Лукаша 16 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад В. Гадлеўскага
І сказаў таксама вучанікам: «Быў якісь багаты чалавек, што меў аканома, каторага ўдалі яму, што раськідае маемасьць ягоную.
Казаў-жа і да вучняў сваіх: Быў адзін багаты чалавек, каторы меў гаспадара, і на яго данясьлі яму, быццам распушчае ягонае дабро.
І, пагукаўшы яго, сказаў яму: "Што гэта я чую празь цябе? здай лічбу з аканомства свайго, бо ты ня можаш быць балей аканомам".
І паклікаў яго і сказаў яму: Што гэта я чую аб табе? Здай рахунак з твайго гаспадараваньня, бо ўжо ня будзеш магчы гаспадарыць.
І аканом сказаў сам сабе: "Што імне рабіць? бо спадар мой адбірае аканомства ад мяне: капаць не магу, прасіць саромлюся.
І гаварыў гаспадар сам у сабе: Што я зраблю, бо пан мой адымае ад мяне гаспадараваньне? Капаць ня маю сілы, жабраваць устыдаюся.
Ведаю, што зрабіць, каб, як я буду аддалены ад аканомства, мяне прынялі ў дамы свае".
Ведаю што зраблю, каб, калі буду адсунуты ад гаспадараваньня, прынялі мяне ў свае дамы.
І, пагукаўшы паасобку кажнага з даўжбітоў спадара свайго, сказаў першаму: "Колькі ты вінен спадару майму?"
Дык паклікаўшы паасобку даўжнікоў свайго пана, сказаў першаму: Сколькі ты вінен майму пану?
А тый сказаў: "Сто барылак алівы". І сказаў яму: "Вазьмі свой квіт і борзьдзенька садзіся напішы пяцьдзясят".
А той сказаў : сто мер алівы. І сказаў яму: Вазьмі расьпіску тваю і сеўшы зараз напішы пяцьдзесят.
Тады сказаў другому: "А ты колькі вінен?" Ён жа сказаў: "Сто карцоў пшонкі". І кажа яму: «Вазьмі свой квіт і напішы асьмідзясят».
Потым сказаў другому: А ты сколькі вінен? Той адказаў: Сто мер пшаніцы. Сказаў яму: Вазьмі тваю расьпіску і напішы восемдзесят.
І спадар пахваліў несправядлівага аканома, што разважна зрабіў; бо сынове веку гэтага разважнейшыя ў сваім родзе за сыноў сьвятліні.
І пахваліў пан несправядлівага гаспадара, што дагадліва паступіў, бо сыны гэтага сьвету больш дагадлівыя за сыноў сьвятла ў родзе сваім.
І кажу вам: прыдбавайце прыяцеляў багацьцям несправядлівым, каб, як яго ня стане, прынялі вас да вечных буданоў.
А я вам кажу: Рабеце сабе прыяцеляў з мамоны несправядлівасьці, каб, калі прыстанеце, прынялі вас у вечныя сялібы.
«Хто верны ў найменшым, верны і ў шмат якім; а хто несправядлівы ў найменшым, несправядлівы і ў шмат якім.
Хто верны ў наймнешым, той і ў большым верны; а хто ў малым несправядлівы, той і ў большым несправядлівы.
Дык калі вы ня былі верныя ў багацьцю несправядлівым, хто павера вам праўдзівае?
Дык калі вы ня былі вернымі ў несправядлівай мамоне, то тую, што праведная, хто вам даверыць?
І калі ня былі верныя ў чужым, хто дасьць вам ваша?
І калі вы ня былі вернымі ў чужым, то тое, што вашае, хто вам дасьць?
«Ніякі слуга ня можа служыць двум спадаром, — бо альбо аднаго зьненавідзе, а другога будзе любіць; або аднаму будзе прыяць, а другога ўлегцы мець. Ня можаце служыць Богу й мамоне».
Ніводзен слуга ня можа служыць двум паном; бо або аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; або да аднаго прыхінецца, а другім узгардзіць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.
Фарысэі, што былі гальлівыя, слухалі ўсе гэта й сьміяліся зь Яго.
І слухалі гэтага ўсяго фарызэі, каторыя былі прагавітымі, і сьмяяліся з яго.
І сказаў ім: «Вы правіцеся перад людзьмі, але Бог знае сэрцы вашыя; бо што высака ў людзёў, тое агіда перад Богам.
І сказаў ім: Гэта вы, што чыніце самі сябе справядлівымі перад людзьмі, але Бог знае сэрцы вашыя; бо што ў людзей высокае, тое агідай перад Богам.
«Закон а прарокі аж да Яана; адгэтуль дабравесьць гаспадарства Божага абяшчаецца, і кажны сілаю пракладае дарогу да яго.
Закон і прарокі аж да Яна; адгэтуль абвяшчаецца каралеўства Божае, і кожны гвалт яму робіць.
Але лацьвей небу й зямлі мінуць, чымся адна рыска ў Законе шчэзьне.
Але лягчэй небу і зямлі прамінуць, чым упасьці аднэй рысцы з закону.
«Кажны, хто адпушчае жонку сваю і жэніцца зь іншаю, чужаложа; і кажны, што жэніцца з адпушчанай мужам, чужаложа.
Кожны, хто пакідае жонку сваю і другую бярэ, чужаложыць, і хто бярэ пакіненую мужам, чужаложыць.
«Быў жа якісь багаты чалавек, і адзяваўся ў шкарлат а цянюсенькае палатно, і кажны дзень гучна дзедаваў.
Быў адзін багаты чалавек, каторы адзяваўся ў пурпур і саеты і штодня раскошна весяліўся.
І якісь убогі, імям Лазар, ляжаў ля брамы ягонае, увесь у скульлю;
І быў адзін жабрак, на імя Лазар, каторы ляжаў каля варот ягоных, увесь у скулах,
І жадаў есьці крошкі, што валіліся із столу багатыровага; і сабакі, праходзячы, лізалі скульле ягонае.
хочучы наесьціся з крошак, якія падалі з стала багача, і ніхто яму не даваў; але і сабакі прыходзілі і лізалі скулы яго.
І сталася, што ўбогі памер, і ангілы панесьлі яго на ўлоньне Абрагамова. І багатыр таксама памер, і быў пахаваны.
І сталася, што памёр жабрак і быў занесены анёламі на лона Абрагама. Памёр-жа і багач і быў пахаваны ў пекле.
І ў пекле, будучы ў муках, узьняўшы вочы свае, бача Абрагама здалеку і Лазара на ўлоньню ягоным.
І падняўшы вочы свае, калі быў у муках, убачыў Абрагама здалёк, і Лазара на лоне ягоным.
І, загаласіўшы, сказаў: "Войча Абрагаме! зжалься над імною і пашлі Лазара, каб занурыў канец палца свайго ў ваду і астудзіў язык мой, бо я мучаюся ў гэтым поламені".
І ён галосячы сказаў: Ойча Абрагаме, зжалься нада мною і пашлі Лазара, каб ён абмакнуў канец пальца свайго ў ваду, каб асьвяжыў язык мой, бо я мучаюся ў гэтым полымі.
Але Абрагам сказаў: "Дзяцё, успомні, што ты супоўна адзяржаў дабро свае за жыцьця свайго, а Лазар таксама ліха; цяпер жа ён цешыцца тут, а ты мучышся.
І сказаў яму Абрагам: Сыне, успомні, што ты за жыцьця свайго атрымаў дабро, а Лазар ізноў благое; цяпер-жа ён цешыцца, а ты мучысься.
І апрача ўсяго гэтага, памеж нас і вас устаноўлена вялікае бяздоньне, так што тыя, што хочуць перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, ані адгэнуль да нас не пераходзяць".
А пры гэтым усім паміж намі і вамі ўцьверджана вялікая пропасьць, каб тыя, каторыя адгэтуль хочуць перайсьці да вас, не маглі, ані адтуль сюды перайсьці.
І сказаў ён: "Дык я прашу цябе, войча, паслаць яго да дому айца майго;
І сказаў: Дык прашу цябе, Ойча, каб ты паслаў яго ў дом бацькі майго;
Бо ў мяне пяцёх братоў, — няхай сьветча ім, каб і яны ня прышлі да гэтага месца мукаў".
бо маю пяць братоў, каб ён пасьведчыў ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца мучэньняў.
Але Абрагам кажа яму: "У іх ё Масей а прарокі; няхай слухаюць іх".
І сказаў яму Абрагам: Маюць Майсея і прарокаў, нахай слухаюць іх.
Ён жа сказаў: "Не, войча Абрагаме, але калі б хтось ізь мертвых прышоў да іх, пакаяцца".
А ён сказаў: Не, ойча Абрагаме, але каб хто з умерлых прыйшоў да іх, яны пакаяліся-б.
А ён сказаў яму: "Калі ня слухаюць Масея а прарокаў, то калі б хто і зь мертвых ускрэс, не пераканаюцца".»
І сказаў яму: Калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, то і калі-б хто з памёршых ускрос, не павераць.