Лукаша 22 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Набліжалася свята Праснакоў, якое называецца Пасхай.
Набліжалася сьвята праснакоў, якое называлася Пасхаю;
Першасвятары з кніжнікамі шукалі, як забіць Езуса, бо баяліся народу.
і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу.
А сатана ўвайшоў у Юду, аднаго з Дванаццаці, якога звалі Іскарыётам.
І ўвайшоў сатана ў Юду, празванага Іскарыётам, аднаго зь ліку дванаццацёх,
Ён пайшоў і дамовіўся з першасвятарамі і дазорцамі святыні, як ён ім выдасць Езуса.
і ён пайшоў і гутарыў зь першасьвятарамі і начальнікамі, як Яго выдаць ім.
Тыя ж узрадаваліся і згадзіліся даць яму срэбранікаў.
Яны ўзрадаваліся і згадзіліся даць яму грошай;
І ён абяцаў, і шукаў нагоды выдаць ім Яго здалёк ад народу.
і ён абяцаўся, і шукаў зручнага часу, каб выдаць Яго ім ня прылюдна.
Настаў дзень Праснакоў, калі трэба было прыносіць пасхальную ахвяру.
І настаў дзень праснакоў, у які трэба было закалоць пасхальнае ягня;
Тады Езус паслаў Пятра і Яна, кажучы: «Пайдзіце і прыгатуйце нам з’есці пасху».
і паслаў Ісус Пятра і Яна, сказаўшы: ідзеце, прыгатуйце нам есьці пасху.
Тыя спыталіся: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?»
А яны сказалі Яму: дзе скажаш нам прыгатаваць?
Ён адказаў ім: «Калі будзеце ўваходзіць у горад, сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе.
Ён сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у горад сустрэнецца з вамі чалавек, які нясьціме збанок вады; ідзеце сьледам за ім у дом, у які ўвойдзе ён.
І скажыце гаспадару дома: “Настаўнік пытаецца ў цябе: дзе святліца, у якой Я магу з’есці пасху з вучнямі Маімі?”
і скажэце гаспадару дома: Настаўнік кажа табе: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?
Ён пакажа вам вялікі засланы верхні пакой; там прыгатуеце».
І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую засланую; там прыгатуйце.
Яны пайшлі і знайшлі так, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
Калі настала гадзіна, Езус заняў месца за сталом, і Апосталы разам з Ім.
І калі настала гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў зь Ім,
І сказаў ім: «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець,
і сказаў ім: вельмі хацеў Я есьці з вамі гэтую пасху раней Маіх пакутаў,
бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, аж пакуль яна не здзейсніцца ў Божым Валадарстве».
бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня ўчыніцца ў Царстве Божым.
І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і сказаў: «Вазьміце гэта і падзяліце паміж сабою,
І ўзяўшы чару і падзякаваўшы, сказаў: прымеце яе і падзялеце паміж сабою;
бо кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад вінаграднага плоду, пакуль не прыйдзе Божае Валадарства».
бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае.
І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць».
І ўзяўшы хлеб і падзякаваўшы, пераламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас аддаецца; гэта выконвайце на ўспамін пра Мяне.
Таксама ўзяў і келіх пасля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць новым запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта.
Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві, якая за вас праліваецца;
Аднак вось рука таго, хто выдасць Мяне, на стале са Мною.
і вось, рука прадажніка Майго са Мною за сталом;
Бо сапраўды, Сын Чалавечы ідзе як вызначана, але гора таму чалавеку, які выдае Яго!»
у астатнім, Сын Чалавечы ідзе, як прадвызначана; але гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца.
І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто з іх збіраецца ўчыніць гэта.
І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто б зь іх быў той, які гэта зробіць.
Узнялася спрэчка паміж імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
А была і спрэчка паміж імі, хто зь іх павінен уважацца за большага.
А Езус адказаў ім: «Каралі народаў пануюць над імі, і валадары іх называюцца дабрадзеямі.
Ён жа сказаў ім: цары валадараць над народамі і ўлады іхнія дабрадзеямі называюцца;
У вас жа няхай будзе не так, але большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр — як слуга.
а вы ня так: але хто з вас большы, будзь як меншы, і начальнік будзь, як слуга.
Бо хто большы? Той, хто сядзіць за сталом, ці той, хто служыць? Ці ж не той, хто сядзіць за сталом? Я сярод вас як той, хто служыць.
Бо хто большы: той, хто ўзьлягае, ці хто слуга? Ці ня той, хто ўзьлягае? А Я сярод вас, як слуга.
Вы тыя, хто вытрываў са Мною ў Маіх выпрабаваннях.
Але вы трывалі са Мною ў гаротах Маіх,
Я перадаю вам у спадчыну Валадарства, як Мне перадаў яго Айцец Мой,
і Я запавядаю вам, як запавядаў Мне Айцец Мой, Царства,
каб вы елі і пілі за Маім сталом у Валадарстве Маім, і каб сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля.
каб елі і пілі на бяседзе Маёй у Царстве Маім, і каб селі на пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых.
Сымоне, Сымоне, вось сатана дамагаўся прасеяць вас, як пшаніцу,
І сказаў Гасподзь: Сымоне! Сымоне! вось, сатана прасіў, каб сеяць вас як пшаніцу;
але Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера. І ты, калі вернешся, умацуй братоў сваіх».
але Я маліўся за цябе, каб не зьмізарнела вера твая; і ты некалісь, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
Той адказаў Яму: «Пане, я гатовы ісці з Табою і ў вязніцу, і на смерць».
Ён адказваў: Госпадзе! з Табою я гатовы і ў цямніцу і на сьмерць ісьці.
Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётр, не заспявае сёння певень, як ты тройчы адрачэшся, кажучы, што не ведаеш Мяне».
Але Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не засьпявае певень сёньня, як ты тройчы зрачэшся, што ня ведаеш Мяне.
І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без каліты і торбы, і абутку, ці неставала вам чаго-небудзь?» Яны адказалі: «Нічога».
І сказаў ім: калі я пасылаў вас безь мяшка і бяз торбы і без абутку, ці мелі вы ў чым нястачу? Яны адказвалі: ні ў чым.
Тады сказаў ім: «Але цяпер, хто мае каліту, няхай яе возьме, таксама і торбу, а хто не мае, няхай прадасць адзенне сваё і купіць меч.
Тады Ён сказаў ім: але цяпер, хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі меч;
Бо кажу вам: тое, што напісана пра Мяне: “І да злачынцаў быў залічаны”, павінна збыцца. Бо ўсё, што датычыць Мяне, спаўняецца».
бо маўляю вам, што мусіць збыцца на Мне і гэтае напісанае: «і да зладзеяў залічаны». Бо тое, што пра Мяне, канчаецца.
Яны сказалі: «Пане, вось тут два мячы». А Ён адказаў ім: «Дастаткова».
Яны сказалі: Госпадзе! вось, тут два мечы. Ён сказаў ім: досыць.
Выйшаўшы, Ён пайшоў, як звычайна, на Аліўную гару. За Ім пайшлі таксама вучні.
І выйшаўшы пайшоў як звычайна на гару Аліўную; за Ім сьледам пайшлі і вучні Ягоныя.
Калі прыйшоў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не паддацца спакусе».
А прыйшоўшы на месца, сказаў ім: малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
А сам адышоў ад іх, як кінуць камень, укленчыў і маліўся,
І Сам адышоў ад іх — як кінуць каменем, і, схіліўшы калені, маліўся,
кажучы: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца».
кажучы: Войча! о, калі б Ты дабраволіў пранесьці чару гэтую міма Мяне! зрэшты, не Мая воля, а Твая хай будзе.
З’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго.
І зьявіўся Яму анёл зь нябёсаў і мацаваў Яго.
І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю.
І ў змаганьні ўнутраным руплівей маліўся; і быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
Калі ўстаў пасля малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны заснулі, змучаныя тугою.
Устаўшы з малітвы, Ён прыйшоў да вучняў, і застаў іх у сьне ад смутку,
І сказаў ім: «Чаму вы спіце? Устаньце і маліцеся, каб не паддацца спакусе».
і сказаў ім: што вы сьпіце? устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
Калі Ён яшчэ гаварыў, з’явіўся натоўп, а наперадзе ішоў адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда. Ён падышоў да Езуса, каб пацалаваць Яго.
Калі Ён яшчэ казаў гэта, паявіліся людзі, а наперадзе іх ішоў адзін з дванаццацёх, называны Юда, і ён падышоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго. Бо ён такі даў ім знак: каго я пацалую, Той і ёсьць.
А Езус сказаў яму: «Юда, пацалункам выдаеш Сына Чалавечага?»
А Ісус сказаў яму: Юда ці цалаваньнем выдаеш Сына Чалавечага?
Тыя, хто быў з Езусам, убачылі, што можа стацца, і сказалі: «Пане, ці не ўдарыць нам мячом?»
Тыя, што былі зь Ім, бачачы, да чаго ўсё ідзе, сказалі Яму: Госпадзе! ці ня ўдарыць нам мечам?
Адзін з іх ударыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха.
І адзін зь іх ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму правае вуха.
Тады Езус сказаў: «Пакіньце, даволі!» І, дакрануўшыся да вуха, вылечыў яго.
Тады Ісус сказаў: пакіньце, даволі. І дакрануўшыся да вуха ягонага, загоіў яго.
А першасвятарам, дазорцам святыні і старэйшынам, якія выйшлі супраць Яго, Езус сказаў: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі.
А першасьвятарам і начальнікам храма і старэйшынам, якія сабраліся супроць Яго, сказаў Ісус: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне!
Кожны дзень, калі Я быў з вамі ў святыні, вы не падымалі рук на Мяне, але цяпер — ваша гадзіна і ўлада цемры».
Кожны дзень бываў Я з вамі ў храме, і вы не падымалі на Мяне рук, а цяпер — ваш час і ўлада цемры.
Схапіўшы, павялі Яго і прывялі ў дом першасвятара. А Пётр ішоў следам за Ім зводдаль.
Узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасьвятара. А Пётр ішоў сьледам зводдаль.
Калі яны распалілі агонь сярод дзядзінца і селі разам, Пётр сеў паміж імі.
Калі яны расклалі агонь сярод двара і селі разам, сеў і Пётр паміж імі.
Адна служанка ўбачыла, што ён сядзеў каля агня, прыгледзелася да яго і сказала: «І гэты быў з Ім!»
Адна служанка, убачыўшы яго каля агню і ўгледзеўшыся ў яго, сказала: гэты быў зь Ім.
Але ён адрокся, кажучы: «Жанчына, я не ведаю Яго!»
Але ён адрокся ад Яго, сказаўшы жанчыне: я ня ведаю Яго.
Неўзабаве другі ўбачыў яго і сказаў: «І ты з іх!» Але Пётр адказаў: «Чалавеча, гэта не я!»
Неўзабаве потым другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты зь іх. Але Пётр сказаў гэтаму чалавеку: не.
Мінула каля адной гадзіны часу, і яшчэ нехта пачаў казаць: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо ён галілеец!»
Прайшло з гадзіну часу, яшчэ нехта настойліва казаў: сапраўды, і гэты быў зь Ім, бо ён Галілеянін.
Але Пётр адказаў: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш!» І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень.
Але Пётр сказаў таму чалавеку: ня ведаю, што ты кажаш. І адразу, калі яшчэ гаварыў ён, засьпяваў певень.
А Пан абярнуўся і паглядзеў на Пятра. І ўспомніў Пётр слова Пана, калі сказаў яму: «Перш чым сёння заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».
Тады Гасподзь, абярнуўшыся, паглядзеў на Пятра; і Пётр згадаў слова Госпада, як Ён сказаў яму: перш чым засьпявае певень, адрачэшся ад Мяне тройчы.
І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
А людзі, якія трымалі Езуса, насміхаліся над Ім і білі Яго.
Людзі, якія трымалі Ісуса, зьдзекі чынілі зь Яго і білі Яго;
І, закрываючы Яго, пыталіся: «Прароч, хто ўдарыў Цябе?»
і накрыўшы Яго, білі Яго па твары і пыталіся ў Яго: скажы, хто выцяў Цябе?
І шмат іншых блюзнерстваў казалі супраць Яго.
І шмат іншай кляцьбы вымаўлялі супраць Яго.
А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасвятары і кніжнікі і павялі Яго на месца сваіх пасяджэнняў,
І як настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасьвятары і кніжнікі, і ўвялі Яго ў свой сынедрыён,
кажучы: «Калі Ты Хрыстус, скажы нам». Ён сказаў ім: «Калі вам скажу, не паверыце,
і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён сказаў ім: калі скажу вам, вы не паверыце;
а калі спытаюся ў вас, вы не адкажаце.
калі ж і спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне і не адпусьціце Мяне;
Адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч моцы Божай».
ад сёньня Сын Чалавечы сядзе праваруч сілы Божай.
І ўсе сказалі: «Дык Ты Сын Божы?» Ён жа адказаў ім: «Вы кажаце, што Я».
І сказалі ўсе: дык Ты Сын Божы? Ён адказваў ім: вы кажаце, што Я.
А яны сказалі: «Навошта яшчэ нам сведчанне? Самі пачулі з вуснаў Ягоных!»
А яны сказалі: якое яшчэ трэба нам сьведчаньне? бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных!