Якава 3 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Хай з вас многія не квапяцца быць настаўнікамі, браты мае, ведаючы, што тым цяжэйшы атрымаем прысуд.
Браты мае! ня многія рабецеся настаўнікамі, ведаючы, што мы тым большай асуды дастаём.
Бо ўсе мы шмат у чым грашым. Калі хто словам не грашыць, той дасканалы чалавек, які можа таксама ўтаймаваць усё цела сваё.
бо ўсе мы шмат грэшым; хто ня грэшыць у слове, той чалавек дасканалы, ён можа ацугляць і ўсё цела.
Калі акілзваем коней, каб слухаліся нас, то падпарадкоўваем усё іх цела.
Вось, мы ўкладваем кілзы коням у храпу, каб яны пакорыліся нам, і ўсім целам іхнім кіруем.
Вось, і караблі, хоць такія вялікія, і магутныя вятры іх носяць, а кіруюцца маленькім стырном туды, куды стырнавы захоча.
Вось, і караблі, хоць якія вялікія яны і хоць якімі моцнымі вятрамі гнаныя, невялікім стырном кіруюцца, куды хоча стырнік;
Так і язык, хоць малая частка цела, а шмат робіць. Вось, малы агеньчык вялікі лес падпальвае.
гэтак сама і язык — невялікі чэлес, але многа робіць. Паглядзі, невялікі вагонь як многа рэчыва паліць;
І язык — гэта агонь, асяродак усякай несправядлівасці. Язык так змешчаны паміж нашых членаў, што апаганьвае ўсё цела, ды, сам запалены пякельным агнём, запальвае кола жыцця.
і язык — вагонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены;
Бо ўсякая натура звяроў і птушак, гадаў ды марскіх жывёлін утаймоўваецца і ўтаймавана натурай чалавечай.
бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай,
Языка ж ніводзін чалавек не можа ўтаймаваць; і гэта — несупыннае ліха, поўнае смертаноснай атруты.
а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта — неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты.
Ім дабраслаўляем Госпада і Айца ды ім жа праклінаем людзей, якія створаны на падабенства Божае.
Ім дабраславім Бога і Айца, і ім праклінаем людзей, створаных у падабенстве да Бога.
З тых самых вуснаў выходзіць дабраславенне і праклён. Не павінна так быць, браты мае!
З тых самых вуснаў сыходзяць дабраславеньне і праклён; не павінна, браты мае, гэтак быць.
Ці ж з тае самае крыніцы можа выцякаць вада салодкая і горкая?
Хіба цячэ з адных вуснаў крыніцы салодкая і горкая вада?
Ці ж можа, браты мае, дрэва фігавае нараджаць аліўкі, або вінаградны куст — фігі? Не можа салёная крыніца даваць салодкую ваду.
Ня можа, браты мае, смакоўніца радзіць масьліны альбо вінаградная лаза смоквы; гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салёную і салодкую ваду.
Хто паміж вас мудры і разважлівы? Хай пакажа на справе добрымі паводзінамі і мудрай лагоднасцю.
Ці мудры і разумны хто з вас, дакажы гэта ў дзеях добрымі паводзінамі з мудрай пакораю.
Калі ж у сэрцах вашых маеце горкую зайздрасць і сварлівасць, дык не хваліцеся і не хлусіце супраць праўды.
Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, дык не хвалецеся і ня хлусеце на праўду:
Гэта не тая мудрасць, што з вышыні сыходзіць, але зямная, душэўная, шатанская.
гэта бо ня мудрасьць, што згары прыходзіць, а зямная, плоцкая, дэманская;
Бо дзе зайздрасць і сваркі, там бязладдзе ды ўсякая ліхая справа.
бо дзе зайздрасьць і зьвяга, там незлагадзь і ўсё ліхое.
А мудрасць, што з вышыні, перш за ўсё чыстая, пасля мірная, пакорлівая, лагодная, поўная міласэрнасці і добрых пладоў, бесстаронная ды некрывадушная.
А мудрасьць, якая прыходзіць згары, найперш — чыстая, потым — згодлівая, лагодная, пакорлівая, поўная мілажальнасьці і добрых пладоў, неадступная, і некрывадушная.
Плод жа праведнасці засяваецца ў міры тымі, што паводзяць сябе мірна.
А плод праўды ў міры сеецца творцамі міру.