Лукаша 6 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І сталася ў другую сыботу па першай, што Ён ішоў пераз збожжа, і вучанікі Ягоныя каласавалі а елі, расьціраючы рукамі.
 
І сталася ў друга-першую суботу, калі ён ішоў паміж збожа, вучні ягоны зрывалі каласы і елі, расьціраючы рукамі.

Некатрыя ж із фарысэяў сказалі ім: «Чаму вы робіце, чаго ня маеце права рабіць у сыботы?»
 
Некаторыя-ж з фарызэяў казалі ім: Што вы робіце, чаго ня можна ў суботу?

І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, як прагнуў, і былыя зь ім?
 
А Езус адказваючы сказаў ім: Ці вы і гэтага ня чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?

Як ён увыйшоў да Дому Божага, і ўзяў а еў пакладзены хлеб, і даў таксама былым ізь ім, каторага ня меў права есьці ніхто, апрача адных сьвятароў?»
 
Як увайшоў у дом Божы і ўзяў ахвярныя хлябы, і еў, і даў тым, што з ім былі; каторых ня можна есьці, апроч толькі сьвятарам?

І сказаў ім: «Сын Людзкі ё спадар і сыботы».
 
І казаў ім: Што Сын чалавечы ёсьць панам нават суботы.

І сталася таксама іншае сыботы, што Ён увыйшоў у бажніцу й вучыў. І быў там чалавек, у каторага правая рука была адсохшы.
 
А сталася і ў другую суботу, што ўвайшоў у бажніцу і вучыў. І быў там чалавек, і правая рука ў яго была сухая.

А кніжнікі а фарысэі ўважліва назіралі за Ім, ці ўздарове ў сыботу, каб знайсьці за што абжалаваць Яго.
 
А кніжнікі і фарызэі наглядалі, ці будзе аздараўляць у суботу, каб знайсьці, за што-б яго абвінаваціць.

Але Ён ведаў думкі іхныя. І кажа чалавеку, што меў адсохлую руку: «Устань а стань на сярэдзіне» І ён устаў і стаў.
 
Ён-жа ведаў думкі іх; і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: Устань і стань пасярэдзіне. І ўстаўшы стаў.

І сказаў ім Ісус: «Папытаюся Я ў вас адно: ці подле права належа ў сыботу дабро ці ліха рабіць? душу выбавіць ці загубіць?»
 
Езус-жа сказаў ім: Пытаюся ў вас, ці можна ў суботу рабіць дабро ці зло; жыцьцё ратаваць ці загубіць?

І, глянуўшы навокал на ўсіх іх, кажа чалавеку таму: «Выцягні руку сваю». І ён зрабіў гэтак; і стала рука ягоная здаровая, як другая.
 
І паглядзеўшы на ўсіх навакол, сказаў чалавеку: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і вернена была рука яго.

А яны аж шалелі, і гукалі адзін аднаму, што ім зрабіць Ісусу.
 
Яны-ж парабіліся як шалёныя і гаварылі паміж сабою, што-б зрабіць Езусу.

І сталася тых дзён, што Ён пайшоў на гару маліцца, і прабыў усю ноч на малітве Богу.
 
І сталася ў тыя дні, выйшаў на гару маліцца і быў праз ноч на малітве Божай.

І, як настаў дзень, пагукаў вучанікаў Сваіх і абраў зь іх двананцацёх, кагорых і назваў апосталамі:
 
І калі настаў дзень, паклікаў вучняў сваіх і выбраў з іх дванаццацёх, каторых і назваў апосталамі,

Сымона, каторага й назваў Пётрам, і Андрэя, брата ягонага, Якава а Яана, Піліпа а Варфаламея,
 
Сымона, каторага назваў Пятром, і Андрэя, ягонага брата, Якуба і Яна, Філіпа і Баўтрамея.

Мацьвея а Хаму, Якава Алфеявага а Сымона, званага Зылотам,
 
Матэуша і Тамаша, Якуба Альфэявага і Сымона, каторы завецца Зэлот,

Юду Якававага а Юду Іскарыёта, што потым стаў ізраднікам.
 
і Юду Якубавага, і Юду Іскарыёта, каторы быў здраднікам.

І ісступіўшы зь імі, стаў на раўніне, і груд чысьленых вучанікаў Ягоных, і множасьць вялікая люду з усяе Юдэі а зь Ерузаліму а з узморскіх Тыру а Сыдону, што прышлі паслухаць Яго і ўздаравіцца з хваробаў сваіх,
 
І зыйшоўшы з імі, стаў у полі, і грамада вучняў ягоных, і вялікае мноства народу з усяе Юдэі і Ерузаліму, і з-над мора і Тыру і Сыноду,

І мучаныя нячыстымі духамі; і былі ўздараўляны.
 
якія прыйшлі, каб слухаць яго і быць аздароўленымі ад хворасьцяў сваіх. І каторыя былі мучаны праз духаў нячыстых, здаравелі.

І ўвесь груд стараўся даткнуцца да Яго, бо моц выходзіла зь Яго і ўздараўляла ўсіх.
 
І ўся грамада старалася дакрануцца да яго, бо сіла выходзіла ад яго і аздараўляла ўсіх.

А Ён, узьняўшы вочы Свае на вучанікаў Сваіх, мовіў: «Шчасьлівыя ўбогія, бо ваша ё гаспадарства Божае.
 
І ён, падняўшы вочы на вучняў сваіх, сказаў: Багаслаўлены ўбогія, бо вашае ёсьць каралеўства Божае.

Шчасьлівыя прагнучыя цяпер, бо насыцецеся. Шчасьлівыя плачучыя цяпер, бо будзеце сьміяцца.
 
Багаслаўлены, каторыя цяпер галадаеце, бо будзеце насычаны. Багаслаўлены, каторыя цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца.

Шчасьлівыя будзеце, калі вас будуць людзі ненавідзіць, і калі вылучаць вас, і будуць ганьбіць, і выкінуць імя вашае, як благое, за Сына Людзкога.
 
Багаслаўлены будзеце, калі будуць вас ненавідзець людзі, і калі вылучаць вас і будуць зьдзекавацца, і будуць выкідаць імя вашае як злое, дзеля Сына чалавечага.

Цешчася таго дня а весяліцеся, бо, гля, заплата вашая вялікая на небе. Гэтак айцове іхныя рабілі прарокам.
 
Цешцеся ў той дзень і весялецеся, бо вось нагарода вашая вялікая ў небе. Бо гэтаксама айцы іх рабілі прарокам.

«Але бяда вам, багатым! бо вы адзяржалі пацеху сваю.
 
Але гора вам багатым, бо вы маеце пацеху вашую.

Бяда вам, каторыя насыціўшыся! бо прагнуць будзеце. Бяда вам, што сьмяіцеся цяпер! бо смуціцца а плакаць будзеце.
 
Гора вам, каторыя насычаны, бо будзеце галадаць. Гора вам, каторыя сьмяецёся цяпер, бо будзеце галасіць і плакаць.

Бяда вам, калі добра гукаць будуць праз вас усі людзі! бо гэтак рабілі айцове іхныя хвальшывым прарокам.
 
Гора, калі людзі аб вас будуць добра гаварыць, бо гэтаксама рабілі фальшывым прарокам айцы іх.

«Але кажу вам, каторыя слухаеце: любіце непрыяцеляў сваіх; добра рабіце тым, што ненавідзяць вас;
 
Але я кажу вам, каторыя слухаеце: любеце ворагаў вашых, дабро рабеце тым, каторыя вас ненавідзяць;

Дабраслаўце тых, што вас праклінаюць, і маліцеся за тых, што наругаюцца вам.
 
багаслаўляйце тых, каторыя вас праклінаюць і малецеся за тых, каторыя вас чэрняць.

І таму, хто вытне цябе па шчаццэ, падстаў і другую; і таму, хто возьме тваю вопратку, не барані й адзежы.
 
І таму, каторы б’е цябе па шчацэ, настаў і другую; а таму, каторы забірае ад цябе адзежу, не забараняй нават сарочкі.

«Дай кажнаму, хто просе ў цябе, і з таго, хто возьме твае, не спаганяй назад.
 
А кожнаму, каторы просіць у цябе, дай, а ад таго, каторы забірае ад цябе, што тваё, не спаганяй.

І як хочаце, каб вам людзі рабілі, рабіце падобна вы ім.
 
І як вы хочаце, каб вам рабілі людзі, таксама і вы ім рабеце.

Бо калі любіце тых, каторыя любяць вас, якая вам падзяка? бо й грэшнікі любяць тых, што любяць іх.
 
І калі вы любіце тых, каторыя вас любяць, якая ў вас заслуга? Бо і грэшнікі гэта робяць.

І калі робіце дабро тым, каторыя робяць дабро вам, якая падзяка вам? бо й грэшнікі робяць тое самое.
 
І калі добра робіце тым, каторыя вам добра робяць, якая ў вас заслуга? Бо і грэшнікі гэта робяць.

І калі пазычаеце тым, з каторых спадзяіцеся спагнаць, якая вам падзяка? бо нават грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб спагнаць толькі ж.
 
І калі пазычаеце тым, ад каторых спадзяецёся атрымаць назад, якая ў вас заслуга? Бо і грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб атрымаць назад столькі-ж.

«Але вы любіце непрыяцеляў сваіх, і добра рабіце, і пазычайце, не спадзяючыся стуль нічога; і заплата вашая будзе вялікая, і будзеце дзецьмі Навышняга; бо Ён добры да няўдзячных а благіх.
 
Але вы любеце ворагаў вашых, дабро чынеце, і пазычайце, нічога адтуль не спадзяючыся, і будзе вялікая нагарода вашая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо ён добры ёсьць да няўдзячных і злых.

Дык будзьце міласэрныя, як і Айцец вашы міласэрны.
 
Дык будзьце міласэрны, як і Айцец ваш міласэрны ёсьць.

Ня судзіце, і ня будзеце суджаны; не засуджайце, і ня будзеце засуджаны; даруйце, і вам даруюць.
 
Ня судзеце, і ня будзеце суджаны; не асуджайце, і ня будзеце асуджаны, адпушчайце, і будзе вам адпушчана.

Дайце, і вам дадуць: мераю добраю, уцісьненаю а ўтрэсенаю і з коптарам дадуць людзі ў вулоньне вашае; бо якой мераю мераеце, такой адмераюць вам».
 
Давайце, і будзе вам дадзена: меру добрую, націсьненую, і ўтрэсеную, і з вярхом дадуць на ўлоньне вашае. Бо якою мераю вы будзеце мерыць, такою-ж і вам адмерыцца.

І сказаў ім прыпавесьць: «Ці можа нявісны вадзіць нявіснога? ці не абодва ўваляцца ў яму?
 
Казаў-жа да іх і падабенства: Ці можа сьляпы вясьці сьляпога? Ці-ж абодва не ўпадуць у яму?

«Вучанік ня вышшы за вучыцеля, але кажны, удасканаліўшыся, будзе, як вучыцель ягоны.
 
Вучань ня ёсьць вышэй за вучыцеля, але кожны будзе дасканальны, калі будзе як яго вучыцель.

«І што глядзіш ты на стрэмку ў воку брата свайго, а бярна ў воку сваім ня цеміш?
 
Што-ж ты бачыш трэсачку ў воку брата твайго, а палена, каторае ёсьць у воку тваім, не спасьцерагаеш?

Альбо, як можаш сказаць брату свайму: Браце! дай, выму стрэмку з вока твайго; калі сам ня бачыш бярна ў воку сваім? Двудушніча! выкінь сьпярша бярно з вока свайго, і тады абачыш выразьліва, як выняць стрэмку з вока брата свайго.
 
Або як можаш сказаць брату твайму: «Браце, дай я выкіну трэсачку з вока твайго», сам ня бачачы палена ў воку сваім? Крывадушнік, выкінь перш палена з вока твайго, і тады праглянеш, каб выняць трэсачку з вока брата твайго.

«Бо добрае дзерва ня родзе благога плоду, альбо благое дзерва ня родзе плоду добрага.
 
Бо ня ёсьць дрэва добрае, якое прыносіць благія плады; ані дрэва благое, якое прыносіць добры плод.

Бо кажнае дзерва пазнаюць із плоду ягонага; бо зь церня не абіраюць фіґаў ані з чупчыньніку не абіраюць вінных ягадаў.
 
Бо кожнае дрэва пазнаецца па сваім плодзе; бо ані з церняў ня зьбіраюць фігаў, ані з шыпшыньніка ня зьбіраюць вінаграду.

«Добрая людзіна з добрага скарбу сэрца свайго выносе добрае, а благая людзіна з благога скарбу сэрца свайго выносе благое; бо ад збытку сэрца гукаюць вусны.
 
Добры чалавек з добрага скарбу свайго сэрца выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое. Бо з поўнаты сэрца вусны гавораць.

«І чаму вы гукаеце Мяне: "Спадару, Спадару", а ня робіце таго, што Я кажу?
 
Чаму-ж вы завецё мяне: «Пане, Пане», а ня робіце, што я кажу?

Кажны, што прыходзе да Мяне, і слухае словы мае, і поўне іх, Я пакажу вам, да каго падобны.
 
Кожны, хто прыходзіць да мяне, і слухае моваў маіх, і спаўняе іх, пакажу вам, да каго ён падобны:

Ён падобны да чалавека, што, становячы дом, капаў а ўглыбіўся а паклаў под на скале; і, як сталася паводка, плынь чханула на тый дом, але не магла захістаць яго, бо быў закладзены на скале.
 
Падобны ён да чалавека, каторы будуе дом: каторы выкапаў глыбока і залажыў фундамэнт на скале. Калі-ж настала паводка, рака рынула на той дом, і не магла яго зрушыць, бо быў заложаны на скале.

Але тый, што пачуў, але не зрабіў, падобны да чалавека, што бяз поду пастанавіў дом на зямлі, на каторы чханула плынь, і якга ён паваліўся; і разьвярненьне таго дому было вялікае».
 
А хто слухае і не спаўняе, падобны да чалавека, каторы будуе дом свой на зямлі без фундамэнту; на каторы рынула рака, і зараз-жа ўпаў, і сталася руіна дому гэтага вялікая.