
Ня гукайце адны на адных, браты: хто гукае на брата альбо судзе брата, гукае на Закон і судзе Закон; а калі ты судзіш Закон, ты не спаўняньнік Закону, але судзьдзя.

Адзін ёсьць заканадаўча й судзьдзя, які можа загубіць і выбавіць. А хтож ты, што судзіш бліжняга?
 
Адзін Правадаўца а Судзьдзя, Каторы можа спасьці й загубіць а ты хто, што судзіш бліжняга свайго?

Вось вы цяпер кажаце: «Сяння, або заўтра пойдзем да таго-там места, пражывём год і будзем гандляваць ды зарабляць» — вы, якія ня ведаеце, што будзе ўзаўтра;
 
Цяпер паслухайце вы, што кажаце: «Сядні або заўтра выправімся да такога а такога места, і пабудзем там год, і будзем таргаваць і зарабляць»;

што бо такое вашае жыцьцё? Пара, што на хвілінку зьяўляецца ды гіне.
 
Вы, каторыя ня ведаеце, што будзе заўтра, бо што такое жыцьцё вашае? пара, што зьяўляецца на малы час, а потым запраўды чэзьне.

Умест таго каб сказаць: «Калі Бог пазволіць», або: «калі жывы будзем, зробім тое ці сёе»,
 
Замест тога, каб вы казалі: «Калі зьлюб будзе Спадару, і жывы будзем, дык зробім гэта й гэна»,

вы надута самаўпэўніваецеся. Такое ўсякае пустахвальства — гэта ганьба.
 
Вы ж вяльмуецеся ў пысе сваёй: усялякае такое вяльмуваньне ё ліха.

Вось-жа — грэх таму, хто ўмее рабіць дабро, а ня робіць.
 
Дык хто ўмее чыніць дабро, і ня чыне, таму грэх.