Якава 4 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна
Адкуль-жа войны й ростыркі між вамі? Ці ня стуль: з прыжадлівасьцяў вашых, што буяняць у чэлесах вашых?
Адкуль войны і звадкі між вамі? Ці не адсюль, з [пажаданьня] асалодаў вашых, якія змагаюцца ў членах вашых?
Пажадаеце, а ня маеце; забіваеце й завідуеце, ды ня можаце асягнуць; сварыцеся й б’ецеся, а ня маеце таму, што не дамагаецеся.
Вы жадаеце і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце, і ня можаце атрымаць, вадзіцеся і ваюеце; а ня маеце дзеля таго, што ня просіце.
Просіце й не атрымліваеце, бо блага просіце: каб стравіць у вашых похацях.
Просіце і не атрымліваеце, бо блага просіце, каб выдаткаваць дзеля асалоды вашай.
Блудадзейнікі, няўжо ня ведаеце, што прыязьнь гэтага сьвету ёсьць варожая Богу? Хто вось-жа хацеўбы прыязьніцца з гэтым сьветам, стаецца ворагам Бога.
Чужаложнікі і чужаложніцы! Ці вы ня ведаеце, што сяброўства са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога? Дык хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу.
ціж, думаеце, надарма Пісанне гавора: «аж да запаздросьлівасьці любіць дух, што ў вас жыве»?
Ці вы думаеце, што надарма кажа Пісаньне: «Да рэўнасьці прагне Дух, Які жыве ў нас»?
Але тым-большую дае ласку; таму й сказана: «Бог пышным працівіцца, а пакорным дае ласку» (Прып. 3:34).
Але яшчэ большую дае ласку і дзеля гэтага кажа: «Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае».
паддавайцеся тады Богу, а супраціўляйцеся дзьяблу, дык уцячэ ад вас.
Дык падпарадкуйцеся Богу; супраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас.
Прыбліжайцеся да Бога, а прыблізіцца да вас. Ахайце рукі, грэшнікі, ачысьцьце сэрцы двудушнікі.
Наблізьцеся да Бога, і Ён наблізіцца да вас. Ачысьціце рукі, грэшнікі, выпраўце сэрцы, двудушныя!
Скрушэцеся, плачце і сумуйце, сьмех ваш у журбу хай абернецца, а радасьць у жаль.
Скрушайцеся, плачце і галасіце; няхай сьмех ваш пераменіцца ў плач, і радасьць — у смутак.
Супакорцеся перад Богам, а узвышыць вас.
Панізьцеся перад Госпадам, і Ён узвысіць вас.
Не абражайце, браты, адзін другога. Хто абражае ці асуджае свайго брата, то абражае й судзіць закон, то ты ня выканальнік закону, а судзьдзя.
Не ачарняйце, браты, адзін аднаго. Хто ачарняе брата і судзіць брата свайго, той ачарняе Закон і судзіць Закон. А калі ты судзіш Закон, ты не выканаўца Закону, але судзьдзя.
Адзін ёсьць заканадаўча й судзьдзя, які можа загубіць і выбавіць. А хтож ты, што судзіш бліжняга?
Адзін ёсьць Заканадаўца, Які можа збавіць і загубіць. А хто ты, які судзіш другога?
Вось вы цяпер кажаце: «Сяння, або заўтра пойдзем да таго-там места, пражывём год і будзем гандляваць ды зарабляць» — вы, якія ня ведаеце, што будзе ўзаўтра;
Паслухайце цяпер вы, якія кажаце: «Сёньня і заўтра пойдзем у такі і такі горад, і будзем там адзін год, і будзем гандляваць і зарабляць»,
што бо такое вашае жыцьцё? Пара, што на хвілінку зьяўляецца ды гіне.
вы, якія ня ведаеце, што [будзе] заўтра. Бо што такое жыцьцё вашае? Бо яно — пара, якая зьяўляецца на малы [час], а потым чэзьне.
Умест таго каб сказаць: «Калі Бог пазволіць», або: «калі жывы будзем, зробім тое ці сёе»,
Замест таго, каб гаварыць вам: «Калі Госпад захоча і будзем жывыя, зробім тое ці другое»,
вы надута самаўпэўніваецеся. Такое ўсякае пустахвальства — гэта ганьба.
вы цяпер праз пыху сваю хваліцеся. Усякая гэткая пахвальба ёсьць зло.
Вось-жа — грэх таму, хто ўмее рабіць дабро, а ня робіць.
Дык хто ведае, як рабіць дабро, і ня робіць, грэх таму.