Лукаша 4 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Ісус, у поўні Духа Сьвятога, вярнуўся з Йардану, і быў ведзены Духам у пустыню;
Ісус, поўны Духа Святога, вярнуўся ад Ярдана і быў Духам заведзены ў пустыню
І праз сорак дзён быў спакушаны праз шатана, і нічога ня еў у тыя дні, а калі кончыліся дні тыя, адчуў голад.
на сорак дзён, і быў спакушаны д’яблам. Ды не еў у тыя дні анічога, а калі яны скончыліся, захацеў есці.
Тады д'ябал сказаў Яму: — калі Ты Сын Божы, скажы каменю гэтаму, каб стаўся хлебам.
І сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты — Сын Божы, дык скажы гэтаму каменю, каб ён стаўся хлебам».
Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — напісана, што ня хлебам адзіным жыў будзе чалавек, але ўсякім словам Божым.
І адказвае яму Ісус: «Напісана: “Не хлебам адзіным жыве чалавек, але ўсякім словам Божым”».
І ўзьвёў Яго д'ябал на высокую гару, і ўраз паказаў Яму ўсе гаспадарствы сьвету.
Затым падняў Яго д’ябал на высокую гару і паказаў Яму ўсе царствы свету ў адзін момант,
І сказаў Яму д'ябал: — аддам Табе ўладу над усімі імі й славу іхную, бо яны мне адданыя, і каму я хачу, таму я даю.
і гаворыць Яму д’ябал: «Дам Табе ўсю ўладу над гэтым сусветам і яго славу, бо мне гэта дадзена, і я, каму хачу, таму даю яе.
Вось калі Ты паклонішся мне — усё Тваё будзе.
Дык калі Ты паклонішся перада мной, усё будзе Тваё».
Ісус у адказ сказаў яму: — адступіся ад Мяне, шатане, бо напісана: Госпаду Богу Твайму пакланяйся й Яму Адзінаму служы.
І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Адыдзі ад Мяне, шатан, бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, будзеш пакланяцца ды Яму аднаму служыць будзеш”».
І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на высокім прысьценку храму ды сказаў Яму: — калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз.
Затым завёў Яго ў Ерузалім, і паставіў Яго на версе святыні, і сказаў Яму: «Калі Ты — Сын Божы, дык кінься адгэтуль ўніз.
Бо напісана: — ангелам Сваім запавядаў за Цябе, ахаваць Цябе.
Бо напісана: “Загадаў Ён анёлам Сваім наконт Цябе, каб сцераглі Цябе”,
І на руках панясуць Цябе, каб не спаткнуўся на камені нагою Тваею.
ды: “На руках будуць насіць Цябе, каб не ўдарыўся аб камень нагою Сваёю”».
Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — сказана ёсць, — не спакушай Госпада Бога Твайго.
Адказаў яму Ісус: «Сказана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”».
І закончыўшы ўсё спакушаньні, д'ябал адыйшоў ад Яго да часу.
І, скончыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябал адступіўся ад Яго да часу.
І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася вестка пра Яго па ўсёй краіне.
І ў магутнасці Духа вярнуўся Ісус у Галілею, і чутка пра Яго разышлася па ўсёй краіне.
І Ён навучаў у сынагогах іхных, і ўсе ўслаўлялі Яго.
І Ісус навучаў у сінагогах іх, і ўзвялічваўся ўсімі.
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і, подля звычаю Свайго, увайшоў у дзень сыботні ў сынагогу, і стаў да чытаньня.
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і, па Сваім звычаі, у суботу ўвайшоў у сінагогу і падняўся чытаць.
Падалі Яму кнігу Ісайі прарока; і, разгарнуўшы яе, знайшоў месца, дзе было напісана:
І падалі Яму кнігу прарока Ісаі. І, калі разгарнуў кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана:
— Дух Гасподні на Мне, і Ён памазаў Мяне — дабравесьціць паслаў Мяне, ацаляць струджаных сэрцам, абвяшчаць зьняволеным адпушченьне, сьляпым празрэньне, даць вызваленьне прыгнобленым;
«Дух Госпада на Мне; таму Госпад Мяне намасціў, каб нёс добрую вестку ўбогім, паслаў Мяне лячыць раны зламаным сэрцам, прадказваць палонным свабоду, сляпым — відушчасць, а вязням — вызваленне,
Абвяшчаць лета Гасподняе прыемнае.
вясціць год спагадлівасці Госпада».
І, загарнуўшы кнігу, аддаў прыслужніку й сеў; вочы-ж усіх у сынагозе былі скіраваныя да Яго.
І пасля таго, як закрыў кнігу, аддаў прыслужніку і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі звернуты на Яго.
Тады пачаў гаварыць ім: — цяпер споўнілася Пісаньне гэтае прад вашым слыхам.
Ён пачаў тады казаць ім: «Сёння споўніліся толькі што вамі чутыя словы Пісання».
І ўсе засьветчылі гэта Яму. І дзівіліся ўсе з ласкавасьці словаў, якія выйходзілі з вуснаў Ягоных; і казалі: — ці не Язэпаў гэта сын?
Усе давалі Яму сведчанне і дзівіліся словам ласкі, што выходзілі з вуснаў Яго, і казалі: «Ці ж гэта не сын Язэпаў?»
Ён-жа сказаў ім: — вы, пэўна скажаце Мне прымаўку — лекару! ацалі Самога Сябе; зрабі тут, на бацькаўшчыне Тваёй, тое, што мы чулі было ў Капэрнауме.
А Ён гаворыць ім: «Хіба скажаце Мне гэту прымаўку: “Лекар, вылечы Самога Сябе. Учыні і тут, у бацькаўшчыне Сваёй, тое, што, чулі мы, учыніў Ты ў Кафарнаўме”».
І прамовіў: — па праўдзе кажу вам, ніякі прарок ня прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй.
І гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам, што ніводзін прарок не прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне.
І праўду кажу вам: многа ўдавіцаў было ў дні Ільлі, калі замкнёнае было неба праз тры гады й шэсьць месяцаў, і стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі;
Праўдзіва кажу вам: многа ўдоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было замкнёна на тры гады і шэсць месяцаў ды быў вялікі голад на ўсёй зямлі;
І да ніводнай з іх ня быў пасланы Ільля, а толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.
і да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, адно да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай.
І многа таксама было пракажоных у Ізраэлі за прарока Елісея, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, апрача Нэемана Сірыйца.
Таксама было многа пракажоных у Ізраэлі ў час Элісея прарока, але ніводзін з іх не быў ачышчаны, адно Нааман з Сірыі».
Пачуўшы гэта, усе ў сынагозе разьярыліся злосьцю.
Чуючы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся злосцю,
І ўстаўшы, выгналі Яго з места й павялі на верх гары, на якой стаяла іхнае места, каб скінуць Яго;
і паўскоквалі, і выгналі Яго за горад, ды ўзвялі Яго на верх гары, на якой стаяў горад іх, каб скінуць Яго.
Але Ён, прайшоўшы сярод іх, адыйшоў.
Але Ён, прайшоўшы між імі, адышоў.
І прыйшоў у Капернаум, места Галілейскае, і там навучаў іх па сыботах.
І сышоў у Кафарнаўм, горад галілейскі, і навучаў іх па суботах.
І вельмі дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Ягоная.
І дзівіліся з навукі Яго, бо з уладай былі словы Яго.
Быў-жа ў сынагозе чалавек, які меў нячыстага духа шатанскага; і закрычаў ён моцным голасам, сказаўшы:
І быў у сінагозе чалавек, апанаваны духам дэмана нячыстага. І закрычаў ён моцным голасам:
— пакінь! што Табе да нас, Ісус Назаранін? прыйшоў Ты загубіць нас? ведаю Цябе, Хто Ты — Сьвяты Божы.
«Пакінь, што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Ты прыйшоў губіць нас? Ведаю Цябе, Хто Ты ёсць, Святы Божы».
Але Ісус загразіў яму, сказаўшы: — змоўкні й выйдзі з яго! і злыдух, паваліўшы яго пасярод сынагогі, выйшаў з яго, нічога яму не пашкодзіўшы.
Але Ісус забараніў яму, кажучы: «Замаўчы ды выйдзі з яго». І дэман, кінуўшы яго на сярэдзіну, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.
І агарнуў усіх вялікі страх; і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што з уладаю й сілай загадвае нячыстым духам, і яны выйходзяць?
І ахапіў жах усіх; і разважалі разам між сабою, кажучы: «Што гэта за слова, што мае ўладу і магутнасць загадваць духам нячыстым, і тыя выходзяць?»
І разыйшлася мова пра Яго па ўсіх ваколічных мясцох.
І так чутка аб Ім разыходзілася ў кожнае месца краіны.
Выйшаўшы з сынагогі Ён увайшоў у дом Сымона; цешча-ж Сымонава была ў вялікай гарачцы, і прасілі Яго за яе.
Выйшаўшы з сінагогі, пайшоў Ён у дом Сімона. А цешча Сімона была ў вялікай гарачцы, дык прасілі Яго за яе.
Стаўшы над ею, Ён забараніў гарачцы, і пакінула яе; яна ўраз устала й прыслугоўвала ім.
І, стаўшы пры ёй, забараніў Ён гарачцы, і яна пакінула яе; і яна зараз жа, падняўшыся, паслугавала ім.
На захадзе сонца ўсе, якія мелі хворых рознымі нядугамі, прыводзілі іх да Яго; і Ён, пакладаючы на кажнага з іх рукі, аздараўляў іх.
А калі зайшло сонца, усе, што мелі хворых на ўсякія немачы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы рукі на кожнага, аздараўляў іх.
Выйходзілі таксама й злыдухі з многіх, лемянтуючы й вымаўлыючы: — Ты Хрыстос, Сын Божы; але Ён забараняў і не даваў ім гаварыць, што яны ведаюць Хрыста Самога.
З многіх выходзілі таксама дэманы, якія крычалі і казалі: «Ты — Хрыстос, Сын Божы». І, забараняючы ім, не дазваляў гаварыць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос.
Калі-ж настаў дзень, Ён выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае месца; а народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, задзержваў Яго, каб не адыйходзіў ад іх.
А калі настаў дзень, Ён, выйшаўшы, аддаліўся на пустыннае месца; і народ шукаў Яго і прыйшоў да Яго, і стараліся затрымаць, каб не адыходзіў ад іх.
Але Ён сказаў ім: — Я павінен і іншым местам дабравесьціць пра Ўладарства Божае, бо на тое Я пасланы.
Але Ён гаворыць ім: «Трэба, каб Я і іншым гарадам абвяшчаў добрую вестку пра Валадарства Божае, бо Я дзеля гэтага пасланы».
І прапаведваў у сынагогах Галілейскіх.
І далей навучаў у сінагогах Галілеі.