Лукаша 9 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад В. Гадлеўскага
І згукаўшы двананцацёх вучанікаў Сваіх, даў ім моц а ўладу над усімі нячысьцікамі і лячыць ад хваробаў.
Склікаўшы-ж дванаццацёх апосталаў, даў ім моц і ўладу над усімі д’ябламі і каб аздараўляць хваробы.
І паслаў іх абяшчаць гаспадарства Божае і ўздараўляць хворых.
І паслаў іх абвяшчаць каралеўства Божае і аздараўляць хворых.
І сказаў ім: «Не бярыце нічога ў дарогу, ані посаха, ані капшука, ані хлеба, ані грошы, ані майце кажны двух адзецьцяў.
І сказаў да іх: Нічога не бярэце ў дарогу, нікія, ні торбы, ні хлеба, ні грашэй, і ня мейце па дзьве вопраткі.
І ў які-лень дом увыйдзеце, там заставайцеся і стуль адыходзьце.
І які-колечы дом увойдзеце, там аставайцеся і адтуль ня выходзьце.
А калі йдзе ня прыймуць вас, выходзячы зь места таго, атрасіце таксама й тый пыл із ног сваіх, на сьветчаньне на іх.
А каторыя-б не прынялі вас, выходзячы з гэнага гораду, абтрасеце нават пыл з вашых ног на пасьведчаньне проціў іх.
І вышаўшы, хадзілі скрозь па местачках, абяшчаючы Дабравесьць і ўздараўляючы ўсюдых.
Яны-ж выйшаўшы, абходзілі па мястэчках, абвяшчаючы эванэлію і аздараўляючы ўсюды.
Пачуў Гірад чацьвертнік праз усе, што Ён дзеяў, і заклапаціўся, бо некатрыя дзейкалі, што Яан ускрэс ізь мертвых;
Пачуў-жа Гэрад тэтрарха аб усім, што дзеялася праз яго і сумневаўся, таму што некаторыя гаварылі, што Ян устаў з умерлых,
А іншыя, што Ільля зьявіўся, і іншыя, што адзін із старавечных прарокаў ускрэс.
а некаторыя, што Гальяш зьявіўся, іншыя-ж, што прарок адзін з старадаўных устаў.
І сказаў Гірад: «Яана я сьцяў; хто ж ё гэта, праз каторага я чую такое?» І стараўся бачыць Яго.
І сказаў Гэрад: Яна я сьцяў, хто-ж ёсьць гэты, аб каторым я такое чую? І стараўся пабачыць яго.
І апосталы, зьвярнуўшыся, паведалі Яму, што зрабілі; і Ён, узяўшы іх, адышоў асобна на пустыннае месца места Віфсаіды.
І вярнуўшыся апосталы расказалі яму, што-колечы яны зрабілі. І ўзяўшы іх, адыйшоў асобна на пустыннае месца, каторае ёсьць каля Бэтсайды.
А груд, даведаўшыся, пайшоў за ім; і Ён веціў іх, і гукаў ім праз гаспадарства Божае, і ўздараўляў тых, што патрабавалі ўздараўленьня.
Калі аб гэтым даведаліся грамады, пайшлі за ім. І прыняў іх, і гаварыў ім аб каралеўстве Божым, а тых, каторыя патрабавалі лячэньня, аздараўляў.
І як дзень пачаў хінуцца да вечара, тады прыступілі двананцацёх і сказалі Яму: «Распусьці гурбу, каб яны пайшлі да акалічных местачкаў а сёлаў начаваць, каб знайшлі еміны, бо мы тут на пустынным месцу».
Дзень-жа пачаў заходзіць. І прыступіўшы, дванаццацёх, сказалі яму: Адпраў грамады, каб яны пайшоўшы ў мястэчкі і сялібы, каторыя ёсьць навакол, закватэраваліся і знайшлі ежу, бо мы тут у месцы пустынным.
Але Ён сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». Яны ж сказалі: «У нас няма балей за пяць букаткаў і дзьве рыбы; хіба пайсьці й купіць ежы ўсяму люду гэтаму?»
Ён-жа сказаў да іх: Вы дайце ім есьці. А яны сказалі: У нас няма болей як пяць хлябоў і дзьве рыбы; хіба нам пайсьці і купіць ежы на ўсю гэтую грамаду.
Бо іх было каля пяцёх тысячаў чалавекаў. Але Ён сказаў вучанікам Сваім: «Рассадзіце іх грудамі па пяцьдзясят».
Было-ж мужчын каля пяцёх тысяч. І сказаў да сваіх вучняў: Разсадзеце іх радамі па пяцьдзесят.
І яны зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.
І зрабілі так, і разсадзілі ўсіх.
Тады Ён узяў пяць букаткаў і дзьве рыбы, глянуўшы на неба, і дабраславіў іх, і ламіў, і даваў, вучанікам, пасуліць кажнаму з гурбы.
Узяўшы-ж пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў у неба, і багаславіў іх, і ламаў, і раздаваў вучням сваім, каб клалі перад грамадамі.
І елі, і пад’елі, і ўзялі лішніцы двананцаць кашоў кавалкаў.
І елі ўсе, і наеліся. І набралі, што асталося пасьля іх, дванаццаць кашоў кавалкаў.
І сталася, як Ён маліўся апрыч, што вучанікі Ягоныя былі зь Ім. І Ён папытаўся ў іх, кажучы: «За каго Мяне гурба мае?»
І сталася, калі ён быў адзін молячыся, былі з ім і вучні. І спытаўся ў іх, кажучы: За каго мяне маюць грамады?
Яны, адказуючы, сказалі: «За Яана Хрысьціцеля, а некатрыя за Ільлю, а іншыя, што адзін із старавечных прарокаў ускрэс».
А яны адказалі і сказалі: За Яна Хрысьціцеля, іншыя-ж за Гальяша, а іншыя, што прарок адзін з першых устаў.
Ён сказаў ім: «А вы за каго Мяне маеце?» Пётра, адказуючы, сказаў: «За Хрыста Божага.
Ён-жа сказаў ім: А вы за каго мяне маеце? Адказваючы Сымон Пётр сказаў: За Хрыстуса Божага.
Але Ён стродка расказаў нікому гэтага не казаць,
А ён пагразіўшы ім, загадаў, каб нікому не гаварылі гэтага,
Кажучы: «Сын Людзкі мае шмат цярпець, і быць адхіненым старцамі а найвышшымі сьвятарамі а кніжнікамі, і быць забітым, а на трэйці дзень ускрэснуць».
кажучы: Што трэба Сыну чалавечаму многа цярпець, і быць узгарджаным старшымі, і архісьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і трэцяга дня ускрэснуць.
І сказаў усім: «Калі хто хоча йсьці за Імною, адрачыся самога сябе, бяры крыж свой на кажны дзень і йдзі за Імною.
І гаварыў да ўсіх: Калі хто хочы ісьці за мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і возьме крыж свой на штодзень, і няхай ідзе за мною.
Бо хто хоча жыцьцё свае захаваць, тый згубе яго; а хто згубе жыцьцё свае дзеля Мяне, тый захавае яго.
Бо хто-б хацеў захаваць жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, захавае яго.
Бо што за карысьць людзіне прыдбаць увесь сьвет, а сябе самога загубіць альбо сабе пашкодзіць?
Бо якую карысьць мае чалавек, калі-б ён увесь сьвет здабыў, а сябе самога загубіў, і сабе шкоду зрабіў?
Бо хто засароміцца Мяне а словаў Маіх, таго Сын Людзкі засароміцца, як прыйдзе ў славе Сваёй а Айцовай а сьвятых ангілаў.
Бо хто паўстыдаецца мяне і маіх слоў, таго паўстыдаецца Сын чалавечы, калі прыйдзе ў славе сваей і Айца і сьвятых анёлаў.
«Бо кажу вам праўду: ё некатрыя із стаячых тут, каторыя не паспытаюцца сьмерці, пакуль не абачаць гаспадарства Божага».
Кажу-ж вам сапраўды: Ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць каралеўства Божага.
І сталася за дзён восьмі ад гэтае мовы, што, узяўшы Пётру, Яана а Якава, узышоў Ён на гару маліцца.
Сталася-ж пасьля гэтых слоў каля васьмі дзён, і ўзяў Пятра і Якуба і Яна, і ўзыйшоў на гару, каб памаліцца.
І сталася, як маліўся, што выгляд віду Ягонага адмяніўся, і адзецьце Ягонае стала белае, бліскучае.
І калі ён маліўся, выгляд твару ягонага стаўся іншым, і адзеньне ягона белае і бліскучае.
І вось, два мужы мужавалі зь Ім, каторыя былі Масей а Ільля.
І вось два мужы гаварылі з ім; а былі Майсей і Гальяш,
Зьявіўшыся ў славе, мужавалі праз выхад Ягоны, каторы Ён меў зьдзеяць у Ерузаліме.
зьявіўшыся ў славе; і гаварылі аб адыходзе ягоным, якога ён меў даканаць у Ерузаліме.
А Пётра а былыя зь ім ацяжараныя былі сном; а як прачхнуліся, абачылі славу Ягоную і двух мужоў, што стаялі зь Ім.
Пётр-жа і тыя, што былі з ім, былі абцяжаны сном. І прачнуўшыся, яны ўбачылі славу яго і двух мужоў, якія стаялі з ім.
І сталася, як яны адходзілі ад Яго, што Пётра сказаў Ісусу: «Вучыцелю, добра нам тут быць: зрабіма тры буданы, адзін Табе, і адзін Масею, і адзін Ільлі», ня ведаючы, што гукаў.
І сталася, калі адыходзілі ад яго, сказаў Пётр да Езуса: Вучыцель, добра нам тут быць; і зрабем тры палаткі, адну табе, і адну Майсею, і адну Гальяшу, — ня ведаючы, што гаварыў.
Як ён гэтак гукаў, найшоў булак і ахінуў іх; і яны спалохаліся, як увыйшлі ў булак.
Калі-ж ён гэтае гаварыў, стаўся воблак і ахінуў іх, і збаяліся, калі тыя ўваходзілі ў воблак.
І пачуўся голас із булаку, кажучы: «Гэта Сын Мой любовы; Яго слухайце».
І стаўся голас з воблаку, кажучы: Гэта Сын мой мілы, яго слухайце.
Як пачуўся голас гэты, Ісус застаўся адзін. І яны маўчэлі, і нікому не казалі тых дзён нічога з таго, што бачылі.
А калі стаўся голас, знойдзены быў Езус адзін. А яны маўчалі, і нікому нічога не гаварылі ў гэныя дні аб тым, што бачылі.
І сталася, што наступнога дня, як яны зышлі з узгорку, шмат гурбы пераняло Яго.
Сталася-ж у наступны дзень, калі яны зыходзілі з гары, пераняла іх вялікая грамада.
І вось, чалавек із гурбы загукаў, кажучы: «Вучыцелю! малю Цябе, глянь на сына майго, бо ён — адзінае дзяцё мае.
І вось чалавек з грамады закрычаў, кажучы: Вучыцель, малю цябе, узглянь на сына майго, бо ён адзін у мяне.
Яго хапае дух, і ён зьнецікі крычыць, і кідае ім ізь пенаю; і, раніўшы яго, ледзь адыходзе ад яго.
І вось дух хватае яго, і раптам крычыць, і кідае і торгае яго, і ледзь адыходзіць, змучаўшы яго.
І я прасіў вучанікаў Тваіх выгнаць яго, але яны не маглі».
І прасіў я вучняў тваіх, каб выгналі яго, і не маглі.
Ісус жа, адказуючы, сказаў: «О родзе няверны а крутадушны! пакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сына свайго сюды».
Адказваючы-ж Езус сказаў: О родзе няверны і сапсуты, дакуль жа я буду ў вас і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго.
І як тый яшчэ йшоў, нячысьцік ірваў яго і моцна кідаў; але Ісус зганіў нячысьціка, і ўздаравіў дзяцюка, і аддаў яго айцу ягонаму.
А калі падыходзіў, д’ябал кінуў яго і заторгаў.
І зумяваліся усі з магутнасьці сілы Божае. А як усі дзіваваліся з усяго, што ўчыніў Ісус, Ён сказаў вучанікам Сваім:
І прыгразіў Езус духу нячыстаму і аздаравіў хлопца, і аддаў яго бацьку ягонаму.
«Улажыце вы сабе ў вушы словы гэтыя: Сын Людзкі будзе выданы ў рукі людзкія».
І астаўпянелі ўсе дзеля вялікасьці Божай. Калі-ж усе дзівіліся з усяго, што чыніў, сказаў сваім вучням: Кладзеце вы ў сарцох вашых гэтыя словы: бо прыйдзе час, што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей.
Але яны не разумелі слова гэтага, і яно было цьмянае ім, каб яны не спатачылі яго; і пытацца ў яго праз гэтае слова баяліся.
Але яны не зразумелі гэтага слова, і было закрытае прад імі, так што не панялі яго; і баяліся пытацца ў яго аб гэтым слове.
Узьнікла сьпярэчка памеж іх, каторы зь іх быў бы найвялікшы.
І ўвайшла ў іх думка, хто з іх большы.
Ісус жа, ведаючы сьпярэчкі сэрца іхнага, узяўшы дзяцё, пастанавіў яго ля сябе
А Езус, бачачы думкі сэрца іх, узяў дзіця і паставіў яго каля сябе
І сказаў ім: «Хто прыйме дзяцё гэтае ў імя Мае, Мяне прыйме; а хто прыйме Мяне, прыйме таго, хто паслаў Мяне; бо хто найменшы памеж усіх вас, тый будзе вялікі».
і сказаў ім: Хто-б прыняў гэтае дзіця ў імя маё, мяне прыймае, а хто-б мяне прыняў, прыймае таго, хто паслаў мяне. Бо хто ёсьць меншы спаміж вас усіх, той большы ёсьць.
І Яан, адказуючы, сказаў: «Вучыцелю! мы бачылі чалавека, што імям Тваім выганяў нячысьцікаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзе з намі».
Адказваючы-ж Ян сказаў: Вучыцель, мы бачылі нейкага ў імя тваё выганяючага д’яблаў і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.
А Ісус сказаў яму: «Не бараніце, бо хто ня супроці нас, тый за нас».
І сказаў да яго Езус: Не забараняйце, бо хто ня ёсьць проціў вас, за вас ёсьць.
І сталася, як бліжэў час, што Ён меў быць узяты ўгару, Ён станаўко пастанавіў ісьці да Ерузаліму.
І сталася, калі выпаўняліся дні ўзяцьця яго, і ён уцьвярдзіў свой твар, каб ісьці ў Ерузалім.
І паслаў пасланцоў перад відзеньням Сваім; і яны пайшлі, і ўвыйшлі ў сяло самарскае, каб зрабіць прыгатову Яму.
І паслаў пасланцоў прад воблікам сваім; і ідучы яны ўвайшлі ў горад самаранаў, каб яму прыгатовіць.
І не прынялі Яго, бо відзеньне Ягонае было зьвернена да Ерузаліму.
І не прынялі яго, бо твар ягоны быў ідучага ў Ерузалім.
І, бачачы гэта, вучанікі Ягоныя, Якаў а Яан, сказалі: «Спадару! калі хочаш, мы скажам, каб агонь зышоў зь неба й спаліў іх, як і Ільля зрабіў?».
Калі-ж увідзелі вучні ягоны, Якуб і Ян, сказалі: Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь зыйшоў з неба і спаліў іх?
Але Ён, абярнуўшыся, зганіў іх, кажучы: «Ня ведаеце, чыйго вы духу;
А ён зьвярнуўшыся, насварыўся на іх, кажучы: Вы ня ведаеце, чыйго вы духа.
Бо Сын Людзкі ня прышоў губіць жыцьці людзкія, але спасаць». І пайшлі да другога сяла.
Сын чалавечы ня прыйшоў губіць душаў, але збаўляць. І адыйшлі ў іншае мястэчка.
І сталася, што, як яны йшлі дарогаю, хтось сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды толькі Ты пойдзеш».
Сталася-ж, калі яны ішлі, у дарозе сказаў нейкі да яго: Пайду за табою, дзе толькі пойдзеш.
Ісус жа сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябёсныя — гнезды, але Сын Людзкі ня мае йдзе галавы прытуліць».
Сказаў яму Езус: Лісіцы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын чалавечы ня мае дзе галавы скланіць.
І сказаў другому: «Ідізі за Імною». Але ён сказаў: «Спадару! дазволь імне сьпярша пайсьці й пахаваць айца свайго».
І сказаў да другога: Ідзі за мною. А той сказаў: Пане, пазволь мне перш апйсьці і пахаваць бацьку майго.
Ісус сказаў яму: «Няхай мертвыя хаваюць мертвых, але ты йдзі й абяшчай гаспадарства Божае».
І сказаў яму Езус: Пакінь, няхай умерлыя хаваюць сваіх умерлых, а ты ідзі і абвяшчай каралеўства Божае.
І іншы таксама сказаў: «Спадару! я пайду за Табою, але дазволь імне сьпярша пайсьці разьвітацца з хатнімі сваімі».
І сказаў другі: Пайду за табою, Пане, але пазволь мне перш разстацца з тымі, хто дома ёсьць.
Ісус жа сказаў яму: «Ніхто, хто кладзець руку сваю на плуг і азіраецца назад, ня гожы да гаспадарства Божага».
Сказаў да яго Езус: Ніводзен, хто кладзе руку сваю на плуг і аглядаецца назад, ня прыдатны да каралеўства Божага.