Лукаша 4 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад В. Гадлеўскага
Ісус, у поўні Духа Сьвятога, вярнуўся з Йардану, і быў ведзены Духам у пустыню;
А Езус, поўны Духа сьвятога, вярнуўся ад Ярдану і быў ведзены Духам у пустыню,
І праз сорак дзён быў спакушаны праз шатана, і нічога ня еў у тыя дні, а калі кончыліся дні тыя, адчуў голад.
праз сорак дзён, і быў спакушваны д’яблам. І нічога ня еў у гэтыя дні, а калі яны скончыліся, пачаў голад.
Тады д'ябал сказаў Яму: — калі Ты Сын Божы, скажы каменю гэтаму, каб стаўся хлебам.
І сказаў яму д’ябал: Калі ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён стаўся хлебам.
Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — напісана, што ня хлебам адзіным жыў будзе чалавек, але ўсякім словам Божым.
І адказаў яму Езус: Напісана ёсьць, што «не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам Божым» (Паўл. Пр. 8:3).
І ўзьвёў Яго д'ябал на высокую гару, і ўраз паказаў Яму ўсе гаспадарствы сьвету.
І завйў яго д’ябал на гару высокую і паказаў яму ўсе каралеўствы сьвету ў момант часу,
І сказаў Яму д'ябал: — аддам Табе ўладу над усімі імі й славу іхную, бо яны мне адданыя, і каму я хачу, таму я даю.
і сказаў яму: Табе аддам усю гэтую ўладу і славу іх, бо яны мне адданы, і каму хачу, даю іх.
Вось калі Ты паклонішся мне — усё Тваё будзе.
Дык ты, калі паклонісься мне, усё тваё будзе.
Ісус у адказ сказаў яму: — адступіся ад Мяне, шатане, бо напісана: Госпаду Богу Твайму пакланяйся й Яму Адзінаму служы.
І адказваючы Езус сказаў яму: Напісана ёсьць: «Пану Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы» (Паўл. Пр. 6:13).
І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на высокім прысьценку храму ды сказаў Яму: — калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз.
І завёў яго ў Ерузалім, і паставіў яго на крыле сьвятыні, і сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз.
Бо напісана: — ангелам Сваім запавядаў за Цябе, ахаваць Цябе.
Бо ёсьць напісана: што «анёлам сваім загадаў аб табе, каб сьцераглі цябе»,
І на руках панясуць Цябе, каб не спаткнуўся на камені нагою Тваею.
і «што на руках панясуць цябе, каб часам ня ўдарыў аб камень нагі сваей» (Пс. 90:11-12).
Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — сказана ёсць, — не спакушай Госпада Бога Твайго.
І адказваючы Езус сказаў яму: Сказана ёсьць: «не спакушай Пана Бога твайго» (Паўл. Пр. 6:16).
І закончыўшы ўсё спакушаньні, д'ябал адыйшоў ад Яго да часу.
І скончыўшы ўсё кушэньне, д’ябал адыйшоў ад яго аж да часу.
І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася вестка пра Яго па ўсёй краіне.
І вярнуўся Езус у моцы Духа ў Галілею і разыйшлася весьць аб ім па ўсей краіне.
І Ён навучаў у сынагогах іхных, і ўсе ўслаўлялі Яго.
А ён навучаў па іхных бажніцах і ўсімі быў слаўлены.
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і, подля звычаю Свайго, увайшоў у дзень сыботні ў сынагогу, і стаў да чытаньня.
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны. І ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў бажніцу, і ўстаў, каб чытаць.
Падалі Яму кнігу Ісайі прарока; і, разгарнуўшы яе, знайшоў месца, дзе было напісана:
І падалі яму кнігу Ізаія прарока. І адчыніўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана:
— Дух Гасподні на Мне, і Ён памазаў Мяне — дабравесьціць паслаў Мяне, ацаляць струджаных сэрцам, абвяшчаць зьняволеным адпушченьне, сьляпым празрэньне, даць вызваленьне прыгнобленым;
«Дух Пана нада мною, дзеля гэтага намасьціў мяне, каб абвяшчаць эванэлію ўбогім. Паслаў мяне аздараўляць скрышаных сэрцам,
Абвяшчаць лета Гасподняе прыемнае.
абвяшчаць вязьням збаўленьне і сьляпым зрок, выпусьціць на волю прыгнечаных, абвясьціць год Пана прыемны і дзень адплаты» (Із. 61:1-2).
І, загарнуўшы кнігу, аддаў прыслужніку й сеў; вочы-ж усіх у сынагозе былі скіраваныя да Яго.
І зачыніўшы кнігу, аддаў слузе і сеў. А вочы ўсіх у бажніцы былі зьвернены на яго.
Тады пачаў гаварыць ім: — цяпер споўнілася Пісаньне гэтае прад вашым слыхам.
Ён-жа пачаў гаварыць да іх: Што сяньня споўнілася гэтае пісаньне ў вушах вашых.
І ўсе засьветчылі гэта Яму. І дзівіліся ўсе з ласкавасьці словаў, якія выйходзілі з вуснаў Ягоных; і казалі: — ці не Язэпаў гэта сын?
І ўсе давалі яму пасьведчаньне і дзівіліся з стройнасьці слоў, якія выходзілі з ягоных вуснаў і казалі: Ці ж ён ня сын Язэпаў?
Ён-жа сказаў ім: — вы, пэўна скажаце Мне прымаўку — лекару! ацалі Самога Сябе; зрабі тут, на бацькаўшчыне Тваёй, тое, што мы чулі было ў Капэрнауме.
І сказаў ім: Вы пэўне скажаце мне гэтае падабенства: «Лекару, вылячы самога сябе. Якія вялікія рэчы, мы чулі, дакананы ў Капарнауме, зрабі і тут у бацькаўшчыне тваей».
І прамовіў: — па праўдзе кажу вам, ніякі прарок ня прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй.
І сказаў: Сапраўды кажу вам, што ніякі прарок ня ёсьць прыняты ў бацькаўшчыне сваей.
І праўду кажу вам: многа ўдавіцаў было ў дні Ільлі, калі замкнёнае было неба праз тры гады й шэсьць месяцаў, і стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі;
Папраўдзе вам кажу: Многа было ўдоваў у Ізраілю ў дні Гальяша, калі неба было зачынена праз тры гады і шэсьць месяцаў, калі настаў вялікі голад па ўсей зямлі;
І да ніводнай з іх ня быў пасланы Ільля, а толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.
і да ніводнай з іх ня быў пасланы Гальяш, адно толькі ў Сарэпту сыдонскую, да жанчыны ўдавы.
І многа таксама было пракажоных у Ізраэлі за прарока Елісея, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, апрача Нэемана Сірыйца.
І было многа пракажаных у Ізраілю за Елісея прарока, і ніхто з іх ня быў ачышчаны, апрача Наамана Сырыйца.
Пачуўшы гэта, усе ў сынагозе разьярыліся злосьцю.
А чуючы гэтае, усе ў бажніцы былі поўны гневу.
І ўстаўшы, выгналі Яго з места й павялі на верх гары, на якой стаяла іхнае места, каб скінуць Яго;
І ўсталі, і выкінулі яго за места, і завялі яго аж на верх гары, на каторай было пабудованае іхнае места, каб скінуць яго.
Але Ён, прайшоўшы сярод іх, адыйшоў.
Ён-жа, прайшоўшы пасярод іх, адыйшоў.
І прыйшоў у Капернаум, места Галілейскае, і там навучаў іх па сыботах.
І прыйшоў у Капарнаум, места галілейскае, і там навучаў іх суботамі.
І вельмі дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Ягоная.
І вельмі дзівіліся з навукі ягонай, бо з уладаю была мова яго.
Быў-жа ў сынагозе чалавек, які меў нячыстага духа шатанскага; і закрычаў ён моцным голасам, сказаўшы:
А ў бажніцы быў чалавек, маючы нячыстага духа, і закрычаў вялікім голасам,
— пакінь! што Табе да нас, Ісус Назаранін? прыйшоў Ты загубіць нас? ведаю Цябе, Хто Ты — Сьвяты Божы.
кажучы: Пакінь, што табе да нас, Езусе Назарэнскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Знаю цябе, хто ты ёсьць, Сьвяты Божы.
Але Ісус загразіў яму, сказаўшы: — змоўкні й выйдзі з яго! і злыдух, паваліўшы яго пасярод сынагогі, выйшаў з яго, нічога яму не пашкодзіўшы.
І насварыўся на яго Езус, кажучы: Замоўкні і выйдзі з яго. І д’ябал, кінуўшы яго пасярод, выйшаў з яго і нічога яму не пашкодзіў.
І агарнуў усіх вялікі страх; і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што з уладаю й сілай загадвае нячыстым духам, і яны выйходзяць?
І агарнуў усіх страх, і гаварылі паміж сабою, кажучы: Што гэта за слова такое, што з уладаю і сілаю загадывае нячыстым духам і выходзяць?
І разыйшлася мова пра Яго па ўсіх ваколічных мясцох.
І разыходзілася слава аб ім па ўсякім месцы краіны.
Выйшаўшы з сынагогі Ён увайшоў у дом Сымона; цешча-ж Сымонава была ў вялікай гарачцы, і прасілі Яго за яе.
Езус-жа, устаўшы з бажніцы, увайшоў у дом Сымона. А цешча Сымонава была ў вялікай гарачцы, і прасілі яго за яе.
Стаўшы над ею, Ён забараніў гарачцы, і пакінула яе; яна ўраз устала й прыслугоўвала ім.
І стаўшы над ёю, загадаў гарачцы, і пакінула яе. І зараз-жа ўстаўшы, паслугавала ім.
На захадзе сонца ўсе, якія мелі хворых рознымі нядугамі, прыводзілі іх да Яго; і Ён, пакладаючы на кажнага з іх рукі, аздараўляў іх.
А калі зайшло сонца, усе, што мелі хварэючых на розныя хваробы, прыводзілі іх да яго. Ён-жа, кладучы на кожнага рукі, аздараўляў іх.
Выйходзілі таксама й злыдухі з многіх, лемянтуючы й вымаўлыючы: — Ты Хрыстос, Сын Божы; але Ён забараняў і не даваў ім гаварыць, што яны ведаюць Хрыста Самога.
А выходзілі з многіх д’яблы, крычачы і кажучы: Што ты ёсьць Сын Божы. І насварыўшыся, не пазваляў ім гаврыць, бо ведалі, што ён ёсьць Хрыстус.
Калі-ж настаў дзень, Ён выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае месца; а народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, задзержваў Яго, каб не адыйходзіў ад іх.
А калі настаў дзень, ён, выйшаўшы, пайшоў у пустыннае месца. А грамады шукалі яго, і прыйшлі аж да яго, і затрымоўвалі яго, каб не адыходзіў ад іх.
Але Ён сказаў ім: — Я павінен і іншым местам дабравесьціць пра Ўладарства Божае, бо на тое Я пасланы.
Ён сказаў ім: Што трэба мне і іншым местам абвяшчаць каралеўства Божае, бо на гэта я пасланы.
І прапаведваў у сынагогах Галілейскіх.
І навучаў па бажніцах Галілеі.