Лукаша 3 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

У пятнаццатае лета панаваньня Тыберыя цэзара, калі Пілат Понтыцкі гаспадарыў у Юдэі, Ірад быў чацьвертаўладнікам у Галілеі, Піліп — брат ягоны — чацьвертаўладнікам у Ітурэі й Траханіцкай краіне, а Лізані — чацьвертаўладнікам у Авілінеі;
 

Пры архісьвятарах Ганьне й Кайяфе, быў голас Божы да Яна, сына Захарыя ў пустыні.
 

І ён прайходзіў па ўсіх ваколіцах Йарданскіх, абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў.
 

Як напісана ў кнізе слоў прароцтва Ісайі прарока: — голас усклікаючага ў пустыні: прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму.
 

Усякі дол няхай выпаўніцца і ўсякая гара й пагорак няхай зьнізяцца, крывізны выпрастаюцца і ўхабы згладзяцца.
 

І ўбачыць усякае цела збавеньне Божае.
 

І гаварыў людзям, калі прыйходзілі хрысьціцца да яго: — параджэньне гадаўя? хто паказаў вам уцякаць ад надыходзячага гневу?
 

Утварэце плён годны пакаяньня, і не пачынайце гаварыць сабе: — маем айца Абрагама; бо кажу вам — з камяньня гэтага Бог можа ўзьняць дзяцей Абрагаму.
 

Ужо й сякера пры карані дрэваў паложана: усякае дрэва, якое ня прыносіць добраго плёну, будзе сьсечана і ў агонь укінена.
 

І пыталі людзі ў яго: што-ж нам рабіць?
 

Ён-жа ў адказ ім казаў: — хто мае дзьве адзежыны, падзяліся з тым, хто ня мае; і хто мае ежу, няхай робіць таксама.
 

Прыйшлі й мытнікі хрысьціца й сказалі яму: — вучыцель! што нам рабіць?
 

Ён-жа сказаў ім: — нічога больш таго, што вам вызначана.
 

Пыталіся ў яго таксама й войны, кажучы: — а мы? што мы маем рабіць? і сказаў ім: — нікога не абірайце, нікога не абмаўляйце, і задавальняйцеся сваею заплатаю.
 

Народу-ж, які быў тады ў надзеі, і ўсе думалі ў сэрцах сваіх пра Яна — ці ня Хрыстос ён, —
 

Ян адказаў, гаворачы да усіх: — я вас хрышчу вадою, але йдзе Мацнейшы за мяне, у Яко я недастойны разьвязаць рамень абутку Ягонага; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём;
 

Веялка Яго ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё й зьбярэ пшаніцу ў сьвіран Свою, мякіну-ж спаліць агнём незгасальным.
 

І шмат чаго іншага навучальнага дабравесьціў людзям.
 

Ірад-жа чацьвертаўладнікам, якому Ян дакараў за Ірадыяду, жонку брата свайго, і за ўсё, што Ірад учыніў ліхое,
 

Прылажыў да ўсяго іншага й тое, што замкнуў Яна ў вязьніцу.
 

Было-ж, калі хрысьціўся ўвесь народ, і Ісус таксама хрысьціўся й маліўся, — разчынілася неба;
 

І Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цялесным выглядзе, як голуб, і быў голас з неба, прамаўляючы: Ты Сын Мой улюбены, у Табе Маё дабраволеньне.
 

Сам-жа Ісус, калі пачынаў Сваё служэньне, быў у веку лет трыццацёх, і быў, як думалі: сын Язэпаў, Іліеў;
 

Матфатаў, Левіін, Мелхіеў, Йанаеў, Язэпаў;
 

Маттафіеў, Амосаў, Навумаў, Эсьлімаў, Наггеяў;
 

Маафаў, Маттафіеў, Сэміеў, Язэпаў, Юдаў;
 

Йананаў, Рысаеў, Зарававеляў, Саляфіілаў, Нірыеў;
 

Мэлхіеў, Аддзіеў, Касамаў, Элмадамаў, Іраў;
 

Йасіеў, Эліезэраў, Йарымаў, Матфатаў, Левіеў;
 

Сымеонаў, Юдаў, Язэпаў, Йананаў, Эліякімаў;
 

Мелеаеў, Майнанаў, Маттафаеў, Нафанаў, Давыдаў;
 

Йессееў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў;
 

Амінадаваў, Арамаў, Йарамаў, Эсромаў, Фарэсаў, Юдаў;
 

Якубаў, Ісакаў, Абрагамаў, Фаранаў, Нахораў;
 

Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, Эвераў, Саланаў;
 

Кайнанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламехаў;
 

Мафусалаў, Янохаў, Йарэдаў, Малеляілаў, Кайнанаў;
 

Эносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.