Якава 5 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Дык жа цяпер, багацеі, плачце і галасіце ў горы, якое надыходзіць на вас.
Паслухайце цяпер вы, багатыя: плачча а зохайце над злыбедамі сваімі, што на вас прыходзяць.
Багацці вашы збуцвелі, адзенні вашы моль стачыла,
Багацьце вашае згніло, і адзецьці вашы зьедзены мольлю.
золата ваша і срэбра паржавела, ды ржа іх будзе сведчаннем супраць вас і, як агонь, будзе нішчыць целы вашы: назбіралі вы на апошнія дні.
Золата ваша а срэбра ваша зьедзена, і іржа іх будзе сьветчыць на вас і ізьесьць целы вашы, як агонь: вы зьберлі сабе скарбы на апошнія дні.
Вось жа, галосіць заробак работнікаў, што жалі на палях вашых, каторы вы затрымалі, і лямант жняцоў дайшоў да вушэй Госпада Сабаота.
Вось, плата работнікаў вашых, што зжалі поле вашае, задзяржаная вамі, гукае, і гуканьні тых жнеяў увыйшлі ў вушы Спадара войскаў.
Балявалі вы на зямлі ды жылі ў раскошы, напасвілі сэрцы вашы на дзень загубы.
Вы жылі раскошна на зямлі і буяна; укармілі сэрцы свае, бы на дзень зарэзу.
Засудзілі вы, забілі вы Справядлівага: Ён не супрацівіўся вам.
Вы засудзілі, забілі справядлівага; ён не працівіўся вам.
Дык будзьце цярплівымі, браты, аж да прыйсця Госпада. Вось, земляроб спадзяецца на каштоўны плод зямлі, цярпліва чакаючы, пакуль не атрымае ранні і позні дождж,
Дык, браты, майце цярплівосьць да прыходу Спадаровага. Вось, ралейнік чакае дарагога плоду ізь зямлі, маючы цярплівосьць, пакуль яна прыйме дождж раньні й позны.
гэтак і вы будзьце цярплівымі, умацоўвайце сэрцы вашы, бо набліжаецца прыйсце Госпадава.
Майце цярплівосьць і вы, умацуйце сэрцы свае, бо прыход Спадароў блізкі.
Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не былі асуджаны, вось, ужо ля дзвярэй стаіць Суддзя.
Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб ня быць засуджанымі: вось Судзьдзя стаіць ля дзьвярэй.
Прыклад пакут і цярплівасці, браты, бярыце ў прарокаў, каторыя прамаўлялі ў імя Госпада.
Бярыце прыклад, браты, зь цярпеньня а цярплівосьці прарокаў, што гукалі ў імя Спадарова.
Вось жа, мы называем шчаснымі тых, што вытрывалі. Вы чулі пра трываласць Ёва ды бачылі, што здзейсніў Госпад, бо Госпад вельмі міласэрны і літасцівы.
Вось, мы маем за дабраславёных тых, што трывалі. Вы чулі праз трываньне Ёвава і бачылі канец ягоны ад Спадара, бо Спадар вельма міласэрны а спагадлівы.
Перад усім, браты мае, не прысягайце ані небам, ані зямлёю, ані якой іншай прысягай, але няхай будзе ў вас: «так» — «так» і «не» — «не», каб не трапіць пад суд.
Але наўперад, браты мае, не прысягайце ані небам, ані зямлёю, ані якой іншай прысягаю, але няхай будзе ў вас «Але, але» і «Не, не», каб не падпасьці пад суд.
Смуткуе хто з вас? Хай моліцца. Усцешна на душы? Хай псальмы спявае.
Церпіць хто ліха з памеж вас? няхай моліцца; вясёлы хто? няхай пяець псальмы.
Хварэе хто з вас? Хай пакліча старэйшых царквы, ды хай яны моляцца за яго, намашчаючы яго алеем у імя Госпада.
Хворы хто з памеж вас? няхай пагукае старшых Царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеям у імя Спадарова, —
І малітва з верай збавіць хворага, і Госпад падыме яго; і, калі ён учыняў грахі, будуць яму дараваны.
І малітва веры ўздаровіць хворага, і Спадар падыйме яго; і, калі ён учыніў грахі, будуць дараваны яму.
Дык прызнавайцеся адны адным у грахах ды маліцеся адны за адных, каб атрымалі здароўе. Бо вялікую сілу мае настойлівая малітва справядлівага.
Вызнавайце ж адны адным грахі свае і маліцеся адны за адных, каб вы былі ўздароўлены: вялікую мае сілу гарачая малітва справядлівага.
Ілля быў чалавекам, падобным да нас, але малітваю маліўся, каб не было дажджу, і не ішоў дождж на зямлю тры гады і шэсць месяцаў.
Ільля быў чалавек падобны жарсьцьмі да нас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня было дажджу на зямлі тры гады і шэсьць месяцаў;
Затым зноў маліўся, і неба дало дождж, і зямля спарадзіла свой плод.
І ўзноў памаліўся: і неба дало дождж, і зямля вырасьціла плод свой.
Браты мае! Калі б хто з вас адышоў ад праўды, а хто другі яго навярнуў,
Браты мае, калі хто з вас блудзе ад праўды, і навярнуў яго хто,
ведаць павінен, што той, хто навярнуў грэшніка з аблуднай дарогі яго, збавіць душу ад смерці ды пакрые многа грахоў.
Ведай, што тый, хто навярнуў грэшніка з абмыльнае дарогі ягонае, спасець душу ад сьмерці і пакрые множасьць грахоў.