Лукаша 7 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага
Калі скончыў сваю прамову да народу, увайшоў у Кафарнаум.
Калі-ж скончыў усе свае словы да вушэй народу, увайшоў у Капарнаум.
У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў.
Аднаго-ж сотніка слуга, каторы для яго быў дарагі, дрэнна маючыся, быў пры сьмерці.
Пачуўшы пра Езуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу.
І калі пачуў аб Езусе, паслаў да яго старшых жыдоўскіх, просячы яго, каб прыйшоў і аздаравіў яго слугу.
Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта,
Яны-ж, прыйшоўшы да Езуса, прасілі яго моцна, кажучы яму: Што ён варт, каб ты яму гэтае зрабіў,
бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу».
бо ён любіць наша народ і ён збудаваў для нас бажніцу.
І Езус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: «Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой.
Езус-жа пайшоў з імі. І калі ўжо быў недалёка ад дому, сотнік прыслаў да яго прыяцеляў, кажучы: Пане, не трудзіся, бо я ня варт, каб ты ўвайшоў пад дах мой.
Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
Дзеля гэтага і сябе самога я ўважаў, што ня варт, каб прыйсьці да цябе. Але скажы словам і аздаравее слуга мой.
Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе; а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць; а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».
Бо і я чалавек пастаўлены пад уладай, маючы пад сабою жаўнераў; і кажу гэтаму: «Ідзі» — і ён ідзе, а другому: «Прыйдзі» — і ён прыходзіць, а слузе майму: «Рабі гэтае» — і ён робіць.
Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які ішоў за Ім, сказаў: «Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры!»
Пачуўшы гэтае, Езус зьдзівіўся і, абярнуўшыся, сказаў да ідучых за ім грамадаў: Сапраўды кажу вам, і ў Ізраілю я не знайшоў такой вялікай веры.
Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.
І вярнуўшыся дамоў тыя, каторыя былі пасланы, знайшлі слугу, каторы хварэў, здаровым.
На наступны дзень Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп.
І сталася потым, ён ішоў у места, якое завецца Наім, і ішлі з ім вучні ягоны і вялікая грамада.
Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. Шмат людзей з горада ішло разам з ёю.
Калі-ж прыбліжаўся да брамы места, вось выносілі нябошчыка, адзінага сына ягонай маткі, а гэтая была ўдавою; і з ею вялікая грамада з места.
Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: «Не плач!»
Калі ўбачыў яе Пан, зьміласердзіўшыся над ею, сказаў ей: Ня плач.
І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань!»
І падыйшоў, і дакрануўшыся да мараў, а тыя, што нясьлі, сталі. І сказаў: Хлопча, табе кажу, устань.
Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Езус маці ягонай.
І сеў, каторы быў памёршы, і пачаў гаварыць. І аддаў яго матцы ягонай.
Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» і: «Бог наведаў свой народ».
І зьняў усіх страх, і славілі Бога, кажучы: Што прарок вялікі паўстаў паміж нас, і што Бог адведаў народ свой.
Так разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.
І разыйшлася гэтая мова аб ім па ўсей Юдэі і кругом па ўсей ваколіцы.
І расказалі Яну вучні яго пра ўсё гэта.
І далі знаць Яну вучні ягоны аб усім гэтым.
Паклікаўшы дваіх з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Пана спытацца: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?»
І Ян паклікаў двух з сваіх вучняў і паслаў да Езуса, кажучы: Ці ты той, каторы маеш прыйсьці, ці чакаць нам другога?
Калі яны прыйшлі да Езуса, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытацца: “Ці Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?”»
Калі-ж прыйшлі да яго мужы, сказалі: Ян Хрысьціцель паслаў нас да цябе, кажучы: «Ці ты той, каторы маеш прыйсьці, ці чакаць нам другога?»
У той самы час Езус шмат каго вылечыў ад хвароб, немачаў і ад злых духаў і многіх сляпых адарыў зрокам.
А ў тую часіну ён многіх аздаравіў ад хваробаў і цярпеньняў і злых духаў, і многіх сьляпых абдарыў зрокам.
І Ён сказаў ім у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну, што вы бачылі і чулі: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна.
І адказваючы сказаў ім: Пайшоўшы перакажэце Яну, што вы чулі і бачылі: Што «сьляпыя відзяць, кульгавыя ходзяць, пракажаныя робяцца чыстымі, глухія чуюць, умерлыя ўскрасаюць, убогім абвяшчаецца эванэлія».
І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне».
І багаслаўлены, хто ня згоршыцца з мяне.
Калі ж пасланцы Яна адышлі, Ён пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае?
Калі-ж адыйшлі паслы Янавы, пачаў гаварыць да грамадаў аб Яне: Што вы выйшлі ў пустыню пабачыць? Трысьціну, што хістаецца ад ветру?
На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто багата апранаецца і раскошна жыве, знаходзяцца ў каралеўскіх палацах.
Але што вы выйшлі пабачыць? Чалавека адзетага ў мяккую адзежу? Вось тыя, што ў дарагім адзеньні і ў роскашах, ёсьць у каралеўскіх дамох.
На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока.
Але што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Сапраўды кажу вам, і больш чым прарока.
Гэта той, пра каго напісана: “Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.
Гэта той, аб каторым напісана (Мал. 3:1): «Вось я паслаў анёла майго перад воблікам тваім, які прыгатуе шлях твой перад табою».
Кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма нікога большага за Яна. Але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго».
Бо я вам кажу: Спаміж роджаных жанчынамі ніводзен прарок ня ёсьць большы за Яна Хрысьціцеля. Але той, каторы ёсьць меншы ў каралеўстве Божым, ёсьць большы за яго.
Увесь народ, які слухаў яго, і мытнікі прызналі справядлівым Бога і ахрысціліся Янавым хростам.
І чуючы ўвесь народ і мытнікі, прызналі Божую справядлівасьць, ахрысьціўшыся хростам Яна;
А фарысеі і кніжнікі адкінулі волю Божую адносна сябе і не прынялі хросту ад яго.
але фарызэі і законазнаўцы адкінулі намер Божы адносна іх, не ахрысьціўшыся ў яго.
А Ён працягваў: «З кім параўнаю людзей гэтага пакалення? Да каго яны падобныя?
І сказаў Пан: Дык да каго падобнымі назваў я людзей гэтага роду? І да каго яны падобны?
Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рынку і аклікаюць адны другіх, кажучы: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не танцавалі,мы спявалі журботныя песні, а вы не плакалі!”
Яны падобны да хлопчыкаў, сядзячых на рынку і гаворачых адзін да другога і кажучых: «Мы ігралі вам на дудках, а вы не скакалі; мы галасілі, а вы ня плакалі».
Прыйшоў Ян Хрысціцель, які не еў хлеба і не піў віна, а вы кажаце: “У ім злы дух!”
Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, каторы ня еў хлеба і ня піў віна, а вы кажаце: Д’ябэльства мае.
Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, а вы кажаце: “Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў!”
Прыйшоў Сын чалавечы, каторы есьць і п’е, а вы кажаце: Вось чалавек, каторы любіць есьці і піць віно, друг мытнікаў і грэшнікаў.
І была апраўдана мудрасць усімі дзецьмі сваімі».
І апраўдана мудрасьць усімі сынамі яе.
Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, заняў месца за сталом.
Прасіў-жа яго адзін з фарызэяў, каб еў з ім. І ўвайшоўшы ў дом фарызэя, сеў за стол.
І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён заняў месца за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон міра
І вось жанчына, якая была грэшніца ў месьце, як даведалася, што сядзеў за сталом у доме фарызэя, прынясла алябастар алейку,
і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала мірам.
і стаўшы ззаду каля ног ягоных, пачала слязьмі абліваць ногі яго, і мазала алейкам.
Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: «Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца».
А бачачы фарызэй, каторы быў яго паклікаў, сказаў у сабе, кажучы: Калі-б ён быў прарокам, то пэўне ведаў бы, хто і якая гэта жанчына, што дакранаецца да яго, бо яна грэшніца.
Езус сказаў яму ў адказ: «Сымон, Я хачу нешта сказаць табе». Той прамовіў: «Скажы, Настаўнік».
І адказваючы Езус сказаў да яго: Сымон, маю табе нешта сказаць. Ён-жа сказаў: Вучыцель, скажы.
«У аднаго пазыкадаўцы былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят.
У ваднаго крэдытара было двух даўжнікоў: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзесят.
Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?»
Калі яны ня мелі скуль аддаць, дараваў абодвым. Дык каторы яго болей любіць?
Сымон адказаў: «Думаю, той, каму больш даравана». Ён сказаў яму: «Ты правільна разважыў».
Адказваючы Сымон сказаў: Думаю, што той, катораму больш дараваў. Ён-жа сказаў яму: Справядліва ты разсудзіў.
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі.
І зьвярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: Бачыш гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у твой дом, ты ня даў вады на ногі мае, а яна слязьмі абліла ногі мае і валасамі сваімі выцерла.
Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі ўвайшла, няспынна цалуе Мне ногі.
Ты не даў мне цалунку, а яна як толькі ўвайшла, не перастала цалаваць ног маіх.
Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна мірам намасціла Мне ногі.
Ты не памазаў алівай галавы маей, а яна алейкам памазала ногі мае.
Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць».
Дзеля гэтага кажу табе: Адпушчаецца её многа грахоў, бо многа ўзлюбіла. Каму-ж мней адпушчаецца, той меней любіць.
А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі твае».
І сказаў да яе: Адпушчаюцца табе грахі.
І тыя, хто быў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: «Хто Ён такі, што нават грахі адпускае?»
І пачалі тыя, што разам сядзелі, казаць самі ў сабе: Хто гэта такі, што нават грахі адпушчае?
А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі!»
Ён-жа сказаў да жанчыны: Вера твая збавіла цябе, ідзі ў супакоі.