Лукаша 4 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Ісус, у поўні Духа Сьвятога, вярнуўся з Йардану, і быў ведзены Духам у пустыню;
 

І праз сорак дзён быў спакушаны праз шатана, і нічога ня еў у тыя дні, а калі кончыліся дні тыя, адчуў голад.
 

Тады д'ябал сказаў Яму: — калі Ты Сын Божы, скажы каменю гэтаму, каб стаўся хлебам.
 

Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — напісана, што ня хлебам адзіным жыў будзе чалавек, але ўсякім словам Божым.
 

І ўзьвёў Яго д'ябал на высокую гару, і ўраз паказаў Яму ўсе гаспадарствы сьвету.
 

І сказаў Яму д'ябал: — аддам Табе ўладу над усімі імі й славу іхную, бо яны мне адданыя, і каму я хачу, таму я даю.
 

Вось калі Ты паклонішся мне — усё Тваё будзе.
 

Ісус у адказ сказаў яму: — адступіся ад Мяне, шатане, бо напісана: Госпаду Богу Твайму пакланяйся й Яму Адзінаму служы.
 

І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на высокім прысьценку храму ды сказаў Яму: — калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз.
 

Бо напісана: — ангелам Сваім запавядаў за Цябе, ахаваць Цябе.
 

І на руках панясуць Цябе, каб не спаткнуўся на камені нагою Тваею.
 

Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — сказана ёсць, — не спакушай Госпада Бога Твайго.
 

І закончыўшы ўсё спакушаньні, д'ябал адыйшоў ад Яго да часу.
 

І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася вестка пра Яго па ўсёй краіне.
 

І Ён навучаў у сынагогах іхных, і ўсе ўслаўлялі Яго.
 

І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і, подля звычаю Свайго, увайшоў у дзень сыботні ў сынагогу, і стаў да чытаньня.
 

Падалі Яму кнігу Ісайі прарока; і, разгарнуўшы яе, знайшоў месца, дзе было напісана:
 

— Дух Гасподні на Мне, і Ён памазаў Мяне — дабравесьціць паслаў Мяне, ацаляць струджаных сэрцам, абвяшчаць зьняволеным адпушченьне, сьляпым празрэньне, даць вызваленьне прыгнобленым;
 

Абвяшчаць лета Гасподняе прыемнае.
 

І, загарнуўшы кнігу, аддаў прыслужніку й сеў; вочы-ж усіх у сынагозе былі скіраваныя да Яго.
 

Тады пачаў гаварыць ім: — цяпер споўнілася Пісаньне гэтае прад вашым слыхам.
 

І ўсе засьветчылі гэта Яму. І дзівіліся ўсе з ласкавасьці словаў, якія выйходзілі з вуснаў Ягоных; і казалі: — ці не Язэпаў гэта сын?
 

Ён-жа сказаў ім: — вы, пэўна скажаце Мне прымаўку — лекару! ацалі Самога Сябе; зрабі тут, на бацькаўшчыне Тваёй, тое, што мы чулі было ў Капэрнауме.
 

І прамовіў: — па праўдзе кажу вам, ніякі прарок ня прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй.
 

І праўду кажу вам: многа ўдавіцаў было ў дні Ільлі, калі замкнёнае было неба праз тры гады й шэсьць месяцаў, і стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі;
 

І да ніводнай з іх ня быў пасланы Ільля, а толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.
 

І многа таксама было пракажоных у Ізраэлі за прарока Елісея, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, апрача Нэемана Сірыйца.
 

Пачуўшы гэта, усе ў сынагозе разьярыліся злосьцю.
 

І ўстаўшы, выгналі Яго з места й павялі на верх гары, на якой стаяла іхнае места, каб скінуць Яго;
 

Але Ён, прайшоўшы сярод іх, адыйшоў.
 

І прыйшоў у Капернаум, места Галілейскае, і там навучаў іх па сыботах.
 

І вельмі дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Ягоная.
 

Быў-жа ў сынагозе чалавек, які меў нячыстага духа шатанскага; і закрычаў ён моцным голасам, сказаўшы:
 

— пакінь! што Табе да нас, Ісус Назаранін? прыйшоў Ты загубіць нас? ведаю Цябе, Хто Ты — Сьвяты Божы.
 

Але Ісус загразіў яму, сказаўшы: — змоўкні й выйдзі з яго! і злыдух, паваліўшы яго пасярод сынагогі, выйшаў з яго, нічога яму не пашкодзіўшы.
 

І агарнуў усіх вялікі страх; і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што з уладаю й сілай загадвае нячыстым духам, і яны выйходзяць?
 

І разыйшлася мова пра Яго па ўсіх ваколічных мясцох.
 

Выйшаўшы з сынагогі Ён увайшоў у дом Сымона; цешча-ж Сымонава была ў вялікай гарачцы, і прасілі Яго за яе.
 

Стаўшы над ею, Ён забараніў гарачцы, і пакінула яе; яна ўраз устала й прыслугоўвала ім.
 

На захадзе сонца ўсе, якія мелі хворых рознымі нядугамі, прыводзілі іх да Яго; і Ён, пакладаючы на кажнага з іх рукі, аздараўляў іх.
 

Выйходзілі таксама й злыдухі з многіх, лемянтуючы й вымаўлыючы: — Ты Хрыстос, Сын Божы; але Ён забараняў і не даваў ім гаварыць, што яны ведаюць Хрыста Самога.
 

Калі-ж настаў дзень, Ён выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае месца; а народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, задзержваў Яго, каб не адыйходзіў ад іх.
 

Але Ён сказаў ім: — Я павінен і іншым местам дабравесьціць пра Ўладарства Божае, бо на тое Я пасланы.
 

І прапаведваў у сынагогах Галілейскіх.