Лукаша 11 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Калі Ён маліўся ў пэўным месцы і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў».
І ста́лася: калі Ён маліўся ў адным ме́сцы, і як пераста́ў, нехта з вучняў Яго сказаў Яму: Госпадзі! навучы́ нас маліцца, як і Іаан навучы́ў вучняў сваіх.
Ён сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце: “Ойча, няхай свяціцца імя Тваё,няхай прыйдзе Валадарства Тваё.
Ён жа сказаў ім: калі моліцеся, гаварыце: Ойча наш, Які ў нябёсах! няха́й свяцíцца імя́ Тваё; няха́й пры́йдзе Царства Тваё; няха́й будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі;
Хлеба нашага штодзённага давай нам кожны дзень,
хлеб наш надзённы дава́й нам кожны дзень;
і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму,і не ўводзь нас у спакусу”».
і дару́й нам грахі нашы, бо і мы дару́ем кожнаму даўжніку́ нашаму; і не ўвядзі нас у спаку́су, але збаў нас ад злога.
І сказаў ім: «Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: “Дружа, пазыч мне тры хлябы,
І сказаў ім: хтосьці з вас, ма́ючы ся́бра, пры́йдзе да яго апо́ўначы і скажа яму: дру́жа! пазы́ч мне тры хлябы́,
бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, і я не маю чаго даць яму”.
бо ся́бар мой прыйшоў да мяне з дарогі, і не ма́ю чаго даць яму;
А той знутры скажа яму ў адказ: “Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае ў ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе”.
а той знутры́ скажа ў адказ: не турбу́й мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае́ пры мне ў пасцелі; не магу я ўстаць і даць табе.
Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму праз тое, што той сябра ягоны, то праз настойлівасць ягоную ўстане і дасць яму, колькі патрабуе.
Кажу вам: калі ён не ўста́не і не дасць дзе́ля таго, што ён ся́бар яго, то з-за неадсту́пнасці яго ўста́не і дасць яму, колькі трэ́ба.
І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам.
І Я вам кажу: прасíце, і да́дзена будзе вам; шука́йце, і зно́йдзеце; сту́кайцеся, і адчы́няць вам;
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена.
бо кожны, хто про́сіць, атры́млівае, і хто шукае, знахо́дзіць, і, хто сту́каецца, таму адчы́няць.
Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю?
Хіба́ каторы бацька з вас, калі сын папро́сіць у яго хле́ба, пада́сць яму ка́мень? або папро́сіць рыбы, хіба́ заме́ст ры́біны пада́сць яму змяю?
Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна?
або, калі папросіць яйка, хіба́ падасць яму скарпіёна?
Калі ж вы, будучы дрэннымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго».
Дык вось, калі вы, бу́дучы ліхíмі, уме́еце дары́ добрыя дава́ць дзе́цям вашым, тым бо́лей Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто про́сіць у Яго.
Аднойчы Ён выгнаў злога духа нематы. І калі злы дух выйшаў, нямы чалавек загаварыў, і людзі здзівіліся.
І выганя́ў Ён дэмана, які быў нямы́; і ста́лася: калі дэман выйшаў, нямы́ загаварыў, і здзівíліся людзі.
А некаторыя з іх казалі: «Бэльзэбулам, князем злых духаў, Ён выганяе злых духаў».
Некато́рыя ж з іх казалі: сілаю веельзеву́ла, кня́зя дэманскага, Ён выганя́е дэманаў.
Іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад Яго знаку з неба.
А іншыя, спакуша́ючы, патрабава́лі ад Яго знаме́ння з неба.
Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Усялякае валадарства, якое падзялілася само ў сабе, спусташаецца, і дом на дом падае.
Ён жа, ве́даючы думкі іх, сказаў ім: усякае царства, само́е ў сабе раздзе́ленае, запусце́е, і дом на дом па́дае;
Калі сатана ў сабе падзяліўся, як выстаіць валадарства яго? Вы кажаце, што Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў.
калі ж і сатана сам у сабе раздзе́ліцца, то як устаíць царства яго? а вы ка́жаце, што Я сілаю веельзеву́ла выганя́ю дэманаў;
Калі Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў, то сыны вашыя сілаю каго выганяюць іх? Таму яны будуць вашымі суддзямі.
і калі Я сілаю веельзеву́ла выганя́ю дэманаў, то сыны́ вашы чыёю сілаю выганя́юць? Таму яны вам будуць су́ддзямі.
Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства.
Калі ж Я пярсто́м Божым выганя́ю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Царства Божае.
Калі ўзброены асілак пільнуе свой дзядзінец, у бяспецы маёнтак ягоны.
Калі ду́жы, узбро́іўшыся, ахо́ўвае свой двор, то ў бяспе́цы маёмасць яго;
А калі нападзе мацнейшы за яго і пераможа яго, то возьме ўсю зброю яго, на якую той спадзяваўся, і раздасць здабычу сваю.
калі ж дужэ́йшы за яго, напа́ўшы, перамо́жа яго, то забярэ́ ўсю зброю яго, на якую той спадзява́ўся, і здабы́тае ў яго разда́сць.
Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.
Хто не са Мною, той су́праць Мяне, і хто не збіра́е са Мною, той раскіда́е.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, і, не знайшоўшы, кажа: “Вярнуся да дому свайго, адкуль выйшаў”.
Калі нячысты дух вы́йдзе з чалавека, то блука́е па бязводных мясцíнах, шука́ючы спакою, і, не знахо́дзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я вы́йшаў;
І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.
і, прыйшоўшы, застае́ яго падме́ценым і прыбра́ным;
Тады ідзе і бярэ іншых сем духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае».
тады ідзе і бярэ сем іншых духаў, люце́йшых за сябе, і, увайшоўшы, яны жыву́ць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае.
Калі Ён прамаўляў да народу, адна жанчына з натоўпу ўзняла голас і сказала Яму: «Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе!»
І ста́лася: калі Ён гаварыў гэта, адна жанчына з натоўпу, узвы́сіўшы голас, сказала Яму: блажэ́ннае ўлонне, якое насіла Цябе, і гру́дзі, якія Ты ссаў.
А Ён сказаў: «Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго!»
А Ён сказаў: тым больш блажэ́нныя тыя, што слу́хаюць слова Божае і выко́нваюць яго.
Калі стаў збірацца народ, Ён пачаў гаварыць: «Пакаленне гэтае — ліхое пакаленне, яно шукае знаку, але не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны.
Калі ж стала збірацца ўсё больш народу, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхí, ён шукае знаме́ння, ды знаме́нне не будзе да́дзена яму, акрамя́ знаме́ння Іо́ны прарока;
Бо як Ёна стаў знакам для нінівіцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення.
бо як Іо́на быў знаме́ннем для Ніневíцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для роду гэтага.
Каралева Поўдня ўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.
Царыца Поўдня ўстане на судзе́ з людзьмí роду гэтага і асу́дзіць іх, бо яна прыхо́дзіла з кра́ю зямлі паслу́хаць му́драсці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.
Мужы Нінівы ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны раскаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, і вось, тут большае за Ёну.
Людзі Ніневíйскія ўстануць на судзе́ з родам гэтым і асу́дзяць яго, бо яны пака́яліся праз пропаведзь Іо́наву; і вось, тут бо́льшае за Іо́ну.
Ніхто, запаліўшы светач, не ставіць яго ва ўкрыцці ці пад пасудзінай, а на свечніку, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло.
Ніхто, запалíўшы све́чку, не ставіць яе ў патае́мным ме́сцы, ні пад пасу́дзінай, а на падсве́чніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
Светачам цела ёсць тваё вока. Калі вока тваё чыстае, то і ўсё цела тваё светлае. А калі вока тваё дрэннае, то і цела тваё цёмнае.
Свяцíльнік це́лу ёсць вока; калі вока тваё здаровае, то і ўсё це́ла тваё светлае; калі ж няго́днае, то і це́ла тваё цёмнае;
Таму глядзі, каб святло, якое ёсць у табе, не было цемрай.
дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не было́ це́мрай.
Калі цела тваё ўсё светлае і не мае ніякай цемры, то ўсё будзе светлае, быццам ззянне светача асвятліла цябе».
Калі ж усё це́ла тваё светлае, і не ма́е ніводнай цёмнай часткі, то будзе яно светлае ўсё так, як бы свяцíльнік ззя́ннем асвятля́ў цябе.
Калі Ён сказаў гэта, адзін фарысей запрасіў Яго да сябе абедаць. І Ён, увайшоўшы, заняў месца за сталом.
Калі Ён сказаў гэта, прасіў Яго адзін фарысей, каб Ён паабе́даў у яго; і Ён, увайшоўшы, узлёг.
Фарысей жа здзівіўся, што Ён не абмыў рук перад абедам.
Фарысей жа, уба́чыўшы, здзівіўся, што Ён перш за ўсё не ўмыўся перад абедам.
Але Пан сказаў яму: «Цяпер вы, фарысеі, звонку ачышчаеце кубак і місу, а нутро вашае напоўнена драпежнасцю і злосцю.
А Гасподзь сказаў яму: цяпер вы, фарысеі, зво́нку ча́шу і блю́да ачышча́еце, а нутро́ ваша поўнае хцíвасці і злобы.
Неразумныя! Ці не той, хто стварыў вонкавае, стварыў і тое, што ўнутры?
Неразу́мныя! ці ж не Той, Хто ствары́ў во́нкавае, ствары́ў і ўну́транае?
Давайце лепш міласціну з таго, што ўнутры вас, тады ўсё будзе ў вас чыстае.
Аднак падава́йце мíласціну з таго, што ўнутры́; тады ўсё для вас чы́стае будзе.
Гора вам, фарысеям, што даеце дзесятую частку з мяты, руты і ўсякай гародніны, а абмінаеце суд і любоў Божую! І гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
Але гора вам, фарысеям, што даяце́ дзесяцíну з мя́ты і ру́ты, і ўсяля́кай агаро́дніны, ды не дба́еце пра суд і любоў Божую; гэта трэба было́ рабіць, і таго не пакіда́ць.
Гора вам, фарысеям, бо любіце першыя месцы ў сінагогах і прывітанні на рынках!
Гора вам, фарысеям, што лю́біце напе́радзе сядзе́ць у сінагогах і каб віта́лі вас на пло́шчах.
Гора вам, бо вы, быццам магілы нябачныя, па якіх ходзяць людзі і не ведаюць гэтага!»
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што вы — як магíлы непрыкме́тныя, і людзі ходзяць зверху і не ведаюць.
У адказ нехта з кніжнікаў сказаў Яму: «Настаўнік, кажучы гэта, Ты абражаеш нас».
У адказ нехта з законнікаў кажа Яму: Настаўнік! гаворачы гэта, Ты і нас зневажа́еш.
А Ён сказаў: «І вам, кніжнікам, гора, бо ўскладаеце на людзей нязносныя цяжары, хоць самі і адным пальцам не кранаеце гэтых цяжараў.
А Ён сказаў: і вам, законнікам, гора, што абцяжа́рваеце людзей цяжа́рамі невыно́снымі, а самі ніводным пальцам сваім не дакрана́ецеся да цяжа́раў тых.
Гора вам, бо вы будуеце грабніцы прарокам, якіх забілі айцы вашы!
Гора вам, што буду́еце грабнíцы прарокам, а бацькí вашы забілі іх;
Так вы сведчыце пра справы айцоў вашых і згаджаецеся з гэтым, бо яны пазабівалі іх, а вы будуеце ім грабніцы.
значыць, вы све́дчыце пра ўчы́нкі бацькоў вашых і згаджа́ецеся з імі: бо яны забілі іх, а вы буду́еце ім грабнíцы.
Таму і сказала мудрасць Божая: пашлю ім прарокаў і апосталаў, а яны некаторых з іх пазабіваюць ці пераследаваць будуць.
Таму і мудрасць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і Апосталаў, і некато́рых з іх заб’юць, а некато́рых будуць гнаць,
Няхай будзе спагнаная з пакалення гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету,
каб была́ спагна́ная з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралíтая ад стварэ́ння свету,
ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі, забітага паміж ахвярнікам і святыняй. Так, кажу вам, спагнана будзе з пакалення гэтага.
ад крывí Авеля да крывí Заха́рыі, які загінуў паміж ахвя́рнікам і храмам. Так, кажу вам: яна будзе спагна́ная з роду гэтага.
Гора вам, кніжнікам, бо вы забралі ключ пазнання! Самі не ўвайшлі, і тым, хто ўваходзіў, перашкодзілі».
Гора вам, законнікам, што вы ўзялí ключ пазна́ння: самі не ўвайшлі, і тым, хто ўваходзіў, перашко́дзілі.
Калі выйшаў адтуль, моцна пакрыўджаныя кніжнікі і фарысеі выпытвалі ў Яго пра многае,
Калі ж Ён гаварыў ім гэта, кніжнікі і фарысеі пачалí жорстка напада́ць на Яго і дапы́твацца ў Яго пра многае,
выпрабоўваючы Яго і жадаючы падлавіць на нечым з вуснаў Ягоных.
падсцерага́ючы Яго і стара́ючыся падлавíць на не́чым з ву́снаў Яго, каб абвінава́ціць Яго.