Лукаша 12 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Тым часам сабраўся шматтысячны натоўп, ажно ціснулі адзін аднаго, і Ён пачаў гаварыць спачатку да вучняў Сваіх: «Сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць.
 
Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што ціснулі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спадчатку вучням Сваім: сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць.

Бо няма нічога прыхаванага, што б не адкрылася, і тайнага, пра што б не даведаліся.
 
Няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, чаго ня ўведалі б.

Дык што вы кажаце ў цемры, будзе пачута ў сьвятле; і што скажаце на вуха ў пакоях, будзе абвешчана з дахаў.
 
Таму, што вы сказалі ў цемры, тое ўчуецца на сьвятле; і што казалі на вуха ўсярэдзіне дома, тое будзе абвешчана з дахаў.

Кажу ж вам, сябры Мае: ня бойцеся тых, якія забіваюць цела і пасьля гэтага ня могуць больш нічога зрабіць.
 
Кажу ж бо вам, сябрам Маім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела і потым ня могуць нічога болей зрабіць;

Перасьцерагаю ж вас, каго баяцца: бойцеся Таго, Які мае ўладу, забіўшы, укінуць у геенну. Так, кажу вам, Яго бойцеся.
 
а скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, пасьля забойства, можа ўкінуць у геену; праўда, кажу вам, таго бойцеся.

Ці ня пяць вераб’ёў прадаюцца за два асары? І аніводзін з іх не забыты перад Богам.
 
Ці ж ня пяць маленькіх птушак прадаюцца за два асарыі? і ніводная зь іх не забытая ў Бога.

Але ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык ня бойцеся; вы даражэй за многіх вераб’ёў.
 
А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык вось, ня бойцеся: вы даражэйшыя за многіх маленькіх птушак.

Кажу ж вам: усякага, хто прызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі,
 
Маўляю ж вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад анёламі Божымі;

а хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, ад таго адракуцца перад анёламі Божымі.
 
а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, той зрачоны будзе перад анёламі Божымі.

І ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана, а хто будзе блюзьніць на Духа Сьвятога, таму ня будзе адпушчана.
 
І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даравана будзе; а хто скажа блюзьнерства на Духа Сьвятога, таму не даруецца.

А калі прывядуць вас у сынагогі, і да начальнікаў, і да ўладаў, не клапаціцеся, як ці што будзеце адказваць, ці што будзеце гаварыць,
 
А як прывядуць вас у сынагогі, да начальстваў і ўладаў, ня турбуйцеся, як ці што адказваць, альбо што казаць;

бо Дух Сьвяты навучыць вас у тую гадзіну, што мусіце гаварыць».
 
бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую самую хвіліну, што трэба казаць.

Нехта з натоўпу сказаў Яму: «Настаўнік! Скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай».
 
Нехта зь людзей сказаў Яму: Настаўнік! скажы брату майму, каб ён падзяліў са мной спадчыну,

Ён жа сказаў яму: «Чалавеча, хто паставіў Мяне судзьдзём ці разьмеркавальнікам між вамі?»
 
А Ён сказаў чалавеку таму: хто паставіў Мяне судзіць альбо дзяліць вас?

Пры гэтым сказаў ім: «Глядзіце і захоўвайце сябе ад хцівасьці, бо жыцьцё чалавека ня ў мностве маёмасьці яго»
 
Пры гэтым сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся любазьдзірства, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад лішку ў яго маёмасьці.

І сказаў ім прыповесьць, кажучы: «У аднаго багатага чалавека быў добры ўраджай у полі,
 
І сказаў ім прытчу: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле;

і ён разважаў у сабе, кажучы: “Што мне зрабіць, бо ня маю, куды злажыць плады мае?”
 
і ён разважаў сам з сабою: што мне рабіць? няма куды мне сабраць плады мае.

І сказаў: “Вось што зраблю: раскідаю сьвірны мае, і пабудую большыя, і зьбяру туды ўсю пшаніцу маю і ўсё дабро маё,
 
І сказаў: вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і зьбяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё.

і скажу душы маёй: 'Душа! Шмат дабра ляжыць у цябе на шмат год; супакойся, еш, пі, весяліся'.”
 
І скажу душы маёй: душа! шмат дабра ляжыць у табе на многія гады: пакайся, еж, пі, весяліся.

А Бог сказаў яму: “Неразумны! У гэту ноч душу тваю возьмуць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты прыдбаў?”
 
Але Бог сказаў яму: неразумны! гэтае ж ночы душу тваю забяруць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты назапасіў?

Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе, а ня ў Бога багацее».
 
Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы сабе, а не ад Бога багацее.

Пры гэтым сказаў вучням Сваім: «Дзеля таго кажу вам: Не клапаціцеся дзеля душы вашай, што вам есьці, ані дзеля цела, у што адзецца.
 
І сказаў вучням Сваім: таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці, ні для цела, у што апрануцца:

Душа большая за ежу, і цела — за адзеньне.
 
душа большая за ежу, і цела — за вопратку.

Паглядзіце на груганоў, якія ані сеюць, ані жнуць, няма ў іх камораў, ані сьвірнаў, і Бог жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за птушак?
 
Паглядзеце на крумкачоў: яны ня сеюць, ні жнуць; няма ў іх ні сховішчаў, ні засекаў, і Бог корміць іх; наколькі ж бо вы лепшыя за птушак?

І хто з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
 
Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?

Дык вось, калі і найменшага ня можаце, навошта клапоціцеся пра іншае?
 
Дык вось, калі і найменшага зрабіць ня можаце, чаго ж турбуецеся за астатняе?

Паглядзіце на лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць; але кажу вам, што і Салямон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх.
 
Паглядзеце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх.

Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык тым больш вас, малаверы.
 
А калі траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык наколькі ж болей вас, малаверы.

І вы не шукайце, што вам есьці, ці што піць, і не турбуйцеся.
 
Дык вось, ня шукайце, што вам есьці, альбо што піць, і ня турбуйцеся,

Бо ўсё гэта шукаюць народы гэтага сьвету; а ваш Айцец ведае, што вам гэта патрэбна.
 
бо ўсяго гэтага шукаюць людзі сьвету гэтага; а ваш Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым;

Найбольш шукайце Валадарства Божага, і тое ўсё дададуць вам.
 
а найболей шукайце Царства Божага, і гэта ўсё дадасца вам.

Ня бойся, малы статак, бо Айцец ваш упадабаў даць вам Валадарства.
 
Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства.

Прадавайце маёмасьць вашую і давайце міласьціну; учыніце сабе кайстры, якія не старэюць, скарб у небе, які не зьнікае, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль ня нішчыць.
 
Прадавайце маёнткі вашыя і давайце міласьціну. Рыхтуйце сабе ўмясьцілішчы нелядашчыя, скарб нявычэрпны на нябёсах, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль не зьядае:

Бо дзе ёсьць скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
 
бо, дзе скарб ваш, там і сэрца вашае будзе.

Няхай будуць паясьніцы вашыя падперазаныя, і сьвечкі запаленыя,
 
Хай будзе паясьніца вашая аперазаная, і сьвяцільні гараць;

і вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго з вясельля, каб, як прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
 
і вы будзеце падобныя на людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго зь вясельля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.

Шчасьлівыя тыя слугі, якіх гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе, што яны чуваюць. Сапраўды кажу вам: ён падпярэжацца, і пасадзіць іх, і, падыйшоўшы, будзе паслугаваць ім.
 
Дабрашчасныя рабы тыя, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане чуйнымі; праўду кажу вам, ён апяражацца і пасадзіць іх, і падыходзячы, пачне служыць ім.

І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, то шчасьлівыя слугі тыя.
 
І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, дык дабрашчасныя рабы тыя.

Бо вы ведаеце, што, калі б ведаў гаспадар дому, а якой гадзіне прыйдзе злодзей, ён чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой.
 
Вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дому, а каторай гадзіне прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і не дапусьціў бы падкапаць дом свой:

І вы таму будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіне, пра якую ня думаеце».
 
будзьце ж і вы гатовыя, бо ў якую гадзіну, ня думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.

Сказаў жа Яму Пётар: «Госпадзе! Ці да нас гаворыш гэтую прыповесьць, ці да ўсіх?»
 
Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці нам Ты прытчу гэтую кажаш, ці ўсім?

А Госпад сказаў: «Хто ёсьць верны і мудры аканом, якога пан паставіць над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба?
 
Гасподзь жа сказаў: хто верны і разумны ўпраўнік, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба?

Шчасьлівы той слуга, якога пан ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэта.
 
Дабрашчасны раб той, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, застане, што робіць так:

Сапраўды кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго.
 
праўду кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго.

Калі ж слуга той скажа ў сэрцы сваім: “Марудзіць прыйсьці пан мой”, — і пачне біць слугаў і служак, і есьці, і піць, і напівацца,
 
А калі раб той скажа ў сэрцы сваім: «ня скора прыйдзе гаспадар мой», і пачне біць слуг і служанак, есьці і піць і напівацца,

прыйдзе пан слугі таго ў дзень, які ён не чакае, і ў гадзіну, пра якую ня ведае, і адлучыць яго, і ўчыніць яму адзін лёс з бязьвернымі.
 
дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае, і пасячэ яго і пакладзе яму долю аднолькавую зь нявернымі.

Слуга ж той, які ведаў волю пана свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў паводле волі ягонай, будзе моцна біты,
 
А той раб, які ведаў волю гаспадара свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў па волі ягонай, біты будзе моцна;

а які ня ведаў і зрабіў вартае кары, біты будзе меней. Бо ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і вымагацца будзе, і каму шмат даручана, з таго больш запатрабуюць.
 
а які ня ведаў і зрабіў вартае пакараньня, біты будзе меней. І ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і спатрабуецца; і каму шмат даверана, з таго болей зышчуць.

Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і як хачу, каб ён ужо загарэўся!
 
Агонь прыйшоў Я зьвесьці на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся!

Бо хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і як Я ня маю спакою, пакуль гэта ня зьдзейсьніцца!
 
Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца; і як Я ўбольваюся, пакуль тое зьдзейсьніцца!

Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць супакой зямлі? Не, кажу вам, але разьдзяленьне.
 
Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? не, кажу вам, а разьдзяленьне;

Бо адгэтуль пяцёра ў адным доме падзеляцца, трое супраць двух і двое супраць трох.
 
бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца: трое супроць двух, а двое супроць трох;

Падзеляцца бацька супраць сына, і сын супраць бацькі; маці супраць дачкі, і дачка супраць маці; сьвякруха супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць сьвякрухі сваёй».
 
бацька будзе супроць сына, і сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, і дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі сваёй, і нявестка супроць сьвякрові сваёй.

Сказаў таксама і натоўпам: «Калі вы бачыце воблака, якое падымаецца з захаду, адразу кажаце: “Дождж набліжаецца”, — і стаецца гэтак.
 
Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, адразу кажаце: дождж будзе; і бывае так;

І калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: “Сьпёка будзе”, — і стаецца.
 
і калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: сьпёка будзе; і бывае.

Крывадушнікі! Аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяцё?
 
Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба апазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяце?

Чаму ж вы сябе саміх ня судзіце праведна?
 
Чаму ж вы і па саміх сабе не мяркуеце, што быць павінна?

Бо калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальніка, па дарозе аддай заробленае, каб пазбыцца яго, каб ён не прывёў цябе да судзьдзі, і судзьдзя не аддаў бы цябе кату, і кат ня кінуў бы цябе ў вязьніцу.
 
Калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальства, дык па дарозе пастарайся вызваліцца ад яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе кату, а кат ня кінуў цябе ў цямніцу.

Кажу табе: Ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі яму і апошняй лепты».
 
маўляю табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі і апошняга гроша.