Лукаша 23 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Паднялася ўся грамада іх, і павялі Яго да Пілата.
 
І паднялося ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,

Пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: «Мы выкрылі, што Ён бунтуе народ наш і забараняе плаціць падатак цэзару, і гаворыць, што Ён Месія, кароль».
 
І пачалі вінаваціць Яго, кажучы: мы знайшлі, што Ён разбэшчвае народ наш і забараняе даваць падатак кесару, называючы Сябе Хрыстом Царом.

Пілат жа спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Ён сказаў яму: «Ты кажаш».
 
Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.

Тады Пілат сказаў першасвятарам і народу: «Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку».
 
Пілат сказаў першасьвятарам і народу: я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.

Але яны настойвалі, кажучы: «Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж дасюль!»
 
Але яны настойвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі да гэтай мясьціны.

Калі Пілат пачуў пра Галілею, спытаўся, ці гэты чалавек галілеец?
 
Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба Ён Галілеянін?

Даведаўшыся, што Ён з краіны Ірада, адаслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні таксама быў у Ерузалеме.
 
І даведаўшыся, што Ён з вобласьці Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні быў таксама ў Ерусаліме.

Ірад, калі ўбачыў Езуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў убачыць Яго, таму што чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць які-небудзь Ягоны знак.
 
Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, таму што шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць ад Яго які-небудзь цуд,

Задаў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога яму не адказаў.
 
і задаваў Яму многія пытаньні: але Ён нічога не адказваў яму.

А першасвятары і кніжнікі стаялі і заўзята вінавацілі Яго.
 
А першасьвятары і кніжнікі стаялі і зацята вінавацілі Яго.

Тады Ірад са сваімі жаўнерамі зняважыў Яго і насмяяўся над Ім, апрануў Яго ў шыкоўнае адзенне і адаслаў да Пілата.
 
Але Ірад са сваімі воямі, прынізіўшы яго і паглуміўшыся зь Яго, апрануў яго ў сьветлую вопратку і паслаў назад да Пілата.

У той дзень Пілат і Ірад сталі сябрамі паміж сабой, бо раней яны мелі варожасць адзін да аднаго.
 
І спрыяціліся ў той дзень Пілат зь Ірадам паміж сабою, бо раней былі ў варожасьці адзін з адным.

Пілат, паклікаўшы першасвятароў, начальнікаў і людзей,
 
А Пілат, склікаўшы першасьвятароў і начальнікаў і людзей,

сказаў ім: «Вы прывялі да мяне гэтага чалавека, як таго, хто бунтуе народ. Вось я перад вамі дапытаў Яго і не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны, у якой вы Яго вінаваціце.
 
сказаў ім: вы прывялі да мяне Чалавека Гэтага, што нібыта разбэшчвае люд; і вось, я пры вас расьсьледаваў і не знайшоў Чалавека Гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы Яго вінаваціце;

Таксама Ірад, бо адаслаў Яго да нас. Ён не ўчыніў нічога вартага смерці.
 
і Ірад таксама: бо я пасылаў Яго да яго; і нічога ня знойдзена ў Ім вартага сьмерці;

Таму я, пасля бічавання, адпушчу Яго».
 
дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.

[отсутсвует]
 
А яму і трэба было дзеля сьвята адпусьціць і аднаго вязьня.

Але яны закрычалі ўсе разам: «На смерць гэтага, адпусці нам Барабу!»
 
Але ўвесь люд закрычаў: сьмерць Яму! а адпусьці нам Вараву.

Бараба ж быў пасаджаны ў вязніцу за бунт, які адбыўся ў горадзе, і за забойства.
 
Варава быў пасаджаны ў цямніцу за ўчыненую ў горадзе смуту і забойства.

Пілат зноў прамовіў да іх, жадаючы адпусціць Езуса.
 
Пілат зноў узвысіў голас, хочучы адпусьціць Ісуса.

Але яны крычалі: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!»
 
Але яны крычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго!

Тады ён трэці раз сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён? Я не знайшоў у Ім нічога вартага смерці. Пасля бічавання я адпушчу Яго».
 
Ён трэйці раз сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? я нічога вартага сьмерці не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.

Але яны і далей з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі, і крык іх узрастаў.
 
Але яны і далей зь вялікім крыкам дамагаліся, каб Ён быў укрыжаваны; і перамог крык іхні і першасьвятароў.

Тады Пілат вырашыў споўніць іх просьбу.
 
І Пілат разважыў рабіць паводле іхняе просьбы,

Таму адпусціў ім кінутага ў вязніцу за бунт і забойства, якога яны прасілі, а Езуса аддаў іхняй волі.
 
і адпусьціў ім пасаджанага за смуту і забойства ў цямніцу, якога яны прасілі; а Ісуса аддаў на іхную волю.

Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірэнэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам.
 
І калі павялі Яго, дык, захапіўшы нейкага Сымона Кірынеяніна, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.

Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.
 
І ішло за Ім вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.

А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых,
 
А Ісус, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерусалімскія! ня плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых;

бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!”
 
бо надыходзяць дні, калі скажуць: дабрашчасныя няплодныя, і ўлоньні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!

Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на нас!” і пагоркам: “Накрыйце нас!”
 
Тады скажуць гарам: упадзеце на нас! і пагоркам: накрыйце нас!

Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?»
 
бо, калі з зазелянелым дрэвам гэта робяць, дык з сухім што будзе?

Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў.
 
Вялі зь Ім на сьмерць і двух зладзеяў.

Калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, укрыжавалі там Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку.
 
І калі прыйшлі на месца, называнае Лобным, там укрыжавалі Яго і зладзеяў, аднаго з правага, а другога зь левага боку.

А Езус сказаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць».І, дзелячы вопратку Ягоную, кідалі лёсы.
 
А Ісус сказаў: Войча! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць. І дзялілі адзежу Ягоную, кідаючы жэрабя.

А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!»
 
І стаялі людзі і глядзелі. А насьміхаліся разам зь імі і начальнікі, кажучы: іншых ратаваў, хай уратуе Сябе Самога, калі Ён Хрыстос, выбранец Божы.

Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат,
 
Таксама і воі глуміліся зь Яго, падыходзячы і падносячы Яму воцат

кажучы: «Калі Ты кароль юдэйскі, уратуй сябе!»
 
і кажучы: калі Ты Цар Юдэйскі, уратуй Сябе Самога.

І быў над Ім надпіс: «Гэта кароль юдэйскі».
 
І быў над Ім надпіс, напісаны словамі грэцкімі, рымскімі і гэбрэйскімі: Гэты ёсьць Цар Юдэйскі.

Адзін з павешаных на крыжы злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці Ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!»
 
Адзін з павешаных зладзеяў ліхасловіў на Яго і казаў: калі Ты Хрыстос, уратуй Сябе і нас.

Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару?
 
А другі наадварот сунімаў яго і казаў: ці ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое самае?

Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за нашыя ўчынкі. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў».
 
і мы засуджаныя справядліва, бо заслужанае паводле ўчынкаў нашых прынялі; а Ён нічога благога не зрабіў.

І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства».
 
І сказаў Ісусу: спамяні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!

А Езус адказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».
 
І сказаў яму Ісус: праўду кажу табе: сёньня ж будзеш са Мною ў раі.

Было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай.
 
Было ж каля шостай гадзіны дня, і зрабілася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай:

Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне.
 
і памеркла сонца, і завеса ў храме разадралася пасярэдзіне.

А Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.
 
Ісус, усклікнуўшы вялікім голасам, сказаў: Войча! у рукі Твае аддаю дух Мой. І сказаўшы гэта, выпусьціў дух.

Сотнік, убачыўшы, што сталася, славіў Бога і казаў: «Праўдзіва, чалавек гэты быў справядлівы!»
 
А сотнік, бачачы, што адбылося, уславіў Бога і сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў праведнік.

І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.
 
І ўвесь люд, што сыйшоўся на гэта відовішча, бачачы, што адбывалася, вяртаўся, б’ючы сябе ў грудзі.

А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэта.
 
А ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія ішлі сьледам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль і глядзелі на гэта.

І вось чалавек, па імені Юзаф з Арыматэі, горада юдэйскага, член Сінэдрыёну, муж добры і справядлівы,
 
Тады нехта, на імя Язэп, сябра рады, чалавек добры і праўдзівы,

які не згаджаўся з яго пастановай і ўчынкамі і чакаў Валадарства Божага,
 
які ня браў удзелу ў радзе і ў справе іхняй, з Арыматэі, горада Юдэйскага, які таксама чакаў Царства Божага,

прыйшоўшы да Пілата, папрасіў цела Езуса.
 
прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага;

Зняўшы, захінуў яго ў палатно і паклаў у высечанай магіле, у якой яшчэ ніхто не быў пахаваны.
 
і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў яго ў магіле, высечанай у скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пакладзены.

Быў гэта дзень прыгатавання, і надыходзіў шабат.
 
Дзень той быў пятніца, і настала субота.

Ішлі разам таксама жанчыны, якія прыбылі з Езусам з Галілеі, і яны бачылі магілу, і як было пакладзена цела Ягонае.
 
Пасьледавалі таксама і жанчыны, якія прыйшлі зь Ісусам з Галілеі, і глядзелі магілу, і як ускладалася Цела Ягонае;

Вярнуўшыся, яны прыгатавалі духмянасці і міра. І ў гэты шабат адпачывалі паводле запаведзі.
 
а вярнуўшыся, прыгатавалі пахошчы і масьці; і ў суботу засталіся ў спакоі паводле запаведзі.