Лукаша 22 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Набліжалася ж сьвята праснакоў, называнае Пасха.
Набліжалася сьвята праснакоў, якое называлася Пасхаю;
І шукалі першасьвятары і кніжнікі, як забіць Яго, бо баяліся народу.
і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу.
А шатан увайшоў у Юду, называнага Іскарыётам, аднаго з ліку Дванаццаці,
І ўвайшоў сатана ў Юду, празванага Іскарыётам, аднаго зь ліку дванаццацёх,
і той, адыйшоўшы, гутарыў з першасьвятарамі і начальнікамі варты, як Яго выдаць ім.
і ён пайшоў і гутарыў зь першасьвятарамі і начальнікамі, як Яго выдаць ім.
І яны ўзрадаваліся, і дамовіліся даць яму грошы,
Яны ўзрадаваліся і згадзіліся даць яму грошай;
і ён абяцаў, і шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім не пры натоўпе.
і ён абяцаўся, і шукаў зручнага часу, каб выдаць Яго ім ня прылюдна.
Прыйшоў жа дзень праснакоў, калі мусілі рэзаць пасхальнае [ягня].
І настаў дзень праснакоў, у які трэба было закалоць пасхальнае ягня;
І паслаў [Ісус] Пятра і Яна, сказаўшы: «Ідзіце, падрыхтуйце нам есьці Пасху».
і паслаў Ісус Пятра і Яна, сказаўшы: ідзеце, прыгатуйце нам есьці пасху.
Яны ж сказалі Яму: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?»
А яны сказалі Яму: дзе скажаш нам прыгатаваць?
Ён жа сказаў ім: «Вось, пры ўваходзе вашым у горад, сустрэнецца вам чалавек, які нясе збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ён увойдзе,
Ён сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у горад сустрэнецца з вамі чалавек, які нясьціме збанок вады; ідзеце сьледам за ім у дом, у які ўвойдзе ён.
і скажыце гаспадару дому: “Настаўнік гаворыць табе: 'Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху з вучнямі Маімі?'”
і скажэце гаспадару дома: Настаўнік кажа табе: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?
І ён пакажа вам залю вялікую, засланую; там падрыхтуйце».
І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую засланую; там прыгатуйце.
Пайшоўшы ж, яны знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху.
Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
І калі прыйшла гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў з Ім.
І калі настала гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў зь Ім,
І Ён сказаў ім: «Жаданьнем жадаю Я есьці з вамі гэтую Пасху перш, чым маю цярпець [пакуты].
і сказаў ім: вельмі хацеў Я есьці з вамі гэтую пасху раней Маіх пакутаў,
Бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль ня споўніцца ў Валадарстве Божым».
бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня ўчыніцца ў Царстве Божым.
І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, сказаў: «Вазьміце гэта і падзяліце паміж сабою,
І ўзяўшы чару і падзякаваўшы, сказаў: прымеце яе і падзялеце паміж сабою;
бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Валадарства Божае».
бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае.
І, узяўшы хлеб, падзякаваўшы, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсьць Цела Маё, Якое за вас даецца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне».
І ўзяўшы хлеб і падзякаваўшы, пераламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас аддаецца; гэта выконвайце на ўспамін пра Мяне.
Гэтаксама і келіх [узяў] пасьля вячэры, кажучы: «Гэта келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй, якая за вас праліваецца.
Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві, якая за вас праліваецца;
Але вось, рука таго, хто выдае Мяне, са Мною за сталом.
і вось, рука прадажніка Майго са Мною за сталом;
І, сапраўды, Сын Чалавечы ідзе паводле таго, як вызначана, але гора таму чалавеку, які Яго выдае».
у астатнім, Сын Чалавечы ідзе, як прадвызначана; але гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца.
І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто гэта з іх меўся зрабіць гэта.
І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто б зь іх быў той, які гэта зробіць.
Узьнялася ж і спрэчка між імі, хто з іх лічыцца большым.
А была і спрэчка паміж імі, хто зь іх павінен уважацца за большага.
Ён жа сказаў ім: «Валадары народаў пануюць над імі, і тыя, што маюць над імі ўладу, дабрадзеямі называюцца.
Ён жа сказаў ім: цары валадараць над народамі і ўлады іхнія дабрадзеямі называюцца;
Вы ж ня гэтак, але большы сярод вас станься як меншы, і правадыр — як служыцель.
а вы ня так: але хто з вас большы, будзь як меншы, і начальнік будзь, як слуга.
Бо хто большы: той, які ўзьлягае за сталом, ці той, які паслугуе? Ці ня той, які ўзьлягае? А Я сярод вас, як той, які паслугуе.
Бо хто большы: той, хто ўзьлягае, ці хто слуга? Ці ня той, хто ўзьлягае? А Я сярод вас, як слуга.
Вы ж тыя, хто застаецца са Мною ў спакусах Маіх,
Але вы трывалі са Мною ў гаротах Маіх,
і Я пераказваю вам Валадарства, як Мне пераказаў Айцец Мой,
і Я запавядаю вам, як запавядаў Мне Айцец Мой, Царства,
каб вы елі і пілі за сталом Маім у Валадарстве Маім; і сядзелі на пасадах, судзячы дванаццаць каленаў Ізраіля».
каб елі і пілі на бяседзе Маёй у Царстве Маім, і каб селі на пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых.
І сказаў Госпад: «Сымоне, Сымоне! Вось, шатан зажадаў прасейваць вас, як пшаніцу,
І сказаў Гасподзь: Сымоне! Сымоне! вось, сатана прасіў, каб сеяць вас як пшаніцу;
а Я маліўся за цябе, каб не паменшала вера твая; і ты, некалі павярнуўшыся, умацуй братоў тваіх».
але Я маліўся за цябе, каб не зьмізарнела вера твая; і ты некалісь, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
Той жа адказаў Яму: «Госпадзе! З Табою я гатовы ісьці і ў вязьніцу, і на смерць!»
Ён адказваў: Госпадзе! з Табою я гатовы і ў цямніцу і на сьмерць ісьці.
Ён жа сказаў: «Кажу табе, Пётар, не прапяе певень сёньня, як ты тройчы адрачэшся, што ведаеш Мяне».
Але Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не засьпявае певень сёньня, як ты тройчы зрачэшся, што ня ведаеш Мяне.
І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас бяз кайстры, і бяз торбы, і без абутку, ці мелі вы нейкую нястачу?» Яны адказалі: «Аніякай».
І сказаў ім: калі я пасылаў вас безь мяшка і бяз торбы і без абутку, ці мелі вы ў чым нястачу? Яны адказвалі: ні ў чым.
Тады Ён сказаў ім: «Але цяпер, хто мае кайстру, няхай возьме таксама і торбу, і хто ня мае, няхай прадасьць адзеньне сваё і купіць меч.
Тады Ён сказаў ім: але цяпер, хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі меч;
Бо кажу вам, што мусіць зьдзейсьніцца на Мне ўсё гэта, што напісана: “І да беззаконьнікаў залічаны”. Бо ўсяму, што адносна Мяне, надыходзіць канец».
бо маўляю вам, што мусіць збыцца на Мне і гэтае напісанае: «і да зладзеяў залічаны». Бо тое, што пра Мяне, канчаецца.
Яны ж сказалі: «Госпадзе! Вось, тут два мячы!» А Ён сказаў ім: «Даволі!»
Яны сказалі: Госпадзе! вось, тут два мечы. Ён сказаў ім: досыць.
І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; а за Ім пайшлі і вучні Ягоныя.
І выйшаўшы пайшоў як звычайна на гару Аліўную; за Ім сьледам пайшлі і вучні Ягоныя.
Прыйшоўшы ж на месца, Ён сказаў ім: «Маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу».
А прыйшоўшы на месца, сказаў ім: малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
І Ён адыйшоў ад іх як кінуць камень, і, укленчыўшы, маліўся,
І Сам адышоў ад іх — як кінуць каменем, і, схіліўшы калені, маліўся,
кажучы: «Ойча, калі хочаш, пранясі келіх гэты міма Мяне. Аднак не Мая воля, але Твая няхай станецца».
кажучы: Войча! о, калі б Ты дабраволіў пранесьці чару гэтую міма Мяне! зрэшты, не Мая воля, а Твая хай будзе.
Зьявіўся ж Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго.
І зьявіўся Яму анёл зь нябёсаў і мацаваў Яго.
І, будучы ў барацьбе сьмяротнай, пільней маліўся, а быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
І ў змаганьні ўнутраным руплівей маліўся; і быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
І, устаўшы ад малітвы, Ён прыйшоў да вучняў і знайшоў іх, што яны сьпяць ад смутку.
Устаўшы з малітвы, Ён прыйшоў да вучняў, і застаў іх у сьне ад смутку,
І сказаў ім: «Што вы сьпіцё? Устаньце, маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу».
і сказаў ім: што вы сьпіце? устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
Яшчэ Ён гаварыў, аж вось натоўп, а наперадзе іх ішоў адзін з Дванаццаці, называны Юда, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго.
Калі Ён яшчэ казаў гэта, паявіліся людзі, а наперадзе іх ішоў адзін з дванаццацёх, называны Юда, і ён падышоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго. Бо ён такі даў ім знак: каго я пацалую, Той і ёсьць.
Ісус жа сказаў яму: «Юда! Пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?»
А Ісус сказаў яму: Юда ці цалаваньнем выдаеш Сына Чалавечага?
А тыя, якія былі з Ім, бачачы, што мае стацца, сказалі Яму: «Госпадзе! Ці ня ўдарыць мячом?»
Тыя, што былі зь Ім, бачачы, да чаго ўсё ідзе, сказалі Яму: Госпадзе! ці ня ўдарыць нам мечам?
І адзін з іх ударыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха.
І адзін зь іх ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму правае вуха.
Адказваючы ж, Ісус сказаў: «Пакіньце гэта». І, дакрануўшыся да вуха ягонага, аздаравіў яго.
Тады Ісус сказаў: пакіньце, даволі. І дакрануўшыся да вуха ягонага, загоіў яго.
А першасьвятарам, і начальнікам варты сьвятыні, і старшыням, якія прыйшлі супраць Яго, сказаў Ісус: «Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі.
А першасьвятарам і начальнікам храма і старэйшынам, якія сабраліся супроць Яго, сказаў Ісус: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне!
Кожны дзень, калі быў Я з вамі ў сьвятыні, вы ня выцягнулі на Мяне руку, але гэта вашая гадзіна і ўлада цемры».
Кожны дзень бываў Я з вамі ў храме, і вы не падымалі на Мяне рук, а цяпер — ваш час і ўлада цемры.
Схапіўшы Яго, яны павялі [Яго], і прыйшлі ў дом першасьвятара. А Пётар ішоў за Ім здалёк.
Узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасьвятара. А Пётр ішоў сьледам зводдаль.
Калі ж распалілі агонь сярод панадворку і паселі разам, сядзеў і Пётар сярод іх.
Калі яны расклалі агонь сярод двара і селі разам, сеў і Пётр паміж імі.
Убачыўшы ж яго, нейкая служка, якая сядзела ля сьвятла і прыглядалася да яго, сказала: «І гэты быў з Ім».
Адна служанка, убачыўшы яго каля агню і ўгледзеўшыся ў яго, сказала: гэты быў зь Ім.
Ён жа адрокся ад Яго, кажучы: «Жанчына! Я ня ведаю Яго».
Але ён адрокся ад Яго, сказаўшы жанчыне: я ня ведаю Яго.
І неўзабаве іншы, убачыўшы яго, сказаў: «І ты з іх». А Пётар сказаў: «Чалавеча! Ня я гэта».
Неўзабаве потым другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты зь іх. Але Пётр сказаў гэтаму чалавеку: не.
І, калі прайшло каля адной гадзіны, нехта іншы настойваў, кажучы: «Праўда, і гэты быў з Ім, бо ён — Галілеец».
Прайшло з гадзіну часу, яшчэ нехта настойліва казаў: сапраўды, і гэты быў зь Ім, бо ён Галілеянін.
А Пётар сказаў: «Чалавеча, ня ведаю, што ты гаворыш». І тады, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.
Але Пётр сказаў таму чалавеку: ня ведаю, што ты кажаш. І адразу, калі яшчэ гаварыў ён, засьпяваў певень.
І павярнуўшыся, Госпад паглядзеў на Пятра, і ўзгадаў Пётар слова Госпада, як Ён сказаў яму: «Перш, чым прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».
Тады Гасподзь, абярнуўшыся, паглядзеў на Пятра; і Пётр згадаў слова Госпада, як Ён сказаў яму: перш чым засьпявае певень, адрачэшся ад Мяне тройчы.
І, выйшаўшы вон, Пётар горка заплакаў.
І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
І мужчыны, якія трымалі Ісуса, зьдзекваліся з Яго, зьбіваючы.
Людзі, якія трымалі Ісуса, зьдзекі чынілі зь Яго і білі Яго;
І, засланіўшы Яго, білі Яго па абліччы, і пыталіся ў Яго: «Прароч, хто ўдарыў Цябе?»
і накрыўшы Яго, білі Яго па твары і пыталіся ў Яго: скажы, хто выцяў Цябе?
І шмат іншага, блюзьнячы, гаварылі на Яго.
І шмат іншай кляцьбы вымаўлялі супраць Яго.
І калі настаў дзень, сабраліся старшыні народу, першасьвятары і кніжнікі, і прывялі Яго ў свой сынэдрыён,
І як настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасьвятары і кніжнікі, і ўвялі Яго ў свой сынедрыён,
кажучы: «Ці Ты — Хрыстос? Скажы нам». Ён жа сказаў ім: «Калі скажу вам, вы не паверыце.
і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён сказаў ім: калі скажу вам, вы не паверыце;
Калі ж Я спытаюся, не адкажаце Мне і ня вызваліце.
калі ж і спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне і не адпусьціце Мяне;
Ад цяпер Сын Чалавечы сядзе праваруч моцы Божай».
ад сёньня Сын Чалавечы сядзе праваруч сілы Божай.
А ўсе сказалі: «Дык Ты — Сын Божы?» Ён жа прамовіў ім: «Вы кажаце, што Я».
І сказалі ўсе: дык Ты Сын Божы? Ён адказваў ім: вы кажаце, што Я.
Яны ж сказалі: «Якое яшчэ патрэбна нам сьведчаньне? Бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных».
А яны сказалі: якое яшчэ трэба нам сьведчаньне? бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных!