Лукаша 11 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Калі Ён маліўся ў пэўным месцы і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў».
 
Сталася, што калі Ён у адным месцы маліўся, і перастаў, адзін вучань Ягоны сказаў Яму: Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх.

Ён сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце: “Ойча, няхай свяціцца імя Тваё,няхай прыйдзе Валадарства Тваё.
 
Ён сказаў ім: калі моліцеся, кажэце: «Войча наш, Які існы ў нябёсах! хай сьвяціцца імя Тваё; хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая і на зямлі,

Хлеба нашага штодзённага давай нам кожны дзень,
 
як на небе; хлеб наш надзённы давай нам на кожны дзень;

і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму,і не ўводзь нас у спакусу”».
 
і даруй нам грахі нашыя, як і мы даруем кожнаму вінаватаму перад намі; і не дапусьці нас у спакусу, але ратуй нас ад ліхога».

І сказаў ім: «Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: “Дружа, пазыч мне тры хлябы,
 
І сказаў ім: уявім, што нехта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: дружа, пазыч мне тры хлябы,

бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, і я не маю чаго даць яму”.
 
бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і ў мяне няма чаго даць яму;

А той знутры скажа яму ў адказ: “Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае ў ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе”.
 
а той зь сярэдзіны скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне, дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на пасьцелі са мною; не магу ўстаць і даць табе.

Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму праз тое, што той сябра ягоны, то праз настойлівасць ягоную ўстане і дасць яму, колькі патрабуе.
 
Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму па прыязьні зь ім, дык па неадступнасьці ягонай, устаўшы, дасьць яму, колькі просіць.

І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам.
 
І Я кажу вам: прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;

Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена.
 
бо кожны просьбіт атрымлівае, і шукальнік знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.

Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю?
 
Які з вас бацька, калі сын папросіць у яго хлеба, падасьць яму камень? альбо калі папросіць рыбы, падасьць яму зьмяю, замест рыбы?

Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна?
 
альбо, калі папросіць яйка, падасьць яму скарпіёна?

Калі ж вы, будучы дрэннымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго».
 
Дык вось, калі вы, ліхія, умееце даньні добрыя даваць дзецям вашым, тым болей Айцец Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, хто просіць у Яго.

Аднойчы Ён выгнаў злога духа нематы. І калі злы дух выйшаў, нямы чалавек загаварыў, і людзі здзівіліся.
 
Аднаго разу выгнаў Ён дэмана, які быў нямы; і калі дэман выйшаў, нямы загаварыў; і людзі зьдзівіліся.

А некаторыя з іх казалі: «Бэльзэбулам, князем злых духаў, Ён выганяе злых духаў».
 
А некаторыя зь іх казалі: Ён выганяў дэманаў сілаю вэльзэвула, князя дэманскага.

Іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад Яго знаку з неба.
 
А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго азнакі зь неба.

Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Усялякае валадарства, якое падзялілася само ў сабе, спусташаецца, і дом на дом падае.
 
Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее, і дом, які разьдзяліўся сам у сабе, зруйнуецца.

Калі сатана ў сабе падзяліўся, як выстаіць валадарства яго? Вы кажаце, што Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў.
 
А калі і сатана разьдзеліцца сам у сабе, дык як устоіць царства ягонае? а вы кажаце, што я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў.

Калі Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў, то сыны вашыя сілаю каго выганяюць іх? Таму яны будуць вашымі суддзямі.
 
І калі Я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў, дык сыны вашыя чыёй сілаю выганяюць іх? А таму яны будуць вам за судзьдзяў.

Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства.
 
А калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, дык напэўна ж дасягнула да вас Царства Божае.

Калі ўзброены асілак пільнуе свой дзядзінец, у бяспецы маёнтак ягоны.
 
Калі дужы са зброяй ахоўвае свой дом, тады ў бясьпецы ягоная маёмасьць;

А калі нападзе мацнейшы за яго і пераможа яго, то возьме ўсю зброю яго, на якую той спадзяваўся, і раздасць здабычу сваю.
 
а калі дужэйшы за яго нападае на яго і пераможа яго, тады возьме ўсю зброю ягоную, на якую ён спадзяваўся, і падзеліць захопленае ў яго.

Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.
 
Хто не са Мною, той супроць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.

Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, і, не знайшоўшы, кажа: “Вярнуся да дому свайго, адкуль выйшаў”.
 
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык ходзіць па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў.

І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.
 
І прыйшоўшы, застае яго падмеценым і прыбраным;

Тады ідзе і бярэ іншых сем духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае».
 
тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае.

Калі Ён прамаўляў да народу, адна жанчына з натоўпу ўзняла голас і сказала Яму: «Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе!»
 
Калі ж Ён казаў гэта, адна жанчына, узвысіўшы голас зь людзей, сказала Яму: дабрашчаснае ўлоньне, якое насіла Цябе, і саскі, якія Цябе кармілі!

А Ён сказаў: «Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго!»
 
А Ён сказаў: дабрашчасныя тыя, што слухаюць слова Божае і трымаюцца яго.

Калі стаў збірацца народ, Ён пачаў гаварыць: «Пакаленне гэтае — ліхое пакаленне, яно шукае знаку, але не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны.
 
А калі люд пачаў сыходзіцца ў мностве, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі; ён шукае азнакі, і азнака не даецца яму, апрача азнакі Ёны прарока;

Бо як Ёна стаў знакам для нінівіцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення.
 
бо, як Ёна быў азнакай Нінэвіцянам, так будзе Сын Чалавечы роду гэтаму.

Каралева Поўдня ўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.
 
Царыца Поўдня паўстане на суд з мужамі роду гэтага і асудзіць іх, бо яна прыходзіла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай; і вось тут больш за Саламона.

Мужы Нінівы ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны раскаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, і вось, тут большае за Ёну.
 
Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз прапаведаваньне Ёнавае, і вось, тут больш за Ёну.

Ніхто, запаліўшы светач, не ставіць яго ва ўкрыцці ці пад пасудзінай, а на свечніку, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло.
 
Ніхто, запаліўшы сьвечку, ня ставіць яе ў патайным месцы, ні пад пасудзінаю, а на сьвечніку, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло.

Светачам цела ёсць тваё вока. Калі вока тваё чыстае, то і ўсё цела тваё светлае. А калі вока тваё дрэннае, то і цела тваё цёмнае.
 
Сьветач целу ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе сьветлае; а калі яно будзе благое, дык і цела тваё будзе цёмнае.

Таму глядзі, каб святло, якое ёсць у табе, не было цемрай.
 
Дык вось, глядзі: сьвятло, якое ў табе, ці ня ёсьць цемра?

Калі цела тваё ўсё светлае і не мае ніякай цемры, то ўсё будзе светлае, быццам ззянне светача асвятліла цябе».
 
А калі цела тваё ўсё сьветлае і ня мае ніводнай цямноціны, дык будзе сьветла ўсё так, як бы калі сьветач асьвятляў цябе зьзяньнем.

Калі Ён сказаў гэта, адзін фарысей запрасіў Яго да сябе абедаць. І Ён, увайшоўшы, заняў месца за сталом.
 
Калі Ён сказаў гэта, адзін фарысэй запрасіў Яго да сябе абедаць; Ён прыйшоў і ўзьлёг.

Фарысей жа здзівіўся, што Ён не абмыў рук перад абедам.
 
А фарысэй зьдзівіўся, убачыўшы, што Ён ня ўмыў рук перад абедам.

Але Пан сказаў яму: «Цяпер вы, фарысеі, звонку ачышчаеце кубак і місу, а нутро вашае напоўнена драпежнасцю і злосцю.
 
Але Гасподзь сказаў яму: вось вы, фарысэі, зьнешнасьць чары і місы ачышчаеце, а нутрына вашая поўная пахапнасьці і злахітрасьці.

Неразумныя! Ці не той, хто стварыў вонкавае, стварыў і тое, што ўнутры?
 
Неразумныя! ці ж ня Той, Хто стварыў зьнешняе, старыў і ўнутранае?

Давайце лепш міласціну з таго, што ўнутры вас, тады ўсё будзе ў вас чыстае.
 
Падавайце лепей міласьціну з таго, што ў вас ёсьць: тады ўсё будзе ў вас чыстае.

Гора вам, фарысеям, што даеце дзесятую частку з мяты, руты і ўсякай гародніны, а абмінаеце суд і любоў Божую! І гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
 
Але гора вам, фарысэям, што даяце дзесяціну зь мяты, руты і ўсякай гародніны, і ня дбаеце пра суд і любасьць Божую: гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.

Гора вам, фарысеям, бо любіце першыя месцы ў сінагогах і прывітанні на рынках!
 
Гора вам, фарысэям, што любіце ў сынагогах сядзець наперадзе і вітаньні на плошчах.

Гора вам, бо вы, быццам магілы нябачныя, па якіх ходзяць людзі і не ведаюць гэтага!»
 
Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы — як магілы схаваныя, над якімі людзі ходзяць і ня ведаюць таго.

У адказ нехта з кніжнікаў сказаў Яму: «Настаўнік, кажучы гэта, Ты абражаеш нас».
 
На гэта нехта з законьнікаў сказаў Яму: Настаўнік! кажучы гэта, Ты нас крыўдзіш.

А Ён сказаў: «І вам, кніжнікам, гора, бо ўскладаеце на людзей нязносныя цяжары, хоць самі і адным пальцам не кранаеце гэтых цяжараў.
 
Але Ён сказаў: і вам, законьнікам, гора, што ўскладваеце на людзей ёрмы непасільныя, а самыя і адным пальцам не кранаеце іх.

Гора вам, бо вы будуеце грабніцы прарокам, якіх забілі айцы вашы!
 
Гора вам, што будуеце могільнікі прарокам, якіх забілі бацькі вашыя:

Так вы сведчыце пра справы айцоў вашых і згаджаецеся з гэтым, бо яны пазабівалі іх, а вы будуеце ім грабніцы.
 
гэтым самым вы сьведчыце пра дзеі бацькоў вашых і згаджаецеся зь імі; бо яны забілі прарокаў, а вы будуеце ім помнікі.

Таму і сказала мудрасць Божая: пашлю ім прарокаў і апосталаў, а яны некаторых з іх пазабіваюць ці пераследаваць будуць.
 
Таму і мудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і зь іх адных заб’юць, а другіх прагоняць;

Няхай будзе спагнаная з пакалення гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету,
 
хай спагоніцца з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету,

ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі, забітага паміж ахвярнікам і святыняй. Так, кажу вам, спагнана будзе з пакалення гэтага.
 
ад крыві Авеля да крыві Захара, забітага паміж ахвярнікам і храмам. Праўда, кажу вам, спагоніцца з роду гэтага.

Гора вам, кніжнікам, бо вы забралі ключ пазнання! Самі не ўвайшлі, і тым, хто ўваходзіў, перашкодзілі».
 
Гора вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуменьня: самыя не ўвайшлі і ўваходзіць перашкодзілі.

Калі выйшаў адтуль, моцна пакрыўджаныя кніжнікі і фарысеі выпытвалі ў Яго пра многае,
 
Калі Ён казаў ім гэта, кніжнікі і фарысэі пачалі заўзята падступацца да Яго, вымагаючы ў Яго адказаў на многае,

выпрабоўваючы Яго і жадаючы падлавіць на нечым з вуснаў Ягоных.
 
цікуючы за Ім і стараючыся падлавіць што-небудзь з вуснаў Ягоных, каб зьвінаваціць Яго.