Лукаша 9 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад В. Гадлеўскага
Прызваўшы-ж дванаццацёх, даў ім сілу і ўладу над усімі злыдухамі й на лекаваньне хворых.
Склікаўшы-ж дванаццацёх апосталаў, даў ім моц і ўладу над усімі д’ябламі і каб аздараўляць хваробы.
І паслаў іх абвяшчаць Уладарства Божае й ацаляць нядужных.
І паслаў іх абвяшчаць каралеўства Божае і аздараўляць хворых.
І сказаў ім: — нічога не бярэце ў дарогу: ані кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, ані дзьвёх адзежын ня майце.
І сказаў да іх: Нічога не бярэце ў дарогу, нікія, ні торбы, ні хлеба, ні грашэй, і ня мейце па дзьве вопраткі.
І ў які дом увойдзеце, там аставайцеся, і адтуль выходзьце.
І які-колечы дом увойдзеце, там аставайцеся і адтуль ня выходзьце.
А калі вас дзе ня прыймуць, то выйходзячы з места таго, атрасеце й пыл з ног вашых, у сьветчаньне на іх.
А каторыя-б не прынялі вас, выходзячы з гэнага гораду, абтрасеце нават пыл з вашых ног на пасьведчаньне проціў іх.
І, выйшаўшы, яны прайходзілі з паселішча ў паселішча, абвяшчаючы Евангельле і ўсюды творачы ацаленьні.
Яны-ж выйшаўшы, абходзілі па мястэчках, абвяшчаючы эванэлію і аздараўляючы ўсюды.
Ірад-жа чацьвертаўладнік, дачуўшыся пра ўсё, што дзеялася праз Яго, быў зьбянтэжаны; бо некаторыя гаварылі, што гэта Ян устаў з мёртвых;
Пачуў-жа Гэрад тэтрарха аб усім, што дзеялася праз яго і сумневаўся, таму што некаторыя гаварылі, што Ян устаў з умерлых,
Іншыя-ж, — што зьявіўся Ільля, а іншыя, што адзін з даўнейшых прарокаў устаў.
а некаторыя, што Гальяш зьявіўся, іншыя-ж, што прарок адзін з старадаўных устаў.
І сказаў Ірад: — Яну я сьняў галаву, дык хто-ж Гэты, пра Якога чую такое? і стараўся пабачыць Яго.
І сказаў Гэрад: Яна я сьцяў, хто-ж ёсьць гэты, аб каторым я такое чую? І стараўся пабачыць яго.
Апосталы-ж, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны стварылі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, аддаліўся самотна ў пустыннае мясца, недалёка ад места Віфсаіды.
І вярнуўшыся апосталы расказалі яму, што-колечы яны зрабілі. І ўзяўшы іх, адыйшоў асобна на пустыннае месца, каторае ёсьць каля Бэтсайды.
Але народ, дачуўшыся, пайшоў за Ім; і Ён прыняў іх, і гаварыў ім пра Уладарства Божае, а патрабуючых ацаленьня аздараўляў.
Калі аб гэтым даведаліся грамады, пайшлі за ім. І прыняў іх, і гаварыў ім аб каралеўстве Божым, а тых, каторыя патрабавалі лячэньня, аздараўляў.
Дзень-жа пачаў схіляцца да вечара. І прыступілі да Яго дванаццацёх, кажучы Яму: — адпусьці народ, каб пайшоўшы ў сёлы й пасёлкі навакольныя, знайшлі сабе начлег і ежу, бо мы тут у пустынным мясцы.
Дзень-жа пачаў заходзіць. І прыступіўшы, дванаццацёх, сказалі яму: Адпраў грамады, каб яны пайшоўшы ў мястэчкі і сялібы, каторыя ёсьць навакол, закватэраваліся і знайшлі ежу, бо мы тут у месцы пустынным.
Але Ён сказаў ім: — вы самі дайце ім есьці; яны сказалі: няма ў нас нічога больш, як толькі пяць хлябін і дзьве рыбы; хіба-ж не пайці нам купіць ежы для гэтых людзей?
Ён-жа сказаў да іх: Вы дайце ім есьці. А яны сказалі: У нас няма болей як пяць хлябоў і дзьве рыбы; хіба нам пайсьці і купіць ежы на ўсю гэтую грамаду.
Было-ж там блізу пяцёх тысяч чалавек, тады сказаў Ён вучням Сваім: — рассадзеце іх радамі па пяцьдзясят.
Было-ж мужчын каля пяцёх тысяч. І сказаў да сваіх вучняў: Разсадзеце іх радамі па пяцьдзесят.
І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.
І зрабілі так, і разсадзілі ўсіх.
І ўзяўшы пяць хлябоў і абедзьве рыбы, Ён, узглянуўшы на неба, дабрасловіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі народу.
Узяўшы-ж пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў у неба, і багаславіў іх, і ламаў, і раздаваў вучням сваім, каб клалі перад грамадамі.
І елі ўсе і здаволіліся, і назьбіралі астачы кускоў дванаццаць корабаў.
І елі ўсе, і наеліся. І набралі, што асталося пасьля іх, дванаццаць кашоў кавалкаў.
Было-ж аднойчы, калі Ён маліўся насамоце, і вучні былі з Ім, і спытаўся ў іх, кажучы: — за каго ўважаюць Мяне людзі?
І сталася, калі ён быў адзін молячыся, былі з ім і вучні. І спытаўся ў іх, кажучы: За каго мяне маюць грамады?
Яны-ж у адказ сказалі: — за Яна Хрысьціцеля, а іншыя — за Ільлю, іншыя гавораць, што адзін з прарокаў старадаўных уваскрос.
А яны адказалі і сказалі: За Яна Хрысьціцеля, іншыя-ж за Гальяша, а іншыя, што прарок адзін з першых устаў.
Ён-жа спытаўся ў іх: — за каго-ж вы ўважаеце Мяне; і ў адказ Пётра: — за Хрыста Божага.
Ён-жа сказаў ім: А вы за каго мяне маеце? Адказваючы Сымон Пётр сказаў: За Хрыстуса Божага.
І Ён цьвёрда заказаў ім нікому пра гэта не гаварыць,
А ён пагразіўшы ім, загадаў, каб нікому не гаварылі гэтага,
Кажучы, што Сыну Чалавечаму належыць многа адцярпець і быць здраджанаму праз старшыняў і архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і ў трэйці дзень уваскроснуць.
кажучы: Што трэба Сыну чалавечаму многа цярпець, і быць узгарджаным старшымі, і архісьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і трэцяга дня ускрэснуць.
Да ўсіх-жа сказаў: — калі хто хоча йсьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе і возьме крыж свой ды йдзе за Мною.
І гаварыў да ўсіх: Калі хто хочы ісьці за мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і возьме крыж свой на штодзень, і няхай ідзе за мною.
Бо калі хто хоча душу сваю зьберачы, загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той зьберажэ яе.
Бо хто-б хацеў захаваць жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, захавае яго.
І што за карысьці чалавеку здабыць увесь сьвет, сябе-ж самога загубіць, ці пашкодзіць сабе?
Бо якую карысьць мае чалавек, калі-б ён увесь сьвет здабыў, а сябе самога загубіў, і сабе шкоду зрабіў?
Бо хто пасаромеецца Мяне й слоў Маіх, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Айца й сьвятых ангелаў.
Бо хто паўстыдаецца мяне і маіх слоў, таго паўстыдаецца Сын чалавечы, калі прыйдзе ў славе сваей і Айца і сьвятых анёлаў.
Кажу-ж вам праўдзіва: некаторыя з тых, якія тут стаяць, не зазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Уладарства Божага.
Кажу-ж вам сапраўды: Ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць каралеўства Божага.
Дзеелася-ж дзён праз восем пасьля слоў гэтых: узяўшы Пятра, Яна й Якуба, узыйшоў на гару памаліцца.
Сталася-ж пасьля гэтых слоў каля васьмі дзён, і ўзяў Пятра і Якуба і Яна, і ўзыйшоў на гару, каб памаліцца.
І сталася: калі маліўся, выгляд аблічча ў Ягонага зьмяніўся, і адзеньне Ягонае сьвяцілася белізною.
І калі ён маліўся, выгляд твару ягонага стаўся іншым, і адзеньне ягона белае і бліскучае.
І два мужы размаўлялі з Ім, а былі яны — Майсей і Ільля.
І вось два мужы гаварылі з ім; а былі Майсей і Гальяш,
Зьявіўшыся ў славе, яны гаварылі пра адыход Ягоны, які меўся стацца ў Ерусаліме.
зьявіўшыся ў славе; і гаварылі аб адыходзе ягоным, якога ён меў даканаць у Ерузаліме.
Пётра й тыя, хто былі з ім, былі абцяжаныя сном; абудзіўшыся, яны абачылі вялічнасць Ягоную, і двух мужоў, якія стаялі з Ім.
Пётр-жа і тыя, што былі з ім, былі абцяжаны сном. І прачнуўшыся, яны ўбачылі славу яго і двух мужоў, якія стаялі з ім.
І калі яны адыйходзілі ад Яго, сказаў Пётра Ісусу: — Вучыцель! добра нам тут быць; паставім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну й адну Ільлі, — ня ведаючы, што кажа.
І сталася, калі адыходзілі ад яго, сказаў Пётр да Езуса: Вучыцель, добра нам тут быць; і зрабем тры палаткі, адну табе, і адну Майсею, і адну Гальяшу, — ня ведаючы, што гаварыў.
Калі-ж ён яшчэ гаварыў, наплыло воблака й агарнула іх; і перапужаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака.
Калі-ж ён гэтае гаварыў, стаўся воблак і ахінуў іх, і збаяліся, калі тыя ўваходзілі ў воблак.
І быў з воблака голас, прамаўляючы: — гэта Сын Мой Улюбёны, Яго слухайце.
І стаўся голас з воблаку, кажучы: Гэта Сын мой мілы, яго слухайце.
І калі пачуўся той голас, Ісус застаўся адзін; і яны змоўчалі, і нікому нічога не гаварылі ў тыя дні пра тое, што бачылі.
А калі стаўся голас, знойдзены быў Езус адзін. А яны маўчалі, і нікому нічога не гаварылі ў гэныя дні аб тым, што бачылі.
Сталася-ж у наступны дзень, калі яны зыйходзілі з гары, сустрэла Яго вялікая грамада народу.
Сталася-ж у наступны дзень, калі яны зыходзілі з гары, пераняла іх вялікая грамада.
І вось чалавек з грамады ўсклікнуў, кажучы: — Вучыцель! малю Цябе, узглянь на сына майго, бо ён у мяне адзіны.
І вось чалавек з грамады закрычаў, кажучы: Вучыцель, малю цябе, узглянь на сына майго, бо ён адзін у мяне.
І вось дух хапае яго й кідае, і ён раптам крычыць і курчыцца й пеніць, і ледзьве адыйходзіць ад яго, намучыўшы яго.
І вось дух хватае яго, і раптам крычыць, і кідае і торгае яго, і ледзь адыходзіць, змучаўшы яго.
Я прасіў вучняў Тваіх, каб выгналі яго, і не змаглі.
І прасіў я вучняў тваіх, каб выгналі яго, і не маглі.
Ісус-жа ў адказ прамовіў: — о, родзе няверны й разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? прывядзі Мне сына твайго сюды.
Адказваючы-ж Езус сказаў: О родзе няверны і сапсуты, дакуль жа я буду ў вас і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго.
Калі-ж той яшчэ йшоў, нячысты кінуў яго й трос; але Ісус забараніў нячыстаму й ацаліў юнака, і аддаў яго бацьку ягонаму.
А калі падыходзіў, д’ябал кінуў яго і заторгаў.
І дзівіліся ўсе велічы Божай. Калі-ж усе дзіваваліся з усяго таго, што тварыў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:
І прыгразіў Езус духу нячыстаму і аздаравіў хлопца, і аддаў яго бацьку ягонаму.
— Улажэце ў вушы вашыя словы гэтыя: Сын Чалавечы мае быць выданы ў рукі чалавечыя.
І астаўпянелі ўсе дзеля вялікасьці Божай. Калі-ж усе дзівіліся з усяго, што чыніў, сказаў сваім вучням: Кладзеце вы ў сарцох вашых гэтыя словы: бо прыйдзе час, што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей.
Але яны не зразумелі слова гэтага, яно было закрытае для іх, і яны ня ўцямілі яго; а папытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.
Але яны не зразумелі гэтага слова, і было закрытае прад імі, так што не панялі яго; і баяліся пытацца ў яго аб гэтым слове.
Узнікла-ж у іх думка, хто-б з іх быў вялікшы?
І ўвайшла ў іх думка, хто з іх большы.
Ісус-жа, ведаючы помыслы сэрцаў іхных, узяў дзіця, паставіў яго прад Сабою;
А Езус, бачачы думкі сэрца іх, узяў дзіця і паставіў яго каля сябе
І сказаў ім: — хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прыймае, а хто прыме Мяне, той прыймае Таго, Хто паслаў Мяне; і хто з вас меншы за ўсіх, той будзе вялікшы.
і сказаў ім: Хто-б прыняў гэтае дзіця ў імя маё, мяне прыймае, а хто-б мяне прыняў, прыймае таго, хто паслаў мяне. Бо хто ёсьць меншы спаміж вас усіх, той большы ёсьць.
Тады Ян, азваўшыся, сказаў: — Вучыцель! бачылі мы некага, хто імём Тваім выганяў злыдухаў, і забаранілі яму, бо ён ня йдзе за намі.
Адказваючы-ж Ян сказаў: Вучыцель, мы бачылі нейкага ў імя тваё выганяючага д’яблаў і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.
І сказаў яму Ісус: не забараняйце, бо хто ня супроць вас, той за вас.
І сказаў да яго Езус: Не забараняйце, бо хто ня ёсьць проціў вас, за вас ёсьць.
І сталася, калі надыйходзілі дні выданьня Яго, аблічча Ягонае выказвала ўпэўненасьць іці ў Ерусалім.
І сталася, калі выпаўняліся дні ўзяцьця яго, і ён уцьвярдзіў свой твар, каб ісьці ў Ерузалім.
І паслаў вястуноў перад абліччам Сваім; і яны, пайшоўшы, ўвайшлі ў мястэчка Самаранскае, каб выканаць прыгатову для Яго.
І паслаў пасланцоў прад воблікам сваім; і ідучы яны ўвайшлі ў горад самаранаў, каб яму прыгатовіць.
Але там не прынялі Яго, бо выгляд Ягоны быў, як падарожніка да Ерусаліму.
І не прынялі яго, бо твар ягоны быў ідучага ў Ерузалім.
Абачыўшы-ж гэтае, вучні Ягоныя, Якуб і Ян, сказалі: — Госпадзе! ці хочаш, мы выпрасім агонь з нябёсаў, каб знішчыў іх.
Калі-ж увідзелі вучні ягоны, Якуб і Ян, сказалі: Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь зыйшоў з неба і спаліў іх?
Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім, кажучы: — ня ведаеце, у якім духу вы ёсьць.
А ён зьвярнуўшыся, насварыўся на іх, кажучы: Вы ня ведаеце, чыйго вы духа.
Бо Сын Чалавечы ня прыйшоў губіць душы чалавечыя, але выбаўляць; і пайшлі ў іншае паселішча.
Сын чалавечы ня прыйшоў губіць душаў, але збаўляць. І адыйшлі ў іншае мястэчка.
І было-ж, калі былі яны ў дарозе, хтось адзін сказаў Яму: — Госпадзе! пайду за Табою, куды-б Ты ні йшоў.
Сталася-ж, калі яны ішлі, у дарозе сказаў нейкі да яго: Пайду за табою, дзе толькі пойдзеш.
І сказаў яму Ісус: — лісы маюць норы, птушкі нябесныя гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе галаву прыкланіць.
Сказаў яму Езус: Лісіцы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын чалавечы ня мае дзе галавы скланіць.
Другому-ж сказаў: — ідзі сьледам за Мною; і той адказаў: — Госпадзе! дазволь мне перш пайці пахаваць айца майго.
І сказаў да другога: Ідзі за мною. А той сказаў: Пане, пазволь мне перш апйсьці і пахаваць бацьку майго.
Але Ісус сказаў яму: — пакінь умершым хаваць сваіх нябожчыкаў, а ты йдзі ды абвяшчай Дзяржаву Божую.
І сказаў яму Езус: Пакінь, няхай умерлыя хаваюць сваіх умерлых, а ты ідзі і абвяшчай каралеўства Божае.
Яшчэ іншы сказаў: — я пайду за Табою, Госпадзе! але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі.
І сказаў другі: Пайду за табою, Пане, але пазволь мне перш разстацца з тымі, хто дома ёсьць.
Ісус-жа сказаў яму: — той, хто палажыўшы руку сваю на арадла, азіраецца назад, — недастойны да Уладарства Божага.
Сказаў да яго Езус: Ніводзен, хто кладзе руку сваю на плуг і аглядаецца назад, ня прыдатны да каралеўства Божага.