Лукаша 7 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Калі скончыў сваю прамову да народу, увайшоў у Кафарнаум.
Калі ж Ён скончыў усе сло́вы Свае да народу, які слухаў, то ўвайшоў у Капернау́м.
У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў.
У аднаго сотніка раб, якім ён даражы́ў, быў хворы пры смерці.
Пачуўшы пра Езуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу.
Пачуўшы ж пра Іісуса, ён паслаў да Яго старэйшын іудзейскіх, про́сячы Яго, каб прыйшоў ацалíць раба яго.
Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта,
І яны, прыйшоўшы да Іісуса, настойліва прасілі Яго, гаворачы: ён ва́рты, каб Ты зрабіў для яго гэта,
бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу».
бо ён лю́біць народ наш і сінагогу збудаваў для нас.
І Езус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: «Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой.
Іісус пайшоў з імі. І калі ўжо Ён быў недалёка ад дома, паслаў да Яго сотнік сяброў сказаць Яму: Госпадзі! не турбуйся, бо я не ва́рты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;
Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
таму і сябе само́га я не палічыў годным, каб прыйсцí да Цябе; але скажы слова, і вы́здаравее слуга мой.
Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе; а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць; а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».
Бо і я, чалавек, падпарадкава́ны ўла́дзе, але, ма́ючы паднача́леных мне воінаў, кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзí», і прыходзіць; і рабу майму: «зрабі гэта», і робіць.
Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які ішоў за Ім, сказаў: «Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры!»
Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся яму і, павярну́ўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізра́ілі не знайшоў Я такой веры.
Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.
І, вярнуўшыся ў дом, пасла́ныя знайшлі хворага раба здаровым.
На наступны дзень Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп.
І ста́лася пасля гэтага: пайшоў Іісус у горад, які называўся Наíн; і з Ім ішлі многія вучні Яго і мноства народу.
Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. Шмат людзей з горада ішло разам з ёю.
Калі ж Ён наблізіўся да гарадской бра́мы, якраз выно́сілі паме́рлага, адзінага сы́на ў маці сваёй, а яна была́ ўдава; і шмат людзей з горада было з ёю.
Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: «Не плач!»
Убачыўшы яе, Гасподзь злíтаваўся над ёю і сказаў ёй: не плач.
І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань!»
І, падышоўшы, дакрану́ўся да насілак; тыя, што не́слі, спынíліся; і сказаў: юнак! табе кажу, устань.
Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Езус маці ягонай.
І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць; і аддаў яго Іісус маці яго.
Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» і: «Бог наведаў свой народ».
І ахапíў усіх страх, і сла́вілі Бога, ка́жучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і наведаў Бог народ Свой.
Так разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.
І гэтае слова пра Яго разышло́ся па ўсёй Іудзеі і па ўсім наваколлі.
І расказалі Яну вучні яго пра ўсё гэта.
І паве́дамілі Іаану вучні яго пра ўсё гэта.
Паклікаўшы дваіх з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Пана спытацца: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?»
І, паклíкаўшы дваіх з вучняў сваіх, Іаан паслаў іх да Іісуса спытаць: ці Той Ты, Які ма́е прыйсці, ці чакаць нам другога?
Калі яны прыйшлі да Езуса, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытацца: “Ці Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?”»
Прыйшо́ўшы да Яго, гэтыя мужы́ сказалі: Іаан Хрысцíцель паслаў нас да Цябе спытаць: ці Той Ты, Які ма́е прыйсці, ці чакаць нам другога?
У той самы час Езус шмат каго вылечыў ад хвароб, немачаў і ад злых духаў і многіх сляпых адарыў зрокам.
А ў гэты час Ён многіх ацалíў ад хвароб і не́мачаў і злых духаў і многім сляпым падарава́ў зрок.
І Ён сказаў ім у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну, што вы бачылі і чулі: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна.
І сказаў ім Іісус у адказ: пайдзíце, паве́даміце Іаану, што́ вы бачылі і чулі: як сляпыя робяцца віду́шчымі, кульга́выя ходзяць, пракажо́ныя ачышча́юцца, глухія чу́юць, мёртвыя ўваскраса́юць, убогія дабраве́сцяць;
І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне».
і блажэ́нны, хто не ўсумнíцца ўва Мне.
Калі ж пасланцы Яна адышлі, Ён пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае?
А калі адышлі пасланцы́ Іаанавы, пачаў Ён гаварыць народу пра Іаана: што́ глядзець хадзілі вы ў пусты́ню? трысцíну, ве́трам калыха́ную?
На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто багата апранаецца і раскошна жыве, знаходзяцца ў каралеўскіх палацах.
Што́ ж глядзець хадзілі вы? чалавека, убра́нага ў мяккае адзе́нне? Але хто ў пышных уборах і ў раскошы жыве́, тыя ў царскіх палацах.
На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока.
Што́ ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.
Гэта той, пра каго напісана: “Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.
Гэта той, пра каго напíсана: «вось, Я пасыла́ю Ангела Майго перад аблíччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою».
Кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма нікога большага за Яна. Але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго».
Бо кажу вам: з наро́джаных жанчынамі няма ніводнага прарока, бо́льшага за Іаана Хрысцíцеля; але меншы ў Царстве Божым бо́льшы за яго.
Увесь народ, які слухаў яго, і мытнікі прызналі справядлівым Бога і ахрысціліся Янавым хростам.
І ўвесь народ, што слухаў, і мы́тнікі прызна́лі правату́ Бога, хрысцíўшыся хрышчэ́ннем Іаанавым;
А фарысеі і кніжнікі адкінулі волю Божую адносна сябе і не прынялі хросту ад яго.
а фарысеі і законнікі адкінулі волю Божую наконт сябе, не хрысцíўшыся ад яго.
А Ён працягваў: «З кім параўнаю людзей гэтага пакалення? Да каго яны падобныя?
І сказаў Гасподзь: з кім жа параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?
Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рынку і аклікаюць адны другіх, кажучы: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не танцавалі,мы спявалі журботныя песні, а вы не плакалі!”
Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку і акліка́юць адны другіх і гавораць: мы ігралі вам на дудцы, а вы не танцавалі, мы спявалі вам жало́бнае, а вы не плакалі.
Прыйшоў Ян Хрысціцель, які не еў хлеба і не піў віна, а вы кажаце: “У ім злы дух!”
Бо прыйшоў Іаан Хрысцíцель: ні хлеба не есць, ні віна не п’е; і вы ка́жаце: у ім дэман.
Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, а вы кажаце: “Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў!”
Прыйшоў Сын Чалавечы: есць і п’е; і вы ка́жаце: вось чалавек, які лю́біць есці і віно піць, пры́яцель мы́тнікам і грэшнікам.
І была апраўдана мудрасць усімі дзецьмі сваімі».
І апраўда́на мудрасць усімі дзе́цьмі яе.
Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, заняў месца за сталом.
Нехта з фарысеяў прасіў Яго пае́сці ра́зам з ім, і Ён, увайшо́ўшы ў дом фарысея, узлёг.
І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён заняў месца за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон міра
І вось, жанчына з таго горада, якая была́ грэшніцай, даве́даўшыся, што Ён узляжы́ць у доме фарысея, прыне́сла алеба́стравую пасу́дзіну мíра
і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала мірам.
і, стаўшы ззаду каля́ ног Яго, пла́чучы, пачала́ абліва́ць слязьмí но́гі Яго і валаса́мі галавы сваёй выціра́ла, і цалава́ла но́гі Яго, і ма́зала мíрам.
Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: «Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца».
Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакрана́ецца да Яго, бо яна грэшніца.
Езус сказаў яму ў адказ: «Сымон, Я хачу нешта сказаць табе». Той прамовіў: «Скажы, Настаўнік».
І, адка́зваючы, Іісус сказаў яму: Сíмане! Я ма́ю нешта сказаць табе. Той прамовіў: скажы, Настаўнік.
«У аднаго пазыкадаўцы былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят.
Іісус сказаў: у аднаго пазыкада́ўцы было́ два даўжнікі: адзін быў павінен пяцьсот дынарыяў, а другі — пяцьдзесят;
Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?»
але, паколькі яны не ме́лі чым заплацíць, ён дарава́ў або́двум. Каторы з іх, скажы, больш узлю́біць яго?
Сымон адказаў: «Думаю, той, каму больш даравана». Ён сказаў яму: «Ты правільна разважыў».
І сказаў Сíман у адказ: думаю, той, якому больш дарава́ў. Ён жа сказаў яму: правільна ты рассудзíў.
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі.
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сíману: бачыш гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у дом твой, і ты вады́ Мне на но́гі не даў; а яна сляза́мі абліла́ Мне но́гі і валаса́мі галавы́ сваёй вы́церла.
Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі ўвайшла, няспынна цалуе Мне ногі.
Ты цалава́ння мне не даў; а яна з таго часу, як Я ўвайшоў, не перастава́ла цалава́ць Мне но́гі.
Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна мірам намасціла Мне ногі.
Ты галавы́ Маёй алеем не памазаў, яна ж мíрам пама́зала Мне но́гі.
Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць».
А таму кажу табе: адпускаюцца грахі яе многія, бо яна ўзлюбíла многа; а каму ма́ла адпуска́ецца, той ма́ла лю́біць.
А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі твае».
І ёй сказаў: адпуска́юцца табе грахі.
І тыя, хто быў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: «Хто Ён такі, што нават грахі адпускае?»
І пачалí тыя, што ўзляжа́лі з Ім, гаварыць самі сабе: хто Ён, што і грахі адпускае?
А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі!»
Ён жа сказаў жанчыне: вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мíрам.