Лукаша 12 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад В. Гадлеўскага
Прымеж таго, як зьберліся тысячы груду, ажно ціснулі адны адных, Ён пачаў казаць найперш вучанікам Сваім: «Сьцеражыцеся закісі фарысэйскае, каторая ё двудушнасьць.
Калі-ж стаялі навакол вялікія грамады, так што адны другіх тапталі, пачаў гаварыць да сваіх вучняў: Сьцеражэцеся фарызэйскае кісьлі, якою ёсьць крывадушнасьць.
Бо няма нічога закрытага, што не адкрылася б, і тайнага, чаго не даведаліся б.
А няма нічога скрытага, што-б ня выявілася, ані таёмнага, што-б ня сталася ведамым.
Затым тое, што вы гукалі ў цямноце, пачуюць у сьвятліні; і што шапталі ў пакоях, будзе агалошана на стрэхах.
Бо што вы гаварылі ў цемры, будзе гаворана пры сьвятле, а што гаварылі на вуха ў сьвятліцах, будзе абвешчана на дахах.
«І кажу вам, прыяцелям Сваім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а потым ня маюць нічога балей зрабіць.
Кажу-ж вам, прыяцелям маім, каторыя забіваюць цела, а пасьля гэтага ня маюць болей чаго рабіць.
Але скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, па забіцьцю, мае ўладу укінуць у пеклу; але, кажу вам, таго бойцеся.
Але я вам пакажу, каго маеце баяцца: бойцеся таго, каторы, потым як заб’е, мае ўладу кінуць у пекла. Так, кажу вам, гэтага бойцеся.
«Ці ня пяць вераб’ёў прадаюць за два пенязі? і ні водзін ізь іх не забыты ў Бога.
Ці-ж не прадаюць пяці вераб’ёў за два медзякі? А ніводзен з іх ня ёсьць забыты ў Бога.
А нават валасы на галаве вашай усі палічаны. Дык ня бойцеся; вы дарожшыя за шмат вераб’ёў.
Але і валасы на галаве вашай усе палічаны. Дык ня бойцеся, вы болей варты за многа вераб’ёў.
«Але кажу вам: хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго Сын Людзкі вызнае перад ангіламі Божымі.
А кажу вам: кожны, хто-толькі прызнае мяне перад людзьмі, таго прызнае і Сын чалавечы перад анёламі Божымі.
А хто запрэцца Мяне перад людзьмі, таго адракуцца перад ангіламі Божымі.
А хто адрачэцца ад мяне перад людзьмі, будзе адрачоны перад анёламі Божымі.
І кажнаму, хто скажа слова на Сына Людзкога, будзе даравана яму, але хто блявузґае на Духа Сьвятога, таму ня будзе даравана.
І кожны, хто кжа слова проціў Сына чалавечага, будзе яму адпушчана, а таму, хто блюзьніць проціў Духа сьвятога, ня будзе адпушчана.
«І калі прывядуць вас да бажніцаў а да старцоў а да ўлады, не клапаціцеся як альбо што вам адказаць, альбо што сказаць:
А калі вас будуць вадзіць да бажніцаў, і да ўрадаў, і да ўладаў, не клапацецеся, як або што маеце адказаць.
Бо Сьвяты Дух навуча вас тае ж гадзіны, што маеце казаць».
Бо Дух Сьвяты навучыць вас у тую гадзіну, што вам трэба гаварыць.
І адзін із груду сказаў Яму: «Вучыцелю, скажы брату майму, каб ён падзяліў з імною спадак».
І сказаў яму нехта з грамады: Вучыцель, скажы майму брату, каб падзяліўся са мною спадчынай.
Але Ён сказаў яму: «Чалавеча, хто прызначыў Мяне за судзьдзю альбо за дзельніка памеж вас?»
А ён сказаў яму: Чалавеча, хто мяне паставіў судзьдзёю або дзяльніком над вамі?
І сказаў ім: «Глядзіце, сьцеражыцеся гальлівасьці, бо жыцьцё чалавечае не залежа ад дастатку нечага, каторы ён мае».
І сказаў да іх: Глядзеце і сьцеражэцеся ўсякай прагавітасьці, бо жыцьцё каго-небудзь залежыць не ад ягоных дастаткаў, якія мае.
І сказаў ім прыпавесьць, кажучы: «Зямля аднаго багатыра дала добры ўрод.
А сказаў падабенства да іх, кажучы: У аднаго багатага чалавека поле дало буйны ўраджай.
І ён разважаў сам із сабою, кажучы: "Што імне рабіць? бо я ня маю месца, ідзе скласьці плады свае".
І разважаў сам у сабе: Што мне рабіць, бо ня маю дзе злажыць майго ўраджаю?
І сказаў: "Во, што зраблю: разбуру сьвірны свае, і пастанаўлю большыя, і там памяшчу ўрод свой а маемасьць сваю,
І сказаў: Гэтае зраблю: развалю мае гумны і пабудую большыя, і туды зьбяру ўсё, што мне ўрадзіла, і маё дабро;
І скажу душы сваёй: душа, шмат дабра маеш складзенага на шмат год; супачывай, еж, пі, весяліся".
і скажу душы маей: Душа, мае многа дабра, зложанага на доўгія гады; адпачывай, еш, пі, банкетуй.
Але Бог сказаў яму: "Дурню, гэтае ночы душу тваю вымагуць ад цябе, дык каму дастанецца тое, што ты прыдбаў?".
І сказаў яму Бог: Безразумны, у гэту ноч зажадаюць ад цябе душы тваей, а тое, што ты прыгатовіў, чыё будзе?
Гэтак, хто зьбірае скарбы свае, але не багаты ў Богу».
гэтак бывае з тым, каторы зьбірае скарбы для сябе, а перад Богам ня ёсьць багаты.
І сказаў вучанікам Сваім: «Затым кажу вам: не клапаціцеся праз жыцьцё свае, што будзеце есьці, ані празь цела, у што адзецца.
І сказаў да сваіх вучняў: Дзеля гэтага кажу вам: Не клапацецеся аб жыцьці сваім, што будзеце есьці; ані аб целе, у што будзеце адзявацца.
Жыцьцё большае за ежу, і цела — за адзежу.
Жыцьцё ёсьць важней чым ежа, а цела важней чым адзеньне.
Паглядзіце на груганы: яны ня сеюць ані жнуць, ня маюць стопак ані сьвірнаў, і Бог жыве іх; колькі ж лепшыя вы за птушкі?
Паглядзеце на крумкачоў, што ня сеюць ані жнуць, у каторых няма кладоўкі ані гумна, і Бог корміць іх. Наколькі болей вы даражэйшыя за іх!
І хто з вас, клапоцячыся, можа дадаць росту сабе адзін локаць?
Хто-ж вас клапацячыся можа дадаць да свайго ўзросту адзін локаць?
Дык калі найменшага гэтага ня можаце зрабіць, нашто клапаціцца праз засталае?
Дык калі таго, што найменшае, ня можаце, то нашто клапаціцёся аб іншым?
«Паглядзіце на лілі, як яны растуць: не працуюць ані прадуць; але кажу вам, што Салямон у вусёй славе сваёй не адзяваўся, як адна зь іх.
Паглядзеце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, ані прадуць; а я вам кажу, ані Саламон ва ўсей сваей славе не адзяваўся як адна з іх.
Дык калі Бог так адзяець траву, што сядні ё на полю, а заўтра будзе ўкінена ў печ; пагатове вас, малаверныя.
Калі-ж траву, каторая сягоньня на полі, а заўтра ў печ кідаецца, Бог так адзяе, насколькі болей вас, малаверных!
«І ня шукайце, што будзеце есьці альбо што піць, і не клапаціцеся,
І вы ня пытайцеся, што будзе есьці або што будзеце піць, і ня ўзносьцеся высока.
Бо гэтага ўсяго шукаюць народы гэтага сьвету, а ваш Айцец ведае, чаго вам надабе.
Бо гэтага ўсяго народы сьвету шукаюць, а Айцец ваш ведае, што гэтага патрабуеце.
Але валей шукайце гаспадарства Божага, а ўсе гэта дадасца вам.
Але шукайце перш каралеўства Божага і справядлівасьці яго, а гэтае ўсё будзе вам дадзена.
«Ня бойся, чародка! бо падабалася Айцу вашаму даць вам гаспадарства.
Ня бойцеся, малая стада, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам каралеўства.
Прадавайце маемасьць сваю і давайце ўбожыны. Гатуйце сабе мяхі нестарэючыя, скарб на нябёсах, каторы ня гіне, ідзе злодзей ня бліжыцца ані моль ня псуець;
Прадайце, што маеце, і дайце дарэньне. Рабеце для сябе мяшкі, якія не стрэюць, скарб, які ня ўбывае ў небе, куды злодзей не дабярэцца і моль ня псуе.
Бо йдзе скарб вашы, там і сэрца вашае будзе.
Бо дзе ваш скарб, там будзе і сэрца вашае.
«Няхай сьцёгны вашы будуць падперазаныя і лянпы гаручыя:
Няхай будуць апаясаны паясьніцы вашыя і сьветачы гаручыя ў руках вашых;
І вы будзеце падобныя да людзёў, што чакаюць спадара свайго, калі ён зьвернецца зь вясельля, каб, як ён прыйдзе а пастукае, зараз адамкнуць яму.
а вы падобныя да людзей, якія чакаюць на пана свайго, калі будзе варочацца з вясельля, каб, калі прыйдзе і застукае, зараз-жа адчыніць яму.
Шчасьлівыя слугі тыя, каторых спадар, прышоўшы, засьпее чукавых; запраўды кажу вам, што ён падпяражацца, і пасадзе іх, і, падходзячы, будзе паслугаваць ім.
Багаслаўленыя тыя слугі, каторых прыйшоўшы пан знойдзе чуючых. Сапраўды кажу вам, што ён апаяша сябе, і пасадзіць іх за стол, і абходзячы будзе служыць ім.
І калі ў другую, і калі ў трэйцюю варту прыйдзе, і засьпее так — шчасьлівыя слугі тыя.
І калі-б прыйшоў у другую варту, і калі-б у трэцюю варту прыйшоў і так-бы знайшоў, багаслаўленыя тыя слугі.
«І тое ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, каторае гадзіны прыйдзе злодзей, ён ня спаў бы і не дазволіў бы падкапацца пад дом свой.
Ведайце-ж гэта, што калі-б гаспадар ведаў, у якой гадзіне злодзей прыйдзе, чуў-бы пэўне і не дапусьціў-бы падкапаць дому свайго.
Затым таксама будзьце гатовы, бо Сын Людзкі прыйдзе тае гадзіны, калі ня думаеце».
І вы будзьце гатовы, бо ў якой гадзіне ня думаеце, Сын чалавечы прыйдзе.
Тады Пётра сказаў Яму: «Спадару, Ты гукаеш прыпавесьць нам, ці таксама ўсім?»
І сказаў яму Пётр: Пане, ты да нас кажаш гэтую прыповесьць, ці і да ўсіх?
І Спадар сказаў: «Дык хто ё тый верны а мудры дамавер, каторага Спадар пастанавіў над чэлядзяй Сваёй, даваць дзель ежы ў пару?
А Пан сказаў: Хто, думаеш, ёсьць верным і разумным эканомам, каторага паставіў пан над сваею чэлядзьдзю, каб даваў ім у час меру пшаніцы?
Шчасьлівы слуга, каторага спадар ягоны, прышоўшы, засьпее так робячы.
Багаслаўлены той слуга, каторага пан прыйшоўшы, знойдзе гэтак чынячага.
Запраўды кажу вам, што прызнача яго за загадніка над усёй маемасьцяй сваёй.
Сапраўды кажу вам, што над усім, што мае, паставіць яго.
Але калі слуга скажа ў сэрцу сваім: "Спадар мой позьніцца прысьці"; і пачнець біць слугаў а служэбкі, і есьці а піць а п’янчыцца,
А калі-б той слуга сказаў у сэрцы сваім: «Пан мой пазьніцца прыйсьці», і пачаў-бы біць слугаў і служак, і есьці і піць і ўпівацца,
То прыйдзе спадар слугі таго дня, калі ён не спадзяецца, і гадзіны, што ён ня ведае, і патнець яго, і прызнача яму дзель ізь нявернымі.
прыйдзе пан слугі таго ў дзень, у каторы ён не спадзяецца, і ў гадзіне, каторай ня ведае; і аддзеліць яго, і часьць ягону паложыць з нявернымі.
Слуга ж тый, што ведаў волю спадара свайго, і не прыгатаваўся ані зрабіў подле волі ягонае, будзе шмат біты.
Той-жа слуга, каторы пазнаў волю пана свайго, і не прыгатовіў, не зрабіў паводле волі ягонай, будзе моцна караны;
А каторы ня ведаў і зрабіў гожае біцьця, будзе біты мала. Бо каму шмат дана, з таго будзе шмат вымагацца; і каму шмат паручылі, з таго балей спаганяць будуць.
а каторы ня ведаў і зрабіў нешта годнае кары, будзе мала караны. Ад кожнага-ж, каму многа дадзена, ад таго будуць многа вымагаць; а каму многа даручылі, болей будуць хацець ад яго.
«Агонь прышоў Я пусьціць на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся!
Я прыйшоў кінуць агонь на зямлю, і чаго хачу, адно каб ён загарэўшыся?
Хрыстом Я маю хрысьціцца, і як Я тамуюся, пакуль гэта зьдзеецца!
Але я маю быць ахрышчаны хростам, і як-жа я сьціснуты, аж пакуль не даканаецца!
«Ці думаеце, што Я прышоў даць супакой на зямлі? Не, кажу вам, але баржджэй падзел.
Вы думаеце, што я прыйшоў даць супакой на зямлю? Не, кажу вам, але разлучэньне.
Бо адгэтуль пяцёх у вадным доме будуць падзяліўшыся: тры супроці двух, і два супроці трох.
Бо адгэтуль будуць пяцёх у вадным доме разьдзяліўшыся, трох проціў двух, і двух проціў трох.
Будуць падзяліўшыся: айцец супроці сына, і сын супроці айца; маці супроці дачкі, і дачка супроці маці; сьвякрывя супроці нявесткі, і нявестка супроці сьвякрыві»,
Разьдзеляцца бацька проціў сына, а сын проціў свайго бацькі; матка проціў дачкі, а дачка проціў маткі; сьвёкра проціў сваей нявесткі, а нявестка проціў сваей сьвёкры.
Сказаў жа й груду: «Як вы бачыце хмару, што падыймаецца із захаду, зараз кажаце: "Будзе лівун"; і дзеецца гэтак.
Казаў-жа і да грамадаў: Калі бачыце хмару, якая падымаецца з захаду, зараз кажаце: «Будзе дождж» — і гэтак бывае;
І як паўднявы вецер вее, кажаце: "Будзе гарачыня"; і бывае.
а калі дзьме паўдзённы вецер, кажаце: што «будзе гарачыня» — і бывае.
Двудушнікі! від неба й зямлі вы ведаеце як адрозьневаць, але як гэта ё, што ня можаце адрозьневаць гэтага часу?
Крывадушнікі, воблік неба і зямлі вы ўмееце пазнаваць, а як-жа вы не пазнаецё гэтага часу?
Але і чаму нават па самых сабе ня судзіце, што справядлівае?
Чаму-ж вы і самі з сябе ня судзіце, што справядлівае?
«Як ты йдзеш да старца з праціўнікам сваім, на дарозе пастарайся вывальніцца ад яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе паслугачаму, а паслугачы ня ўкінуў цябе ў вязьніцу.
Калі-ж ты ідзеш з сваім праціўнікам да начальніка, у дарозе старайся звольніцца ад яго, каб часам не пацягнуў цябе да судзьдзі; а судзьдзя не аддаў цябе выканаўцы; а выканаўца ня кінуў цябе ў вастрог.
Кажу табе: ня выйдзеш стуль, пакуль не заплаціш да апошняга пенязя.
Кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі нават апошняга грошыка.