Лукаша 22 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага
Набліжалася свята Праснакоў, якое называецца Пасхай.
І прыбліжаўся дзень сьвяточны Праснакоў, які завецца Пасха.
Першасвятары з кніжнікамі шукалі, як забіць Езуса, бо баяліся народу.
І шукалі архісьвятары і кніжнікі, як-бы Езуса забіць, але баяліся народу.
А сатана ўвайшоў у Юду, аднаго з Дванаццаці, якога звалі Іскарыётам.
І ўвайшоў д’ябал у Юдаша, называнага Іскарыётам, аднаго з дванаццацёх.
Ён пайшоў і дамовіўся з першасвятарамі і дазорцамі святыні, як ён ім выдасць Езуса.
І пайшоў ён і гаварыў з архісьвятарамі і ўладамі, як-бы яго ім выдаць.
Тыя ж узрадаваліся і згадзіліся даць яму срэбранікаў.
І ўзрадаваліся, і ўмовіліся даць яму грошай.
І ён абяцаў, і шукаў нагоды выдаць ім Яго здалёк ад народу.
І абяцаўся, і шукаў зручнае часіны, каб выдаць яго без грамадаў.
Настаў дзень Праснакоў, калі трэба было прыносіць пасхальную ахвяру.
І надыйшоў дзень Праснакоў, у каторы трэба было забіць Пасху.
Тады Езус паслаў Пятра і Яна, кажучы: «Пайдзіце і прыгатуйце нам з’есці пасху».
І паслаў Пятра і Яна, кажучы: Пайшоўшы, прыгатуйце нам есьці Пасху.
Тыя спыталіся: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?»
А яны сказалі: Дзе хочаш, каб мы прыгатовілі?
Ён адказаў ім: «Калі будзеце ўваходзіць у горад, сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе.
І сказаў да іх: Вось, калі вы ўвойдзеце ў горад, спаткае вас адзін чалавек, нясучы збан вады; ідзеце за ім у дом, у каторы ён увойдзе,
І скажыце гаспадару дома: “Настаўнік пытаецца ў цябе: дзе святліца, у якой Я магу з’есці пасху з вучнямі Маімі?”
і скажаце гаспадару дому: Вучыцель кажа табе: Дзе ёсьць сьвятліца, дзе-б мне есьці Пасху з вучнямі маімі»?
Ён пакажа вам вялікі засланы верхні пакой; там прыгатуеце».
І ён пакажа вам вялікі пакой, засланы, і там прыгатуеце.
Яны пайшлі і знайшлі так, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
І пайшоўшы, знайшлі так, як ім сказаў, і прыгатовілі Пасху.
Калі настала гадзіна, Езус заняў месца за сталом, і Апосталы разам з Ім.
Калі-ж надыйшла часіна, сеў за стол, і з ім дванаццацёх апосталаў.
І сказаў ім: «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець,
І сказаў ім: Вельмі-ж я жадаў есьці з вамі гэтую Пасху, перад тым як цярпець.
бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, аж пакуль яна не здзейсніцца ў Божым Валадарстве».
Бо кажу вам, што адгэтуль ня буду есьці яе, пакуль ня споўніцца ў кралеўстве Божым.
І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і сказаў: «Вазьміце гэта і падзяліце паміж сабою,
І ўзяўшы келіх, учыніў падзяку і сказаў: Вазьмеце, і падзялеце паміж сабою.
бо кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад вінаграднага плоду, пакуль не прыйдзе Божае Валадарства».
Бо кажу вам, што ня буду піць з плоду вінаграднага ўшчэпу, пакуль ня прыйдзе каралеўства Божае.
І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць».
І ўзяўшы хлеб, учыніў падзяку, і ламаў, і даў ім, кажучы: Гэтае ёсьць цела маё, каторае за вас даецца; гэта чынеце на мой успамін.
Таксама ўзяў і келіх пасля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць новым запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта.
Таксама і келіх, пасьля вячэры, кажучы: Гэты келіх ёсьць новым тэстамэнтам у крыві маей, каторая за вас будзе праліта.
Аднак вось рука таго, хто выдасць Мяне, на стале са Мною.
Аднак-жа вось рука таго, што выдае мяне, ёсьць са мною на стале.
Бо сапраўды, Сын Чалавечы ідзе як вызначана, але гора таму чалавеку, які выдае Яго!»
Яно-ж Сын чалавечы ідзе паводле таго, што пастаноўлена, аднак-жа гора таму чалавеку, праз якога ён будзе выданы.
І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто з іх збіраецца ўчыніць гэта.
А яны пачалі паміж сабою пытацца, хто гэта з іх, што гэтае меўся зрабіць.
Узнялася спрэчка паміж імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
А ўзьнялася і спрэчка паміж імі, хто-б з іх выдаваўся большым.
А Езус адказаў ім: «Каралі народаў пануюць над імі, і валадары іх называюцца дабрадзеямі.
Ён-жа сказаў ім: Каралі народаў пануюць над імі, а каторыя маюць уладу над імі, завуцца дабрадзеямі.
У вас жа няхай будзе не так, але большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр — як слуга.
Але вы ня так. Але хто паміж вамі большы, няхай будзе як меншы, а хто павадыр, як слуга.
Бо хто большы? Той, хто сядзіць за сталом, ці той, хто служыць? Ці ж не той, хто сядзіць за сталом? Я сярод вас як той, хто служыць.
Бо хто большы: той, хто сядзіць за сталом, ці той, хто паслугуе? Ці ня той, хто сядзіць? Я-ж пасярод вас як той, хто паслугуе.
Вы тыя, хто вытрываў са Мною ў Маіх выпрабаваннях.
А вы ёсьць тыя, хто каторыя вытрывалі са мною ў спакушэньнях маіх.
Я перадаю вам у спадчыну Валадарства, як Мне перадаў яго Айцец Мой,
І я вам перадаю каралеўства, як перадаў мне Айцец мой,
каб вы елі і пілі за Маім сталом у Валадарстве Маім, і каб сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля.
каб вы елі і пілі за сталом маім ў каралеўстве маім, і сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленьняў Ізраіля.
Сымоне, Сымоне, вось сатана дамагаўся прасеяць вас, як пшаніцу,
І сказаў Пан: Сымон, Сымон, вось д’ябал дамагаўся вас, каб прасеяць як пшаніцу.
але Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера. І ты, калі вернешся, умацуй братоў сваіх».
Але я прасіў за цябе, каб не пераставала вера твая, а ты некалі навярнуўшыся, уцьвярдзіў братоў тваіх.
Той адказаў Яму: «Пане, я гатовы ісці з Табою і ў вязніцу, і на смерць».
Ён сказаў ім: Пане, з табою я гатоў ісьці і ў вастрог і на сьмерць.
Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётр, не заспявае сёння певень, як ты тройчы адрачэшся, кажучы, што не ведаеш Мяне».
Але Ён сказаў: Кажу табе, Пётр, не запяе сягоньня певень, пакуль ты тры разы не адрачэсься, што знаеш мяне.
І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без каліты і торбы, і абутку, ці неставала вам чаго-небудзь?» Яны адказалі: «Нічога».
І сказаў ім: Калі я вас паслаў без мяшка і торбы і абутку, ці-ж вам чаго неставала?
Тады сказаў ім: «Але цяпер, хто мае каліту, няхай яе возьме, таксама і торбу, а хто не мае, няхай прадасць адзенне сваё і купіць меч.
А яны сказалі: Нічога. Дык сказаў ім: Але цяпер хто мае мяшок, няхай бярэ так-жа і торбу; а хто ня мае, няхай прадасьць сваю вопратку і купіць меч.
Бо кажу вам: тое, што напісана пра Мяне: “І да злачынцаў быў залічаны”, павінна збыцца. Бо ўсё, што датычыць Мяне, спаўняецца».
Бо кажу вам, што яшчэ трэба, каб споўнілася на мне тое, што напісана: «І з злачынцамі ён палічаны» (Із. 53:12). Бо тое, што датычыць мяне, прыходзіць да канца.
Яны сказалі: «Пане, вось тут два мячы». А Ён адказаў ім: «Дастаткова».
А яны сказалі: Пане, вось тут два мячы. А ён сказаў ім: Даволі.
Выйшаўшы, Ён пайшоў, як звычайна, на Аліўную гару. За Ім пайшлі таксама вучні.
І выйшаўшы, ішоў паводле звычаю на гару Аліўную; а за ім ішлі і вучні.
Калі прыйшоў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не паддацца спакусе».
І калі прыйшоў на месца, сказаў ім: Малецеся, каб не ўвайсьці ў спакушэньне.
А сам адышоў ад іх, як кінуць камень, укленчыў і маліўся,
А сам адыйшоў ад іх, як кінуць камень, і ўпаўшы на калені, маліўся,
кажучы: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца».
кажучы: Ойча, калі хочаш, аднясі ад мяне гэты келіх; аднак-жа не мая воля, але твая няхай станецца.
З’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго.
І зьявіўся яму анёл з неба, узмацняючы яго. А будучы ў сьмяротным змаганьні, даўжэй маліўся;
І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю.
і стаўся пот ягоны як каплі крыві, зьбягаючай на зямлю.
Калі ўстаў пасля малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны заснулі, змучаныя тугою.
А калі ўстаў ад малітвы і прыйшоў да сваіх вучняў, знайшоў іх сплючымі ад смутку.
І сказаў ім: «Чаму вы спіце? Устаньце і маліцеся, каб не паддацца спакусе».
І сказаў ім: Чаму вы сьпіцё? Устаньце, малецеся, каб не ўвайсьці ў спакушэньне.
Калі Ён яшчэ гаварыў, з’явіўся натоўп, а наперадзе ішоў адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда. Ён падышоў да Езуса, каб пацалаваць Яго.
Калі ён яшчэ гаварыў, вось грамада, і той, што называўся Юдаш, адзін з дванаццацёх, ішоў наперадзе іх. І прыбліжыўся да Езуса, каб пацалаваць яго.
А Езус сказаў яму: «Юда, пацалункам выдаеш Сына Чалавечага?»
Езус-жа сказаў яму: Юда, ты цалункам выдае Сына чалавечага?
Тыя, хто быў з Езусам, убачылі, што можа стацца, і сказалі: «Пане, ці не ўдарыць нам мячом?»
А тыя, што пры ім былі, бачачы, што мае быць, сказалі яму: Пане, ці ня ўдарыць нам мячом?
Адзін з іх ударыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха.
І ўдарыў адзін з іх слугу архісьвятара і адсек яму правае вуха.
Тады Езус сказаў: «Пакіньце, даволі!» І, дакрануўшыся да вуха, вылечыў яго.
А Езус адказваючы, сказаў: Пакіньце, даволі. І дакрануўшыся да вуха ягонага, аздаравіў яго.
А першасвятарам, дазорцам святыні і старэйшынам, якія выйшлі супраць Яго, Езус сказаў: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі.
І сказаў Езус да тых, што прыйшлі да яго, да архісьвятараў і ўладаў над сьвятыняй і старшых: Вы як на разбойніка выйшлі з мячамі і кіямі?
Кожны дзень, калі Я быў з вамі ў святыні, вы не падымалі рук на Мяне, але цяпер — ваша гадзіна і ўлада цемры».
Калі я штодня быў з вамі ў сьвятыні, вы не паднялі рук на мяне; але гэта ёсьць вашая часіна і ўлада цемры.
Схапіўшы, павялі Яго і прывялі ў дом першасвятара. А Пётр ішоў следам за Ім зводдаль.
І ўзяўшы яго, павялі ў дом архісьвятара. Пётр-жа ішоў ўсьлед здалёку.
Калі яны распалілі агонь сярод дзядзінца і селі разам, Пётр сеў паміж імі.
І калі яны, распаліўшы агонь пасярод сяней, паселі навакол, быў Пётр паміж імі.
Адна служанка ўбачыла, што ён сядзеў каля агня, прыгледзелася да яго і сказала: «І гэты быў з Ім!»
Адна служка, убачыўшы яго, сядзячага пры сьвятле, і прыгледзеўшыся да яго, сказала: І гэты быў з ім.
Але ён адрокся, кажучы: «Жанчына, я не ведаю Яго!»
Але ён адрокся ад яго, кажучы: Жанчына, я ня знаю яго.
Неўзабаве другі ўбачыў яго і сказаў: «І ты з іх!» Але Пётр адказаў: «Чалавеча, гэта не я!»
І зараз потым другі, убачыўшы яго, сказаў: І ты з іх. А Пётр сказаў: А чалавеча, я не.
Мінула каля адной гадзіны часу, і яшчэ нехта пачаў казаць: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо ён галілеец!»
І калі прайшло з гадзіну часу, нехта іншы цьвярдзіў, кажучы: Сапраўды і гэты быў з ім, бо ён і галілеянін.
Але Пётр адказаў: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш!» І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень.
І сказаў Пётр: Чалавеча, я ня ведаю, што ты гаворыш. І зараз-жа, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.
А Пан абярнуўся і паглядзеў на Пятра. І ўспомніў Пётр слова Пана, калі сказаў яму: «Перш чым сёння заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».
І абярнуўшыся Пан, узглянуў на Пятра. І ўспомніў Пётр слова Пана, як быў сказаўшы: Што перш чым певень запяе, ты трэйчы ад мяне адрачэсься.
І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
І выйшаўшы проч, Пётр горка заплакаў.
А людзі, якія трымалі Езуса, насміхаліся над Ім і білі Яго.
А мужы, каторыя яго трымалі, зьдзекаваліся над ім, б’ючы.
І, закрываючы Яго, пыталіся: «Прароч, хто ўдарыў Цябе?»
І накрылі яго, і білі па твару ягоным, і пыталіся ў яго, кажучы: Прароч, хто гэта, што цябе ўдарыў?
І шмат іншых блюзнерстваў казалі супраць Яго.
І многа чаго іншага, блюзьнячы, гаварылі на яго.
А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасвятары і кніжнікі і павялі Яго на месца сваіх пасяджэнняў,
А калі настаў дзень, зыйшліся старшыя з народу і архісьвятары і кніжнікі, і прывялі яго ў сваю Раду, кажучы: Калі ты ёсьць Хрыстус, скажы нам.
кажучы: «Калі Ты Хрыстус, скажы нам». Ён сказаў ім: «Калі вам скажу, не паверыце,
І сказаў ім: Калі я вам скажу, не паверыце мне;
а калі спытаюся ў вас, вы не адкажаце.
а калі і спытаюся, не адкажаце мне і ня пусьціце.
Адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч моцы Божай».
Але адгэтуль Сын чалавечы будзе сядзець праваруч сілы Божай.
І ўсе сказалі: «Дык Ты Сын Божы?» Ён жа адказаў ім: «Вы кажаце, што Я».
І сказалі ўсе: Дык ты ёсьць Сын Божы? Ён сказаў: Вы кажаце, што я ёсьць.
А яны сказалі: «Навошта яшчэ нам сведчанне? Самі пачулі з вуснаў Ягоных!»
А яны сказалі: Нашто яшчэ нам патрэбнае сьведчаньне? То-ж мы самі чулі з вуснаў ягоных.