Лукаша 12 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Прымеж таго, як зьберліся тысячы груду, ажно ціснулі адны адных, Ён пачаў казаць найперш вучанікам Сваім: «Сьцеражыцеся закісі фарысэйскае, каторая ё двудушнасьць.
Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што ціснулі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спадчатку вучням Сваім: сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць.
Бо няма нічога закрытага, што не адкрылася б, і тайнага, чаго не даведаліся б.
Няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, чаго ня ўведалі б.
Затым тое, што вы гукалі ў цямноце, пачуюць у сьвятліні; і што шапталі ў пакоях, будзе агалошана на стрэхах.
Таму, што вы сказалі ў цемры, тое ўчуецца на сьвятле; і што казалі на вуха ўсярэдзіне дома, тое будзе абвешчана з дахаў.
«І кажу вам, прыяцелям Сваім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а потым ня маюць нічога балей зрабіць.
Кажу ж бо вам, сябрам Маім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела і потым ня могуць нічога болей зрабіць;
Але скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, па забіцьцю, мае ўладу укінуць у пеклу; але, кажу вам, таго бойцеся.
а скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, пасьля забойства, можа ўкінуць у геену; праўда, кажу вам, таго бойцеся.
«Ці ня пяць вераб’ёў прадаюць за два пенязі? і ні водзін ізь іх не забыты ў Бога.
Ці ж ня пяць маленькіх птушак прадаюцца за два асарыі? і ніводная зь іх не забытая ў Бога.
А нават валасы на галаве вашай усі палічаны. Дык ня бойцеся; вы дарожшыя за шмат вераб’ёў.
А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык вось, ня бойцеся: вы даражэйшыя за многіх маленькіх птушак.
«Але кажу вам: хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго Сын Людзкі вызнае перад ангіламі Божымі.
Маўляю ж вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад анёламі Божымі;
А хто запрэцца Мяне перад людзьмі, таго адракуцца перад ангіламі Божымі.
а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, той зрачоны будзе перад анёламі Божымі.
І кажнаму, хто скажа слова на Сына Людзкога, будзе даравана яму, але хто блявузґае на Духа Сьвятога, таму ня будзе даравана.
І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даравана будзе; а хто скажа блюзьнерства на Духа Сьвятога, таму не даруецца.
«І калі прывядуць вас да бажніцаў а да старцоў а да ўлады, не клапаціцеся як альбо што вам адказаць, альбо што сказаць:
А як прывядуць вас у сынагогі, да начальстваў і ўладаў, ня турбуйцеся, як ці што адказваць, альбо што казаць;
Бо Сьвяты Дух навуча вас тае ж гадзіны, што маеце казаць».
бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую самую хвіліну, што трэба казаць.
І адзін із груду сказаў Яму: «Вучыцелю, скажы брату майму, каб ён падзяліў з імною спадак».
Нехта зь людзей сказаў Яму: Настаўнік! скажы брату майму, каб ён падзяліў са мной спадчыну,
Але Ён сказаў яму: «Чалавеча, хто прызначыў Мяне за судзьдзю альбо за дзельніка памеж вас?»
А Ён сказаў чалавеку таму: хто паставіў Мяне судзіць альбо дзяліць вас?
І сказаў ім: «Глядзіце, сьцеражыцеся гальлівасьці, бо жыцьцё чалавечае не залежа ад дастатку нечага, каторы ён мае».
Пры гэтым сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся любазьдзірства, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад лішку ў яго маёмасьці.
І сказаў ім прыпавесьць, кажучы: «Зямля аднаго багатыра дала добры ўрод.
І сказаў ім прытчу: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле;
І ён разважаў сам із сабою, кажучы: "Што імне рабіць? бо я ня маю месца, ідзе скласьці плады свае".
і ён разважаў сам з сабою: што мне рабіць? няма куды мне сабраць плады мае.
І сказаў: "Во, што зраблю: разбуру сьвірны свае, і пастанаўлю большыя, і там памяшчу ўрод свой а маемасьць сваю,
І сказаў: вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і зьбяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё.
І скажу душы сваёй: душа, шмат дабра маеш складзенага на шмат год; супачывай, еж, пі, весяліся".
І скажу душы маёй: душа! шмат дабра ляжыць у табе на многія гады: пакайся, еж, пі, весяліся.
Але Бог сказаў яму: "Дурню, гэтае ночы душу тваю вымагуць ад цябе, дык каму дастанецца тое, што ты прыдбаў?".
Але Бог сказаў яму: неразумны! гэтае ж ночы душу тваю забяруць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты назапасіў?
Гэтак, хто зьбірае скарбы свае, але не багаты ў Богу».
Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы сабе, а не ад Бога багацее.
І сказаў вучанікам Сваім: «Затым кажу вам: не клапаціцеся праз жыцьцё свае, што будзеце есьці, ані празь цела, у што адзецца.
І сказаў вучням Сваім: таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці, ні для цела, у што апрануцца:
Жыцьцё большае за ежу, і цела — за адзежу.
душа большая за ежу, і цела — за вопратку.
Паглядзіце на груганы: яны ня сеюць ані жнуць, ня маюць стопак ані сьвірнаў, і Бог жыве іх; колькі ж лепшыя вы за птушкі?
Паглядзеце на крумкачоў: яны ня сеюць, ні жнуць; няма ў іх ні сховішчаў, ні засекаў, і Бог корміць іх; наколькі ж бо вы лепшыя за птушак?
І хто з вас, клапоцячыся, можа дадаць росту сабе адзін локаць?
Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
Дык калі найменшага гэтага ня можаце зрабіць, нашто клапаціцца праз засталае?
Дык вось, калі і найменшага зрабіць ня можаце, чаго ж турбуецеся за астатняе?
«Паглядзіце на лілі, як яны растуць: не працуюць ані прадуць; але кажу вам, што Салямон у вусёй славе сваёй не адзяваўся, як адна зь іх.
Паглядзеце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх.
Дык калі Бог так адзяець траву, што сядні ё на полю, а заўтра будзе ўкінена ў печ; пагатове вас, малаверныя.
А калі траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык наколькі ж болей вас, малаверы.
«І ня шукайце, што будзеце есьці альбо што піць, і не клапаціцеся,
Дык вось, ня шукайце, што вам есьці, альбо што піць, і ня турбуйцеся,
Бо гэтага ўсяго шукаюць народы гэтага сьвету, а ваш Айцец ведае, чаго вам надабе.
бо ўсяго гэтага шукаюць людзі сьвету гэтага; а ваш Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым;
Але валей шукайце гаспадарства Божага, а ўсе гэта дадасца вам.
а найболей шукайце Царства Божага, і гэта ўсё дадасца вам.
«Ня бойся, чародка! бо падабалася Айцу вашаму даць вам гаспадарства.
Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства.
Прадавайце маемасьць сваю і давайце ўбожыны. Гатуйце сабе мяхі нестарэючыя, скарб на нябёсах, каторы ня гіне, ідзе злодзей ня бліжыцца ані моль ня псуець;
Прадавайце маёнткі вашыя і давайце міласьціну. Рыхтуйце сабе ўмясьцілішчы нелядашчыя, скарб нявычэрпны на нябёсах, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль не зьядае:
Бо йдзе скарб вашы, там і сэрца вашае будзе.
бо, дзе скарб ваш, там і сэрца вашае будзе.
«Няхай сьцёгны вашы будуць падперазаныя і лянпы гаручыя:
Хай будзе паясьніца вашая аперазаная, і сьвяцільні гараць;
І вы будзеце падобныя да людзёў, што чакаюць спадара свайго, калі ён зьвернецца зь вясельля, каб, як ён прыйдзе а пастукае, зараз адамкнуць яму.
і вы будзеце падобныя на людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго зь вясельля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
Шчасьлівыя слугі тыя, каторых спадар, прышоўшы, засьпее чукавых; запраўды кажу вам, што ён падпяражацца, і пасадзе іх, і, падходзячы, будзе паслугаваць ім.
Дабрашчасныя рабы тыя, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане чуйнымі; праўду кажу вам, ён апяражацца і пасадзіць іх, і падыходзячы, пачне служыць ім.
І калі ў другую, і калі ў трэйцюю варту прыйдзе, і засьпее так — шчасьлівыя слугі тыя.
І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, дык дабрашчасныя рабы тыя.
«І тое ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, каторае гадзіны прыйдзе злодзей, ён ня спаў бы і не дазволіў бы падкапацца пад дом свой.
Вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дому, а каторай гадзіне прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і не дапусьціў бы падкапаць дом свой:
Затым таксама будзьце гатовы, бо Сын Людзкі прыйдзе тае гадзіны, калі ня думаеце».
будзьце ж і вы гатовыя, бо ў якую гадзіну, ня думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
Тады Пётра сказаў Яму: «Спадару, Ты гукаеш прыпавесьць нам, ці таксама ўсім?»
Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці нам Ты прытчу гэтую кажаш, ці ўсім?
І Спадар сказаў: «Дык хто ё тый верны а мудры дамавер, каторага Спадар пастанавіў над чэлядзяй Сваёй, даваць дзель ежы ў пару?
Гасподзь жа сказаў: хто верны і разумны ўпраўнік, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба?
Шчасьлівы слуга, каторага спадар ягоны, прышоўшы, засьпее так робячы.
Дабрашчасны раб той, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, застане, што робіць так:
Запраўды кажу вам, што прызнача яго за загадніка над усёй маемасьцяй сваёй.
праўду кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго.
Але калі слуга скажа ў сэрцу сваім: "Спадар мой позьніцца прысьці"; і пачнець біць слугаў а служэбкі, і есьці а піць а п’янчыцца,
А калі раб той скажа ў сэрцы сваім: «ня скора прыйдзе гаспадар мой», і пачне біць слуг і служанак, есьці і піць і напівацца,
То прыйдзе спадар слугі таго дня, калі ён не спадзяецца, і гадзіны, што ён ня ведае, і патнець яго, і прызнача яму дзель ізь нявернымі.
дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае, і пасячэ яго і пакладзе яму долю аднолькавую зь нявернымі.
Слуга ж тый, што ведаў волю спадара свайго, і не прыгатаваўся ані зрабіў подле волі ягонае, будзе шмат біты.
А той раб, які ведаў волю гаспадара свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў па волі ягонай, біты будзе моцна;
А каторы ня ведаў і зрабіў гожае біцьця, будзе біты мала. Бо каму шмат дана, з таго будзе шмат вымагацца; і каму шмат паручылі, з таго балей спаганяць будуць.
а які ня ведаў і зрабіў вартае пакараньня, біты будзе меней. І ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і спатрабуецца; і каму шмат даверана, з таго болей зышчуць.
«Агонь прышоў Я пусьціць на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся!
Агонь прыйшоў Я зьвесьці на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся!
Хрыстом Я маю хрысьціцца, і як Я тамуюся, пакуль гэта зьдзеецца!
Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца; і як Я ўбольваюся, пакуль тое зьдзейсьніцца!
«Ці думаеце, што Я прышоў даць супакой на зямлі? Не, кажу вам, але баржджэй падзел.
Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? не, кажу вам, а разьдзяленьне;
Бо адгэтуль пяцёх у вадным доме будуць падзяліўшыся: тры супроці двух, і два супроці трох.
бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца: трое супроць двух, а двое супроць трох;
Будуць падзяліўшыся: айцец супроці сына, і сын супроці айца; маці супроці дачкі, і дачка супроці маці; сьвякрывя супроці нявесткі, і нявестка супроці сьвякрыві»,
бацька будзе супроць сына, і сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, і дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі сваёй, і нявестка супроць сьвякрові сваёй.
Сказаў жа й груду: «Як вы бачыце хмару, што падыймаецца із захаду, зараз кажаце: "Будзе лівун"; і дзеецца гэтак.
Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, адразу кажаце: дождж будзе; і бывае так;
І як паўднявы вецер вее, кажаце: "Будзе гарачыня"; і бывае.
і калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: сьпёка будзе; і бывае.
Двудушнікі! від неба й зямлі вы ведаеце як адрозьневаць, але як гэта ё, што ня можаце адрозьневаць гэтага часу?
Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба апазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяце?
Але і чаму нават па самых сабе ня судзіце, што справядлівае?
Чаму ж вы і па саміх сабе не мяркуеце, што быць павінна?
«Як ты йдзеш да старца з праціўнікам сваім, на дарозе пастарайся вывальніцца ад яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе паслугачаму, а паслугачы ня ўкінуў цябе ў вязьніцу.
Калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальства, дык па дарозе пастарайся вызваліцца ад яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе кату, а кат ня кінуў цябе ў цямніцу.
Кажу табе: ня выйдзеш стуль, пакуль не заплаціш да апошняга пенязя.
маўляю табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі і апошняга гроша.