Якава 4 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Адкуль-жа войны й ростыркі між вамі? Ці ня стуль: з прыжадлівасьцяў вашых, што буяняць у чэлесах вашых?
Адкуль у вас свары і раздоры? ці не адгэтуль, ад пажаданьняў вашых, што варагуюць у чэлесах вашых?
Пажадаеце, а ня маеце; забіваеце й завідуеце, ды ня можаце асягнуць; сварыцеся й б’ецеся, а ня маеце таму, што не дамагаецеся.
Хочаце — і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце — і ня можаце дамагчыся; зводзіцеся і варагуеце — і ня маеце, бо ня просіце;
Просіце й не атрымліваеце, бо блага просіце: каб стравіць у вашых похацях.
Просіце — і не атрымліваеце, бо просіце не на добрае, а каб ужыць на пажаданьні вашыя.
Блудадзейнікі, няўжо ня ведаеце, што прыязьнь гэтага сьвету ёсьць варожая Богу? Хто вось-жа хацеўбы прыязьніцца з гэтым сьветам, стаецца ворагам Бога.
Пералюбнікі і пералюбніцы! ці ж ня ведаеце, што дружба са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога! Дык вось, хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу.
ціж, думаеце, надарма Пісанне гавора: «аж да запаздросьлівасьці любіць дух, што ў вас жыве»?
Альбо вы думаеце, што дарэмна кажа Пісаньне: «да зайздры любіць дух, які жыве ў нас»?
Але тым-большую дае ласку; таму й сказана: «Бог пышным працівіцца, а пакорным дае ласку» (Прып. 3:34).
Але тым большую дае мілату; таму і сказана: «Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату».
паддавайцеся тады Богу, а супраціўляйцеся дзьяблу, дык уцячэ ад вас.
Дык вось, упакорцеся Богу; усупраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас;
Прыбліжайцеся да Бога, а прыблізіцца да вас. Ахайце рукі, грэшнікі, ачысьцьце сэрцы двудушнікі.
да Бога наблізьцеся, і наблізіцца да вас; ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя;
Скрушэцеся, плачце і сумуйце, сьмех ваш у журбу хай абернецца, а радасьць у жаль.
смуткуйце, плачце і галасеце: сьмех ваш няхай абернецца ў плач, а радасьць — у смутак.
Супакорцеся перад Богам, а узвышыць вас.
Упакорцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас.
Не абражайце, браты, адзін другога. Хто абражае ці асуджае свайго брата, то абражае й судзіць закон, то ты ня выканальнік закону, а судзьдзя.
Не ліхаслоўце адзін аднаго, браты: хто ліхасловіць брата альбо судзіць брата свайго, той ліхасловіць і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, дык ты не выканаўца закона, а судзьдзя.
Адзін ёсьць заканадаўча й судзьдзя, які можа загубіць і выбавіць. А хтож ты, што судзіш бліжняга?
Адзін Заканадаўца і Судзьдзя, Які можа і ўратаваць і загубіць: а ты хто, што судзіш іншага?
Вось вы цяпер кажаце: «Сяння, або заўтра пойдзем да таго-там места, пражывём год і будзем гандляваць ды зарабляць» — вы, якія ня ведаеце, што будзе ўзаўтра;
Цяпер паслухайце вы, што гаворыце: сёньня ці заўтра мы выправімся ў такі-а-такі горад і пражывём там адзін год, і будзем гандляваць і зарабляць;
што бо такое вашае жыцьцё? Пара, што на хвілінку зьяўляецца ды гіне.
вы, што ня ведаеце, што будзе заўтра: бо што такое жыцьцё ваша? пара, якая зьяўляецца на кароткі час, а потым зьнікае.
Умест таго каб сказаць: «Калі Бог пазволіць», або: «калі жывы будзем, зробім тое ці сёе»,
Замест таго, каб вам сказаць: як захоча Гасподзь і будзем жывыя, дык зробім тое ці іншае,
вы надута самаўпэўніваецеся. Такое ўсякае пустахвальства — гэта ганьба.
вы, у ганарыстасьці сваёй, славалюбнічаеце: усякае такое пустахвальства ёсьць зло.
Вось-жа — грэх таму, хто ўмее рабіць дабро, а ня робіць.
Дык вось, хто ўмее рабіць дабро і ня робіць, на тым грэх.